Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
Радзімка
На безыменным пальцы левай рукі ў маёй мамы ёсць маленькая радзімка цьмяна-залацістага колеру. Такая радзімка была ў бабы Ядзі, якая навучыла маму ў цяжкія хвіліны дакранацца да яе, каб адчуць дапамогу. Такая ж чароўная радзімка ёсць і ў мяне. Калі мне кепска, я дакранаюся да радзімкі, і свет цяплее, маркота развейваецца — мама дапамагае мне.
Мамін сын і татаў сын
Была ў дзеда дачка, была ў бабы дачка... Так пачынаецца не адна беларуская казка. Падобным чынам можна распавесці і пра нашу сям’ю. Ёсць татаў сын і ёсць мамін сын. Татавым сынам усе называюць брата Міраслава. Ён і падобны да таты, і любіў яго тата болей. Я — мамін сын. Спачатку (я ж старэйшы за брата на сем гадоў) мне пашчасціла пабыць адзіным любімым Вовачкам і ў мамы, і ў таты. Калі ж мама пагадзілася купіць мне браціка, сказаўшы, што нарэшце назбірала грошай, тата засумняваўся. Маўляў, ці хопіць у яго любові, каб так моцна любіць некага іншага, як ён любіць мяне... Ніхто ніколі не дакараў тату за тыя сумневы, акрамя яго самога. Міраслаў адразу ж, з першага свайго дня, стаў татавым сынам. Цяпер, калі тата сышоў у краіну вечнай цішыні, мы абодва — маміны сыны.
Падарункі
Калі тата не меў сяброў, дык у мамы заўсёды было і цяпер ёсць шмат сябровак. Мама ўмее сябраваць, умее захоўваць таемныя гісторыі, умее слухаць і суперажываць. На дзень нараджэння ёй тэлефануюць з усяго свету. Без перабольшвання. Эня з Нью-Ёрка, Ада з Адэсы, Галіна з Берліна. Завядзёнкі дасылаць падарункі ў гэтых сціплых кабет няма, па іх сродках і званок абыходзіцца нятанна. Таму Галіна прыдумала гульню. Яны з мамаю заходзілі ў ювелірную краму і на словах дарылі адна адной найкаштоўнейшыя ўпрыгажэнні. «Я дару
табе, Ніначка, вось гэты пярсцёнак з дыяментам!» — «А я табе, Галачка, дару залатыя завушніцы з рубінамі!» Абдораныя і вясёлыя яны пакідалі краму. Цяпер Галя распавядае маме пра берлінскую краму з кветкамі, быццам яны заходзяць туды і выбіраюць маме на падарунак пяць крэмавых руж. У гэты час я, чалавек, які амаль ніколі не дорыць кветак, зайшоў у падземны пераход і набыў пяць крэмавых руж. Мама вельмі здзівілася букету і пераказала размову з Галінаю.
Ззянне
Ралан Барт у сваёй кнізе «Камера», разважаючы пра ўздзеянне фатаграфіі на чалавека, прыйшоў да высновы, што найкаштоўнейшым здымкам асабіста для яго з’яўляецца партрэт маці. Hi адзін іншы чалавек не зможа адчуць і зразумець той таемнай сілы, якая сыходзіць на яго праз гэты, для ўсіх астатніх звычайны, партрэт. Барт пісаў пра фотамастацтва пасля смерці сваёй маці, а таму не мог параўноўваць фота з арыгіналам, цень з постаццю. Дзякуй богу, мая мама жыве, і я магу бачыць светлае ззянне, якое зыходзіць ад яе. Светлыню тую не зафіксуе ніводная камера, яе бачу толькі я.
Прозвішча
У мамы незвычайнае прозвішча — Глобус. Яе бацька паходзіць з Капыльшчыны, з вёскі Жыліхава. У энцыклапедыі можна прачытаць пра яе некалькі радкоў: «Жыліхава, вёска ў Бучацінскім с/с Капыльскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 32 км на Пд ад Капыля, 149 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 590 ж., 240 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі». 3 гэтых сціплых звестак зацікавіла апошняя. Кіраўніком аддзялення сувязі ў пасляваенны час працаваў Уладзімір Глобус, мамін бацька. Даведалася яна пра тое ў 1970-х, калі мой тата ўгаварыў яе з’ездзіць на радзіму. Мама нарадзілася ў тым Жыліхаве ў 1934 годзе. Адносіны паміж яе бацькамі не склаліся. Баба Ядзя казала, нібыта Глобус загінуў на савецка-фінскай вайне. Пэўна, праз гэта мама не вельмі любіць сваё прозвішча і, калі злуецца,
кажа мне: «Ніякі ты не Глобус, ты — Адамчык». Мне падабаецца маміна прозвішча, настолькі, што свае літаратурныя творы і малюнкі падпісваю ім з 1977 года.
Бібліятэкі
3 усіх бібліятэк найлепшай была тая, дзе працавала мама. Спачатку — бібліятэка ў будаўнічым трэсце № 4, пазней — у школе № 16, нарэшце — у Саюзе пісьменнікаў. Цяпер маці на пенсіі, жыве сярод кніжак, сабраных татам. У бібліятэкі я амаль не хаджу, чытаю куплёнае. Калі што трэба, у бібліятэку ідзе сакратарка. Бібліятэка без мамы для мяне не бібліятэка. Кніжны свет змяніўся за апошнія гады, у ім паменела таямніц. Бібліятэкі маміных часоў вабілі якраз забароненымі выданнямі, сховамі-турмамі для кніжак. Мама дазваляла мне чытаць усё, і я ўдзячны за давер.
3 натуры
Калі напісалася апавяданне «Ма-ма», я паказаў яго тату. Ён сказаў, што пісаць на такія тэмы трэба пазней, калі яго з мамаю не будзе. У тэксце пераказвалася гаворка з маці, якая ўспамінала сваіх маму з бабуляю. Татава заўвага збянтэжыла. Жаданне пісаць з натуры пра блізкіх людзей знікла надоўга. Цяпер я шкадую. Дарма не напісаў словы пра тату, калі ён яшчэ быў сярод нас. Пісанне з натуры — найвыдатнейшы занятак, вынайдзены чалавекам. Праз яго мы бачым сябе такімі, як ёсць, а не вы.маляванымі памяццю і ўяўленнем. Некалі Уладзімір Караткевіч прасіў, каб я напісаў пра яго праўду пасля смерці. Даючы згоду, я не ведаў, што не бывае праўды пасля смерці. Ёсць праўда смерці. Яе я апісаў падчас адыходу таты ў край цішыні. Ёсць праўда жыцця. Да яе імкнуся, пішучы гэты партрэт мамы.
Гонар
Мама ганарыцца сваімі дзецьмі, гэта натуральна. Я разумею сапраўднасць і шчырасць яе пачуццяў. Сам, тым не менш, такога гонару за дзяцей яшчэ не адчуваю. Наадварот, заўсёды ганарыўся сваімі бацькамі: татам і мамаю.
Знішчэнне кніжак
У людзей, далёкіх ад бібліятэчнай справы, складаецца ілюзія, што кніжкі жывуць доўга. Памылковая думка. Кніга. калі яе прачытае дзесяць самых акуратных людзей, развальваецца і падлягае спісанню. Колькі такіх зачытаных кніжак мама здала ў макулатуру! Гэта натуральны працэс, а было і іншае. Прыходзіў загад знішчыць кнігі новыя, і нават яшчэ нікім не чытаныя. Калі пачалася вайна з Кітаем, маму прымусілі зняць з паліц не толькі трохтомнік Маа, але і кітайскую кулінарыю, і гісторыю кітайскай літаратуры. Што змагла, мама перахавала, ды большасць кніжак вывезлі на сметнік, дзе ўжо гарэла вялізная, зробленая бульдозерамі гара паперы і кардону. Ці плакала мама, гледзячы, як гараць кнігі?.. He. Яна схавала ў сумку том гісторыі кітайскай літаратуры, які падарыла мне.
Булачкі
Мама — самая прыгожая, мама — самая разумная, мама лепш за ўсіх гатуе. Я доўга не мог выбраць найсмачнейшую з прыгатаваных мамаю страў. Дранікі залатыя з лоем. Калдуны духмяныя са смятанаю. Чырвоны боршч з грыбамі. Кава патурэцку з драбочкам цукру. Столькі ўсяго! А бліны! I ўсё ж найсмачнейшымі былі булачкі. Пэўна, з-за ўдзелу ў працэсе. Белага хлеба на пачатку 1960-х у Беларусі не было. Муку выдавалі на святы па талонах. Мама атрымлівала папяровыя пакеты і, не чакаючы свят, замешвала цеста. Я каштаваў сырое салодкае цеста, здавалася, з’еў бы яго ўсё. Толькі мама забараняла. Мы сядалі насупраць духоўкі і час ад часу заглядалі ў яе. Водар салодкіх маміных булачак — найсмачнейшы ў
свеце. Я так доўга не мог вызначыцца са страваю яшчэ і з-за таго, што ў дзяцінстве і ў маладосці кепска еў. He любіў я есці. I што б мама ні згатавала, казаў: «Не смачна», «не хачу», «не буду». Колькі крыўдных слоў пачула ад мяне мама на кухні! Процьму. Сорамна.
Чаканне
Самым цяжкім у дзяцінстве было чаканне мамы. У дзіцячым садку чакаў, калі ж яна прыйдзе і забярэ. У летніку — калі яна прыедзе, каб пагуляць са мною. У бабы Ядзі — калі павязе з Койданава ў Мінск. У нядзелі — калі яна вернецца з працы, бо ў маміных бібліятэках выхадны прыпадаў на аўторак. Я высоўваўся ў фортку, каб далей бачыць вуліцу, па якой вярталася мама. А калі ў мяне забалелі вушы і я тыдзень праседзеў на бабіным ложку з закручанай у хусткі галавою, мне ўсё здавалася, што толькі прыедзе мама — і вушы адразу перастануць балець. Так яно і выйшла. Мама прыехала, і боль сціх. Самая шчырая радасць, якую толькі давялося адчуць за жыццё, гэта хваля цяпла, што накрывала мяне з галавою пры сустрэчы з маёю мамай Нінаю.
Рэдактура
Мама просіць мяне, каб не рэдагаваў татавы лісты і дзённікі. Тлумачу, што рэдагаванне неабходнае. Без яго не абысціся. Прапушчаныя літары, недакладныя коскі з кропкамі, паўторы слоў — гэта ёсць у кожным рукапісе, але не мусіць быць у друкаваным тэксце. Прыхарошваць і цэнзураваць татавы творы я не збіраўся. Мама ведае пра гэта, ёй проста хочацца пагаварыць са мною пра яго.
Есць ці няма
Навокал шмат цынізму, процьма нігілістычных і песімістычных настрояў. Даходзіць да таго, што адукаваныя людзі кажуць: «Мяне няма!» I далей... Нас няма, адказнасці няма, злачынства няма... Мушу спытаць у такога: «А мама ў цябе ёсць?» У мяне мама — ёсць.
Заклейванне вокнаў
Цяжка растлумачыць у час татальнай замены драўляных аконных рам на шклопакеты, што такое заклейванне вокнаў на зіму папяровымі стужкамі. Драўляныя рамы мелі такую непрыемную звычку — рассыхацца. Утвараліся шчыліны, з якіх увосень пачынала дзьмуць так, што скавышы гулялі па ўсёй кватэры. У крамах прадаваліся рулоны папяровых стужак. Мама купляла іх, варыла крухмал. Мы з ёй і заклейвалі рамы. Стужкі вытрымлівалі зіму, а ўвесну, напрыканцы красавіка, са шкляным трэскам я абдзіраў пажоўклую паперу, і мы з мамаю мылі вокны і рамы. Мыццё вокнаў і абдзіранне стужак — не такі просты занятак. Калі гэта рабіць у халодны, хай сабе і сонечны дзень, можна лёгка падхапіць запаленне ці ангіну. Але мама вельмі дакладна вызначала дзень мыцця вокнаў, і мы ні разу не захварэлі. Тата ніколі не абклейваў рамы і не мыў вокнаў. Яго раздражняў скрыгат сухой паперы па шкле. Ён сыходзіў з кватэры. Мыццё вокнаў — маё з мамаю свята. Цяпер мае вокны мые пакаёўка. Яна чамусьці прастужваецца, бо не ўмее вызначыць цёплы дзень, не адчувае яго.
Кветкі і вазы
Чаму ў нашым доме было мала раслін і кветак? He магу адказаць. Мама іх вельмі любіла і любіць. У бібліятэках, дзе яна працавала, заўсёды раслі амарылісы і розныя іншыя кветкі. A ў кватэрах зелянеў мясісты і калючы альяс. Мы адломлівалі яго лісты-шчупальцы, каб закапаць густы сок у закладзены прастудаю нос. Дапамагала. Гаючая расліна — альяс. A кветкі? Іх не было і ў шматлікіх збанках і вазах, што мама назбірала. Ведаю, вельмі прыгожа глядзіцца доўгая галіна вішні ў квецені, пастаўленая ў высокую вазу, непараўнальна выглядаюць белыя нарцысы ў крышталёвай шклянцы, цёмначырвоная лілея грыцыёзна стаіць у гліняным гладышы. Ведаў — і ніколі не прыносіў дамоў кветкі. I тата не прыносіў, і брат. Расліны і жывёлы з’яўляліся ў нашым доме выпадкова і на кароткі час. Толькі альяс, які яшчэ называюць сталетнік, прыжыўся на маміным падваконні.