Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Кашалёк
Вось яна дарослая, дарослая. А надзявае на руку кашалёчак у выглядзе чорнага каня з белым хвастом і грываю, засоўвае яму ў жывот свой пэйджар, круціць цацку перад вачыма, любуецца лупатымі шклянымі вочкамі свайго ўлюбёнца. Дзіця яна, мая Ядзя.
Грошы
Каму ніколі не шкадую грошай, дык Ядзі. Даю рублі і даляры нібыта сам сабе. I не проста сабе на штодзённыя патрэбы, а сабе на святы і падарункі. Ядзі шмат чаго трэба... Урокі вакалу, ровар, набор гелевых ручак, джынсы, гліцэрынавае мыла, парфума, начная дыскатэка, карткі на інтэрнэт... Але яна не злоўжывае маёй грошадайнасцю. 3 дзяцінства ў яе ёсць дарослы разлік, жыццёвая мудрасць, якой ні ў мяне, ні ў жонкі няма.
Кніжны кірмаш
Па суботах мы любім хадзіць па кніжкі. «Ты сёння ідзеш?» — «Іду».— «I я з табой». Мы праходзім паміж сталоў, застаўленых кнігамі, часопісамі, касетамі і сідзіромамі. Ядзя заглыбляецца ў контркультуру... Томпсан. Наркаманы. Байцоўскі клуб. Ярафееў. Бероўз... А яшчэ бліскучыя часопісы... Купляю ёй Бероўза, каб пагаварыць пра наркаманію і растлумачыць, што Бероўз не наркот, бо наркоты не жывуць па восемдзесят гадоў і не пішуць разумных і паэтычных кніжак пра лірыку сноў. Выхаваўчы момант? А як без яго?
Адказнасць
Можа, каму і не трэба мець чалавека, перад якім можа быць сорамна, меркаванне якога вельмі значнае, чые думкі і адзнакі важныя... Зазвычай гэта настаўнікі, святары, начальнікі ці Бог у яго шматаблічных праявах. У мяне ж іерархія будуецца і будавалася крыху інакш. Думка таты значыла для мяне больш, чым развагі ўсіх начальнікаў разам узятых. Развагі мамы былі дый застаюцца больш каштоўнымі за дыдакгыку настаўнікаў. А кожнае значнае рашэнне я прымаю, параіўшыся з братам і ацаніўшы яго вачыма дачкі. Гэта погляд не зусім цяперашняй Ядзі, а Ядзі праз дзесяць гадоў. Ну не хачу я, каб ёй было сорамна за татавы ўчынкі ні праз дзесяць, ні праз дваццаць, ні праз пяцьдзясят... A турбаваць Найвышэйшыя сілы па рознай чалавечай драбязе не лічу патрэбным. Дачкі тут больш чым дастаткова.
Вакал
Ядзя ў кансерваторыі бярэ ўрокі вакальнага майстэрства. Выкладчыца яшчэ пасля іспыту безапеляцыйна вынесла прысуд: голасу няма, але ёсць жаданне, смеласць і слых, а таму яна будзе займацца з Ядзяю. He аднойчы і на маіх мастакоўскіх і паэтычных здольнасцях ставілі крыж. Але ў кожным крыжыку можна ўбачыць плюсік. Калі захацець, калі мець характар. Колькі таго характару было трэба, каб прымусіць дачку скончыць музычную школу! 1 слёзы, і капрызы, і лаянкі са знявагамі — усё мінула. Школу музычную Ядзя скончыла выдатна. Цяпер неістотныя ні сваркі тыя, ні пяцёркі. Істотна — для каго яна будзе спяваць. Бо вершы і песні не зусім належаць аўтару, у большай ступені яны належаць тым, дзеля каго пішуцца. Як ёй гэта растлумачыць? I ці можна вытлумачыць любоў? Пэўна, не. А без гэтага застануцца толькі пяцёркі і грошы, і мне будзе сумна.
Холад
Чаму самыя цёплыя ўспаміны пра Ядзіна дзяцінства ў мяне асацыююцца з холадам? Мусіць, таму, што нарадзілася Ядзя напярэдадні зімы, і ўсе хваляванні — каб жа толькі не застудзілася, не замерзла, не захварэла. I робіцца цёпла ад успаміну, як я з ёю на руках уздымаюся ў пусты намёрзлы тралейбус, дзе ўсе шыбы пазарасталі крышталёвымі кветкамі лёду. Як сядаю на рыпучае крэсла каля вадзіцельскай кабіны і трасу бразготкаю перад яе соннымі вачыма. He спі, нам весела, мы едзем дадому, там твой цёплы ложак...
Неадпаведнасць
У Рыміні Ядзя пазнаёмілася з нейкай Анжэлаю Боска, семнаццацігадовай дзяўчынаю з Мілана. Яны разам хадзілі купацца ў гатэльны басейн. Мяне вельмі выратоўвала гэтае сяброўства, бо нумар у мяне быў хоць і вялікі, але ж аднапакаёвы. Заставацца з жонкаю можна было толькі, калі Ядзя купалася з Лесавічкаю, так я пераназваў Анжэлу, бо Боска па-італьянску — «лес». Сяброўства тое скончылася раптоўна.
У басейн завіталі хлопцы, пазнаёміліся з нашымі дзяўчатамі і не прамінулі ўдакладніць узрост Ядзі і Анжэлы. А калі даведаліся, што адной толькі дванаццаць, перасталі з ёй гуляць. Больш за ўсіх здзівілася Боска. Яна нават пакрыўдзілася, быццам Ядзя яе падманвала. Ну хто вінаваты, што ўсе італьянкі каратканогія і меншыя за беларусак? Чаго крыўдаваць? Добра, што здарылася тое напрыканцы адпачынку.
Імя
Як назваць дачку? Такое пытанне я вырашыў для сябе яшчэ ў юнацтве, яшчэ да знаёмства з Аленаю. Мне хацелася ўзнавіць у гэтым свеце сваю любую бабу Ядзю. У гонар яе і назваў дачку. Выдатнае імя для каралевы, тым больш што нашы каралевы яго і насілі. Дачцэ яно таксама падабалася, толькі не ў памяншальна-вульгарным варыянце. I калі яе трохгадовую нейкі сусед-вісус паклікаў: «Ядзька, пайшлі гуляць!», яна зазлавала і паправіла: «Я — не Ядзька, я -— Ядзенька!» У сям’і ўсе называлі яе толькі так.
Вось east!
Аднойчы баба Ніна, як звычайна, прывезла з лецішча сваёй унучцы шклянку суніц. Замілаванне выклікае відовішча, калі двухгадовае дзіця есць суніцы. Перамыўшы ўсе ягады, баба насыпала іх на талерку, давала ўнучцы срэбную лыжачку, і яны былі гатовыя да свайго штонядзельнага рытуалу. Тут у варэльню ўскочыла маці Алена і выхапіла ў Ядзі з-пад рук талерачку з пачастункам. «Нельга! У яе жывот баліць! А вы тут з сырымі ягадамі!» Нешта падобнае з-за жончынага пляча казаў і я. Ядзя ўзняла над галавою лыжку і замест таго, каб заплакаць, з усяе моцы кінула яе на падлогу і гучна крыкнула: «Вось вам!!!» Мы з жонкаю не чакалі такога злоснага крыку ў наш бок і ад нечаканасці засмяяліся. Толькі тады Ядзенька заплакала.
Буду!
У кожнага дзіцяці ёсць рэўнасць да асяроддзя. Напэўна, цяпер гэта рэўнасць да камп'ютара, які адбірае час бацькоў.
Пра дакладнасць свайго меркавання я неўзабаве змагу сказаць, паназіраўшы за ўнукам. Што да дачкі, дык яна недалюблівала тэлевізар. He каб з ёй пагуляць-пагаварыць — уся сям’я глядзіць у тэлескрыню! Таму скрыню трэба сапсаваць. Ядзя вырвала з тэлевізара пульт кіравання. Гэта быў яшчэ тэлевізар без вынаснога пульта, а з уманціраваным у яго блокам. Зрабіла яна шкоду дэманстратыўна, ва ўсіх на вачах. Ніхто і думаць не думаў, што чатырохгадовая дзяўчынка такое ўтворыць. Давялося выклікаць майстра, які гадзіны дзве праваландаўся з дротамі, пакуль адрамантаваў і настроіў цацку для дарослых. Баба Ніна сказала Ядзі: «Бачыш, як цяжка аднавіць тое, што ты зламала. Дзядзька-майстар дзве гадзіны працаваў... Ты больш не будзеш гэтага рабіць?» — «Буду!» Гэтае «буду» і праз пятнаццаць гадоў вельмі цешыць маю маму. «У нашай дзяўчынкі ёсць характар, а гэта вельмі важна ў жыцці, і я спакойная за яе».
Прыгажосць
Ці прыгожая мая дачка? He магу адказаць так, каб нехта іншы пачуў і зразумеў, бо прыгажосць чужых людзей мае складнікі, яна нібыта сканструяваная з асобных дэталяў, a дачка для мяне прыгожая ўся. Але ёсць моманты найбольшай лірычнасці і прыгажосці. Гэта калі яна зусім дзіця, і я гладжу яе перад сном па галоўцы, нібыта адганяю цяжкія думкі і страшныя сны. Яна вось-вось засне, на развітанне яна ўсміхаецца, пазяхае, замірае, спіць. Уся прыгожая.
Вершы
Неяк звялася традыцыя сямейных канцэртаў і вечарын, калі дзеці граюць на музычных інструментах, спяваюць і чытаюць паэзію для вузкага кола сяброў сям’і. Аднавіць традыцыю і зладзіць паэтычную вечарыну мы вырашылі ў Крыме, на дачы Максіміліяна Валошына ў Кактэбелі. На беразе мора ў белым дамку на дзве сям’і мы жылі разам з крытыкам Аненскім. Ягоная ўнучка вывучыла і чытала Пушкіна. А Ядзя не менш традыцыйна і класічна дэкламавала Багдановіча:
Проці цячэння вады Зможа толькі жывое паплыць, Хвалі ж ракі заўсягды Тое цягнуць, што скончыла жыць.
Дзіўна, што яна ў апошнім радку памылілася і працытавала яго з той памылкаю, якую непазбежна раблю чамусьці і я:
...Цягнуць тое, што скончыла жыць.
Трэцім выступоўцам быў сын жывапісца Эсціса. Пяцігадовы хлопчык адбарабаніў на іўрыце вайсковую рэчоўку пра непераможнасць салдат Ізраіля. Відавочна, памылак ён не зрабіў. А чамусьці прысаромлены бацька пачаў апраўдвацца і казаць, што гэтаму вершу сына навучылі ў дзіцячым садку. I мы ўсе разам пагадзіліся з думкаю, што нельга аддаваць паэзію ў рукі садкоў і садаў.
Ролікавыя канькі
Жонка набыла для Ядзі ролікавыя канькі. Выпатрабавала. Надта ўжо дачцэ хацелася. Модна. Каталася. Смяялася. Весялілася. I — «вось вам»... Каля рэчкі скакала з прыступак. Упала. Няўдала. Зламала руку ў перадплеччы. Сябры і сяброўкі, што дзеразавалі разам, спалохаліся і паўцякалі. Скурчыўшыся, ледзь прытомная Ядзя праседзела на прыступках больш за гадзіну, пакуль нейкі чужы чалавек не патэлефанаваў жонцы і не расказаў пра няшчаснае здарэнне. Жонка завезла Ядзю ў бальніцу, дзе ёй увагналі ў косткі жалезныя пруткі і, паклаўшы на правы бок, зрабілі расцяжку. На адным баку Ядзя праляжала ў ложку дваццаць тры дні. Схуднела, адны вочы блакітныя засталіся. Выйшла з лякарні, а праз які месяц зноў на канькі стала: «Я асцярожна». Сэрца халадзее. А цяпер лётае на ровары і марыць пра вадзіцельскія правы.
Дакумент
Атрымаў новы, чысцюткі, без штампаў памежных, без візаў замежных бліскучы сіне-залаты пашпарт. Дзень змарнаваў на чэргі, сваркі, тэлефонныя званкі сябрам, і ўсё
ж маю рэч. Пашпарт для новага жыцця, з пасталелым тварам на фота і адсутнасцю дзяцей. Так. Дзяцей у мяне больш няма: на думку дзяржавы, па перакананнях грамадства, паводле ўсіх дакументаў... Выраслі. Графы «дзеці да 16 гадоў» больш не запаўняю. Дробязь, фармальнасць, дэталька. А сумна. Дзеці? I сумеўся. Ёсць? Няма? Што адказаць? Ясней яснага, Ядзя ёсць. А трэба казаць «няма». Вось так.
ЖОНКА
Знаёмства
Мы знаёмімся на танцах. Сутыкненне на танцульках. Хіповая маладосць, вясёлыя вечары. Палова Мінска збіраецца на вечарынкі ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Маю на ўвазе багемны Мінск, а не горад правінцыйных савецкіх чалавечкаў і парткамуністаў. Дваццаціпалыя казлы скачуць у іншых месцах: «на карчах» — у парку імя даўно забытых чалюскінцаў, «на дошках» — на трактарным заводзе. Мана, што ў эсэсэсэрыі няма сацыяльнага падзелу. Ёсць! I добра. 1 выдатна. I цудоўна. Кожны ведаў, дзе яму піць, гуляць і танчыць. Ну, і я — нервовы малады мастак — танцую ў сваім інстытуце, а вяртаюся ў майстэрню і бачу: мой шыракаполы капялюш вісіць на мальберце, а не на пачапельніку. «Якая скаціна чапала капялюш?» — «Я!» — смяецца мая будучая жонка Алена. Нахабнае, ганарыстае стварэнне. У зялёных вочках — выклік. Каму? Мне? Усяму свету і святлу? Капелюшу? Хочацца ўзяць яе за скураную куртку і адарваць рукаво. Чаму не адрываю? 3-за зялёных вочак, з-за выкліку свету і святлу? 3-за кахання з першага позірку? Пэўна ж. Інакш як растлумачыць, што памятаю знаёмства да розных дробязей, кшталту нейкага там капелюша на мальберце? Далей банальна: віно, набліжэнне, прапановы. «Я намалюю Вас!» — «А я Вас сфа-та-гра-фу-ю!»