Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Водар
Узяў Вову на рукі. Іду з ім праз вераснёвы парк. Яму толькі тры месяцы. Яму яшчэ цяжка трымаць галаву. I я прыціскаю яго лоб да сваёй шчакі. Водар... У дзяцей пяшчотны водар. Першага разу я выразна пачуў гэты пах, калі выцягнуў з калыскі сваю стрыечную сястру. Ей было таксама месяцы тры. Яна капрызілася, плакала... Каб супакоіць, я ўзяў яе на рукі. Водар дзіцяці мяне здзівіў. Прэсна-салодкі, чысты і моцны. Так пахла мая Вольга, так пахла мая Ядзя. Цяпер такі водар сыходзіць ад Вовы. Чужыя дзеці пахнуць крышку інакш, менш салодка і больш прэсна.
Перацяканне
Алена праспала цэлы дзень. Яна нечым атруцілася — на Камароўскім кірмашы каштавала розную садавіну. Як ты купіш, не пакаштаваўшы?! Да гэтага Алена прастудзілася, катаючыся ў полі на кані. Хваробы нападаюць на яе адна за адной, нібыта прырода паўстала супраць яе цела. Алена марнее проста на вачах. Асабліва выразна перамены бачацца тады, калі яна бярэ ўнука на рукі. Той нібыта пачынае расці. Я бачу, як ён павялічваецца, а баба змяншаецца. Жыццё наўпрост перацякае з яе ў яго. Ад назірання за перацяканнем жыццёвай сілы я нямею.
Прыход
«Вова прыходзіў»,— кажу брату. «Прыносілі...» — «Цяперака ў нас гэта называецца «Вова прыходзіў».— «Ну і як?» — «Спакойны хлопчык, спаў, пакуль мы вячэралі. Прачнуўся, на рукі папрасіўся... Усё яму цікава... Спрабуе нешта сказаць. Белы, чысты, вочы блакітныя...» — «Адчуваеш сябе старым?» — «Так».
Адлегласць
«Як твая ўнучка?» — знаёмы мастак Валодзя глядзіць на мяне блакітнымі вачыма. «Унук!» — «Прабач.» — «Унук —
Вовачка!» Смешна. Мы добра помнім старэйшых вучняў у сваёй школе і студэнтаў у сваіх інстытутах і акадэміях, кепска — маладзейшых. А ўнукі страчваюць пол, так яны далёка ў нашай памяці. Мастака Валодзю не ўратоўвае ні тое, што мой унук — ягоны цёзка, ні тое, што я трэці раз кажу яму пра гэта. Чужыя ўнукі ўжо на той адлегласці, калі неабавязкова ведаць іх імёны, усё адно не дагукаешся.
Рэўнасць
Здавалася б, чаго... Але ёсць зайздрасць і рэўнасць да новага чалавека. Вось ён будзе жыць, а ты, а мы, а ўсе... «Вядома, у Вовачкі будзе ўсё!» — з ледзь прыхаванай злосцю кажа Ядзя. Яна больш за ўсіх у сям’і страціла з прыходам Вовы ў гэты свет. Яна была малодшая, найлюбімейшая, найдаражэйшая... А тут ён — цэнтр увагі, цэнтр размоў і перажыванняў. А яна — цётка Ядзя. 3 дзяўчынкі ды ў цёткі. I незваротнасць. Да любові, што прыйдзе, што з’явіцца, трэба яшчэ прывыкнуць, і не толькі Ядзі, а ўсім нам, хто страціў, але ж і набыў.
Гу!
Вова гаворыць: «Гу-у!» Смяецца. Хапае мяне за нос і вострым, як лязо, пазногцікам пакідае драпіну. Цяпер і ў мяне, і ў Вовы аднолькава падрапаныя насы. Вось табе і «гу».
Песні
Успомніць не магу, калі Алена спявала. Ці то пяць гадоў мінула, ці то ўсе дзесяць. А тут чую — пяе. У нядзелю Мікола з Юляю ходзяць у басейн, а Валодзю пакідаюць у нас. Вова — наш анёл. Чысценькі, светленькі, дабрадушны, адно што ў свае паўгода яшчэ не размаўляе. Ён смяецца і вельмі любіць, калі яму песні спяваюць. Жонка спявае, ну і я раблю «ля-ля-ля-ля». Унук вярнуў нам песні.
Беларуская проза XXI стагоддзя
Глобусы
Словы пра прозвішча маёй маці — Ніны Глобус
УСТУП
Псеўданім і пашпартнае прозвішча
Тата вельмі любіў сваё прозвішча Адамчык і ганарыўся ім. У гутарках пра наша прозвішча ён заўжды падкрэсліваў ягоную чалавечнасць. He стану казаць, што я не люблю сваё пашпартнае прозвішча,— і люблю. і ганаруся ім, але падпісваю свае літаратурныя і мастацкія творы псеўданімам, бо не люблю блытаніны. Тата — Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык, я — Уладзімір Вячаслававіч Адамчык. Падабенства настолькі вялікае, што кожная другая бухгалтарка блыталася, выпісваючы ганарары, таму я вырашыў падпісвацца прозвішчам маці — Глобус. А каб не крыўдзіць тату, дадаў да Глобуса імя Адам. Так з’явіўся мой псеўданім — Адам Глобус. Большасць маіх чытачоў лічыць псеўданім прыдуманым і штучным, але я да такога памылковага стаўлення прызвычаіўся.
ГЛАВА ПЕРШАЯ
Глобус і Напалеон
Пасля першай публікацыі маіх вершаў у маскоўскай «Літаратурнай газеце» я атрымаў ліст ад сям’і Глобусаў з Тбілісі. Яны пісалі, што іх продкі некалі жылі ў Гродна. У сям’і захавалася легенда пра паходжанне прозвішча Глобус... Сам Напалеон звярнуўся да іх сваяка, заможнага і разумнага яўрэя, каб той паказаў на карце найлепшы шлях да Масквы. Разумнік дапамог Напалеону, а той у якасці ўдзячнасці назваў яго жывым глобусам. У памяць пра сустрэчу з Напалеонам яўрэй змяніў сабе прозвішча на Глобус... Нашчадкам гродзенца я даслаў паштоўку з падзякаю за казку. На гэтым ліставанне і скончылася.
Глобусы і Букоўскі
Я моцна здзівіўся, прачытаўшы прозвішча Глобус у цітрах геніяльнага фільма «П’янь», які быў пастаўлены французскім рэжысёрам Барбетам Шродарам па творах амерыканскага літаратара Чарльза Букоўскі. Галоўную ролю гіперрэальнага п’янчугі выканаў Мікі Рурк. Прадзюсарамі шэдэўра былі пазначаны Менахем Голан і Ёрам Глобус. У мяне нават узнікла жаданне напісаць ім ліст у Галівуд. Але сваё жаданне я не здзейсніў. Пасаромеўся, пэўна ж. Пасля заўчаснай смерці Ёрама Глобуса Менахем Голан вярнуў сабе сваё сапраўднае прозвішча. J не трэба здзіўляцца! Ён стаў Глобусам. Голанам Менахем зрабіўся ў 1948 годзе, калі служыў у ізраільскіх вайскова-паветраных сілах. Тады ён мяняў прозвішча з патрыятычных меркаванняў: Голан гучала ў Ізраілі больш патрыятычна за лацінскае Глобус.
Глобус і караімы
He ведаю, наколькі патрыятычна гучыць прозвішча Глобус для караімаў, але старшынёй таварыства караімаў у сучаснай Літве з’яўляецца менавіта Глобус. Караімы — татары, што спавядаюць іудаізм. Таму можна ўпэўнена казаць, што прозвішча Глобус носяць людзі розных нацый.
Глобус і Сікорскі
У Архіве Польскага інстытута і музея імя генерала Сікорскага ёсць дакумент ад 17.VI.1944, у якім згадваецца Сцяпан Глобус, праваслаўны з Баранавіцкага павета, ён служыў у першай танкавай дывізіі, у дзявятым стралецкім батальёне. Выпіску ў архіве зрабіў для мяне навуковец Ігар Войніч.
Глобус у «Канвееры смерці»
Сярод кніжак серыі «Архіў найноўшай гісторыі» ёсць зборнік дакументаў, сведчанняў, успамінаў, складзены Ігарам Кузняцовым,— «Канвеер смерці». У раздзеле «Мартыралог. Спіс ураджэнцаў Беларусі, рэпрэсаваных на тэрыторыі Заходне-Сібірскага краю (Томская вобласць) у 30—40-я гады і ў пачатку 50-х гадоў» я знайшоў такі запіс: «ГЛОБУС Мірон Ільіч (1895, Шчучын) жыў у Томску, загадчык кафедры № 2 Томскага ўніверсітэта. Арыштаваны ў 1937. Расстраляны».
Глобус — поўны кавалер ордэна Славы
У канверт, які я атрымаў ад галоўнага рэдактара віцебскага часопіса «Мішпоха» спадара Аркадзя Шульмана, быў укладзены ліст з Арэнбурга. У ім я прачытаў пра Льва Глобуса — поўнага кавалера ордэна Славы. «...22 снежня 1944 rofla падчас блакіравання вялікага дома на ўскраіне горада Секешфехервара, што ў Венгрыі, Глобус выявіў на гарышчы гэтага дома кулямётчыка. Прабраўшыся на гарышча, ён знішчыў кулямётны разлік і дваіх аўтаматчыкаў. Там жа ж
ён захапіў варожую радыёстанцыю і перадаў яе ў штаб палка...» Леў Глобус загінуў у Будапешце 1 студзеня 1945 года. Нарадзіўся ён «у 1914, быў сяржантам і камандаваў аддзяленнем штурмавога інжынерна-сапёрнага батальёна. Да вайны ён жыў па адрасе: Чкалаўская (цяпер Арэнбургская) вобласць, горад Орск, вуліца Сцяпана Разіна, дом 78». За свае подзвігі Леў Глобус «быў узнагароджаны акрамя ордэна Славы ўсіх трох ступеняў ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і трыма медалямі «За адвагу». Кожная з гэтых узнагарод — сведчанне доблесці, мужнасці, высокага вайсковага майстэрства... Пакуль што не знойдзена сваякоў нашага славутага земляка».
Пісаць у Арэнбург я не стаў.
ГЛАВА ДРУГАЯ
Ліда і Пілаты
Даўно збіраўся наведаць мясціны, дзе жыў мой дзед Валодзя Глобус. Мама казала, што жыў ён на Копыльшчыне, у пасёлку Жыліхава. Там і маці мая — Ніна Глобус — нарадзілася. Вось і выбраўся я ў вандроўку з журналістам Змітром Бартосікам. У нядзелю прыехалі мы ў тое Жыліхава. Раніца была хмурная, а пасярод дня праяснілася. «Добра ў іх тут, у Жыліхаве, сонца свеціць і цёпла!» Бартосік пасмяяўся з майго хвалявання.
Пачалі мы людзей распытваць пра маіх Глобусаў. Спачатку ніхто не мог згадаць іх. Усе казалі, што ў Жыліхаве Глобусы ніколі не жылі. Валодзю Глобуса ніхто не памятаў. Нарэшце адна цётка згадала, што ў Жыліхаве працаваў Мікалай Глобус, сын Мікалая. Яшчэ знайшлі мы жанчыну, што вучылася ў школе з Галяй Глобус. Яна і падказала, што ўсе Глобусы жылі ў пасёлку Гулевічы. Ва ўсіх маміных дакументах пазначаны менавіта пасёлак Жыліхава, таму я вырашыў адведаць
жыліхаўскія могілкі. А раптам тамака знойдзецца хоць нейкі след-напамін пра майго дзеда Валодзю.
Колькі мы ні хадзілі па кладах, а ніводнага Глобуса не знайшлі. Затое там вельмі шмат Пілатаў. Ледзь не палова магіл належыць людзям з прозвішчам Пілат. Як ні паварочвай, а прозвішча Глобус мне падабаецца больш за прозвішча Пілат. Зрэшты, і Пілат гучыць магутна, па-імперску. I ўражвала тое, што старажытны біблейскі вобраз меў не толькі мужчынскае, але і жаночае аблічча. На якое імгненне мне падалося, што я недзе ўжо бачыў Пілата ў жаночым абліччы. Я паразглядаў твары Пілатаў на помнікавых фотаздымках, але так і не згадаў, дзе я іх мог бачыць.
Сярод жыліхаўсіх Пілатаў я знайшоў невялічкі, пафарбаваны ў глыбока-блакітны колер камень, зарослы ў зямлю. Пад тым каменем ляжыць Ліда Ваўчок. Надпіс-напамін пра Ліду зроблены па-беларуску. Пра гэтую Ліду Ваўчок мы папыталіся ў людзей. Памерла яна маладой. Мужчына ўзяў яе з нейкага інтэрната. Чаму надпіс зрабілі па-нашаму, ніхто не сказаў. Mae спадзяванні знайсці магілу дзеда Валодзі ў Жыліхава не спраўдзіліся.
Дарэчы, прозвішча Ваўчок у маёй сям’і не чужое. Першая жонка майго малодшага брата Міраслава — Наталля Ваўчок, маці майго пляменніка Чэсіка.
Каб дарасказаць пра Пілатаў, я зайду крышку наперад...
У сераду, ідучы на працу, на аўтобусным прыпынку я сустрэў журналістку Таццяну Снітко, якая разам з дачкою Вераю часам бярэ заказы і ў маім выдавецтве «Сучасны літаратар». Таня сказала, што ў нядзелю ездзіла ў вёску, ну і я расказаў пра сваё падарожжа ў Жыліхава. Тутака і высветлілася, што баба Таццяны і прабаба Веры жыла ў Жыліхаве, што пад Копылем, а прозвішча ў яе дзявочае — Пілат. Таня згадала, што некалі даўно яе маці пыталася: «Ці не мае твой знаёмы пісьменнік Глобус сваякоў у Гулевічах?» А Таня сказала, што не, бо я нарадзіўся ў Койданаве.