Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Цукровасць
3 усіх Сахарцавых, каго я ведаў, лепш за ўсё прозвішча падыходзіць Рэні. Бацькоўскае Кісель і матчына Александровіч ёй пасавалі значна горш за салодкае Сахарцава. Яна заўжды
была салодкая і белая, пудранацукровая, кандытарская, цукерачная. Яе ўсе любілі так, як любяць здобную булачку, густа пасыпаную салодкай пудрай. Рэня нарадзілася, каб жыць у курортнай раскошы, дзе за вокнамі — высунь руку і дастанеш — гронкі вінаграду «ізабэла». Рэня штодня ідзе на працу пад пальмамі і бананавымі дрэвамі. Рэня не любіць пякельныя пляжы і глыбокую ваду. Любіць субтрапічны цень з густым водарам зманліва-атрутнай магноліі. На вечаровы Сочы Рэня любіць глядзець са сваёй лоджыі, пад якой плыве і плыве райска-курортнае жыццё вялікіх імперый.
«Сястра»
Аднаго разу, едучы з нашай станцыі Койданава ў Мінск, я і Рэня разгаварыліся са спадарожнікамі — маладымі хлопцамі са Стоўбцаў. Хлопцы хацелі пазнаёміцца з блакітнавокай і ружовашчокай апетытнай Рэняй, таму распытвалі ў мяне... Хто яна? Як яе зваць? Дзе вучыцца ці працуе? Рэня загадала маўчаць, я пасміхаўся, казаў абы-што, сакрэтаў сямейных не выдаваў. А запомнілася тое падарожжа, бо Рэня схлусіла хлопцам, што яна мая сястра. Ей — школьніцы — не хацелася называцца цёткай.
Каменьчыкі
Рэню паклалі ў бальніцу, бо трываць вострае паколванне ў нырках было немагчы.ма. Зрабілі аперацыю. Рэня вярнулася з бальніцы моцна схуднелая, празрыста-блакітная. Стоячы ў лоджыі і гледзячы на чорнае сочынскае неба, Рэня сказала мне, што думала — памрэ, думала — такі і канец, боль быў невыносны... Пасля аперацыі стала лягчэй, боль пакрысе аціх. Доктар на памяць даў ёй марлевы вузельчык з яе камянямі. Рэня паказала мне свае камяні, развязаўшы марлевы вузельчык. «Гладкія каменьчыкі, а калолі так, нібыта яны ўсе з шыпоў, як вожыкі...»
Спакой
Усё вялікае чарнаморскае лета ў Рэні таўклася і таўчэцца процьма людзей: сваякі, знаёмыя, знаёмыя сваякоў, знаёмыя знаёмых. Нехта прыязджае, нехта ад’язджае. Дзень прыезду і дзень ад’езду — свята. У Рэні ўсё лета ў святах. Прыехалі Папулы — сястра Гены з мужам і дзецьмі. Прыехаў Славушок — брат Гены з дзвюма жонкамі і адным дзіцёнкам. Прыехала Ніна — сястра Рэні з сынамі. Прыехала Галя Стральцова — знаёмая Рэні з новым мужам, які, зразумела, не Стральцоў. Прыехаў Анатоль — стрыечны брат Рэні з жонкай Аленай Атраховіч, унучкай байкапісца Крапівы. Прыехаў Жора — брат Гены з жонкай і дзецьмі, сынам і дачкой. Прыехаў... Прыехала... Поўны дом.
Трохпакаёвая кватэра перапоўнена людзьмі. Я сплю на лоджыі. Хаджу праз пакой, дзе спіць Рэня з Генам. Ноччу заходжу ў пакой, а Гена на Рэні. Ціха прабіраюся на лоджыю. Ніхто нікому нічога не кажа.
Мора
У першыя гады жыцця ў Сочы Рэня на пляж хадзіла. Пойдзе, згарыць, адпакутуе, зноў ідзе. Зноўку яе цукрова-белая скура робіцца малінавай. Муж — чалавек марскі, купаецца кожны дзень з сярэдзіны вясны да восеньскіх штормаў. Думаў, і жонка прывучыцца да мора. He! Рэня пакінула хадзіць на пляж, перастала купацца ў моры і загараць. Бывала, што цэлы год ні разу не сходзіць на мора ногі памачыць. Ну пахадзіць каля яго, ну на хвалі паглядзець, прыбой паслухаць. He! Беларуска — жанчына сухапутная, жанчына зямлі, жанчына палёў і лясоў.
Вайна
Бацька Рэні — Бронік Кісель — прайшоў тры вайны. Ён вызваляў Заходнюю Беларусь, ён прайшоў усю савецкафінскую вайну, ён быў цяжка паранены на Вялікай Айчыннай. Таму ў сям’і Кісялёў усе як толькі маглі пазбягалі
патрапляць у зоны баявых дзеянняў. Спрабаваць уцячы ад вайны спрабавалі, але яна нібыта праследавала Бронікавых дзяцей. Сын Антон быў цяжка паранены на савецка-фінскай мяжы, а Рэня пацярпела ад вайны ў сваім Сочы. У яе быў маленькі дамок-дача ў гарах. Ад гразевай лячэбніцы Мацэсты хвілін сорак пехатою. У тых мясцінах перахоўваліся дэзерціры часоў Другой сусветнай. Я таксама думаў, што калі што якое, дык можна і перахавацца. Выдатная хованка... была! Бо гэтым разам вайна прыпаўзла з іншага боку. Яна спаўзла з гор. Баевікі спалілі дамкі «лнц славянской нацнональностн». Дамы грузін і армян не чапалі. Мо таму, што ў мяне ёсць цётка Рэня, я ведаю дакладна, на якім баку стаю ў каўказскіх войнах. На баку «лнц славянской нацнональностн».
Чорны соус
Маляваць соусам я ніколі не маляваў, але паспрабаваць хацелася. Канешне, я б з вялікім задавальненнем папісаў і алейнымі фарбамі, і акварэллю, толькі грошай у мяне хапіла на адну палачку чорнага соусу. У сочынскім мастацкім салоне я набыў соус і прынёс да Рэні. Сеў за стол і намаляваў сілуэт чалавека ў доўгім паліто і капелюшы, які ішоў праз арку. Соус маляваў як кепская тлустая крэйда. Крышыўся. На адзін невялічкі малюнак я скрышыў трэць палачкі.
Увечары Рэня сказала, што ў яе чорныя пяты. Яна іх мые, а адмыць не можа. Чорныя пяты былі ва ўсіх, хто тады жыў у Рэні. Па кватэры мы хадзілі басанож, бо горача, бо падлога — добра вымыты паркет. Так я даведаўся, што драбок соусу можа расцерціся і пакрыць даволі вялікую плошчу. Ім, калі напрактыкавацца, даволі зручна рабіць танальныя малюнкі, але я соус незалюбіў, бо, як толькі яго бачыў, адразу згадваў чорныя пяты цёткі Рэні.
Дзень нараджэння
Кажуць, нібыта кепска, калі чалавек нарадзіўся ў святочны ці перадсвяточны дзень. He згодны. Рэня нарадзілася сёмага сакавіка ў краіне, якая шырока адзначала Жаночы
дзень — Восьмага сакавіка. Таму дзень нараджэння цёткі лёгка запамінаўся, таму я не забываюся штогод спытацца ў мамы. Як там наша Рэня? Мама абавязкова віншуе Рэню з днём нараджэння па тэлефоне. Усе навіны, як добрыя, так і кепскія, я ведаю. Таму і лічу, што людзям, народжаным у святы, пашанцавала. Іх помняць, іх згадваюць часцей, іх не забываюць так хутка, як усіх астатніх.
Кватэра
У блатным савецкім фальклоры горад Сочы фігураваў і меў вялікія каціроўкі. «Знал бы прнкуп — жнл бы в Сочн». «Меняю Сочн на Чнкаго». Вось так: нерухомасць у Сочы прыраўноўвалася да амерыканскай. I калі мой стрыечны брат Віця Адамчык перабраўся ў Чыкага, я падумваў набыць кватэрку ў Сочы. Цётка Рэня, працуючы ў домакіраўніцтве, валодала патрэбнай інфармацыяй і прапаноўвала дапамогу. I набыў бы я нерухомасць ля самага Чорнага мора, каб не вайна. На маіх вачах загарэлася Абхазія. Вайна была зусім побач з Сочы, за рэчкай Псоў. Цётка з сумам сказала, што ў Сочы лепей не прыязджаць. Размовы пра набыццё кватэры аціхлі, замяніліся размовамі пра пажары і бандытызм. Я памяняў Сочы на Січаз пад Барселонаю, а Чыкага — на Вільню.
Ружы
У Сочы Рэня пасялілася на вуліцы Руж. Яна пасялілася ў аднапавярховым дамку, дзе ўсе ўваходы ў пакоі былі наўпрост з вуліцы, прыбіральня таксама была на вуліцы, але гэта была вуліца Руж. Мыцца даводзілася хадзіць у лазню, але ж яна была зусім побач. Там былі выдатныя душавыя кабінкі. Вуліца Руж пахла кветкамі магноліі і кветкамі, канешне, руж. У Сочы шмат руж, але вуліца Руж адна. На ёй і жыла мая цётка Рэня ў аднапавярховым дамку пад вялікай жоўтай чарэшняю.
Кніга
Калі я жыў у Рэні, мне добра чыталася. Ёсць месцы, дзе добра чытаюцца кнігі. Так было ў доме на вуліцы Руж. Там я прачытаў самастойна сваю першую вялікую кнігу, прачытаў раман Майн Рыда пра Ацэолу, правадыра індзейцаў з племені семінолаў. У доме пад жоўтай чарэшняю я захапіўся чытаннем. Я чытаў і пераказваў прачытанае Рэгіне, сваёй любімай цётцы. Яна слухала, яна была ўдзячным слухачом.
Частка пятая
ДАЧКА I ЖОНКА
Дачка
Цацка-Кіцік
Улюбёная цацка ў Ядзі — блакітны пластыкавы кіт. Ён невялікі, сантыметраў дваццаць, падрапаны і халодны. Як такога можна любіць? А вось любіць, да грудзей прыціскае, лашчыць са словамі «кіцік, мой кіцік». А колькі было крыку і слёз, калі кіціка пусцілі плыць па вясновай ручаіне ўздоўж асфальтавага ходніка! Плыў ён, плыў па іскрыстай сонечнай плыні, блішчаў вільготнымі бакамі, пакуль не праваліўся ў закратаваны вадасцёк. Кіцік даў нырца паміж металёвымі пруткамі. А Ядзя ўшчала лямант на ўсю вуліцу Янкі Маўра. Добра, што хвост ва ўлюбёнца быў значна шырэйшы за галаву. Тым хвастом цацка і зачапілася за пруты і павісла над чорна-сцюдзёным прагалам. Выратавалі мы кіціка, абцёрлі насоўкаю. Занеслі дамоў. I больш ні разу Ядзя не брала свайго ўлюбёнца на прагулянку.
Героі
У кожнага дзіцяці свае героі казак і апавяданняў. Ёсць агульныя: Снежная Каралева, Аладын, Гулівер і Рабінзон Круза, але з’яўляюцца і непаўторныя, асабістыя. У Ядзі іх было тры: манеўровы цягнік — Манеўруша, грузавая Бетонамяшалка і Вогнетушыцель. Чаму гэтыя рэчы, гэтыя механізмы пакінулі найглыбейшы след у яе трох-пяцігадовай свядомасці, не ведаю. Уразілі, і ўсё! I яна патрабавала ад мяне самаробных казак пра Манеўрушу, Бетонамяшалку і Вогнетушыцель. Я імправізаваў з трыма героямі... Манеўруша ездзіў і ў Маскву, і ў Варшаву па запчасткі. Бетонамяшалка выходзіла замуж за вежавы кран, і ў іх нараджаліся маленькія трактары. Вогнетушыцель выратоўваў лес ад пажару. 3 ім было лягчэй: галоўнае — знайсці пазнавальны аб’ект і падпаліць. Гэта ўсё станоўчыя і ўлюбёныя героі, а быў яшчэ і злосны, брыдкі, агрэсіўны Вантуз. Ён не толькі не хацеў працаваць, прамываць чарупіну і ванну. Ён і шкоду рабіў: Манеўрушы клаў цагліны на рэйкі, у Бетонамяшалку закідваў цвікі, падпальваў Палац спорту і Палац мастацтваў. Карацей, жыў паўнакроўным лёсам злачынцы з вялікай дарогі. Даўно тое было, а цяпер, чакаючы ўнука, думаю: каго ён абярэ ў свае героі, хто і што ўразіць яго душу? Час не толькі хутка ляціць, ён яшчэ хутчэй мяняе герояў.
Дзень нараджэння
Адзін з самых радасных дзён у маім жыцці — дзень, калі нарадзілася Ядзя, 25 лістапада 1983 года. Снегу было шмат, у лесе пад горадам ледзь не па пояс. Я вярнуўся ў Мінск з семінара маладых літаратараў, ішоў па Бранявым завулку ў бок сіняга заснежанага парку, за які сядала вялікае і яснае сонца. Жоўты, сіні, чырвоны колеры перапаўнялі мяне. Мароз надаваў усяму існаму крыштальную яснасць і гармонію. «У мяне нарадзілася дачка. У мяне ёсць дачка...» — я паўтараў і паўтараў гэта рознымі словамі і ў розных інтанацыях, уголас і сам сабе, як запавет, як заклінанне, як малітву... Калі мне цяжка, млосна, маркотна, невыносна жыць, я ў думках вяртаюся
ў той дзень, у той стан, да сініх дрэваў, да чырвона-жоўтага неба, да глыбокага чыстага снегу. Кажу: «У мяне ёсць дачка». Супакойваюся і радуюся гэтаму свету.