Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Вязанне
Вязанне пруткамі і кручком, безумоўна, жаночы занятак. Мне вельмі падабалася, як мама вяжа. Любіў я клубочкі і маткі нітак. Дапамагаў змотваць маткі ў клубочкі. У часопісах і кніжках пра вязанне падоўгу разглядаў узоры розных вязак. Нават навучыўся накідваць петлі на пруткі, далей за накідванне петляў навучанне не пайшло. А болей за ўсё маё сэрца ахоплівала радасць, калі распускаў звязанае і акуратна
змотваў нітку ў шчыльны клубок. Калі маме не падабалася звязанае, яна клікала мяне, каб распусціў. У гэтым распусканні я стаў, безумоўна, майстрам, такім жа добрым, як у вязанні мама.
Першы дзень вясны
У першы дзень вясны мама ад самае раніцы адчыняла дзверы на гаўбец і ўмывалася снегам. I нас мыла чыстым снегам. Вельмі паэтычна з надыходам вясны абмыць твар і рукі іскрыстым сняжком. Цяпер такія зімы, што і снегу няма. Але калі зноў зіма надыдзе доўгая, марозная і снежная, я першага сакавіка абавязкова ўмыюся снегам і павіншую маму з першым днём вясны.
Уцёкі
Шмат разоў я ўцякаў з дому, таму выдатна разумею ўсіх малалетніх бадзяг. Дома ўсё кепска, а свет такі вялікі. Адзінае, чым мой час дзяцінства адрозніваўся ад цяперашняга — у ім зусім не было беспрытульных дзяцей. Уцякаць даводзілася аднаму. Першы раз я збег зімою, калі вучыўся ў трэцім класе. Намеры былі самыя рашучыя. Мароз лютаваў. Рукавіцы я не ўзяў, забыўся. Пакуль дайшоў да вакзала, рукі абмерзлі. Ехаць без квітка я збаяўся, давялося вярнуцца. Мама, як убачыла мае чырвоныя рукі, аж заплакала. Павяла мяне ў лазенку. Пусціла ваду. Сказала: «Не бойся, яна халодная, а табе будзе здавацца, што гарачая». Сапраўды, было такое адчуванне, нібыта рукі сунулі ў кіпень. Мама расцірала мае рукі ў халоднай вадзе, боль паціху сплываў. Мама ў мяне такая добрая, любіць мяне... Чаго было ўцякаць?
Каханне
Мама любіла тату, а ён — яе. Але гэта не вобраз іх кахання. Словы, якія кожны ці амаль кожны можа сказаць пра сваіх бацькоў. Мне хацелася стварыць вобраз, і я доўга ўспамінаў, як мама распавядала пра тату. Згадаўся і такі выпадак. Яны,
толькі пажаніўшыся, паехалі да татавых бацькоў. Было спякотнае лета. Яны прыехалі ў Наваельню. Да татавай вёскі было кіламетры тры. Можна было пайсці па напаленай сонцам дарозе, а тата прапанаваў маме ісці па рэчцы. Яны разуліся і пайшлі, узяўшыся за рукі, па празрыстай і халаднаватай вадзе Ятранкі. Яна неглыбокая, дно — залаты пясок. Мама казала, што гэтае падарожжа па рэчцы, у засені алешніку і вербаў,— найлепшае ў яе жыцці... Калі тата пісаў пра сваю рэчку: «Яна цячэ праз маё сэрца», ён пэўна згадваў і як яны з мамаю ішлі па ёй, узяўшыся за рукі, такія прыгожыя і маладыя, як мае дзеці цяперака.
Іспыт
Мама грунтоўна рыхтавалася да іспытаў. Стыпендыя была жыццёва неабходная. Сям’я дапамагчы не магла. Маміна маці, Ядзя, пасля разводу з Глобусам выйшла за Броніка Кісяля і нарадзіла Антона і Рэню. У паваенным Койданаве грошы не вяліся. Бронік вярнуўся з фронту паранены, ледзь жывы. Таму мама вучылася на выдатна, і іспыты для яе мелі лёсавызначальнае значэнне.
Вярнуўшыся з бібліятэкі ў інтэрнат, яна пераапранулася ў сваім пакоі, дзе жыло ажно дваццаць дзяўчат, і пайшла на кухню, каб запарыць гарбату на вячэру. А там нейкая першакурсніца пытаецца: «Ніна, ты маму бачыла?» — «Маму?» — «Твая мама прыязджала, уся ў чорным». Мама пабегла ў свой пакой, а дзяўчаты пагасілі святло і ўдавалі, што спяць. Мама казала, што ніколі ў жыцці ёй не было так страшна, як стаяць у цёмным пакоі, дзе ляжаць пад коўдрамі дзевятнаццаць сябровак. «Яны робяць выгляд, што спяць. Я не ведаю, што спытаць. Нешта здарылася. Нешта жахлівае. Што? 3 кім? Мама ў чорным».— «Ды скажыце вы, што здарылася?!» — закрычала мама з цемрадзі. Дзяўчаты запалілі лямпачку, пачалі супакойваць маму. Расказалі, што прыязджала яе маці, бо памерла баба Марыя, і папрасіла, каб да іспытаў нічога не казалі, а сказалі пасля. Мама ноч не спала. Першай прыбегла ў інстытут, атрымала пяцёрку і паехала на пахаванне любімай бабулі Марыі.
Паніва
Ёсць здарэнні, пра якія не ведаю, як напісаць. Галоўнае — я зусім не ўпэўнены, ці варта згадваць пра іх наогул. Але яны навязліва запаўняюць сабой маю свядомасць і захінаюць іншыя згадкі. Яны патрабуюць: напішы пра нас, напішы! Адкладаю, наколькі магу. А потым скараюся. Адно з такіх здарэнняў — выпадак з панівою. Мама ў студэнцкім інтэрнаце смажыла бульбу. А велымі самаўпэўнены маладзён, са знакамітай артыстычнай сям’і, пачаў непрыстойна сябе паводзіць. Ягонае хамства давяло маму да таго, што яна вывернула яму паніву з салам і бульбаю на галаву. Як не выпаліла вочы, ніхто не ведае. Цудам хлопец не стаў калекам. На наступную раніцу ў інтэрнаце з’явілася прыма Купалаўскага тэатра — Стэфанія. Яна спрабавала сварыцца на маму, а тая сказала, што калі яшчэ раз яе сын палезе з заляцанкамі, дык застанецца не толькі без скуры, але і без галавы, і прынясуць яго дамоў безгаловага. Артыстка абяцала паспрыяць выгнанню мамы з інстытута. Марныя былі запалохванні.
Напісаўшы пра паніву. не адчуў я палёгкі. Можа, пазней адчую. Спадзяюся.
Матылі
У нашым садзе над блакітнымі качанамі капусты лёталі белакрылыя і жоўта-лімонныя матылі. Іх называлі капусніцамі. Я так любіў ісці праз сад, па вузкай сцежцы, за мамаю і любавацца няўпэўнена-лёгкімі палётамі капусніц. Колькі разоў мне казалі, што матылі шкодныя, што яны ператвараюцца ў вусеняў і ядуць-шкодзяць капусныя лісты! Мне было не шкада тых тоўстых лістоў, а матылёў я любіў. Вядома, я любіў іх менш, чым маму. Але сад, мама, матылі! Што можа з гэтым параўнацца? А яшчэ — жыццё маё было наперадзе.
Каты і сабакі
Хто з жанчын не любіць коцікаў і сабачак? Мая мама. У яе развілася алергія на звярыную поўсць. Яна не можа
знаходзіцца ў памяшканні, дзе ёсць ці нядаўна была жывёла. Ёй робіцца кепска. Падобная алергія мучыць маю стрыечную сястру Вольгу. Яе арганізм не прымае пахаў рыбы. Аднойчы Вольга ледзь не задыхнулася, калі яшчэ дзіцёнкам схапіла ў рукі люстранога карпа. Вось і мама пачынае задыхацца ад каціных пахаў. 3 гэтае прычыны яна не прыходзіць да мяне ў госці. Мой кот Чарлі, куплены для Ядзі, нібыта не пускае яе. Пазбавіцца ад ката я не магу, бо Ядзі часцяком даводзіцца заставацца адной, а з коцікам не так самотна. Зрэшты, да брата Міраслава мама таксама не ходзіць, хоць у яго ні ката, ні сабакі даўно няма, толькі два шэрыя пацукі ў драцяной клетцы.
Плач
Заўсёды саромеўся сваіх слёз. Такі менталітэт: мужчына мусіць хаваць пачуцці, стрымліваць слёзы, быць злым і жорсткім. Такія героі ў нашых казках і аповесцях. Такіх мужчын нашы жанчыны хочуць бачыць у жыцці. Збольшага мы такія і ёсць. Я вельмі перажываю з-за таго, што прылюдна заплакаў на татавым пахаванні. Праявіў слабасць замест таго, каб з каменным тварам рабіць выгляд новага галавы сям’і. Затое маміны слёзы ўспрымаліся натуральна, як абавязковае, як неабходнае. Днямі, паміж камандзіроўкамі ў Лондан і Вільню, я забег да мамы на каву. Мы сядзелі на кухні, і мама расказвала пра сябе: «Мне так сумна без яго. Устану раніцай, пагляджу на партрэт, і слёзы душаць, але не плачу. Прыходзіць пакаёўка Алена, прыбірае, мые мне галаву, стрыжэ, робіць прычоску. А дзеля каго я такая парадная, з прычоскаю? Няма з кім пасварыцца, няма перад кім паплакаць». Мама здымае акуляры і плача. Мне прыемна глядзець, як плача мая мама. Твар у яе чырванее, робіцца жывым. Так важна, каб твар у мамы быў жывы. «Не перажывай. Я зараз сабяруся. У мяне ёсць вы, але гэта ўсё іншае. 3 вамі я не магу пасварыцца». Тое, што напісана тут — слабейшае за тое, што не сказана і не запісана. Плач — мацнейшы за слова.
Жабрак
Заўважаецца такая заканамернасць: калі дом квітнее, абавязкова ў яго прыходзяць вар’яты і жабракі-папрашайкі. I не важна, які гэта дом, палац японскага імператара ці Дом літаратара ў Мінску. Жабракі прыходзілі ў дом пісьменнікаў розныя, але адзін моцна вылучаўся сярод іх. Звалі яго Валера. Ён заходзіў у розныя кабінеты, у тым ліку і ў бібліятэку. Чамусьці ён называў маму Емяльянаўна. Пэўна, з-за таго, што доўгі час у бібліятэцы разам з мамаю працавала Еўдакія Емяльянаўна, сястра паэта Панчанкі. Мама заўсёды давала жабраку на хлеб. Прыпадкі Валеравай агрэсіі мама ўспрымала спакойна. «Ну не будзем жа мы дактароў выклікаць»,— казала яна, і вар’ят супакойваўся, прасіў прабачэння ў Емяльянаўны і хаваўся за дзвярыма.
Бібліятэкі
Маміны бібліятэкі былі для нас другім домам. У чытальных залах я, а пазней і Мірык рабілі ўрокі. Любіў я маляваць, схаваўшыся за кніжнымі стэлажамі. He было такога свежага часопіса ці новай кнігі, якія я не перагортваў. А найвялікшым задавальненнем было ўзяць у мамы ключы ад бібліятэкі, прыйсці туды ў выходны дзень і доўга разглядаць і чытаць кнігі ў адзіноце, у поўнай цішыні. Тата, брат і я сапраўды лічылі бібліятэку домам. Аднаго разу я прывёў Мірыка да дзвярэй дзіцячага садка і пабег у школу. Я быў упэўнены, што ён пойдзе ў групу. Думаць не думаў, што мой малодшы брат у садок не зойдзе, а пацягнецца біць абцасамі лёд на лужынах. Хто з нас не ведае, як прыемна прайсціся па малочным шкле плыткай калюжыны? Толькі ў адной з іх была яміна, і Мірык праваліўся ў ледзяную ваду па пояс. Выбраўшыся з вады, ён павалокся не дахаты, а ў бібліятэку. I прастаяў пад дзвярыма гадзіны дзве, пакуль выхавацелька з інтэрната, які быў у адным будынку з бібліятэкаю, не знайшла яго і не патэлефанавала нам дамоў. Мірык забыўся, што па аўторках мама не працуе, а дадому не пайшоў, бо тата насварыўся б
мацней за маму. Гэта няпраўда, тата на Мірыка амаль ніколі не сварыўся. Проста маміна бібліятэка была для нас другім домам.
Павага і любоў
«Сынок,— кажа мама,— спачатку трэба, каб дзеці паважалі бацькоў, а бацькі любілі сваіх дзяцей. Пазней надыходзіць час, калі ўсё мяняецца: трэба, каб старыя бацькі паважалі сваіх дзяцей і любілі ўнукаў, а дзеці любілі сваіх старэнькіх бацькоў. Я вельмі ганаруся сваімі дзецьмі, і цябе паважаю». A я люблю цябе, мама.
Частка другая
БАБА 3 ДЗЕДАМ
Баба
Камень
Улюбёным сынам у дзедавай сям’і быў малодшы з трох братоў — Ян. Дзеля Яна дзед з бабай пасадзілі сад, дзеля яго пачалі будаваць дом у яблыневай засені. Калі зрабілі падмурак, суседзі напісалі скаргу, нібыта наш новы дом загародзіць ім сонца. Дзяржава ўзяла бок суседзяў, бо наша вёска апынулася ў спісе неперспектыўных. У такіх вёсках забаранялася будавацца. Каб скаргі не было, дык не прыехаў бы бульдозер і не пакрышыў бы падмурак. Прыпёрся, насмуродзіў сінім дымам і, зламаўшы плот, патрушчыў цэментовыя брусы. Бульдозер з’ехаў, а ўзрадаваная суседка на ўсю вуліцу ўсхваляла Бога і кляла нашых сваякоў да пятага калена. Баба Броня падняла з зямлі камень і патрапіла суседцы ў галаву. Тая змоўкла, павалілася на дарожны пыл і ляжала, пакуль