Сям’я
Адам Глобус
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 159с.
Мінск 2017
Павел і магілы
У пасёлку Гулевічы я не пабачыў на вуліцы ніводнага старога чалавека. Мы з Бартосікам праехалі ўвесь пасёлак і не знайшлі, з кім бы пагаварыць пра майго дзеда. «Што будзем рабіць?» — «Шукаць, будзем хадзіць па хатах...»
На ўскрайку пасёлка пасвіўся конь. Мне захацелася падысці да гнядога каня і спытацца ў яго пра майго Уладзіміра Рыгоравіча Глобуса. Але распытваць я пачаў не маладога каня, а старога конюха Паўла. «Валодзю Глобуса? Ведаю! Тут ён і жыў. I дом яго стаіць. I жонка яго першая — Алена — яшчэ жыве. Ёй 97 гадоў. Хутка будзе 98. I пляменніца яго тут. Mary паказаць іх хаты...» — «Можа, спачатку на могілкі з’ездзім, вы мне магілу дзедаву пакажаце...» — «Можна і на могілкі...» Сівавусы Павел загрузіўся ў Бартосікаву «Волгу», і мы паехалі на клады.
«А вы хто яму?» — «Унук!» — «А ад якой жонкі?» — «Ад Ядзі!» — «Не помню Ядзю. У Валодзі было пяць жонак!» -— «Пяць?» — «Алена — першая жонка. Ваша баба, з якой ён ажаніўся, калі ў войску служыў,— другая. Потым ён Маню ўзяў. Дзяцей у іх не было, і ён Маню, сваю трэцюю жонку, прагнаў. Ездзіў ён у Тамбоў, і казалі, што там у яго была нейкая жонка, але пра яе я нічога не ведаю. А пятая, апошняя жонка Валодзі — Антоля, яна яго і глядзела, яна яго і пахавала. Недзе тут усе вашы Глобусы...»
Ніякага хвалявання я не адчуваў, стоячы на беразе зарослых бярэзіна.мі могілак. Было такое адчуванне, што я некалі быў тут, у пасёлку Гулевічы, бачыў гэтыя дамкі, вуліцу, бачыў няголенага старога, падобнага да эсэіста Сяргея Дубаўца,— Паўла. Ён хутка пайшоў шукаць магілу майго дзеда, а я закурыў цыгарэтку і пачаў глядзець на далёкі сіняватазялёны лес. «Во тут ляжыць Мікалай, малодшы брат вашага Валодзі...» Я падышоў да шэрага, абвязанага бэзавай стужачкай помніка з фотапартрэтам немаладога лысаватага мужчыны. На помніку быў надпіс, з якога вынікала, што мой стрыечны дзед, Глобус Мікалай Рыгоравіч, нарадзіўся 22.12.1911, а памёр 08.02.1983. Непадалёк стаяў помнік маёй стрыечнай бабе Мані, якая
жыла з 1918 па 1991 год. Яе твар не сказаў мне нічога. Побач з Маняю, пад шэрым каменным слупком з крыжыкам, ляжала мая прабаба — Вольга Глобус, якая пражыла 89 гадоў, з 1885 па 1974. «Маці ў Валодзі была вялікая жанчына, кілаграмаў 120. Яна і дзяцей ягоных глядзела. Ён іх прывозіў, адвозіў, a глядзела іх яна. Яе ўсе паважалі. Здаровая была баба...» — так расказаў Павел пра маю прабабу — Вольгу Глобус.
«Валодзя, хадзі сюды!» — гукнуў мяне Зміцер Бартосік. Я падышоў да жалезнай агароджы, за якою стаяў помнік майму дзеду. «Ага, вось тут ён і ляжыць, ваш Валодзя!» — сказаў, нібыта папіхнуў мяне ў спіну, конюх Павел. Бартосік зрабіў сур’ёзны твар і нейкім тэатральна-замагільным голасам спытаў: «I што ты адчуваеш?» Нічога я не адчуваў, але каб крышку падыграць Бартосіку зрабіў суровы твар: «Плакаць хочацца!» — «Праўда?» — Зміцер мне не паверыў, a мне стала радасна на душы. Вось ехаў я, шукаў, на нешта там цьмянае спадзяваўся і нарэшце знайшоў магілу дзеда Валодзі, майго Глобуса Уладзіміра Рыгоравіча, майго лейтэнанта Глобуса. Маці мне казала, што ён нарадзіўся ў 1902 годзе, а насамрэч — у 1907, казала, што памёр ён прыблізна ў 1962, на металічнай шыльдачцы ж быў пазначаны 1961 год. Побач з дзедам адпачывае ў вечным сне і яго апошняя жонка — Глобус Антаніна Сцяпанаўна.
«А які ён быў, Валодзя Глобус?» — спытаў я ў конюха. «Разумны быў, адукаваны, рабіў добра, харошы чалавек, каб не...» — «Каб не што?» — «Каб не жонкі, каб не бабы... Хітры ён быў!» — «Чаму хітры?» — «У банку працаваў, і наогул...» — Павел пакруціў у паветры загарэлай і парэпанай рукою. «Скажыце, а якой яны веры былі, гэтыя Глобусы?» — «Ні ў што яны не верылі, вашы Глобусы...» He ведаю, што мой дзед зрабіў кепскага Паўлу ці што такога непрыемнага я яму сказаў, але твар яго зрабіўся злосны, і ў вачах засвяціўся недавер: «Дык вы ўнук Валодзі?» — «Унук!» — «А з якога вы года?» — «3 58-га...» — «Мой з 57-га... Дачка з 68-га... Нешта вы замолада выглядаеце...» — «Паехалі ў пасёлак!» — сказаў я Бартосіку. Злаваць старога Паўла я не хацеў.
Алена і авечка
Алене — 97. У яе васільковыя вочы і востранькі носік. Я пытаюся ў яе пра першага мужа, пра свайго дзеда, пра Валодзю Глобуса. «Харошы быў. На вас не падобны. Сярэдняга росту. Мажны. Прыгожы і разумны... Работу розную ўмеў рабіць. Усё рабіў сваімі рукамі. I дом мог пабудаваць. Сам, усё сам рабіў. I не піў... У мяне ад яго дачка ёсць, Надзя. Яна жыве ў вёсцы Старыца. У доме каля возера. Там адзін дом каля возера. У Старыцы спытаеце дом каля возера, і вам кожны пакажа. Калі Надзя замуж выходзіла, я Валодзю запрашала на вяселле, а потым і ён запрашаў да сябе нашу Надзю з жаніхом. Мы з ім не сварыліся. А вы ягоны ўнук... Як, вы кажаце, вашу маму звалі? Ніна? Помню я вашу Нінку. Я ўжо сабе іншага мужыка ўзяла. Валодзі тры гады не было, і я сабе іншага ўзяла. A ён вярнуўся і прывёз вашу... Як вы кажаце? Ядзю? Ну так... Ядзю. Яны не па вуліцы ішлі ў сваю хату, а там, вунь там, па загуменнях. Ён, мусіць, баяўся, што я іх біць буду... Выскачу з хаты, налячу і палкаю паб’ю...» Васільковавокая Алена ўзняла сваю кульбачку і засмяялася бяззубым ротам. Я злавіў сябе на думцы, што ў мяне зусім няма агіды да яе па-дзіцячы бяззубага рота. «Ён жа не ведаў, што ў мяне другі мужчына... А Нінку вашу помню. Яна ўсё прыходзіла да мяне і плакала. He хацела Нінка жыць у нашых Гулевічах...» — «Ядзя, Ядзя не хацела жыць у Гулевічах!» — папраўляю я вясёлую Алену. «Правільна, Ядзя не хацела жыць у Гулевічах. А я ёй кажу: чаго табе з ім не жыць? Жыві! У мяне новы мужчына. А ты жыві з Валодзем. А яна харошая жанчына, прыгожая, з чыстым тварам, прыйдзе да мяне і плача. Тады Валодзя прадаў авечку, купіў ёй білет, і мы праводзілі яе ў Мінск. 1 дачку яна забрала з сабой, Нінку вашу...»
Мой падарожны сябра Бартосік спытаўся ў старой Алены: «Што трэба рабіць, каб пражыць 97 гадоў? Ці ёсць які сакрэт?» — «Рабі больш за ўсіх — і пражывеш даўжэй за астатніх. Я работы не баялася. рабіла больш за ўсіх, вось і пражыла доўга!»
Зінкевіч і дом над возерам
У вёсцы Старыца ў рудавалосай прадаўшчыцы з прадуктовай крамы я спытаўся, як знайсці дом над возерам, у якім жывуць спадары Зінкевічы, і патлумачыў, што мне патрэбна Надзея Уладзіміраўна. Прадаўшчыца крыху надзьмулася: «У нас адзін дом над возерам. Вы аб’едзеце возера. Паставіце машыну каля гарматы, а потым сцежкаю пройдзеце ў той дом...»
Які гэта дом! Сядзіба! Сад з вуллямі! Шэпты чароту... Мой сябра Бартосік доўга стукаўся ў дзверы, і нарэшце мы пабачылі сівога, моцна падвяселенага алкаголем дзядзьку: «А вы хто такія?» — «Я шукаю Надзею Уладзіміраўну Зінкевіч, старэйшую дачку Уладзіміра Глобуса!» — «Ясна, каго вы шукаеце. А вы хто такія?» — «Я — унук Валодзі Глобуса, бацькі Надзеі Уладзіміраўны!» — «Ясна. Вы — унук, а гэта ваш шафёр з магнітафонам?» — «Гэта мой таварыш...» -— «Давайце пачнём з самага пачатку...» — «Я — унук...» — «У Валодзі Глобуса было сем жонак... Вы ад якой жонкі ўнук?» — «Ад Ядзі!» — «Не ведаю Ядзі. Яна жыве?» — «Ядзя памерла ў 1971 годзе. Жыве яе дачка — Ніна Уладзіміраўна Глобус, мая маці...» — «Не ведаю Ніны...» — «Можа, Надзея ведае?» — «Можа, і ведае... Вось што я вам скажу... Калі гэта праўда, што вы ўнук Валодзі Глобуса, калі гэта ўсё пацвердзіцца, нам трэба будзе зладзіць банкет. Гэта ж радасць, што сваякі адзін аднаго знаходзяць...» — «Вы нам скажыце, дзе Надзея Уладзіміраўна.» — «У бальніцы яна. Тут недалёка, па дарозе на Мінск...» Мне стала сумна, у бальніцу я ехаць не хацеў, не хацеў — і ўсё... I не паехаў. Я адклаў сустрэчу з Надзяй Глобус да наступнай вандроўкі на Копыльшчыну.
У Мінску я адчуў спакой на душы. Я ўпарадкаваў сваё мінулае і адчуў спакой.
Смерць — толькі частка жыцця, як Бог — частка прыроды.
Лена і 1000 дробязей
Адкрыццё чакае за кожным вуглом. Праўда. Вось я ўсё жыццё хадзіў і хаджу побач з крамаю «1000 дробязей». Сорак гадоў я праходзіў каля крамы «1000 дробязей», якая стаіць на плошчы Калініна ў Мінску, і не ведаў, што там працуе стрыечная сястра маёй маці — Вольга Мікалаеўна Глобус. А цяпер вось даведаўся, і зайшоў у «1000 дробязей», і спытаўся ў касіркі: «Дзе мне знайсці Вольгу Мікалаеўну?» — «Яна ў адпачынку...» — «А калі вернецца?» — «У аддзеле электрапрыбораў працуе яе дачка Алена. Спытайцеся ў яе...» У аддзеле электрапрыбораў я спытаўся ў прадаўшчыц, хто з іх Алена. Мне паказалі на высокую, светлавокую і светлавалосую жанчыну. «Вы дачка Вольгі Мікалаеўны?» — «А што?» — «Нічога. Я проста хацеў бы з ёй пагаварыць... Яе прозвішча Глобус?» — «Глобус».— «Калі яе прозвішча Глобус, тады я — ваш брат!» — «Х-х-ха-а-а! — я хацеў быў дастаць пасведчанне з псеўданімам Адам Глобус, але перадумаў.— Мама зараз дома. Я дам вам яе сотавы тэлефон, пазваніце, пагаварыце...» Лена запісала на паперцы нумар, і я пакінуў краму з дробязямі.
Вольга і імёны па бацьку
Патэлефанаваў я Вользе Глобус. «Што ж вы так доўга не прыходзілі?» — «Нагоды не было...» — «А маці ваша чаму не прыходзіла?» — «Мама сказала, што яе бацька ёй не цікавіўся, таму і яна не вельмі хоча цікавіцца ім. Яна мае права на такое стаўленне. А я напісаў кнігу пра сваю сям’ю, там ёсць згадка і пра Валодзю Глобуса. Цяпер я ўдакладняю дэталі, таму і прыйшоў да вас. Вы мне скажыце, калі ласка, як імя па бацьку вашай бабулі Вольгі Глобус?» — «А я і не помню...» — «А дзе пахаваны мой прадзед Рыгор Глобус?» — «Там жа, у пасёлку Гулевічы. Ягоная магіла ў адной агароджы з Валодзевай. Такі драўляны помнік. Вы яго не бачылі?» — «He. А калі ён памёр?» — « У 1952-м, здаецца...» Мой прадзед Рыгор Глобус памёр у 52-м, яго-
нае імя па бацьку дырэктарка крамы таксама не згадала. Мы дамовіліся сустрэцца праз тыдзень у краме «1000 дробязей».
Вольга і шклянка кісялю
Ісці да Вольгі Глобус у яе краму «1000 дробязей», шчыра кажучы, зусім не хацелася. Яе папрок, што я так доўга да яе не прыходзіў, можна павярнуць і ў адваротны бок. Ніхто з іх да мяне ні разу не звярнуўся. He, канешне, зусім не з-за гэтага я не хацеў ісці да Вольгі, а з-за навальніцы, якая насоўвалася на горад. Патэлефанаваў я ёй, а яна не ўзяла трубку, я ўздыхнуў з палёгкаю, але яна тут жа перазваніла, і я паабяцаў праз 15 хвілін быць у яе. Пачалася навальніца. Ліло так, нібыта ўсё яшчэ лета, а не другі тыдзень верасня. 1 грымела па-летняму, магутна. Давялося пераскокваць шырокія і бруістыя ручаіны.