• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сям’я  Адам Глобус

    Сям’я

    Адам Глобус

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 159с.
    Мінск 2017
    38.85 МБ
    2011—1958. Сацыялістычны рэалізм
    Позна ўвечары на чыгуначным вакзале выпадкова сутыкнуўся з Анатолем Сідарэвічам, які сем гадоў абяцае напісаць прадмову да выбраных твораў майго бацькі. Мо з гадзіну мы прагаварылі пра татаву прозу. Сідарэвіч прачытаў шмат розных артыкулаў і дысертацый, напісаных пра бацьку. Ён нават накідаў схему прадмовы, у якой будзе паказаны шлях беларускага пісьменніка ад сацрэалістычнай схемы да жорсткага рэалізму. Мяне зацікавіла схема, што выкарыстоўвалася ў сацыялістычным рэалізме. У якасці прыкладу Сідарэвіч прывёў адно з ранніх татавых апавяданняў «Свой чалавек». Дзякучы Анатолю я зноў перачытаў першую бацькаву кнігу, складзеную з двух апавяданняў «Зоня» і «Свой чалавек». Схема сапраўды прысутнічае ў апавяданні пра свайго чалавека — Язэпа з вёскі Рэпкі. Але гэтая схема мала чым адрозніваецца ад звычайнай казкі з добрым заканчэннем, і, як спрошчаная
    казка, апавяданне пра селяніна Язэпа мае крыху рамантызаванае заканчэнне: «На ўсходзе святлела неба: бралася на дзень».
    Палатняныя вокладкі
    Тата не любіў кнігі ў папяровых вокладках, хоць шмат ягоных кніжак павыходзіла менавіта ў такіх. Ён шанаваў вокладкі кардонныя, абклееныя шэрым палатном. У такім выглядзе выйшлі толькі дзве прыжыццёвыя татавы кнігі — раманы «I скажа той, хто народзіцца» ды «Чужая бацькаўшчына». Аздабленне рабілі мастакі Селяшчук ды Шэвераў. Зрабілі добра, улічылі ледзь не ўсе патрабаванні аўтара.
    Лішак вагі
    Паскардзіўся маці, што, кінуўшы паліць, набраў лішнія сем кілаграмаў. Мама паспачувала і распавяла, як, кінуўшы паліць, гэтаксама пачала набіраць вагу: «Каб яшчэ наш тата, мой Чэсь, быў жывы, дык дзеля яго скінула б вагу. А так... Мне было ўсё адно, як я выглядаю. Цяпер я даглядаю сябе, каб хадзіць і нікога не турбаваць сваёй прысутнасцю ў гэтым свеце». Мама, як і заўжды, мела рацыю. Мы глядзім сябе дзеля іншых, а не дзеля сябе. Нам бы і хацелася, каб дзеля сябе, a ўсё адно мы скідваем вагу, кідаем піць і курыць дзеля іншых, дзеля любімых і каханых.
    Тры падзеі
    Задумаўся пра падзеі ў сваім жыцці... Каб не заглыбляцца ў бясконцы пералік дат, я абмежаваў сябе лічбай «тры».
    3 падзей, якія скаланулі свет у час майго жыцця, вылучылася наступнае: палёт чалавека ў космас, вайна СССР з Кітаем і маштабны тэрарыстычны акт 11 верасня 2001 года ў ЗША. Тры значныя падзеі ў жыцці Беларусі знітаваны ў мяне з іншымі датамі: аўтакатастрофа, у час якой загінуў кіраўнік рэспублікі Машэраў, выбух на атамнай станцыі ў Чарнобылі, абвяшчэнне незалежнасці ў 1991 годзе. Асабістае жыццё я мог бы пазначыць наступнымі лёсавызначальнымі падзеямі: паступленне ў мастацкую вучэльню, нараджэнне дачкі Ядзі і смерць таты ў 2001-м. У іншых іншае, а ў мяне пакуль так...
    НІНА
    Словы пра сыход мамы маёй — Ніны Глобус
    Вароны
    У бальніцы мама назірала праз вакно за жыццём варон. Расказвала, як адна варона ўвечары разоў з пяць дзеўбанула ліхтар, ажно пакуль той не загарэўся. Калі запалілася святло, варона радасна закаркала, узнялася і паляцела ў вечаровае неба. Другое здзіўленне ў мамы выклікала варона-правадыр, яна прыляцела, гучна каркнула камандзірскім тонам, пяць маладых варон, што сядзелі на дрэве, у адначассе ўзняліся і паляцелі за ёй. «Гляджу праз бальнічнае вакно серыял пра варон! Такое ў мяне цяпер кіно»,— сумным бальнічным голасам казала мне мама.
    Туфлі
    Калі мы з братам забіралі маці з бальніцы, яна ўжо не магла сама ісці. Я прапанаваў ёй заставацца ў хатніх тэпцях, бо ўсё адно мы яе або на вазку павязём, або на руках панясём. Маці загадала абуць яе ў чорныя лакіраваныя чаравічкі. Мірык абуў, і мама абрадвалася. Яна радавалася і ўсміхалася, як малая дзяўчынка.
    Ключы
    Седзячы за кухонным сталом, маці расказала мне, як некалі сустракала Новы 1966 год. Апавяданне падалося мне цікавым, і я запісаў яе словы: «Пад Новы год пісьменнік Віктар Дайліда са Слуцка прывёз гуся. Я адмовілася гатаваць. Нават не хацела, каб у нашай кватэры збіраліся госці. Мірыку яшчэ і паўгода не споўнілася. Вырашылі занесці гуся да Галі Стральцовай і сустракаць Новы год у яе. Галя паставіла гуся ў духоўку. У яе кватэры сабралася шмат народу. Прыйшоў Валодзя Караткевіч. Прыехаў Гардзіцкі з жонкай. Памятаеш Гардзіцкага? Ён у Саюзе пісьменнікаў адказваў за сувязі з замежнымі краінамі. Дайліда быў таксама з жонкай. Я з тваім бацькам рэзала
    смажанага гуся. Мы сустрэлі Новы год і выйшлі на вуліцу. Наш бацька Чэсь узяў снежку і закінуў яе ў чужое вакно. На вуліцу павыскоквалі п’яныя мужчыны і пасунуліся да нашых біцца. Міша Стральцоў смяяўся, наш бацька рабіў выгляд, што ён не мае аніякага дачынення да кінутай у вакно снежкі. Гардзіцкі з Караткевічам крычалі, што яны ўсіх адлупяць, калі справа дойдзе да сапраўднай мужчынскай бойкі. Ніхто тады не пабіўся, усе вярнуліся даядаць смажанага гуся. Я пайшла да Мірыка. Легла і заснула. Пасярод ночы прачнулася, бо нехта корпаўся ў нашым замку. На пляцоўцы стаяў наш бацька і Валодзя Караткевіч. У бацькі быў ключ ад кватэры Караткевіча, а ў Караткевіча ад нашай кватэры. Як і калі яны памяняліся ключамі? He зразумела. Раніцай бацька спытаў, ці чула я, як ён прыйшоў. Тады я пераканалася, што таямніца з абменам ключоў застанецца неразгаданай».
    Ордэн
    Мама разам з Мірыкам перадалі мне татавы ордэн і дакументы. Вядома, я ўсё забраў. Настрой быў цяжкі, бо складалася ўражанне, што не толькі маці збіраецца хутка пакінуць наш свет, а яна збіраецца гэта зрабіць разам з Мірыкам.
    «Хуткая»
    Домработніца выклікала «хуткую дапамогу». Дактары ўгаворвалі маму паехаць у бальніцу, бо ціск быў зусім нізкі. Маці не пагадзілася ехаць і напісала распіску, што адмаўляецца. Я зварыў для мамы моцнай кавы з цукрам. Hi кавы, ні цукру яна даўно не ўжывае, але дактары гэтым разам дазволілі такую салодкую раскошу. Яны нават на гэтым настойвалі. Ціск павысіўся. Мама нават пагадала адной доктарцы на каўнай гушчы.
    Тата
    Раніцай маці апранулася па-святочнаму. Яна нібыта перапрашала за папярэднія трывогі з «хуткай». Усё цяжкае папярэдняе я не стаў з ёй абмяркоўваць. Парадаваўся за яе добры выгляд і настрой. Ад маці я паехаў на татаву магілу, дзе слёзна папрасіў яго не спяшацца забіраць да сябе нашу Ніну Глобус.
    Con
    Мама расказала мне свой сон, у якім я з нейкай Вольгай раблю літаратурны праект. У мяне з гэтай Вольгаю ёсць нейкае памяшканне, накшталт студыі. Мама папрасіла ключ ад студыі, але я ніякага ключа ёй не даў. У сне мама на мяне пакрыўдзілася, што пашкадаваў ключ. Яна расказвала пра крыўду, а я глядзеў на яе карычневыя зубы. У мамы заўсёды былі вялікія белыя і роўныя зубы. Мне яны вельмі падабаліся. Я нават ганарыўся прыгажосцю маміных зубоў. Цяпер яны зусім старыя. Мірык прапаноўваў памяняць маме зубы, але калі мы спахапіліся, было запозна, бо ў мамы зусім слабенькае сэрца: мяняць зубы з такім сэрцам небяспечна.
    «Montroig»
    Патэлефанаваў маці з кавярні «Montroig». Калі я ў адпачынку, заўсёды тэлефаную маме з кавярні «Montroig». Такая завядзёнка. Голас у мамы бадзёры, і яна радасна сказала, што любіць мяне. Пацікавілася, ці хутка вернецца Ядзя з Італіі. Я запэўніў маму, што Ядзя вернецца хутка. На тым і развіталіся. Нават не папытаўся, што ёй прывезці з Барселоны, бо ведаю — парфуму.
    Сэрца
    Раніцай сямнаццатага ліпеня ўся наша сям’я моцна перахвалявалася. Прапала мама. Домработніца зайшла ў бацькоўскую кватэру, а тамака пуста. Знайшлася мама ў рэанімацыі 2-й мінскай бальніцы. Уночы ёй стала кепска з сэрцам. Яна выклікала дактароў, што завезлі яе на аперацыйны стол і дасталі тромб. 3 рэанімацыйнай палаты мама мне патэлефанавала, калі я ўжо ехаў у тую бальніцу. Доктарка сказала, што бліжэйшыя пару дзён маці будзе адпачываць пасля перанесенага інфаркту, і да яе нікога не пусцяць. Усё патрэбнае — ваду, сок, сурвэткі — ёй занесла Ядзя.
    Халат
    3 рэанімацыі патэлефанавала мама. Сказала, што ёй зрабілі не адну, а дзве аперацыі. Цяпер яна пачуваецца крыху лепей, і трэба, каб я прынёс ёй станік, трусы, майку, халат, зубную шчотку, пасту і мыла. Мыла яна папрасіла дзіцячае. Мама сказала, што з дому яе забралі голай з іголкай кропельніцы ў руцэ. Так голай яна і праляжала цэлы тыдзень, а цяпер ёй трэба халат. Я папытаў, ці трэба ёй кубак. Сказала, што нейкі кубак ёй далі.
    Лён
    У мамы з’явіліся пролежні. Алена пашыла з ільнянога ручніка пляскаты мяшок, у які засыпалася льняное семя. Мяшок разам з гарэлкай і празрыстым дзіцячым шампунем я занёс у бальніцу. Настойваць на сустрэчы з мамаю не стаў, перадаў пакунак медсястры і пайшоў на працу. За працоўнымі турботамі крыху забываешся пра павольны сыход мамы, і не так балюча.
    Хадунок
    Паабяцаў Мірыку, што ў суботу схаджу да маці ў бальніцу, і не схадзіў. Пайшоў у другі бок, пайшоў купляць белы халат. Крама са спецадзеннем была зачыненая. Непадалёк ад яе некалі была бібліятэка, дзе маці працавала. Я вырашыў зайсці ў бібліятэку, каб проста пастаяць сярод нашых любімых кніжак. Мне ясна ўяўлялася размова з бібліятэкаркай пра маці, пра далёкія гады. Бібліятэкі я не знайшоў. У пустых памяшканнях ішоў рамонт. Я нават не стаў пытацца пра бібліятэку будтрэста нумар чатыры. Пастаяў крыху пад вокнамі, сцішыўся. Тут і пайшоў дождж. Пакуль я бег да метро, крыху вымак. У майстэрні пераапрануўся ў сухое і выпіў гарачай кавы. Чытаў. Прыслухоўваўся да сябе. Ці не захварэў? Здаецца, абышлося. Сіл ісці да маці ў бальніцу не знайшоў, бо ноч не спаў. У вачах усё стаяла бальнічная палата... Мама запатрабавала
    сабе тапкі. Яна ўсё спадзяецца на папраўку. Мы з Мірыкам прынеслі ёй тапкі і хадунок. Медсястра вельмі здзівілася, што мы прынеслі хадунок. He хацела нас пускаць у палату, але мы сказалі, што хадунок патрэбен для псіхалагічнай падтрымкі. Пусціла. У палаце два ложкі. Я паглядзеў на сівую жанчыну і падумаў, што мама змянілася да непазнавальнасці. Я не адразу зразумеў, што гэта зусім іншы чалавек. Маці спала на баку, накрытая прасцінай амаль з галавою. Яна спала і цяжка дыхала. Жанчына сказала, што трэба маму пабудзіць. Мы адмаўляліся, але яна настойвала. Пачала крычаць: «Алена Уладзіміраўна, да вас прыйшлі! Прачынайцеся! Яна вас чакала! Вы павінны пабудзіць яе...» Мірык сказаў, што наша мама — Ніна Уладзіміраўна. Ён пабудзіў маму, яна павярнулася да мяне і спытала: «Як ты? Кот цябе не крыўдзіць?» Дзеці — Юля, Коля і Вова з’ехалі на мора ў Літву, а мне ў кватэры пакінулі сваю котку Сару. Я сказаў, што кот мяне не крыўдзіць. Мама паскардзілася, што яе ўвесь час ванітуе. Ад салодкіх ёгуртаў, што прынёс Мірык, яна адмовілася. Мы пакінулі каля ложка хадунок і тапкі. Усю ноч мне бачылася бальнічная палата з хворай маці. He спалася, і я чытаў мярзотныя дзённікі савецкага кіношніка Нагібіна.