Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
не прыехалі міліцыянты. Баба Броня сказала, што суседка сама сабе разбіла галаву, каб нас абгаварыць, бо разбуранага падмурка ёй замала. Міліцыянты вырашылі правесці следчы эксперымент, бо сведкі меліся з абодвух бакоў. Асноўнае пытанне, на якое мусіў адказаць эксперымент: ці магла баба Броня дакінуць такі вялікі камень з таго месца, дзе стаяла, да таго месца, дзе павалілася суседка? Колькі разоў мянты ні спрабавалі дакінуць камень, ні разу не дакінулі. Пра тое, каб пацэліць у лоб, і гаворкі не вялося. Гэтым разам улада стала на бок бабы Броні. Толькі радасці не было. Дзе ж ты парадуешся, калі твой плот, твой сад, твой падмурак пабурылі, а твой любы сын змушаны з’ехаць ад цябе назаўсёды!..
Казка пра дзедаву дачку
Дзедава хата. Цёмна. He сплю, варочаюся на льняной прасцінцы. «Валодзя, чаму не спіш?» — баба Броня гладзіць мяне па галаве. «Не спіцца».— «Давай я табе казку раскажу. Слухай... Была ў дзеда дачка і ў бабы дачка. Купіў дзед бычка Трацячка. Выправіла баба дзедаву дачку пасвіць бычка і дала ёй пук верацён і пук кудзялі, каб у полі дзедава дачка нітку ссукала, палатно саткала, выбеліла і дадому гатовае прынесла. Навязала дзедава дачка бычка Трацячка ў полі, а сама села побач і плача. «Чаго ты плачаш?» — пытаецца бычок у дзедавай дачкі. «Дала мне мачыха пук верацён і пук кудзялі і загадала прынесці з поля гатовае палатно».— «Не плач. Я ўсё зраблю». З’еў бычок Трацячок пук верацён і пук кудзялі і нарабіў з яго скрутак белага палатна. На другі дзень баба дала дзедавай дачцэ дзесяць пукоў верацён і дзесяць пукоў кудзялі, а сваёй дачцэ наказала пільнаваць. Высачыла тая, што не дзедава дачка палатно прадзе і беліць, а бычок парабляе. На трэці дзень баба паслала ў поле сваю дачку пасвіць бычка Трацячка і дала ёй сто пукоў верацён і сто пукоў кудзялі. Загадала бабіна дачка бычку Трацячку з’есці сто пукоў верацён і сто пукоў кудзялі. З’еў бычок Трацячок сто пукоў верацён і сто пукоў кудзялі і стаіць. Зазірнула бабіна дачка бычку Трацячку пад хвост, ду-
мала, выйдзе з-пад хваста палатно. А бычок Трацячок абрабіў бабіну дачку з галавы да ног. Прапала сто пукоў кудзялі і сто пукоў верацён. Загадала баба дзеду зарэзаць бычка Трацячка. Пайшоў дзед нож вастрыць, каб зарэзаць бычка. А дзедава дачка пабегла да Трацячка, абняла яго за шыю і плача. «Не плач, дзедава дачка, а мяне паслухай... Калі зарэжуць мяне і скажуць табе пайсці на рэчку памыць мае вантробы, ты знойдзеш у іх залатое зярнятка. Пасадзіш яго каля хаты. 3 залатога зярнятка вырасце залатая яблыня з залатымі яблыкамі, яны дапамогуць табе... Спі, заўтра дакажу, як залатое зярнятка дапамагло дзедавай дачцэ і звяло са свету бабіну дачку...» — «Не хачу спаць, хачу даслухаць, як залатое зярнятка звяло са свету бабіну дачку».— «Зарэзаў дзед бычка Трацячка. Панесла дзедава дачка на рэчку вантробы, памыла іх і знайшла залатое зярнятка. Пасадзіла дзедава дачка залатое зярнятка каля хаты. Вырасла з таго зярнятка залатая яблыня з залатымі яблыкамі. Ехаў царэвіч на белым кані. Убачыў залатыя яблыкі і захацеў пакаштаваць. Яблыня ўзняла свае галіны высока-высока. He змог царэвіч дастаць ніводнага яблычка. Папрасіла дзедава дачка яблыню, каб тая нахіліла галінку. Пакаштаваў царэвіч залаты яблык і закахаўся ў дзедаву дачку. Пасадзіў яе на каня і паскакалі яны ў палац жыць. Праз дзевяць месяцаў нарадзіўся ў іх сын Салівон. Запрасіў царэвіч на хрэсьбіны Салівона ўсіх сваякоў. Баба з дзедам прыйшлі і бабіну дачку прывялі. Пакуль госці гулялі, баба і бабіна дачка схапілі дзедаву дачку, прывязалі на шыю камень і ў рэчку ўкінулі. Расплакаўся Салівон, малака захацеў. Пабеглі госці Салівонаву мамку шукаць, пачалі гукаць. Салівон плача, малака просіць! Салівон плача, малака хоча! Пачула дзедава дачка, як плача яе сын Салівон, і адгукнулася: «Я бягу-бягу, падбягаю, камень грудзі мае прыціскае, раса вочы мае выядае...» — «Баба! Як гэта раса вочы выядае?» — «Гэта не тая раса, што зранку на траве, а тая трава, што на дне рэчкі расце, нібыта змеі зялёныя па пяску сцелецца...» — «Далей...» — «Пачулі госці голас дзедавай дачкі. Выцягнулі яе з рэчкі. Накарміла яна малаком сына Салівона. А злую бабу і бабіну дачку царэвіч разадраў на баране! Спі!» I я спаў на белай ільняной прасцінцы.
Казка пра лісічку
На стале талерка з забеленай фасоляю. «Валодзя, бяры лыжку і еш»,— баба Броня сядае побач і заглядае мне ў вочы. Набычваюся: «Не хачу».— «Фасоля мякенькая, у печы пастаяла. Паглядзі на яе, нібыта цукеркі... Ты будзеш есці, а я казку раскажу. Еш і слухай... Жылі дзед і баба. Скончылася ў іх яда. Выправіла баба дзеда рыбу лавіць і наказала нікога на воз не садзіць. Запрог дзед каня і паехаў на рэчку. Налавіў рыбы цэлы мех і дахаты вяртаецца. Даганяе дзеда лісічка і просіць: «Дзед, падвязі мяне да лесу». «Не падвязу, мне баба наказала нікога на воз не садзіць»,— кажа дзед. «Усё, больш не буду, жывот забаліць».— «Пабаліць і перастане. Еш і слухай... “Ты, дзед, нікога і не пасадзіш, калі адну маю лапку падвязеш. Можна, я адну лапку на воз пакладу, замерзла ў мяне лапка”».— «Ну, кладзі сваю лапку». Паклала лісічка лапку на воз, крышку прабегла і далей просіцца: «Дзед, ты такі добры і паслухмяны, можна, я другую лапку на воз пакладу?» —■ «Ат, кладзі і другую». Ну, дзе дзве лапкі лісіччыны леглі, там і чатыры апынуліся. Толькі хвост дзед не дазволіў класці на воз. I дарма не дазволіў, бо лісічка хвастом замятала ў снег рыбу, якую паціху выкідала з прадранага меха. Як выпатрашыла лісічка мех, дык падзякавала дзеду і шуснула ў лес, каб вярнуцца і паесці смачнай рыбы. Прыехаў дзед пад хату, а баба на падворку чакае: «Налавіў?» — «Ого, шмат налавіў!» — Глянуў дзед на воз, а там пусты дзіравы мех ляжыць. «Ты каго, дзед, падвозіў?» — «Нікога. Адну лапку лісічкі, надта ўжо прасілася».— «Ну і сядзі галодны, калі бабу сваю не паслухаў. Хай тваю рыбу лісічкі ядуць». Вось і ўсё. Бабу трэба слухаць, і фасолю трэба есці. Пад’еў і бяжы гуляй, каб жывот не балеў». I я бег на рэчку да хлопцаў гуляць у вайну.
Казка пра Васілька
Дождж. «Баба Броня, я пагуляць пайду».— «Куды ты такім дажджом пойдзеш? У хаце пасядзі, а я казку раскажу... Быў у маці сынок, звалі Васілёк. Любіў Васілёк рыбу лавіць. Пры-
вядзе яго маці на возера, пасадзіць у чаўнок і накажа: «Сынку Васільку, плыві і рыбу лаві, толькі да берагоў не падплывай, бо вядзьмарка схопіць цябе, панясе і з’есць. Толькі калі я цябе паклічу, ты да берага плыві». Так і павялося. Прыходзіла маці і клікала: «Сынку Васільку, плыві на беражок, дам табе піражок». Прыплываў чаўнок на беражок, і маці частавала сынка піражком ды вяла дахаты. Прачула вядзьмарка, што Васілёк рыбу на возеры ловіць. Прыйшла, схавалася за вярбу і гукае: «Сынку Васільку, плыві на беражок, дам табе піражок». А Васілёк адказвае: «Не паплыве мой чаўнок на беражок, бо ў маёй маці голас тоненькі, а ў цябе, вядзьмарка, тоўсты». Пабегла вядзьмарка да каваля і папрасіла распляскаць ёй язык, каб голас патанчэў. Распляскаў каваль вядзьмарчын язык, і голас патанчэў. Прысунулася старая вядзьмарка на возера, схавалася за дрэва і кліча тоненькім голасам: «Сынку Васільку, плыві на беражок, дам табе піражок». Прыплыў чаўнок на беражок. Схапіла вядзьмарка Васілька, закінула на плечы і панесла, каб у лесе засмажыць і з’есці. Несла, несла, стамілася і спаць захацела...» — «Баба Броня, я таксама ў прыбіральню хачу».— «Схадзі, толькі дзедаў пінжак накінь, каб не змокнуць». Злётаў я ў прыбіральню і лёгкі вярнуўся. «Пасадзіла вядзьмарка Васілька на пень, а сама побач спаць легла. Пачаў Васілёк прасіць пень: «Расці, расці, пень. А каб ты, ведьма, не выспалася!» — «Што ты там гаворыш?» — «Прашу Бога, каб табе лёгка спалася».— «Ну, прасі». Прасіў Васілёк пень, і той вырас пад самае неба. Выспалася вядзьмарка і бачыць, што Васілёк сядзіць не на пні, а на высокім дрэве. Пачала вядзьмарка скакаць, каб Васілька дастаць. He змагла даскочыць. Пачала дрэва грызці. Зубы пакрышыла, а дрэва не перагрызла. Пабегла да каваля, прынесла сякеру і кажа: «Сячы, сякера, па палене!» А Васілёк папраўляе: «Не па палене, а па калене!» Секанула вядзьмарка сабе па калене, раззлавалася і пакульгала да каваля па пілу. Прынесла пілу і пілуе. А Васілёк паглядзеў на неба, каб у неба папрасіць паратунку. Ляцелі па небе качкі. Пачаў Васілёк качак прасіць: «Качкі, качкі, скіньце мне па пёрку, каб я крылы зрабіў і да маці паляцеў». Кінулі качкі па пяры, зрабіў Васілёк крылы і да маці паляцеў. A
вядзьмарка не бачыла, што няма Васілька, і пілавала дрэва, і перапілавала. Павалілася дрэва на вядзьмарку і забіла яе».— «Баба Броня, дождж скончыўся».— «Абувай боты і ідзі». 1 я ішоў на вымыты дажджом двор.
Казка пра ваўка
Зімовы вечар. У хаце залатое святло лямпачкі, а за шыбамі глыбокая сінеча снежаньскіх халадоў «Баба Броня, раскажы мне казку».— «Пра каго?» — «Пра зіму».— «Добра, слухай казку пра ваўка... Жылі дзед і баба. Жылі — не бедавалі. Мелі скварку і да скваркі. На куццю нагатавала баба розных прысмакаў, і селі яны з дзедам за святочны стол. Толькі яны сабраліся павячэраць, як у шыбу нехта грукае. Калядоўшчыкі, кажа баба. «Хто там?» — пытаецца дзед. «Гэта я, воўк! Аддай, дзед, каляду. бо я бабу павяду!» Цэлы мех гасцінцаў напакаваў дзед ваўку, і пабег той у лес. Селі дзед з бабай за стол, зноў нехта пад вокнамі ходзіць... «Аддай, дзед, каляду, бо я бабу павяду!» Сабраў дзед усё, што ў хаце было, і аддаў ваўку. Ледзь пацягнуў воўк дзедавы падарункі. Залезлі дзед з бабай на печ. Сядзяць, маўчаць, доўга маўчалі, а потым баба кажа: «Воўк усё забраў, але ж мы з табою засталіся жывыя і здаровыя, гэта ж добра...» — «Аддай. дзед, каляду, бо я бабу павяду!» — «Што ты да нас прычапіўся, воўк? Ідзі калядуй у другую хату! Няма ў мяне больш нічога!..» — узбунтаваўся дзед. А воўк схапіў бабу, закінуў на спіну — і бягом у лес. Застаўся адзін дзед у пустой хаце. Hi скваркі, ні да скваркі, ні бабы... «Хай бы ўжо і мяне воўк забраў!..» Толькі дзед так падумаў, як з’явіўся воўк, схапіў дзеда і ў лес павалок. Вось і ўся казка».— «Баба, а каму іх пустая хата дасталася?» — «Нікому не дасталася, бо не было ў тых дзеда з бабай унука. Каб у іх гадаваўся ўнук, дык не даў бы ён ваўку хату рабаваць. I хата перайшла б да яго. Наша хата дастанецца табе. Ты ж ваўка прагоніш?» — «Праганю...»