Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Камяні
Тата шмат разоў фатаграфаваў камяні. Вялікія валуны, што ляжаць на берагах беларускіх палёў. Захапляцца гэтымі цёплымі, парослымі мохам падарункамі ледавіка ён навучыў і мяне. Ёсць у нашых камянях неспазнаная таямніца, як у егіпецкіх пірамідах. Калі доўга глядзець на такі неабдымны, непад’ёмны валун, можна ўбачыць у ім Бога, Буду, будучы-
ню. Я вельмі ўдзячны тату за прагулкі да валуноў. Гэтыя камяні паміж полем і дарогаю сталі сімваламі нашай з татам Радзімы.
Трава
Праз інтэрнэт на мой сайт, дзе змешчана і татава кніга «Развітальная аповесць», прыйшло пытанне: «Чаму Вячаслаў Адамчык так часта зло ўжывае складаныя прыметнікі, напісаныя праз дэфіс: «зеленавата-блакітны», «рэдзенькашары», «густа-ліловы»? Тата адказаў, што гэта з-за любові да батанікі ды, пэўна, перабольшанай увагі да розных даведнікаў і паказальнікаў раслін, дзе колеры кветак падаюцца праз дэфіс. Апісанне раслін у татавых раманах — адзін з найцікавейшых матываў, прынамсі, для мяне, чалавека, далёкага ад прыродазнаўства.
Гадзіннікі
Тата паскардзіўся Міраславу, што ў яго зламаліся ўсе гадзіннікі. Хоць насамрэч гэта няпраўда. Міраслаў падарыў тату навюткі японскі настольны будзільнік. Тата доўга разглядаў яго, а потым спытаў: «Колькі зараз часу?» — і вельмі здзівіўся, калі Міраслаў назваў час, які паказваў будзільнік. Тата ўсё ніяк не можа паверыць, што зламаліся не механічныя прылады, a разбураецца ягоны ўнутраны біялагічны час. Ён можа сказаць: «Во, ты схадзіў пераапрануўся!», хоць прайшло два дні, а ў яго ўсё яшчэ цягнецца адзін пакутлівы, хваравіты, цёмны дзень.
Самагубства
Калі бачыш, як няўхільна згасае зорка татавага жыцця, вельмі прымітыўнымі падаюцца нават думкі пра самагубства. Колькі пакут і роспачы нясе ў сабе адыход блізкай душы! A наколькі больш балюча такі зыход адгукнецца ў сэрцах блізкіх людзей, калі ён нясвоечасовы, калі дзеці паміраюць раней за бацькоў? I варта жыць толькі дзеля таго, каб не параніць сваіх блізкіх заўчасным зыходам.
Аптэка
Мама пайшла ў аптэку па лекі для таты. Па рэцэптах, выдадзеных у лечкамісіі, яна магла заплаціць палову ад кошту. Аптэкарка сказала, што такіх рэцэптаў не прызнае і выдасць лекі толькі за поўны кошт. Мама абурылася: «У такім разе я не прызнаю вашай аптэкі!» На што гандлярка секанула: «А вам засталося нядоўга купляць такія лекі». Мама расказвала пра сварку спакойна, плакаць у яе сіл няма.
Рэчка Ятранка
У кожнага чалавека ёсць свая рэчка, свой лес, сваё поле. Тата любіў Ятранку. Апісваў яе. Калі мы разам прыязджалі ў Варакомшчыну, дык першым чынам ішлі на рэчку. Тата сядаў на беразе, даставаў нататнік і пісаў. Уся ягоная проза нібыта напісана на беразе Ятранкі. I для мяне крынічная вада празрыстай Ятранкі — сімвал чысціні. Нідзе ніколі я не бачыў рэчкі, святлейшай за нашу.
Вёска
Есць тэмы, пра якія я пісаў мала ці амаль зусім іх не кранаў. Адна з такіх тэм — вёска. Так павялося: вёска — TaraBa тэма. Калі ён казаў: «Тваё Койданава, твая Барселона», дык у падтэксце гучала: «Мая вёска, мой Наваградак, мая Заходняя Беларусь». Напэўна, так і застанецца надалей. Тата будзе жыць у «Чужой бацькаўшчыне» — сваім найлепшым рамане пра вёску.
Сшытак
Тата заўсёды пісаў у сшытках. Шмат хто з літаратараў піша інакш. Хто на асобных аркушах, як Уладзімір Караткевіч, хто адразу вылясквае на друкарскай машынцы, як Міхась Стральцоў. Апошнім часам камп’ютар ледзь не татальна авалодаў пісьменнікамі. А Уладзімір Сцяпан наогул надыктоўвае раманы на дыктафон. На пытанне «Чаму сшытак?» — тата адкажа: «А чалавецтва нічога лепшага за
сшытак не вынайшла. Кніга — той жа сшытак». А я так і застаўся мастаком, усё на асобных аркушах літары малюю. I толькі апошнім часам прымусіў сябе дзённік пісаць у сшытку. Любоў да сшыткаў у мяне яшчэ наперадзе.
Брат Ян
Хварэе тата амаль паўгода і ўвесь гэты час спадзяецца на выздараўленне. Мы ўсе як можам падтрымліваем ягоныя надзеі. Гаворым пра будучыя кнігі, апавяданні, пра палітычны лёс Беларусі. Хоць самі ведаем прысуд лекараў. I вось тата загаварыў з маці пра незваротнасць сваёй хваробы. «У мяне тое самае, што і ў Яна?» — «Не». Ян — татаў малодшы брат — памёр ад раку ў пакутлівых болях, калі морфій не дапамагае. Тата не паверыў маці і прыйшоў да Міраслава. У мяне ён пра сваю хваробу не пытаецца. Я для яго больш чужы і далёкі за маці і Міраслава. Пэўна, так і ёсць, бо магу ўначы спаць, а Міраслаў з мамаю спаць не могуць. У таты дзень пераблытаўся з ноччу. I ён паціху мірыцца з лёсам, са сваёй блізкай смерцю.
Вайна
Яшчэ адна тэма, якую я старанна абмінаю,— вайна. Для таты яна — аснова. Хлапечыя ўражанні ніколі не адпускалі яго душу. Спаленая, расстраляная з германскіх гармат вёска Варакомшчына. Галава каровы, якая высунулася з гумна ў акенца і таму не згарэла. Аднавяскоўцы, пасечаныя шашкамі казакоў, што перайшлі на бок Гітлера. Усё гэта запаланіла ягоную свядомасць. Можа, таму, калі доктар сказаў, што тата памрэ ў эйфарыі, падумалася: а колькі можна яму пакутаваць? Ён і так адпакутаваў за ўсе здзекі і прыніжэнні беларуса.
Магнітафон і фотаапарат
Нядаўна я прачытаў пра нью-ёркцаў, што яны забудуць сёння тое, пра што ты даведаешся заўтра, і магу пацвердзіць гэты факт. Бо музыку, якую слухаў і запісваў тата ў
Амерыцы, у Беларусі пачалі слухаць праз гадоў пяць, а графіці прыйшло ў Мінск праз два дзесяцігоддзі. 3 камандзіроўкі ў Нью-Ёрк, дзе тата быў у 1980 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі ў ААН, ён прывёз магнітафон і фотаапарат. Тэхніка прывезлася не дзеля прапаганды амерыканскага ладу жыцця. Тата паехаў з ёй у сваю вёску, дзе сфатаграфаваў нашу зямлю, нашых дзеда Валодзю і бабу Броню. Запісаў іх галасы. Пэўна, хіп-хоп ніколі і не дакоціцца да Варакомшчыны, як не будуць распісаныя з балончыкаў сцены вясковых хат. I добра. А вось я, у адрозненне ад таты, не веру ў магутнасць тэхнікі. Я прымітыўна малюю тату на паперы і занатоўваю згадкі пра яго і пра нас з ім на аркушах у клетку.
Партрэт
Папрасіў у таты здымкі. Ён дазволіў іх забраць, нават сказаў, дзе ляжаць. Цэлы вечар я разглядаў фотакарткі, каб выбраць адну і замовіць мастаку апрацаваць яе на камп’ютары і надрукаваць партрэт. Выбраўся здымак 1965 года. Той час, калі нарадзіўся брат Міраслаў, калі тата займеў першае шырокае прызнанне, калі я пайшоў у школу, калі ў нас была маладая, шчаслівая, прыгожая сям’я — тата, мама, я і брат.
Таблеткі
Мама сказала, што няможна пакінуць тату ні на хвіліну, бо стаў зусім дзіця. Спрабаваў з’есці ўсе таблеткі. «Што ты робіш, Чэсь?» — «Ты ж мне сказала: з’ясі ўсе таблеткі — і хутка паправішся...»
Тэлефон
Думкі пра тату ўзнікаюць паўсюдна і ў самыя нечаканыя моманты. Вось узяў тэлефонную слухаўку і падумаў, што зусім хутка (а можа, ужо і сёння) я не змагу пагаварыць з татам па тэлефоне. Ужо цяпер гэта складана зрабіць, бо ён часам не можа націснуць на патрэбную кнопку. Сумна.
Toe, uimo знікае
Я так доўга збіраўся напісаць лірычны твор пра тое, што знікае. Адкладваў, адкладваў. Лічыў сябе не падрыхтаваным да тэмы. Так, адно накіды пра дым, які віецца над згаслай свечкаю, пра жоўты пясочак, што цячэ са стромкага берага ў рачную плынь, пра зменлівыя карункі аблокаў. А тут — татава паміранне... Нават у кроплях дажджу, што скочваюцца з лістоў ліпы за акном, я бачу свае слёзы, свой плач па тату.
Два словы
За мінулы дзень тата сказаў толькі два словы. Адно — ён сказаў маме, калі тая раніцай абмывала яму ногі. Паклаў далонь ёй на плячо і прашаптаў: «Цярплівая». А другое прашапталася ўвечары. Я зайшоў у спачывальню. Тата паспрабаваў сесці. Мама спытала, ці хоча ён вады. «Не».
Вочка малпы
Я дапамог маме пакласці тату на ложак. Ягоная прыўзнятая рука дробненька калацілася. Згадалася вочка малпы, якая пазірала з пашчы анаконды і хутка-хутка міргала. Тата ў пашчы ўсёпаглынальнай смерці, а мы — назіральнікі.
Сава
Так склалася, што ёсць два Вячаславы Уладзіміравічы Адамчыкі, і абодва яны з адной сям’і, больш за тое — родныя браты. Тата мой — Чэсь, брат ягоны — Сава, а ў савецка-прарасійскіх дакументах яны запісаныя Вячаславамі Каб спраўдзіць тэлефон дзядзькі Савы, запісаны немаведама калі, я набраў нумар. Пачуў жаночы голас, які гукнуў у далёкай наваеленскай кватэрцы: «Дзядуля, цябе да тэлефона». Я сказаў, што тата зусім кепска сябе адчувае. Сава падзякаваў за званок і паабяцаў патэлефанаваць, і прыехаць. А я не змог яму сказаць, што ехаць пакуль не трэба. Вось не змог сказаць, і ўсё.
Маміна прызнанне
«Мне яшчэ не цяжка. Вось пастаю каля яго на каленях, скажу: «Чэсь, пацісні мне руку». Ён так слабенька, але ж пацісне. Я не адна».
Прыезд Савы
«Ты ж сказаў, што па тэлефоне пагаварыць з Чэсем не ўдасца, вось я і прыехаў». Сядзім выпіваем. Я, Міраслаў і Сава. «Ён мяне прызнаў,— паўтарае і паўтарае Сава.— Я зайшоў, а ён рукой махнуў. Вось так узняў руку і махнуў». Тата выйшаў у залу, каб пасядзець на канапе, я прысеў побач з ім. «Цяжка табе, тата?» — «Цяжка»,— амаль нягучна выдыхнуў ён і лёг на канапу. Дзядзьку Саву мы правялі на электрычку.
Ноч
Пасля выпітага з Савам і Міраславам я праваліўся ў небыццё. А мама з маёй жонкаю Аленаю цэлую ноч змагаліся з татам, бо ён уставаў і падаў. Пакідаць яго на ложку зрабілася небяспечна. «Баюся, каб не зламаў сабе што. Ён такі крохкі. Праціраю яго спірцікам, мажу дзіцячым крэмам і баюся зламаць якую костачку. Ён зусім крохкі»,— кажа мне мама на раніцу. Прыўздымаю тату, і ён выпівае паўкубачка вады з сардэчнымі кроплямі.
Сцэнар
На працы я паклікаў сваяка Мікалая, і разам мы пачалі пісаць сцэнар пахавання, складаць спіс неабходнага. Крыж. Труна. Месца на могілках. Партрэт. Вянкі. Надпісы на стужках. «Дарагому тату ад сыноў Міраслава і Уладзіміра», «Дарагому дзеду Чэсю ад унукаў Чэсіка, Ядзі, Вольгі і Мікалая», «Дарагому майму мужу ад жонкі Ніны». Надпіс на шыльдзе з крыжа. «Вячаслаў Адамчык. 1933—2001». Калі план быў збольшага гатовы і сакратарка Надзея набірала яго на
камп’ютары, дык збаялася друкаваць дату смерці і зрабіла пропуск. Давялося другі раз пісаць дату смерці пры жывым тату.
Антон
Развітацца з татам і падтрымаць сястру прыехаў з Койданава дзядзька Антон. Я выклаў на стол цыгарэты з запальнічкай. «Хіба ты курыш?» — «Куру і выпіваю».— «А вось я нічога не магу. За гэтае лета два разы ў бальніцы ляжаў. Сэрца цісне і цісне». Мне згадалася, як Антонава Ніна паскардзілася, што дзядзька выпівае штовечар. «Радуйся, Ніна, ён можа яшчэ чарку ўзяць»,— пасмяяўся я тады. А цяпер я зрабіў іншую недарэчнасць. Парадаваўся, што Антон добра выглядае. «Што ты, Валодзя! Паглядзі на мае рукі, яны ўсе ў сіняках ад кропельніц. Я хутка наркаманам стану». Маўчым. Сапраўды, так кепска, як выглядае тата, не выглядае ніхто. Пальцы на руках счарнелі. Ён ляжыць з немірготкімі вачыма і часта хрыпла дыхае.