Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Вера
Наколькі рэлігійная была баба Броня, настолькі абыякава да ўсяго гэтага ставіўся дзед Валодзя. 3 усіх царкоўна-касцёльных абрадаў ён шанаваў выключна святы і, як сапраўдны беларус, святкаваў як праваслаўныя, так і каталіцкія, жончыны. Слова «Бог» ад дзеда Уладзіміра я ні разу не пачуў. Ці то мала гаварыў з ім, ці то слухаў няўважліва... Хаця не, слухаў я дзеда ўважліва, бо ставіўся да яго з вялікай павагаю.
Хата
Калі памёр дзед Уладзімір і мы, старэйшыя мужчыны, засталіся ў хаце пасля жалобнай вячэры, каб вырашыць лёс маёмасці, упершыню я адчуў, як пасунуўся час, як з маладзёна я пераўтварыўся ў мужчыну, чыё слова мае вартасць, важкасць, кошт. Тры дзедавы сыны: Чэсь, Сава, Ян і старэйшы ўнук завялі гаворку, што каму пяройдзе. 3-за стомы і гарэлкі гутарка пайшла ў крывы бок. Тата, як старэйшы, хацеў, каб яго слова было галоўнае. Сава, які пражыў усё жыццё побач з бацькамі, адно ўсміхаўся, бо ведаў вынік той гаворкі наперад. Дзядзька Ян, абапіраючыся на аўтарытэт таты і меркаванне аднавяскоўцаў, меў намер прадаць хату. Я чамусьці падтрымаў Саву. Ён адзіны, хто жыў на нашае зямлі, хто дапамагаў дзеду штодня, хто заслужыў тую невялікую спадчыну. Тата з Янам зазлавалі на мяне, але выйшла ўсё адно на Сававу карысць, бо ні я, ні Ян, ні тата, як з’ехалі пасля пахавання, так болып ні разу ў дзедаву хату і не зайшлі, а дзядзька Сава кожнае лета жыве ў ёй. Перабіраецца са свайго мястэчка Наваельня ў нашую вёску Варакомшчыну, бульбу садзіць, сад даглядае. Hi таты, ні Яна ўжо няма, але я не паспеў пераканаць іх у правільнасці сваіх слоў, сказаных на карысць Савы, бо дзедава хата для іх была хутчэй сімвалам веры, чым рэальнай будынінай з бярвёнаў. 3 такімі стратамі нельга змірыцца, як са смерцю бацькоў.
Частка трэцяя
БРАТ
Вочы
Калі Мірык нарадзіўся, вочы ў яго былі цёмна-цёмна-сінія, як берлінскі лазурак, а потым паступова зрабіліся «чорнымі» — цёмна-карымі. Гэта, пэўна, самае чароўнае пераўтварэнне, якое я ў ім назіраў.
Сон
Калі мы з маці прыехалі да Мірыка ў вайсковую вучэбку, што мясцілася ў Чарнаўцах, і забралі яго на суткі, дык мяне вельмі здзівілі змены, якія адбыліся з братам. Юнак-студэнт пераўвасобіўся ў істоту, якую ў народзе абразліва называюць «гарматнае мяса». Худы да нейкай спружыністай драўлянасці, Мірык глядзеў на свет вачыма, якія ў адначассе кантралявалі вонкавыя з’явы і ўглядаліся ў глыбіні ўласнай прыгнечанай душы. «Я магу спаць стоячы,— салдацкім голасам распавядаў брат,— магу спаць ідучы. Ісці і спаць. Mary бегчы і спаць. A галоўнае, я магу бегчы і спаць з расплюшчанымі вачыма...» Мама вельмі ўразілася гэтымі здольнасцямі. А я ўзрадаваўся, бо з такога воіна не зробіць гарматнае мяса ніводзін генералісімус.
Удар
У кожнага мужчыны ўзнікае жаданне разбіць твар іншаму, падобнаму да сябе. I раней ці пазней абставіны складаюцца на тое, каб злосць увасобілася ў бойку. Чалавек — істота ваенная. Нічога не паробіш. 3 астатнімі нічога не зробіш, а сябе ўсё ж у пэўны момант можна пераарыентаваць. Удар, які Мірык абрынуў на тоўстае дзвярное шкло, каштаваў яму шмат. Шкло разляцелася на аскепкі, але і кулак ператварыўся
ў крывавую кашу. Геніяльны, без перабольшання, хірург Пал Палыч Беспальчук нейкім магічным чынам разабраўся ў крывавай кашы і сшыў, склаў, аднавіў братаву руку наноў. Тыдні тры Мірык праляжаў у бальніцы ў Беспальчука, скінуў кілаграмаў дваццаць і выйшаў падобны да падлетка. Яго сустрэла Таня, другая жонка, з-за якой і разляцелася тоўстае шкло. Мусіла разляцецца на кавалачкі галава Танінага першага мужа, які цяжка перажываў страту жонкі і часткі рэчаў. Каб хоць неяк выглядаць па-мужчынску, ён не аддаваў Тані яе вопратку, а тут прыйшоў Мірык. Ударыў ён адбітак Танінага мужа, ударыў адлюстраванне, а не арыгінал, разбіў цень, каб істота, што цень наводзіла, спалохалася і ўцякла. Істота збегла. Скалечаная рука гаілася доўга. Больш за год брат не адчуваў пальцамі ні холад, ні цяпло. Бывала, курачы цыгарэту, заўважаў, як на пальцы ўздзімаецца пухір апёку, але болю не чуў. Жахлівы пах спаленай чалавечай скуры напаўняў пакой, але Мірык ні разу не пашкадаваў пра тое, што зрабіў.
Чужыя словы
Ці варта згадваць чужыя словы пра брата, калі сваіх яшчэ шмат не сказаных? I ўсё ж працытую, дзеля больш размаітага і аб’ектыўнага партрэта... «Мірык — звер! Так, так... Мірык — звер! I я яго паважаю. У вас усім кіруе Мірык, мне так падаецца. I гэта правільна. Кіраўнік мусіць быць адзін, каб справа не размазвалася. Кіраўнік мусіць быць зверам!» — так разважаў настаўнік біялогіі Карпейчык. А паліграфіст Хацкевіч за бутэлькаю віскі ў самалёце сказаў наступнае: «Мірык мне гаворыць: як Валодзя скажа, так і будзе. Уяўляеш, як гэта важна — мець у жыцці чалавека, якому можна цалкам давяраць. Як Вова скажа — так і будзе! У мяне няма такога. Я ў справах застаўся зусім адзін. Я люблю працаваць адзін, прымаць рашэнні, за ўсё сам адказваць... Але часам так хочацца быць меншым, некага паслухаць, некаму даверыць свае самыя патаемныя думкі! Каб нехта сказаў, і я паверыў...» Чужыя словы — яны таму
і чужыя, што не свае, а таму не зусім дакладныя, але недзе паміж развагамі Хацкевіча і Карпейчыка ляжыць чыстая праўда.
Зброя
Калі хто любіць па-сапраўднаму зброю ў нашай сям’і, дык гэта брат. На самых першых сваіх фота ён заўсёды з нейкім пісталетам ці аўтаматам. Улюбёнай гульнёю ў яго была вайна з алавянымі салдатамі. Маляваў ён усё генералаў і генералісімусаў, абчапляных стужкамі, пагонамі і ордэнамі з медалямі. Таму цацачная зброя ператварылася ў сапраўдную. Ягоныя лукі і рагаткі мелі даволі моцную сілу. А ў дзявятым класе ён набыў пісталет і кінуў школу. Шаснаццаць гадоў — самы ўзрост, каб займець уласны баявы пісталет і паслаць адукацыю да д’ябла. 3 пісталетам у кішэні Мірык хадзіў на кватэры, дзе гулялі ў карты на грошы. Чым бы гэта ўсё магло скончыцца, можна толькі здагадвацца. Але лёс зрабіў пасвойму... Брат закахаўся, праз тое каханне трапіў у бальніцу, з бальніцы — у школу рабочай моладзі, дзе за магільнае маўчанне ставілі моцнае «тры», са школы — ва ўніверсітэт, а з універсітэта — у войска. Галоўнае — нечага моцна захацець, і жаданне здзейсніцца. Хочаш зброю? На табе палігон! Паўтары гады брат праслужыў на палігоне ў Чэхіі на самай мяжы з радзімай усіх войнаў і ўсёй зброі — Нямеччынай. Настраляўся на ўсё астатняе жыццё. Часам здараюцца рэцыдывы. Яму, як афіцэру, без праблем далі дазвол на паляўнічую стрэльбу. Ён і скрыню жалезную замовіў, нават дзве скрыні: большую для стрэльбы, меншую для патронаў. Але ў апошняе імгненне адмовіўся і ад скрынак, і ад стрэльбы. Захваляваўся: а раптам сын залезе, бяды наробіць... Чэсь, сын, вельмі да брата падобны, і ўзрост гэты збройны ды антыадукацыйны набліжаецца. «На чорта мне ружжо?! Я і так любога тхара голымі рукамі задушу, а калі не змагу — ты дапаможаш...» — разважаў брат, п’ючы чорную гарбату з японскага кубка. «Тхара задушыць? Вядома, дапамагу. няма пытанняў».
Сны
Больш як дзесяць гадоў я працую з братам. Раней, у маладосці, былі ілюзіі, што некаму можна давяраць. Адна за адной тыя надзеі развеяліся; ад некаторых і слядоў не засталося, а іншыя пакінулі ў памяці шнары на ўсё жыццё. Вельмі балюча, калі цябе прадае лепшы сябар ці каханая жанчына перакідаецца ў драпежную хцівую фурыю. Тата памёр, мама састарэла, і я аберагаю яе ад перажыванняў, давяраю толькі брату. У мяне ад брата сакрэтаў няма. Ёсць сякія-такія дробныя недагаворкі наконт творчых планаў ды летуценных каханняў. Улюблівы я занадта ў параўнанні з братам. А так ён пра мяне ведае ўсё. Наколькі адзін чалавек можа ведаць усё пра другога. Я ганаруся тым, што ёсць чалавек, якому можна верыць. Звычайна, каб схаваць сваю няверу ў людзей, гавораць пра веру ў Бога, у Цуд, у Лёс. А як можна верыць у Найвышэйшае, калі сваім родным не давяраеш? А большасць разумных, навучаная горкім вопытам здрады, нікому не верыць. Пра дурняў няма гаворкі, яны самі сабе не вераць. Я веру брату. Гэта важна. Важна настолькі, што, з’язджаючы ў адпачынак, я дні трычатыры сню адзін і той жа сон. Быццам прыходжу на працу, вару каву, прыходзіць брат, мы п’ём ранішнюю каву і абмяркоўваем справы. Натуральна так гаворым, бывае, што і слушныя думкі прамаўляюцца. Тады я тэлефаную і пераказваю свой працоўны сон брату. Збольшага, праўда, гаворыцца нейкая абракадабра; можа, у сне і былі разумныя думкі, але, калі іх пачынаеш перацягваць на працоўны стол рэальнасці, стройнасць і логіка прападаюць. Зрэшты, у адпачынку свая логіка — добра адпачыць, каб вярнуцца і даць адпачыць брату, які працуе за двух.
Прабачэнне
У кожнай справе галоўнае — зазірнуць наперад. Ці то ты селянін і разважаеш пра будучы ўраджай, ці рамеснік і думаеш, як выканаць замову і выгадней прадаць плён рук сваіх,
ці як брат літаратар, выдавец, мысляр. Яго здатнасць бачыць будучыню мяне заўсёды радавала і дзівіла, бо сам я — чалавек настрою, люблю хуткаплыннасць, зменлівасць, незавершанасць. Таму ў мастацтве раблю накіды і шкіцы, у літаратуры пішу лірычную прозу, а ў выдавецтве кірую праектамі сезонных кніжак. Брат — іншы, ён супрацьлегласць мне, ягоная стыхія — доўгатэрміновыя праекты. Калі мы толькі распачыналі працу над «Сусветнай гісторыяй» у 24 тамах і толькі збіраліся выкасоўваць цытаты марксаў-ленінаў, а факт паставіць вышэй усялякіх каментароў і трактовак, я толькі на адсоткаў трыццаць верыў у поспех (які поспех?!), у простае выкананне працы аб’ёмам у 12 000 кніжных старонак. Брат верыў, ён бачыў гэтыя кнігі, ён бачыў іх дзесяціразовае перавыданне і пераўтварэнне ў ілюстраванае каляровае выданне. Цяпер, калі нашы кнігі па сусветнай гісторыі налічваюць больш за сотню тамоў, а колькасць замоў толькі на гэтую тэму не змяншаецца, я магу любога скептыка падвесці да паліцы з кнігамі і сказаць: мой брат здатны зазірнуць у будучыню, і ягоная здатнасць, увасобленая ў сотні і тысячы тамоў,— тут, перад Вамі.
Японія
Японія далёка-далёка, а Беларусь яшчэ далей. Каб убачыць і зразумець Беларусь, трэба пісаць японскія вершы, трэба вывучаць і перакладаць Басё. Як гэта растлумачыць недасведчаным? Ці трэба тлумачыць недасведчаным і насіць ваду ў рэшаце? Пройдзе адзін час і надыдзе іншы, адны недасведчаныя адыдуць, а другія ўжо будуць ведаць, што Беларусь стала бліжэй, бо нехта пісаў хайку на палігоне ў гарах на самай мяжы з радзімай усіх войнаў — Нямеччынай, бо брат мой пераклаў зборнік Басё, і сем разоў той зборнік перавыдаваўся ў сталіцы адной з найвялікшых імперый свету — Маскве. Там нейкі майстра зрабіў для таго зборніка вокладкі з цялячай скуры і скрынку з дрэва, абклеіў яе ядвабам і дарагой паперай. Кніга круцілася ў ярка асветленай шкляной вітрыне і зіхацела. як каштоўны камень. Яе кошт