Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
нашага земляка Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім», у якой той Свінтус-грандаёзус і нарадзіўся, я ўсё адно не паверыў, што сатырык Кандрат Кандратавіч вынайшаў грандыёзнага свінтуса сам. Нешта ў гэтай мянушцы ёсць праўдзіва-народнае, надаўтарскае і не зусім каб тэатральнае. Пра Свінтуса-грандыёзуса добра казаць і жартаваць у хляве, дзе пахне свежым гноем, варанай бульбай і смалістым пілавіннем.
Дошка гонару
Твары на дошках гонару такія афіцыйныя, што знаёмых людзей у іх цяжка пазнаць. У рэальным жыцці ў людзей твары зусім і не геройскія. Раней дошак гонару было шмат. На кожным прадпрыемстве, каля кожнай фабрыкі і кожнага завода стаялі стэнды з фотапартрэтамі герояў працы. Я асабліва не ўглядаўся ў перадавікоў вытворчасці, бо нікога са знаёмых тамака не было. Нікога, акрамя майго дзядзькі Антона. Ён працаваў токарам на маторарамонтным заводзе. Яго гераічны фотапартрэт быў выстаўлены на вулічнай Дошцы гонару. Калі я ішоў з чыгучнага вакзала ў дзедаў дом ці з дому бег на вакзал, дык абавязкова вітаўся з дзядзькавым фотапартрэтам. «Добры дзень, Антон!» — «Антон, добры вечар!» He стану нешта-нейкае казаць пра астатніх на дошцы маторарамонтнага, а дзядзькам маім можна было ганарыцца па-сапраўднаму. Токар ён быў адметны. Каля станка і ногі згубіў. Ад штодзённага сямігадзіннага стаяння ў Антона пачаўся трамбафлібіт, a пазней зрабілася кепска з сэрцам. 3 завода давялося сыходзіць. Фотапартрэт яшчэ нейкі час пакрасаваўся на дошцы, але потым яго замянілі іншым ганаровым тварам.
Праца
Антон неяк хутка стаміўся ад жыцця. Хваробы напалі на яго з розных бакоў: ногі, сэрца, вочы... Давялося аформіць інваліднасць. Войска і завод высмакталі з нашага волата ўсе сокі. Ён занудзіўся. Пачаў выпіваць. Аднойчы раніцай Антон пазваніў у дзверы маёй мінскай кватэры. Ад Антона моцна
пахла віном. Мы пагаварылі, стоячы ў пад’ездзе, бо зайсці ў кватэру ён адмовіўся. Дзядзька папрасіў знайсці яму працу ў Мінску. Хацеў змяніць лад жыцця. Збіраўся кінуць выпіўку. Я правёў Антона на чыгуначны вакзал і даў яму грошы. Ён спрабаваў адмовіцца, але ўсё ж забраў дваццаць даляраў «на дарогу да станцыі Койданава». Працу ў Мінску для былога токара з інваліднасцю я не знайшоў. Шукаў, размаўляў са знаёмымі, прасіў. Ніхто не захацеў дапамагчы хвораму чалавеку, якому было за пяцьдзясят.
Чаравікі
Доўга выбіраў. Доўга прымерваўся. Доўга разлічваў, як бы атрымаць максімальную скідку на чаравікі швейцарскай фірмы «Бэйлі». Нарэшце намераў. Выбраў з трох пар зручнейшую. Праўда, зручнасць чаравікаў лепей называць зножнасцю. У зножных абновах іду я па мінскай вуліцы Багдановіча, а побач са мной крочыць мой дзядзька — Антон Кісель. Я іду па ходніку, а ён — па траве. Яна пад ягонымі ступакамі не змінаецца. Трава нават не варушыцца. Разумею — Антон мёртвы. Ён даўно пакінуў наш мала ўтульны свет. Чаму ён вярнуўся? Каб пераадолець няёмкасць гнятлівага маўчання, кажу: «Бачыш? Я сабе ў Барселоне набыў швейцарскія чаравікі. Гады тры буду насіць. У мяне такія і раней былі. За тры гады падэшва ўсё ж сцерлася. Выдатныя чаравікі...» Антон на мяне зірнуў праз тоўстыя лінзы акуляраў і кажа: «Я свае пантофлі гадоў дзесяць нашу, не здымаючы, а яны ўсё як новыя. Як надзелі мне іх... Ну ты ж разумееш... Так і хаджу. Падэшва не сціраецца зусім». Прачнуўся я, яшчэ сонца не ўставала з-за гары. Ад начной сустрэчы з дзядзькам у мяне ўзняўся настрой. Прыемна сустрэць, хай сабе і ў сне, чалавека, які цябе любіць.
Надзейнасць
У мяне было тры дзядзькі: Антон, Сава і Ян. Сава і Ян — бацькавы родныя браты, Антон — зводны брат маці. Усіх сваіх дзядзькоў я паважаў. У Саве бачыў разумнасць і практычнасць, Ян быў рамантыкам і вандроўнікам, Антон — сама
надзейнасць. Антон быў і самы блізкі мне, бо шмат чытаў, збіраў бацькавы і мае кнігі. Калі здаралася якая непрыемнасць ці трэба было перахавацца, я ехаў на станцыю Койданава, у Дзяржынск, да Антона. Аднойчы пракурорскія пагражалі мне арыштам, я перачакаў мітусню і тузаніну ў Антона. Было і такое, што маскоўскія і тульскія бандыты сачылі за мной, «забівалі стрэлкі» і вялі суворыя перамовы, тады ўсё заробленае я хаваў у Антона. Яму можна было верыць, як верыш маці і бацьку. Антон браў з маіх рук пакунак і хаваў яго. Дзядзька нават не пытаўся... Што ў пакунку? Грошы? Колькі іх там? Браў моўчкі, а калі разборкі з тульскімі і маскоўскімі бандытамі сканчаліся, ён вяртаў мне той пакунак. He так і шмат людзей на свеце, каму ты можаш даверыць пакунак з грашыма, сабранымі на чорны дзень. У мяне быў такі чалавек — Антон з Койданава, надзейны родны дзядзька.
Віншаванні
Дзядзька Антон заўсёды тэлефанаваў мне на дзень нараджэння. Здаралася так, што мы чулі адзін аднаго толькі раз у год. Я, каюся, ніколі не віншаваў дзядзьку з ягоным днём народзінаў. Ягоную сястру — цётку Рэню віншаваў і віншую, бо так у нас склалася. Зараз сяджу і сам сабе пытанне задаю... Чаму я ніколі не віншаваў Антона? Было ж прасцей простага пазваніць і сказаць некалькі добрых слоў. Сказаць, што я яго паважаю і люблю. He званіў і не казаў. Паважаў і любіў, але ні разу яму пра гэта не сказаў. Сорамна. Асабліва цяпер, калі ў сацыяльных сетках я штодня віншую шмат самых розных сяброў, знаёмых і фрэндаў. Віншую людзей, якіх нават у рэальнасці ніколі не бачыў. Новы час — новыя павевы ў этыкеце. Добра, што чалавек можа атрымліваць процьму віншаванняў на свой дзень нараджэння... Трэба будзе Антону кветкі на магілу занесці. Скончыцца зіма, вясною ці летам паеду ў Койданава і занясу Антону кветкі, васількі. Антон заўсёды любіў васільковы колер, Рэня любіла чырвоны, а ён — васільковы.
ЦЁТКА
Словы пра цётку маю Рэню, Рэгіну Браніславауну Сахарцаву з Кісялёў
Кофа
Яна так і казала: «кофа». Зняважлівасць была непадробная. Усіх, хто п’е свой «кофа», мая цётка Рэня не паважала. «Сядзяць, нічога не робяць, цэлымі днямі п’юць свой кофа!» — так яна казала пра сваіх суседзяў з другога паверха, пра грузін. Рэня жыла на трэцім. Праз вуліцу пад гастраномам збіраліся папіць кавы таксісты з усяго Сочы. 3 трэцяга таксісты з кубкамі гарачай кавы глядзеліся як на далоні. «3 раніцы да ночы зімою і ўлетку яны тут стаяць і п’юць свой кофа. Таксі выклікаеш і можаш паўгадзіны чакаць, а яны будуць стаяць і піць свой кофа так, быццам іх ніхто і не выклікае, ніхто не чакае»,— так цётка выказвалася пра таксістаў. Каву Рэня варыла добрую, моцную, сыпала, не шкадуючы, у турку, варыла на маленечкім агні няспешна... Часам у памяці ўсплывае высокі голас Рэні: «Валодзя, ідзі пі свой кофа! Я зварыла».
Стужкі
Калі Рэня пайшла ў 11 клас, у яе былі чырвоныя тоўстыя агульныя сшыткі. Цэлы стосік чырвоных сшыткаў. Хацелася вырасці, пайсці ў школу дзеля таго, каб і ў мяне завяліся на стале чырвоныя сшыткі, у якіх можна пісаць, маляваць і чарціць. Акрамя чырвоных сшыткаў былі яшчэ ў Рэні рознакаляровыя шаўковыя стужкі. Яна іх заплятала ў доўгую светларусую касу і завязвала на канцы касы ў бант. Мець ружовыя, белыя і бэзавыя стужкі таксама хацелася, але гэта ўсё лічылася выключна дзявочым, і хлопцу пра іх, пра такое і гаварыць, і марыць было сорамна. Мо таму сшыткаў я сабе пазней накупляў, а шаўковых стужак ніводнай так і не набыў.
Саплівасць
Рэня мне казала, каб не абураўся чужымі дзецьмі і не асуджаў іх за хібы ды заганы, бо свае могуць быць менавіта з рыхтык такімі ж заганамі... У маладосці Рэня не любіла саплівых дзяцей. Нічога больш гідкага за дзіцячы нос з зялёным смаркачом яна і прыдумаць не магла. Вінаваціла ў саплівасці, смаркатасці і карэлай мурзатасці яна, канешне ж, бацькоў. He глядзяць, не лечаць, не любяць... Яна будзе сваіх любіць, глядзець і, калі што, лячыць. Так і было. Рэня любіла і Дзіму, і Вольгу. Глядзела іх, лекавала, а яны ўсё адно прахадзілі да гадоў пяці з саплёю пад носам, а то і на шчацэ.
Вяселле
На вяселлі ў цёткі Рэні я не быў. У дзядзькі свайго Антака быў і гуляў, таму і вяселля Рэні чакаў. Яно было далёка, на беразе Чорнага мора ў горадзе Сочы. Хто б мог падумаць? Цётка вучылася ва ўніверсітэце на беларускім філфаку і збіралася выкладаць нашу мову і нашу літаратуру. Ніякіх марскіх узбярэжжаў не праглядалася... А тут прапанова... Чытач з мамінай бібліятэкі — Жора — папрасіў пазнаёміць яго брата Гену з прыстойнай дзяўчынай. Гену пазнаёмілі з Рэняй. Смехам-жартам яны пазнаёміліся. Рэня з’ездзіла ў Сочы, прастудзіла вуха ў цягніках і вярнулася з прапановай пайсці за Гену — маладога кухара з прыморскага рэстаранчыка. Праз пару месяцаў Рэня з’ехала з Мінска ў Сочы назаўжды. Адтуль яна прыслала нам вясельны здымак і запрашэнне прыязджаць на бераг Чорнага мора ў любы час.
Мандарыны
Штогод пад Каляды Рэня прысылала ў Койданава скрынку абхазскіх мандарынаў. Як ні дзіўна, але мандарыны, пазагортваныя ў газеты, даходзілі і ўпрыгожвалі навагодні стол у бабы Ядзі і дзеда Броніка. Хто-хто, а Бронік Кісель любіў сваю дачку Рэнечку моцна. Перажываў за яе. Шкадаваў, што з’ехала ў далёкі свет незваротна. Разам з Бронікам я насіў на пошту
скрынкі з-пад мандарынаў, у якія мы запакоўвалі койданаўскія прысмакі: маністы сушоных баравікоў, слоікі з малінавым варэннем, кавалкі паляндвіцы ды сушаныя на печы грушы.
Бухгалтэрыя
У чарнаморскім Сочы выкладчыца беларускай мовы і літаратуры не патрабавалася, таму Рэня вырашыла займець якую-небудзь больш інтэрнацыянальную прафесію. 3 усіх магчымых адукацый выбрала бухгалтарскія курсы. Рэня старанна прахадзіла на ўсе заняткі, а калі пачаліся іспыты, расхвалявалася. 3 яе мужам Генам мы праводзілі Рэню на іспыт, чакалі пад дзвярыма, пакуль яна здавала. Гулялі пад платанамі. Гена расказваў мне пра цяжкую службу на флоце. Ён праслужыў на Каспійскім моры простым матросам ажно сем гадоў. Потым працаваў на пляжы выратавальнікам, а пазней вывучыўся на рэстарацыйнага кухара. Рэня вывучылася на бухгалтара, здала выдатна ўсе іспыты і ўладкавалася працаваць у сваё домакіраўніцтва. Там і працуе больш за сорак гадоў. Калі пачыналася першая чачэнская вайна, у домакіраўніцтве ўсім надзейным людзям раздавалі зброю. Рэні прапаноўвалі пісталет. He ўзяла.
Білеты
Для мяне галоўнае было назбіраць грошай на білет да Сочы. Нешта давала маці, яна большасць давала. Нешта браў у таты. Нешта сам падзарабляў. У Сочы мне грошы былі без патрэбы: мора, сонца, пальмы і абеды са сняданкамі ды вячэрамі мне выдаваліся там за проста так. Усё мне давалася, бо ў Сочы — цётка Рэня. Жыў я ў яе. Білет з Сочы да Мінска купляла Рэня. Так бывае: цябе любіць цётка, яна жыве каля самага Чорнага мора, і таму тваё юнацтва праходзіць каля сініх хваляў, па якіх праплываюць белыя параходы.