Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
Паэма
Чытае паэму. На гары, над Чорным морам яна чытае сваю паэму пра мяне. А я ў гэты час пішу аповесць пра каханне да вугоркі Ari. Тое каханне скончылася чорт ведае калі, ад яго толькі згадкі-ўспаміны, з якіх я старанна складаю кароткі раман. Гэта складанне засціць рэальны свет. Аленіна паэма выглядае недарэчнасцю, несвоечасовым падарункам... Яшчэ я кінуў курыць. Мне кепска. Свет чорны і ліпучы, нібыта абмазаны смалою. Я кажу: паэма паганая. Мая злосць пераліваецца ў Аленіны вочы. Яна смяротна крыўдзіцца. Ну і чорт з ёю. Хопіць у сям’і аднаго паэта.
Парнаграфія
Каханне запалохваюць парнаграфіяй. Стандартны прыём. У большасці выпадкаў дзейнічае беспамылкова і спараджае лютую рэўнасць. «А ты ўяўляеш, як яна тамака з другім?!» —
«Уяўляю».— «Яна з ім, ён у ёй...» — «Гэта, радасць мая,— танная парнуха тваіх уяўленняў, гэта — танга парнаграфіі і парнаграфіка. Да любові ўсё гэта не мае аніякага дачынення, як секс і каханне — розныя рэчы. Гэта другаснае, радасць мая. Першаснае — каханне і любоў. Так проста, што можаш мне і паверыць».
Нарцыс
Захапленне нарцысамі бязмежнае. Яны паўсюль. Жоўтыя, белыя, свежыя, сухія і... сфатаграфаваныя. Яны ў руках у хлопчыкаў, у вянках на галовах красунь, у букетах і паасобку. Нарцыс — сімвал Аленінай веры ў вечнасць. Міфічны юнак закахаўся ў сябе і бясконца любаваўся ўласным адлюстраваннем у ручаі. Самазакаханасць паспрыяла пераўвасабленню ў кветку. Нарцыс над адбіткам — натуршчык перад аб’ектывам. Алена множыць адлюстраванні самазакаханых. Яна, як і яны, верыць у спыненую прыгажосць вечна маладога імгнення. Яна зачараваная алхіміяй фотапрацэсаў. Яе паланіла біяхімія кветкі і апарата. Азарэнні замяніліся ўспышкамі лямпачак, замест кветак — букеты двухногіх з пляскатымі пазногцямі і без крылаў. Алена прымацоўвае на плечы расквечаным грымам натуршчыкам штучныя крылы з мёртвых пёраў. Нібыта анёлы, нібыта нарцысы, нібыта вада. Нябыт. Вада цячэ з нябыта ў нябыт. Алена захопленая імгненнямі, нябыт для яе не існуе. Ёсць: нарцыс, адлюстраванне і вечнасць.
Колеры
Яна захопленая шматколернасцю свету, хоць я больш люблю чорна-белыя фотаздымкі і шэры свет інтэлектуальнага спакою. У каляровасці мне бачыцца больш умоўнасці і адназначнасці, такая падлеткавая паэтычнасць. На Аленіных здымках сіняе — гэта мора і неба над морам, неба і мора пад пранізліва-сінім самалётным небам. Белае — снег на крыжах, твар жанчыны, пераапранутай у П’еро. Чырвонае — вочы самазабойцы, іржавая кроў жалеза, кроў мэталёвых арганізмаў. Чорнае — цені на смалістым ад гарачыні асфальце,
халаднаватыя адтуліны ў трубах, прагалы ў паўразбураных будынках. Срэбнае — вымытая рэчаіснасць. Зялёнае — вусны русалкі, што засумавала па страчаным леце. Пярліннае — след дажджавой кроплі на люстэрку, след слязы... У манахромным варыянце ўсе колеры ярчэйшыя, прынамсі, на жончыных фотаздымках.
Талерка
Мы ямо з аднае талеркі... У нас усе талеркі агульныя, і не толькі талеркі. Каб не адна заўвага пісьменніка, якога я неабачліва запрасіў зайсці ў госці, не стаў бы і задумвацца над талеркаю. Мы з ім выпілі ў бары, і я прапанаваў павячэраць у мяне. Жонка, як звычайна, сабрала на стол. Перад тым, як выпіць, госць спытаў: «Вы так кожны дзень вячэраеце?» Нам з жонкай робіцца непрыемна, нібыта мы абразілі чалавека, зняважылі сваім сталом з вячэраю ў вялікім пакоі. I тады мне стала шкада талеркі, з якой пачаў есці госць. Я вырашыў завесці асобныя прыборы для гасцей і для сябе. He завялося. Абмежаваўся сваім кубкам для ранішняй кавы і нажом для падарожжаў. У жонкі ёсць таксама асобны кубак. Талерка ў нас па-ранейшаму агульная. I зранку мне прыемна есці з талеркі, з якой увечары будзе есці яна. Чамусьці менавіта раніцамі ў мяне кепскі настрой, а талерка крышку супакойвае.
Прыгажосць
Забароненае ў прафесійным мастацтве слова, выцертае, залізанае, абсмактанае і выплюнутае ў масавую свядомасць, дзе яно верашчыць дурнымі колерамі і вісклівымі фарбамі. I, вядома, у фотастудыю ідуць на ўзаконьванне, на пашпартызацыю менавіта прыгажосці, уласнай прыгажосці найперш. Глядзіце сюды. глядзіце на фота. Гэты прыгожы чалавек — я. He падобны? Ну як гэта — фота і непадобна? Фота не бывае непадобным у свядомасці дылетанта. Усе ўпэўненыя, што фота не схлусіць, наадварот, яно скажа праўду, большую за праўду, праўду непарушную. Алена робіць «прыгожа». Трэба «прыгожа»? Вядома, канешне. I Алена выбудавала кан-
веер па вытворчасці фотапрыгажосці. Над канвеерам ззяе лозунг: «Непрыгожых людзей не бывае!» Вераць, як вераць у неўміручасць душы, вечнае жыццё на аблоках і прадказанні па картах і зорках. Алена верыць у сваю зорку. Такая атрымліваецца вера ў прыгажосць.
Хуткасць
Колькі разоў яна абяцала не ездзіць у цемрадзі і тумане ўзімку! Ізноў і ізноў, як за ігральны аўтамат, яна сядае за руль. I тры гадзіны імчыць, нібыта не кранаючыся з месца. Яна ўглядаецца ў малочную сцяну. Яна ўвесь час на паўдарозе дамоў, нават калі з 170 кіламетраў засталося праехаць адзін. Яна размалочвае шэсць аўтамабіляў. Два не паддаюцца аднаўленню. Яна дзівам застаецца жыць, каб я аплаціў усе разбітыя і прыдбаў ёй новы. Яна жыве хутка.
Фокус
Яе ўратоўвае пэўная сфакусаванасць. Размытасць, расплывістасць, сфуматнасць і няпэўнасць тояцца ў ёй. Яна так і не становіцца майстравітым рамеснікам па вытворчасці фотамэблі. Яе фоткі застаюцца з раслінамі, з кветкамі, з узмахамі крылаў і рук, з крышку нявыспелымі пладамі, з трошкі неданошанымі дзецьмі. Фоткі не ў фокусе. Яны дапаўняюць і дафакусуюцца ў свядомасці. Яны падаюць, хістаюцца, скручваюнца, надломліваюцца і вывальваюцца з рам. Яны не трымаюцца на сценах... Яны яшчэ не навучыліся заміраць, застываць і проста паміраць. Ім няўтульна ў альбомах, няёмка пад шклом, кепска ў часопісах і кнігах. Яны падобныя на стосы карт, дзе не пазначаныя масці. Фокус працягваецца, і бессэнсоўна чакаць фінал. Птушка не выляціць з камеры. У цыліндры аб’ектыва няма белага труса. Сумнавядомай чорнай коткі не знойдзеіп у срэбна-шэрых пакоях жончыных фоталабірынтаў. У тым і фокус, што замест фокусніка на арэне — мастачка. I больш ніякіх фокусаў няма.
1 %
Каб у мяне была магчымасць мадэрацыі жончынай творчасці — а ў мяне ёсць магчымасць мадэрацыі ўсёй жончынай творчасці,— дык вось, калі б я захацеў скарыстаць магчымасць і выкінуць 99 % яе фатаграфій у небыццё, важна было б не тое, што выкінецца, а тое, што пакінецца — гэты адзін адсотак... Дык вось, у гэты 1 % увайшлі б толькі здымкі са святлом жніўня і ягоным ззяннем у гатычным квартале Барселоны з 11.30 да 12.00. Толькі там, напрыканцы жніўня і напачатку верасня, можна засвечваць фотастужку геніяльна. I яна засвечвала — я сведка.
Танцы
Жонка любіць танчыць. Вельмі. Яна можа ўранку танцаваць адна. Устаць і станчыць, гатуючы сняданак. Пэўна, праз любоў да танцаў Алена цікавіцца найсучаснейшай музыкай. А я? Таксама люблю танцы. I пазнаёміліся мы на танцах. I ўвечары, пасля вячэры з віном і віскі, мы любім танцаваць, для сябе, для радасці, для поўнага жыцця. «Дзень без танца пражыты дарэмна!» — Алена паўтарае словы Ніцшэ тысячы разоў, але мне зусім не надакучвае гэты паўтор. I смерць у танцы, якую знайшоў Эйзенштэйн, мне падаецца адной з найлепшых. Танец, жэст, рух цела — найвыразнейшыя з мастацтваў, найпатрэбнейшыя з мастацтваў, найпатрэбнейшая і найпатрабавальнейшая з гульняў, з прадгульняў напярэдадні кахання і любові. Таму і танцую я з жонкаю, таму і спыняцца не збіраюся.
Наадварот
Мастацтва апошніх часоў толькі тым і займаецца, што з большым ці меншым поспехам фатаграфуе творы старых майстроў і атрымлівае замест іх кірмашовыя карцінкі, выкананыя ў самай рознай паліграфічнай якасці. Алена, наадварот, фотаздымкі ператварае ў карціны.
Дзева Марыя
Рэлігійны кіч... Што можа быць горш, калі ты мастак — прынамсі, захацеў ім звацца? Для мяне той сектар, дзе стаяць гіпсавыя Ісусы і ззяюць несапраўдным золатам абразы, быў найгоршым месцам на мяжы рэлігіі і мастацтва. Для Алены — інакш, яна з захапленнем фатаграфавала і фатаграфуе электралямпачкі, што свецяцца замест німба над лялечным тварам парцэлянавай Дзевы Марыі. I калі, смяючыся на ўвесь Рым, Алена пытаецца: «А ты купіш мне ў Ватыкане маленькую Дзеву?» -— я чую ў яе весялосці сапраўдную прагу да гэтага аматарскага і таннага мастацтва. Можа, ёй і сапраўды, каб сфатаграфаваць Боскае святло, калі трэба здымаць жах усёпаглынальнага пажару, дастаткова зрабіць нацюрморт з іржавым і скарабачаным пламегасільнікам?
Мара
«У мяне толькі адна мара... Я малюся, каб мае веды, мой талент, мая прыгажосць перайшлі да нашай Ядзі.» Такія настроі і падобныя словы я чую ад жонкі даволі часта, але кожны раз гэта кранае мяне, і моцна.
Грошы
Безумоўна, грошы — інструмент мужчынскі. Толькі мужчынскі ён таму, што мужчына вырашае, колькі мусіць мець грошай яго жонка. Перакананы: каб захаваць паўнавартасную сям’ю, неабходна, каб жонка мела доступ да паловы вольных сродкаў. Інакш яна будзе адчуваць прыніжанасць, дыскамфорт, сваю другаснасць. I можна будзе пачуць: «Ты зрабіў з нас рабоў з дапамогаю сваіх грошай. Нас: мяне, сына, дачку; нас, самых блізкіх табе людзей, ты разглядаеш, як працаўнікоў. Вырашаеш толькі ты, бо ў цябе грошы, і грошы толькі твае.» Падобнае чуеш і пасля таго, як аддасі палову вольных сродкаў у агульнае карыстанне, але гэта ўжо несправядлівы папрок, зусім несправядлівы.
Апаратура
Яе любяць, даглядаюць, лашчаць. На яе збіраюць грошы. Па яе ездзяць у Берлін, у Маскву. Тата з Нью-Ёрка прывёз Алене фотаапарат. Калі сапсуецца аб’ектыў — драма. Калі паб’ецца лямпа ў асвятляльніку — гора. Ну а колькі размов пра Яе Вялікасць апаратуру!.. Ніканы, Кэнаны, Хасельблады — яны амаль як людзі. Гэта для мяне — людзі, а для жонкі — звышлюдзі. Яны — магі, фокуснікі, чараўнікі і алхімікі. Калі жонка мяне дастае, я забіваю такога алхіміка. Бразь яго аб кафельную падлогу — і паляцелі ў розныя бакі парэшткі апарата!.. Даводзіцца купляць новы. Але якая асалода — знішчыць якога Нікана! Большасць вайскоўцаў кайфуе не ад знішчэння ворагаў, а ад знішчэння іх апаратуры, гэта значыць, зброі. I яшчэ цікава ў сярэдзіну апарата зазірнуць, ну і жончыны слёзы — неабходная дэталь сямейнага жыцця. Што за сям’я без слёз? Апаратура...