Сям’я  Адам Глобус

Сям’я

Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
38.85 МБ
Гульні з варонамі
У парку, паміж нашым кварталам і рэчкаю, на высокіх дрэвах начуюць вароны. У шарую гадзіну яны кружляюць у небе шумлівай хмараю, а потым з крэктам і карканнем уладкоўваюцца спаць. Мы з Аленаю падыходзім пад абсаджаны птушкамі клён і грукаем па камлі. Вароны ўзлятаюць, абурана пакрыкваюць, шархацяць у паветры вугальнымі крыламі і рассаджваюцца на суседнім дрэве. У парку цёмна, пустэльна. Толькі мы і птушкі. «Ого-го-го-го!!!» — крычыць Алена, а я хутка-хутка пляскаю далонямі. Такое рамантычнае здзяціньванне. Ніколі і думаць не думаў, што ў сорак буду варон ганяць, што так прыемна сачыць за іх палётамі ў начным абзораным небе. Вароны пералятаюць на другі бок рэчкі, сыплючы картавыя праклёны на неразумных людзей. Цяпер я разумею тых, хто трымае галубоў і гадзінамі сочыць за іх куляннем у высокім сінім небе. А тых, хто ні разу не ганяў варон, не разумею, нават крыху ім спачуваю.
Ластаўкі
Прыбіральшчыкі ў гатэлі «Мерыдыян» спорваюць ластаўчыны гнёзды. Алена бяжыць у дырэкцыю і сварыцца, маўляў, у ластаўках, у іх прысутнасці ўся адметнасць гэтага месца. Дырэктар дае слова, што прыбіральшчыкі больш не будуць нішчыць птушыных гнёздаў. Праз год ластаўкі вяртаюцца і лепяць свае хаткі на тых самых месцах, дзе будавалі раней. Алена ганарыцца перамогаю, выходзіць на гаўбец і размаўляе з птушкамі, як з сябрамі, а тыя лётаюць вакол яе, нібыта выказваюць удзячнасць.
Раскоша
Жонка раскошуе. Яна ў спантанным пошуку раскошы. Яна танчыць ад лепшага да найлепшага, ад высокага да найвышэйшага... Ласкавыя шолахі бавоўны, пяшчота футраў, ломкія промні дыяментаў, цеплыня золата, халадок палацаў — шмат, шмат недасяжных для іншых рэчаў і рэчываў ёсць у яе. А жонка не спыняецца, яе вабіць раскоша кахання, раскоша ўласнай зорнасці, раскоша распуснасці і размаітасці. Яна сама ўвасабляе гэтую раскошу са скаканнем на кані ў заснежаных палях, праз могілкі, пад аблокамі, падобнымі да анёлаў, па сумётах, іскрыстых і безжыццёвых, як вечнасць, злоўленая ў шасціпромнасць сняжынкі. Мая жонка раскошная, як сняжынка.
Вераб 'інае дрэва
Алена прыносіць з кірмашу мяшэчак чорных семак. Насыпае на падваконне. Першымі знаходзяць пачастунак сініцы. Яны падлятаюць па адной, бяруць у дзюбку семачку, нясуць на ліпу і там лузгаюць. За сініцамі, праз колькі дзён, налятаюць вераб’і. Яны дзяўбуць семкі проста на падваконні; калі ласункі сканчаюцца, яны яшчэ доўга сядзяць на ліпе, чакаюць. Такое вось вераб’інае дрэва заводзіць Алена пад вакном нашае варыўні. Сярод птушак ёсць адна не зусім звычайная: найсмялейшая, яна першая сядае на падваконне. Спінка, хвост і галоўка ў яе вераб’іныя, а крылцы і дзюба — як у хвалістага
папугая. Верабей-папугай менш за ўсіх баіцца людзей і хутчэй за астатніх лушчыць семкі. Да вераб’інага дрэва ў нашай сям’і стаўленне самае рознае. Алена яго гадуе, я за ім назіраю, Ядзя лічыць, што толькі сініц трэба карміць, а вераб’ёў трэба праганяць. Кот Чарлі, калі бачыць птушак, вельмі хвалюецца, калоціцца і б’е хвастом — яго даводзіцца зачыняць у іншым пакоі.
Дачка
Мікола з цяжарнай Юляю жывуць асобна. Ядзя едзе на Дэльфійскія гульні, яна ў нас цяпер фотамастак. Алена заглыбляецца ў скруху і кажа мне, загорнутаму ў воблака алкаголю: «Калі ў нашых дзвюх кватэрах, на нашых двухстах квадратных метрах няма жыцця, значыць, мы — без Ядзі! Сэрца маё разрываецца ад самоты...»
Каптурык
Алена страшна перажывае за нашую нявестку Юлю. Апошнія дні перад родамі Алена так нервуецца, што пакрываецца лішаямі, чырвонымі плямкамі па ўсім целе. Чаго ты так калоцішся? Яна ж не ведае, як гэта цяжка нараджаць, а я ведаю! Роды праходзяць нармальна. Але перажыванняў у Алены неменш. Наадварот. «Як ён там? Што сніцца нашаму ўнуку?..» — пытаецца яна пасярод ночы. «Каб ты толькі бачыў, як ён высоўвае язык...» А з каптурыкам наогул гісторыя... Нявестцы падаецца, што дзіця мерзне, і яна надзявае яму не адзін, a адразу два каптурыкі. У дзіцяці адразу ж уздымаецца тэмперату'ра. Пакуль здагадваюцца тыя чэпчыкі зняць, Алена ледзь не памірае ад страху. Чулліва гэта ўсё.
Мянушкі
Без мянушак у інтымным жыцці абысціся цяжка, а можа, і немагчыма. Вось і з’яўляюцца ўсе гэтыя «коцікі», «рыбкі», «зайчыкі»... Набор мянушак даволі абмежаваны. I я не люблю, калі жонка называе мяне «коцік», бо «коцікам» можа
быць і сын Мікола, і дачка Ядзя, і чарговы натуршчык-гей, і пазачарговая натуршчыца-сапфістка. А таму для жонкі, адразу пасля знаёмства, прыдумляецца інтымнае імя «Сфінкс», а калі ласкава — «Сфінксік». Ёй падабаецца, яна сама сябе называе «твой Сфінкс». Так дваццаць гадоў я і сплю ў адным ложку са сваім Сфінксам. Часам называюцца іншыя імёны, толькі не прыжываюцца яны ў нашым ложку. У апошнія месяцы Алена паўнее, і я называю яе «Збанок». Яна адгукваецца: «Я — твой Збаночак...» Ненатуральна атрымліваецца. Прыблізна. Сфінкс відавочна перамагае і застаецца ў нашым сямейным жыцці: ён жа вечны, гэты залаты Сфінкс.
Цяжкія дні
3 нараджэннем унука Вовачкі адносіны ў сям’і трансфармуюцца. Наша Ядзенька з маленькай дачушкі ператвараецца ў цётку Ядзю, а яе гэта зусім не радуе. Вось жонка і скардзіцца на доччыну жорсткасць. «Я стамілася, а ў мяне яшчэ і цяжкія дні...» — «Нашто табе гэткія дні, калі ты ўжо бабуля?» Уяўляеш? Гэта мне Ядзя кажа...» Уяўляю, смешна да гаркаты.
Зорная хвароба
Калі ў каго і ёсць у нашай сям’і зорная хвароба, дык гэта ў Алены. «Я — зорка. Я здзейсніла сексрэвалюцыю ў Беларусі і Літве. Я — гей-ікона. Я... Я. Я.» Яна і не адмаўляе, што хварэе. «Так, у мяне зорная хвароба. Ну і што? Я — лепшы фотамастак у Мінску, лепшая ў Беларусі; каб жыла ў Лондане — і там была б найлепшым фатографам.» Спрачацца бессэнсоўна, бо праяўляецца хвароба пасля бутэлькі сухога чырвонага віна. Любое аспрэчванне можа выклікаць агрэсію, што выльецца ў бойку. А каму трэба бойка з жонкаю? I ўсё ж здаралася і такое, брыдкае і хабёльскае. Толькі гэта не лекуе зорнай хваробы — наадварот, канфлікты толькі ўзмацняюць яе, нібыта служаць доказамі абранасці, самаахвярнасці маёй, безумоўна, ге(й)ніяльнай жонкі.
Алкаголь
Найбольшую колькасць алкаголю я выпіваю з жонкаю. Піць на працы, піць з сябрамі, з сабутэльнікамі, са знаёмымі, з жанчынамі, са сваякамі і з кім бы там ні было — значна горш, чым з жонкаю. Піць у адзіноце я не прызвычаіўся: неяк няўтульна адному напівацца, бо пачынаеш раздвойвацца, каб пагаварыць, і раздвойваешся не на сябе і сябе, а на сябе і жонку — пэўна, звычка. Так што чарку я бяру з жонкаю. А яшчэ дзякуючы яе перакананням, што спіртное затрымлівае працэс старэння, у мяне было досыць мала сямейных канфліктаў з-за бутэлькі. Як гэта ні парадаксальна, але я кідаю выпіваць таксама дзякуючы жонцы. Доктарка, якая дапамагала мне вырашаць праблему з п’янствам, вельмі агрэсіўна ставіцца не да мяне, а да яе. «Калі ён адмовіцца ад гарэлкі, ён кіне і вас!» — папярэджвае лекарка Алену. «Хай кідае, мне важна, каб ён быў здаровы!» Алкаголь я пакідаю ў мінулым, а жонку не.
Коўдра
Колькі жывём разам, столькі я сплю з жонкаю пад адной коўдраю. Сваё назіранне: «Любіш не таго, з кім кладзешся ў ложак, а з кім прачынаешся». Варта было б удакладніць: «прачынаешся пад адной коўдрай». Напэўна, ні прасціна, ні ручнік, ні ложак так не цэментуюць сям’ю, як коўдра. А замена зімовай коўдры на летнюю і летняй на зімовую — наогул адзін з найінтымнейшых рытуалаў, бо гэта тая ўніверсальная апранаха, якую носім з жонкаю найбольш часу. Таму і колер, і якасць, і чысціня маіх падкоўдранікаў і коўдраў вельмі важная. Улюбёны ўзор на нашай пасцельнай бялізне — белыя сланы на сінім полі.
Конь
Чаго я не разумею, дык гэта жончынага захаплення коньмі. Яна ездзіць у Ратамку і займаецца конным спортам. Скача ў палях. Яна — вершніца. I дачку прымушае-прывучае любіць сядло. Каб я слухаў яе аповяды пра выездку, манеж і галоп,
яна б гаварыла і гаварыла. Толькі не слухаю. Хіба такое: «Конь Салют мяне пазнаў і ўкусіў, сабака!»
Тэрмін
Ніхто дакладна не ведае часу сваёй смерці, у гэтым і ёсць адзін з асноўных складнікаў красы і моцы жыцця. Дактары, асабліва недавукі, з лёгкім сэрцам прарочаць прысуд: «Вам засталося...» Называецца тэрмін. Нейкая медсястра паўвар’ятка сказанула Алене, што ёй застаецца жыць дзесяць гадоў, не больш. Доктар сварыцца на сястру міласэрнасці, але атрута прароцтва распаўзаецца ў Аленінай свядомасці. Лягчэй верыцца ў горшае. «Як добра, што ў цябе чыстая кроў. А мне засталося жыць з маім ракам стрававода толькі дзесяць гадоў...» — Алена спрабуе быць мужнай.
Жорсткасць
Каб зняць стрэс, каб хоць неяк пазбавіцца ад думак пра хуткую смерць, Алена пачынае адкаркоўваць бутэльку шампанскага. Тая выслізгвае з рук, падае на каменную падлогу і разбіваецца ўшчэнт. На гук выбуху прылятае Ядзя: «Святкуеш сваё вар’яцтва?» Жорсткасць дачкі выклікае ў жонкі слёзы. Яны цякуць некалькі дзён, высыхаюць і зноў цякуць.
Ліставанне
Алена вельмі любіць пасылаць і атрымліваць лісты. Пасля нашага знаёмства я атрымліваў капэрты з яе фотаздымкамі ледзь не штодня. Цяпер я атрымліваю ад яе паэтычныя пасланні па сотавым тэлефоне. Гэта хайку, напісаныя падчас прагулянак з унукам у парку. Алена піша сваім натуршчыцам і натуршчыкам, сябрам і сяброўкам, і ўсім, усім, усім, хто здатны адказаць. Часам яна распачынае ліставанне з дачкой, абменьваюцца цыдулкамі па кулінарыі. «Мамусь, дай мне грошы на інтэрнэтную карту.» — «Ядзенька, дастань з лядоўні бараніну, каб размарозілася да прыходу кухаркі...» A самыя цікавыя лісты Алена з Ядзяю пішуць да Бога. Ходзяць
у Вільні ў касцёл Францысканцаў і ў вялізнай кнізе пішуць пасланні. Што яны просяць, пра што распавядаюць —не ведаю. Але дакладна: ён ім у гэтай кнізе не адказвае. Як на маю думку, дык не трэба пісаць у такой кнізе. Бо аднойчы я напісаў ліст да каханай жанчыны і не адаслаў, напісаў яшчэ адзін і таксама не адаслаў, напісаў трэці — і зразумеў, што самыя найінтымнейшыя лісты не трэба адсылаць. Іх трэба толькі пісаць. Зрэшты, можна і адаслаць.
Фільмы
Кіно — вечная мара Алены. Ад самага пачатку нашага знаёмства яна разважае, як будзе здымаць кіно. Часам надараецца магчымасць зрабіць маленькі сюжэцік на тэлебачанні, але за месяц да пачатку здымкаў і тры месяцы пасля паказу роліка з Аленіных вуснаў не сыходзіць слова «кіно». Кінаманка — даволі трапная характарыстыка маёй жонкі. Першым «кіно» становіцца калаж са слайдаў з мінскімі краявідамі і вершамі Багдановіча за кадрам. Нічога лепшага за дваццаць гадоў яна на тэлебачанні так і не зробіць... Адразу агаваруся. У вялікім кіно Алена наогул нічога не зробіць. У тым чароўным каляровым мастацкім кіно, у якім згарае пакаленне нашых бацькоў, Лена ні разу і не здымецца. Ёсць поўнаметражны дакументальны фільм пра лёс савецкай жанчыны, дзе Алена іграе Алену — геніяльнага фатографа, які здымае прыгажунь. На хвалі эмансіпізму фільм нават бярэ прыз на Берлінскам фестывалі, на тым самым фестывалі, дзе Алена хапае зорную хваробу, калі прывозіць туды апошні — я спадзяюся — тэлефільм пра сябе... Фільм ніхто ў Берліне не бачыць, бо ён не змантаваны. Затое ў бары вывешваюць Аленіны фотаздымкі, нібыта кадры з кіно... Сюжэт — калі тое, што атрымалася, можна назваць сюжэтам... Натуршчык-гомасексуаліст пакахаў жанчыну-фатографа, яна — садыстка і замарозіла бедную ахвяру кахання, як Снежная Каралева спрабавала замарозіць хлопчыка Кая, спакусіўшы яго магічным словам «вечнасць», выкладзеным з крышталікаў лёду. Мне сорамна, бо выродлівы сюжэт прыдумваю я сам. Наогул, усе сюжэты яе фільмаў прыдум-