Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Печкуры
Баба запальвала керагаз і ставіла на яго патэльню. Па чорным сподзе патэльні з патрэскваннем разбягаўся скрылік масла. Печкуры выкочваліся ў муцэ, клаліся ў шапатлівыя алейныя карункі і залацелі проста на вачах. Печкуроў усяго тры. «Галоўнае — ты іх сам злавіў»,— казала баба. Праз бабіна «сам» пачынала праступаць мая самасць, маё сапраўднае «я». Галоўнае — не смажаныя печкуры, чорная патэльня, блакітны агонь і сіні керагаз... Галоўнае — «сам». У большасці людзей сваё «я» з’яўляецца праз люстэрка. Вось ён — адбітак мяне, вось і я сам. Да мяне самасць прыйшла праз рыбалку, смажанне і паяданне залатых печкуроў з чорным хлебам.
Ведзьмакі
Баба Броня казала, каб не даваў рукі старым людзям, як яны маюць паміраць. Тлумачыла тым, што чортава сіла не дае лёгкай смерці, а праз руку можна гэтую сілу перадаць іншаму чалавеку. Жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калі руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калі тое расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Праходзіць. можа, хвілін пяць, і я забываюся пра бабіны словы. А яна раптам на ўсю хату: «Прасіць будуць — а ты не давай рукі!» Так і запомнілася папярэджанне.
Палітыка
У вёску да бабы Броні я прывёз паказаць свае вершы з фотаздымкам, надрукаваныя ў часопісе «Маладосць». «Вось і ты, як і твой бацька Чэсь, пачаў займацца вершыкамі. A я й яму казала, і табе скажу... Кепскі занятак — палітыка. Палітыкаваць не трэба. He палітыкуй, Валодзя. Уся палітыка канчаецца аднолькава — давядзецца ўцякаць у Польшчу ці куды далей. Мой брат, Ян Шайбак, таксама палітыкаваў, а цяпер каля мора ў Польшчы жыве і сюды прыехаць не можа...»
Дзед
Аддаленасць
Углядаюся ў мінулае. Яно расплываецца, як акварэль на вільготнай паперы. Вобраз дзеда зусім далёкі, як сон; нібыта ён, мой дзед Валодзя, і не меў той вызначальнай ролі ў маім станаўленні, якую насамрэч меў. Заўсёды, калі жыццё пераломлівалася, страчвала каштоўнасць. а жах і паняверка авалодвалі маёй душой, згадваўся дзед, ягонае простае сялянскае жыццё. Я казаў сабе: калі твае творчыя і палітычныя ілюзіі рассыплюцца, калі грошы скончацца, калі сябры знікнуць, ты вернешся ў вёску Варакомшчына, будзеш пасвіць кароў і ў полі пад высокім небам пісаць вершы. Менавіта вобраз дзеда Валодзі доўгі час даваў мне апірышча. Зямля, поле, дарога, хата, карова, студня, рэчка, лес. Усё гэта — аснова, усё непарыўна было звязана з дзедам. Цяпер не так. Ен — успамін. Мне цяжка пачуць ягоны голас. Даводзіцца доўга і напружана настройвацца, каб усё ж пачуць яго слова — слова, сказанае голасам дзеда Валодзі. Я яшчэ чую яго. Яшчэ чую...
Акварэль
На Неўскім праспекце мама купіла мне акварэльныя фарбы. Яны называліся «Ленінградскія». Набылі ладную скрыначку і яшчэ з дзясятак колераў, што прадаваліся ў маленькіх ванначках уроссып. Усю дарогу дадому, у Мінск, я думаў пра акварэльныя малюнкі. Колькі розных сюжэтаў і кампазіцый з’яўлялася ў маіх марах!.. Безліч! Эрмітаж мяне ўразіў. А найбольш здзівіў Шардэн. «На дзюбцы пэндзля ў яго не фарба, a само жыццё»,— перад нацюрмортам Шардэна сказала маміна сяброўка Кіра, мастацтвазнаўца з Эрмітажа. «Само жыццё...» Найлепшымі фарбамі я мусіў намаляваць «жыццё». Пасля Зімняга палаца, Ісакіеўскага сабора, вуліцы Растрэлі, сфінксаў каля Акадэміі мастацтваў, бронзавых коннікаў я намаляваў свайго дзеда Валодзю на ровары. Намаляваў вялікае, крытае
саломаю гумно і высачэзныя серабрыста-крохкія таполі пад рэдзенька-шарым небам. Дзед быў у кепцы і клятчастай сінебелай кашулі. Акварэль рабілася доўга і старанна, але расчаравала мяне так, што была падраная на дробныя шматкі і выкінутая ў смеццеправод.
На «Вы»
Тата з братамі звярталіся да майго дзеда толькі на «Вы». Баба казала пра яго «наш бацька». Слова «бацька» нейкім чынам засталося ў нашай сям’і за дзедам Уладзімірам. Бо да свайго бацькі мы казалі «тата», мама гаварыла «Чэсь», «мой Чэсь», мае дзеці звярталіся па-сталічнаму: «Вячаслаў Уладзіміравіч». Мне вельмі падабалася да дзеда з бабай звяртацца на «Вы». Наогул, «ты» недалюбліваю, нейкае яно не зусім нашае. Нібыта ўсе свае, нібыта блізкія, сяброўскія, таварыскія, а насамрэч «Вы» да свайго дзеда — правільна, a калі так, то «Вы» і вернецца.
Хада
Адметнасць хады дзеда Уладзіміра я заўважыў на фотаздымку, які зрабіў тата ў Маскве. Па Чырвонай плошчы ішоў мой брат Мірык. Вастраносыя чаравікі, джынсы, усмешка, сабор Васіля Бажаволка. I раптам я згадаў здымак дзеда. Боты, клятчастая кашуля, кепка, крытае саломай гумно. Агульнае, падобнае? Хада. Унук і дзед аднолькава рухаюцца, аднолькава выкідаюць нагу наперад, насок ідзе крышку ўбок, але не ў сярэдзіну, а вонкі. Такое ўражанне, што па Чырвонай плошчы ідзе малады дзед Валодзя, а па вясковым падворку крочыць стары Міраслаў. I тата і я мелі такі самы крок, тую самую хаду. У мяне кепскі зрок, таму, каб пазнаць чалавека, я запамінаю паставу, хаду, рух паставы. Для мяне вельмі важна, як чалавек ідзе, таму я лёгка пазнаю знаёмага ў натоўпе. Зрэшты, што ёсць жыццё? Чалавек выйшаў з дому і вярнуўся дамоў. Дзіўна іншае — дзед і ўнук ідуць з дому дамоў аднолькавай хадою.
10 сантпыметраў
Тата быў вышэйшы за свайго бацьку на 10 сантыметраў. Для таты чамусьці было важна, што ён вышэйшы. У дзяцінстве тата казаў мне: «Я вышэйшы за твайго дзеда, ты павінен вырасці вышэйшым за мяне; калі дзед мае 163, я — 173, дык ты мусіш мець 183 сантыметры росту...» 3 разваг пра рост толькі пачынаўся пералік маіх будучых абавязкаў. Бо я мушу быць багацейшы за тату ў столькі разоў, у колькі ён багацейшы за дзеда. Мушу займець большую папулярнасць і стаць на больш высокую прыступку ў сацыяльнай іерархіі грамадства... У выніку я зразумеў, што задачы невыканальныя, што занятак майго дзеда — праца на зямлі — не менш значны за высокія пасады і ўладныя рэгаліі. Можа, з-за гэтага разумення мой рост толькі 180, а жаданне ўпісвацца ў жорсткія структуры дзяржаўнага кіраўніцтва — мізэрнае. Часам мне падаецца, што дзедавы каштоўнасці — зямля, дождж, бараны, дом, сад, гарод, малако — больш вартасныя за каштоўнасці бацькі: мова, Радзіма, кнігі, літаратура. Пераўзысці дзеда і бацьку я не збіраўся і не збіраюся. Для мяне ўсё ж найбольш каштоўным з’яўляецца іншае: не сама карова, а пасвінне каровы; не напісаны раман, верш, твор, а магчымасць пісаць. I яшчэ пра рост... Калі я цэлы дзень прабадзяюся па Барселоне, дык рост мой робіцца 176 сантыметраў. Правяраў, і не адзін раз.
Кепка
Дзед любіў кепку. Ад маразоў да маразоў ён хадзіў у светлай у шары ранцік кепцы з вялікім брылём. У хаце для дзедавай кепкі быў забіты ў сцяну адмысловы цвік. Тата, як і дзед, усё жыццё прахадзіў у кепцы, а мне ўсё карціць мяняць уборы: я то ў берэце, то ў капелюшы, то ў скураной кепачцы, то ў палатнянай, то ў вязанай шапцы. Такі вось я пераменлівы, наогул не ўспрымаю галаўныя ўборы як свае; мне і валасы чым карацей падстрыжаныя, тым лепш пачуваюся. Толькі заўсёды хацелася мець у сваёй хаце адмыслова забіты ў сцяну цвік для маёй кепкі. Пайду і ўб’ю.
Чытанне
Наш дзед Валодзя пачаў чытаць толькі ў 70 гадоў. Усё жыццё — цяжкая праца на зямлі і на чыгуначнай станцыі грузчыкам. Калі бальшавікі забралі зямлю, а за імі немцы спалілі хату, выбіраючы паміж калгасам і станцыяй, дзед выбраў чыгунку, бо яна ўсім уладам і рэжымам патрэбная. Работа на станцыі вызваляла ад войска. Дзед нікому ніколі не даваў прысягі, ён адпрацаваў за траіх, а мо і за дзесяцярых мужыкоў са зброяю. Жыццё дзеда Уладзіміра цалкам стваральнае. I толькі ў 70 гадоў яго з грузчыкаў перавялі ў вартаўнікі. Пільнуючы макулатуру, дзед панапрыносіў у хату старых падручнікаў літаратуры і ўзяўся чытаць. Чытаў выключна прозу і абураўся на непраўдзівасць, ілжывасць напісанага пра вайну, пра вёску, пра Беларусь. Дзядзька Сава спрабаваў яго пераконваць у патрэбнасці фантазіі і мастацкасці, на што дзед сурова адказваў, што выдуманае і звершаванае — у малітоўніках для жанчын, а мужчынскае мусіць быць пераканаўчае і праўдзівае.
Манеты
У дзедавай хаце была стопка, дзе стаялі кубельцы з салам, бочкі са збожжам, віселі мяхі з крупамі. Там панаваў заўсёдны халадок, і ў найспякотныя дні я спаў у стопцы. Яшчэ тамака стаяла скрынка з цвікамі, паміж якімі пракідаліся і манеткі зніклых дзяржаў: капейкі Расійскай імперыі з двухгаловым арлом, злотыя часоў Пілсудскага, пфенігі Трэцяга рэйха, састарэлыя медзякі СССР. Дзед трымаў манеты з цвікамі, каб, прыбіваючы якую бляху ці толь, рабіць у цвіка шырэйшую плешку. Я быў выпрасіў у дзеда тыя манеты, а потым, сам не ведаю чаму, ссыпаў назад у цвікі, і не шкадую.
Баран
«Бэра-Бэра-Бэра-Бэра...» — мы, я і дзед, так клікалі свайго барана, выманьваючы яго са статка, што вяртаўся з поля, кавалкамі чорнага хлеба. Бэра бег да нас, выводзячы за сабою і
чатырох авечак. Хлеб баран любіў. Еў са смакам. Пакарміўшы, можна і пакатацца на баране. Дзед падсаджваў мяне, чатырохгадовага, на шырокую цёплую спіну. Я браўся за гладкі рог, дзед, трымаючы за другі рог, абводзіў барана вакол падворка. Авечкі чакалі каля гумна, побач з кароваю Зоркаю, што піла з вядра ваду. Mae дзеці не каталіся на баранах — толькі на конях і толькі на спартовых.
Дратаванне
Ёсць у свінні звычка рыць зямлю. Каб яна не рыла гумно, яе дратуюць. Дзед навучыў мяне дратаваць падсвінкаў. Ён прывёз іх — яго і яе — у мяху. Купіў на нядзельным кірмашы ў мястэчку. Кабанчык быў белы, а свінка рабая, у чорныя плямы. Дзед адшчыкнуў два кавалкі меднага дроту, завастрыў іх на наждаку і спярша папрасіў мяне патрымаць кабанчыка. Я моцна прыціснуў свіную галаву да зямлі, а дзед спрытна прабіў дротам лыч і закруціў яго, пакінуўшы вялікую пятлю, каб, калі кабан вырасце, пятля не раздзерла лыч. Каб дратаванне рабілася зараз, а не трыццаць пяць гадоў таму, я б сказаў: «Мы зрабілі свінні пірсінг», а так даводзіцца гаварыць «дратаванне». Зрэшты, слоўца «дратаванне» можна ўжываць замест слова «пірсінг». Дзіўным было тое, што падчас пірсінгу кабанчык нацурыў, а свінка абрабілася. Добра, што дзед папярэдзіў мяне, і я не ўфэндаўся.
Мяхі
Капаю з дзедам Уладзімірам пограб. Сонца. Спёка. Пот у вочы цячэ. Дзед махае рыдлёўкай поравень са мною і яшчэ распавядае пра тое, як працаваў грузчыкам на чыгунцы... «Усе думаюць, што грузчык мусіць быць вялікім. Неабавязкова. Грузчык можа быць і малы. Галоўнае, каб спрыт меўся. Каб ведаў: як закінуць мех на плечы, як несці, як скінуць. Можаш быць вялікі, як гара, а няправільна падымеш і парвешся...» Пасля абеду я адмаўляюся капаць пограб, дзед дакопвае без мяне. Мусіць, і рыдлёўку, як тыя мяхі, трэба ведаць, як браць.