Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
Просьбы
Як мы не любім прасіць! Жах як не любім. I не просім. Адстойваць сваё? Калі ласка. Патрабаваць належнае? Абавязкова. А прасіць. I давялося прасіць. Кватэру. Мне. Дзве сям’і на адной кухні... Хто не ведае, няхай і не ведае. Мы пайшлі да чыноўніка. Той сказаў, што ў кабінеце на такую далікатную тэму гаварыць не будзе, што мы мусім пачакаць у скверыку пасля працоўнага дня. Мама і я чакалі. Ён падышоў з самазадаволеным выглядам і сказаў, што нічым дапамагчы не зможа, паспрабуе, але не зможа, пастараецца, але нічога не выйдзе. Я ўзненавідзеў яго і сябе — за тое, што маме давялося прасіць гэтую паўразбураную пыхаю, алкаголем і абжорствам пачвару. Кватэру мне далі, насуперак усім пачварам і пачваркам. Яе даў значна большы чыноўнік, які з павагай ставіўся да бацькавага літаратурнага таленту. I каб тата мог працаваць, мяне з дзецьмі і жонкаю адсялілі. На ўскраіну. Прасіць некага аб нечым я зарокся, а тым больш прасіць маму, каб яна ў некага нешта прасіла.
Даросласць
У дзяцінстве вельмі хацелася хутчэй вырасці і стаць дарослым. У кожнага чалавека існуе пэўная незадаволенасць фізічным станам. Але мая найбольшая незадаволенасць прыпала менавіта на дзяцінства. Пагаварыць з татам на падобныя тэмы не атрымлівалася, заставалася мама. Ёй трэба было давесці маю мужчынскасць і даросласць. I я давёў. На выхадныя маму запрасілі на пікнік у коласаўскую вёску Мікалаеўшчына. Цэлы аўтобус будаўнікоў выправіўся адпачываць і весяліцца. Хто ехаў рыбу лавіць, хто — грыбы збіраць, хто — гарэлку піць каля вогнішча. Мама ўзяла мяне ў рамантычнае падарожжа. Пачалося ўсё з чытання паэмы «Новая зямля», а дэкламаваў класічныя вершы малодшы брат Якуба Коласа дзядзька Юзік. Крышку па-настаўніцку ён выглядаў, але мне спадабалася апавяданне пра тое, як Колас на ўласныя грошы збудаваў школу. Непадалёк ад той школы і пераплыў я Нёман. Пайшоў адзін на рэчку. Пераплыў на другі бок і
вярнуўся гэтаксама назад. Прыйшоў да мамы, якая гатавала на вогнішчы вячэру, і сказаў: «Я Нёман пераплыў, я — дарослы!» Сапраўды, я стаў дарослым, бо мама не сварылася, a толькі папрасіла больш не плаваць аднаму, бо рэчка хуткая, з вірамі, з крыніцамі — можна патануць.
Пярэпапах
Адзін з першых успамінаў, звязаных з мамаю, вельмі непрыемны. Плачу, плачу, крычу і не магу супакоіцца. Прыйшла цётка Пэля, схілілася нада мною і зашаптала, загаварыла пярэпалах. Запомнілася сутарга ад крыку. Пазней мама раскажа, як хадзіла карміць маіх малочных сясцёр, Іру і Тому, дачок дзядзькі Чэся. А ў таго быў вялізны злы сабака. Ён гыркнуў на маму, тая пералякалася, пасля пераляку і пакарміла мяне. Жах праз малако перадаўся мне — васьмімесячнаму немаўляці. Цётка Пэля ўшчувала маму за тое, што накарміла дзіця «перапалоханым малаком». Хто ведаў, што страхі захоўваюцца ў малаку? Толькі чараўніца Пэля навучыла, што пасля сполаху малако трэба сцэджваць. Дурнога сабаку, які раз-пораз зрываўся з ланцуга і палохаў усю вуліцу, дзядзька Чэсь прыбіў.
Трывогі
Мама перажывала і перажывае за мяне і за Мірыка. Толькі калі яна перажывае за мяне, я не бачу яе гора і пакут. А вось яе трывогі за Міраслава я бачыў і суперажываў. Аддаць любімага сына ў салдаты — як гэта горка! Пагатоў, калі ідзе вайна, і ён можа апынуцца на фронце ў Афганістане. Міраслаў напісаў з войска, што яны трэніруюцца ў гарах. Мама сабрала валізу з прадуктамі і паехала ў Чарнаўцы, дзе Мірык займаўся ў вучэбцы. Паехаў з мамаю і я. Брат быў вельмі худы, твар счарнеў, ён засынаў на хаду, чым ганарыўся: «Магу ісці і спаць!» Мама сустрэлася з афіцэрамі, падаравала ім прадукты і каньяк. Тыя, выдаўшы ваенную таямніцу, сказалі, што могуць размеркаваць Міраслава толькі ў тры месцы: у Афганістан, у ахову турэмных цягнікоў або ў Чэхаславаччыну. Выбралі апошняе...
Падобнае здарылася з маім дзедам Уладзімірам, калі немцы ўзялі яго ў закладнікі, а баба Броня выкупіла яго за тры скруткі палатна. Якое таннае чалавечае жыццё, калі яго можна памяняць на каўбасу з каньяком або на скрутак палатна!.. I якая вялікая любоў павінна быць, каб тое здзейсніць насуперак законам і акалічнасцям.
Мода
Мама ніколі не была модніцаю. Вядома, яна апраналася лепш за ўсіх, як для мяне. Модным і стыльным хадзіў тата. У яго былі гарнітуры і чаравікі, прывезеныя з-за мяжы. А мама любіла нашае. Толькі аднойчы яна доўга насіла модны плашч. Цяпер гэта выглядяе дзіўным. У сярэдзіне 1960-х пачаўся бум балоневых дажджавікоў. Цёмна-брунатныя, зеленавата-балотныя, чорна-сталёвыя плашчы з сінтэтычнага, падобнага да цэлафану рэчыва захапілі свядомасць насельнікаў СССР. Калі ты не меў балоневай апранахі, ты быў не зусім чалавекам. Тата прывёз маме з Масквы брунатна-шакаладны плашч. «Яго можна скласці ў сумачку і надзець, калі пойдзе дождж». Жанчыны толькі і чакалі гэтага дажджу, каб дастаць і надзець наймаднейшае. Я вельмі любіў маму ў шакаладным плашчыку. А яна ганарылася тым, што тата здалёк прывёз ёй такую модную рэч... Некалькі гадоў таму тата падараваў маме выдатнае футра. Яна вельмі радавалася падарунку, але насіць не насіла. Надзела колькі разоў і павесіла ў шафу, а потым і зусім перадарыла яго ўнучцы, маёй Ядзі. Сумна, калі такія рэчы перадорваюцца. I сказаць нічога не скажаш.
Ідэалізацыя
Ці ідэалізую я вобраз мамы? I так, і не. Каго яшчэ мне любіць і ўсхваляць, як не яе? Тату? Я спазніўся са словамі прыязнасці і павагі. Таты няма з намі. Адной з прычын яго хуткага згасання была любоў да алкаголю. Мама страшэнна перажывае і нервуецца, калі даведваецца, што я ці брат выпіваем. He гавару з ёю на тэму п’янства. А яна мяне папя-
рэджвае: «Бачыла сон, як цябе сустрэў наш сусед Караткевіч (ён таксама заўчасна пакінуў гэты свет праз гарэлку), як ён паклікаў цябе пайсці разам з ім. Я прачнулася і не змагла заснуць ажно да раніцы. Так што, наліваючы чарку, ведай: гэта ён цябе кліча». «А тата мяне не кліча?» — падумаў я і змаўчаў. Нікога я не ідэалізую: ні сябе, ні маму сваю.
Споведзі
Калі думаць, што ў бібліятэку прыходзяць адно разумныя і выхаваныя людзі, можна моцна памыліцца. Наколькі кніжкі трапляюцца разнастайныя, настолькі стракатыя ў іх і спажыўцы. Што ўжо казаць пра чытачоў часопісаў ды газет! Асабліва надакучлівыя прыходзяць напрыканцы працоўнага дня. Мама сабралася зачыняцца, а тут увальваецца нейкі чытач з гучным голасам і пачынае на ўсё памяшканне пераказваць газетныя навіны. Бібліятэка — ціхае месца, ці прынамсі мусіць быць такім. З’яўленне шумлівага чытача і нясвоечасовае і недарэчнае. Але паспрабуй скажы, што бібліятэка зачыняецца. Мама і не казала. Ну няма дзе выгаварыцца чалавеку! Цэрквы і касцёлы пазачыненыя стаялі. Вось і хадзілі людзі ў бібліятэку, да маёй мамы, як на споведзь. Хто навіны пераказаць, а хто пра самае патаемнае распавесці. Мама нікому ніколі тыя споведзі не пераказвала, чым вельмі ганарылася і ганарыцца дасёння. А калі хто і быў навязлівы і надакучлівы, дык яна спакойна трывала і такіх.
Вока
За маміну прыгажосць я перажываў заўсёды больш, чымсьці за яе здароўе. Лічыў, што знешнасць і адлюстроўвае яе стан. Наколькі памыляўся, яшчэ пытанне. Калі мама адчувае сябе добра, яна і выглядае выдатна. Сам такі. Таму, калі ў мамы захварэла вока, я заперажываў. Яно нібыта выкацілася наперад, зрабілася вялікім, немірготкім. Ягоная нерухомасць і блакітная празрыстасць палохалі мяне. А тое, што мама з хворым вокам хадзіла ў сваю бібліятэку,— абурала. «Ну што ты ходзіш на працу? Пабудзь дома!» — «Ну
як гэта людзі застануцца без кніжак, без часопісаў новых, без свежых тыднёвікаў? Сам падумай!» Маміна вока мне, бясспрэчна, даражэйшае за ўсіх яе чытачоў, але забараніць ёй хадзіць на працу не змог. А трэба было б. Добра, што вока вылекавалася, а маміна прыгажосць вярнулася.
Помнік і лавачка
Які помнік паставіць на татавай магіле? Мы з братам бясконца гэта абмяркоўваем. Крыж? Камень? Які надпіс? Ці скульптуру рабіць? Ці архітэктару праект замовіць? Знаёмыя не надта ахвотна гавораць на тэму могілак і мемарыялаў. Ці то пабойваюцца. Ці то занадта асабістай справай лічаць. Мама сказала: «Рабіце што заўгодна, а мне толькі лавачку пастаўце». Атрымалася — лавачка пры татавай магіле на Кальварыйскіх могілках і ёсць галоўнае ў помніку, астатняе можа быць якім заўгодна, а лаўка мусіць быць найлепшай, бо яна — для мамы.
Чаравікі
«Мама, а чым ты чысціш чаравікі?» — спытаў брат, калі мы, папіўшы гарбаты, абуваліся і збіраліся сыходзіць. «Нічым не чышчу, абціраю вільготнай анучкай і ўсё. Тата займаўся абуткам, і сваім і маім»,— мама заплакала. Бацькі пражылі разам сорак чатыры гады, мама ўсё яшчэ не змірылася з татавай смерцю, не можа рабіць тое, што звычайна рабіў ён. Балюча на гэта глядзець, горка пра тое думаць.
Адметнасць
Сваю адметнасць мама заўсёды імкнулася схаваць. Непадобнасць да іншых была ў яе з самага маленства. Прозвішча Глобус інакш як дзіўная мянушка не ўспрымалася, упартасць асуджалася, любоў да кніжак ніхто не ўхваляў. Пагаварыць пра Чарльза Дзікенса і ягоны Лондан не было з кім. Таму мама пачала хаваць уласную непадобнасць. Яна звычайна апраналася, хадзіла на звычайную працу, гатавала звычайныя стравы.
3 усяго незвычайнага навідавоку ў яе засталося прозвішча, але хто ў нас цікавіцца прозвішчам замужняй жанчыны? Ніна Уладзіміраўна для ўсіх знаёмых была жонкай Чэся Адамчыка, і, адпаведна, Адамчыхай. Пра яе незвычайную дабрыню, такт, розум ведаюць, збольшага, толькі блізкія людзі.
Наваградская кнігарня
Адным са шматлікіх вынаходак «бацькоў» савецкага ладу жыцця было раўнамернае размеркаванне кніжак па кнігарнях. У нас усе роўныя, і кніжак, як хлеба і солі, атрымаюць пароўну, за выняткам спецразмеркавальнікаў для начальства. Пра чыноўнікаў апушчу. А пра наваградскую кнігарню распавяду. Нічога не маю злога да наваградцаў — наадварот, іх вельмі люблю і паважаю: яны ж яшчэ і татавы землякі. Але нашто было рабіць у Наваградку асартымент кнігарні такі самы, як і ў сталічнай, даўмецца не магу. Так было ў 1970 годзе. Мама, як убачыла стэлажы дэфіцытных кніжак, узрадавалася. Пайшла і дамовілася з загадчыцаю кнігарні, што яна адкладзе патрэбныя для бібліятэкі выданні, а потым з Мінска пералічыць грошы і кнігі забярэ. Мама наадкладала тамоў 500. Цешылася, як дзяўчынка. I я радаваўся з мамаю, а тата скептычна заўважыў, што нічога ў мамы не атрымаецца, кніжкі застануцца гібець у Наваградку. Мама заспрачалася, і дарэмна, бо выйшла па-татаву. Чыноўнікі-начальнікі не дазволілі мінскай бібліятэцы камплектавацца ў нейкім там Наваградку. Мама, ледзь не плачучы, патэлефанавала загадчыцы крамы, але тая нічым дапамагчы не змагла.