Сідхартха
Герман Гесэ
Выдавец: Логвінаў
Памер: 100с.
Мінск 2007
Ледзь насунулася раніца і загуло ажыўленне на вуліцах, перад сваім домам ён задрамаў, на імгненне знайшоў паўзабыццё ці сон. У гэтыя імгненні яму быў сон:
Камала трымала ў залатой клетцы птушку, якая добра спявала. Ён мроіў пра гэтую птушку. Ён мроіў: гэтая птушка стала нямой, якая раней спявала па раніцах, яму прыснілася гэта, ён падышоў да клеткі і зірнуў у яе: там на дне ляжала змярцвелая, здранцвелая птушка. Сідхартха выцягнуў яе, узяў на імгненне ў рукі і выкінуў потым прэч, у завулак, і ў гэты момант спужаўся дужа, і сэрца калоць пачало, быццам разам з гэтай змярцвелай птушкай выкінуў усе свае вартасці і ўсё дабро.
Ад гэтага сну прачнуўся Сідхартха, апанаваны адчуваннем самоты. Без вартасцяў, так здавалася яму, бязвартасна і бессэнсоўна бавіў ён сваё жыццё, нічога не было жывога, нічога каштоўнага ці вартага, каб захаваць, пакінуць у сваіх руках. Адзінокім зрабіўся ён і спустошаным, як чалавек, пацярпелы карабельную катастрофу, які выплыў да берагу.
Хмурым пайшоў Сідхартха ў сад уцех, які належыў яму, зачыніў брамку, сеў пад мангавым дрэвам і адчуў, што нешта памірае ўнутры, нешта ў ім згасае, нешта ў ім ідзе да завяршэння. Паступова сабраў ён свае думкі, і яшчэ раз душою прайшоў поў-
насцю шлях свайго жыцця, з першых дзён, якія ён мог ужо асэнсоўваць. Калі ж перажыў шчасце, адчуў сапраўднае задавальненне. О так, шмат ён перажываў. У юнацкія гады пакаштаваў ён гэта, калі атрымоўваў пахвалу ад брахманаў, калі апярэджваў сваіх аднагодкаў, вызначаўся ў прачытанні святых вершаў, у дыспутах з вучонымі, памочнікам на ахвярападнашэнні. Бо тады адчуваў Сідхартха ў сэрцы сваім: «Шлях перад табою ляжыць, для якога абраны ты, цябе чакаюць багі». I зноў маладзёнам вышэйшая мэта разважанняў выцягнула яго з натоўпу падобных шукальнікаў і далучыла да сябе, калі імкнуўся спазнаць брахман, калі атрыманыя веды адкрывалі ў ім новае памкненне і зноў адчуваў сябе пасярэдзіне гэтага памкнення, пасярэдзіне гэтага болю: «Далей! Далей! Ты абраны!» Чуў ён гэты голас, калі пакінуў сваю радзіму і абраў жыццё самана, і зноў, калі прыйшоў ад саманаў да Дасканалага, і калі ішоў ад яго ў невядомае. Як доўга не чуў Сідхартха гэтага голасу, як доўга не дасягаў вышыні, якім раўнюткім і пустым быў яго шлях, шмат год без высокай мэты, без памкнення, без узвышэння, з задаволенымі, маленькімі асалодамі і ўсё жа не задаволены! Усе гэтыя гады, не ведаўшы гэтага, імкнуўся, стараўся стаць чалавекам, як гэтыя многія, як гэтыя дзеці; жыццё яго стала самотным і больш бедным, чым у іх, бо мэты людзей былі не ягонымі, яшчэ іх турботы, гэты цэлы свет Камасвамі-людзей быў яму толькі гульнёй, танцам, на які пазіраюць, камедыяй. Толькі Камала была яму любая, была вартая, але зараз ці было гэта так? Патрэбная была яна яму ці ён ёй? Ці не вялі яны гульню без сканчэння? Было тое неабходным, каб жыць дзеля гэтага? He, гэта не абавязкова! Гэтая гульня звалася сансарай, гульня для дзяцей, даволі мілая, каб пазабавіцца адзін-два разы, дзесяць разоў, але заўсёды, зноў і зноў?
Тут зразумеў Сідхартха, што гульня скончаная, што не можа болып гуляць у яе. Дрыжыкі прабеглі па яго целе, па яго душы, адчуваў, што нешта памерла.
Суцэльны дзень сядзеў Сідхартха пад дрэвам манга, думаючы пра бацьку, думаючы пра Гавінду, думаючы пра Гатаму. Мусіў пакінуць іх, каб стаць
нейкім Камасвамі? Сідхартха яшчэ ўсё сядзеў, калі насунулася ноч.
Калі ён зірнуў на зоры, падумаў: «Сяджу я тут пад мангавым дрэвам у маім садзе ўцех». Трохі ўсміхнуўся — гэта было неабходна, было правільна; ці не было гэта дурной гульнёй, што ён валодаў мангавым дрэвам, садам?
Ён скончыў з гэтым, яно памерла ў ім. Ён узняўся, развітаўся з мангавым дрэвам, развітаўся з садам уцех. Бо ён цэлы дзень нічога не еў, адчуў моцны голад, думаў пра свой дом у горадзе, аб адзенні сваім і ложку. Усміхнуўся Сідхартха стомлена, павагаўся і развітаўся з гэтымі рэчамі.
У гэтую гадзіну ночы пакінуў Сідхартха свой сад, пакінуў горад, каб больш не вяртацца ніколі. Доўга шукаў яго Камасвамі, думаў, што ён трапіў у рукі рабаўнікоў. Камала не шукала яго. Калі яна даведалася, што Сідхартха знік, яна не здзівілася. Ці не чакала яна гэтага заўсёды? Ці не быў ён саманам, беспрытульнікам, пілігрымам? Наймацней адчула яна гэта, калі былі яны разам, і радавалася праз боль страты, што апошні раз так блізка прыціскае да сэрца, што апошні раз цалкам належала яму і авалоданая ім.
Калі яна атрымала першую вестку аб Сідхартхавым знікненні, падыйшла да акна, дзе ў залатой клетцы сядзела рэдкая птушка, і адпусціла яе. Доўга пазірала Камала за палётам птушкі. Яна больш з гэтага дня не прымала наведвальнікаў і трымала зачыненым дом. Праз некаторы час адчула яна, што пасля апошняй сустрэчы з Сідхартхам зацяжарала.
На рацэ
Сідхартха вандраваў у лесе, ужо далёка ад горада, ён не ведаў нічога іншага, як тое, што болей не вернецца, што гэтае жыццё, якое ён вёў на працягу многіх год, пакаштаванае і вычарпанае да абрыдласці. Мёртвай была пявучая птушка, якую ён бачыў у сне. Мёртвай была птушка ў яго сэрцы. Глыбока
занурыўся ён у сансару, брыду і смерць уцягнуў з усіх бакоў, як уцягвае ваду губка, пакуль не напоўніцца. I ён быў напоўнены абрыдласцю, напоўнены бядою, напоўнены смерцю, больш нічога не было ў свеце, што б спакусіла яго, што б парадавала, што б магло суцешыць. Вельмі жадаў Сідхартха нічога не ведаць пра сябе, займець спакой, быць памерлым. Прыляцела б маланка і забіла яго! Прыйшоў бы тыгр і зжэр яго! Было б віно атрутай, якое прынесла б спусташэнне, забыццё і сон, каб больш не прачнуцца! Ці ёсць яшчэ нейкі бруд, якім ён не абпэцкаўся, грэх ці дурасць, якім не аддаўся; пустэча душы, якую ён не спазнаў? Мажліва так жыць? Магчыма зноў і зноў уздыхаць поўнымі грудзямі, выдыхаць, адчуваць голад, зноў есці, зноў спаць, зноў ляжаць побач з жанчынай? Няўжо гэты колазварот быў не завершаны для яго?
Сідхартха падышоў у лесе да вялікай ракі, да той самай ракі, праз якую, калі ён яшчэ быў саманам і ішоў з гораду Гатамы, яго перавёз паромшчык. Ля гэтай ракі Сідхартха прыпыніўся і стаў у нерашучасці на беразе. Стома і голад аслабілі яго, і навошта яму было ісці далей, куды, з якой мэтай? He было больш аніякай мэты, не было болын нічога, акрамя пакутлівай прагі скінуць з сябе гэтую суцэльную спустошаную мрою, выціснуць з сябе гэтае скіслае віно, скончыць гэтае жыццё, поўнае ганьбы і енкаў.
Над берагам схілілася пальма — какосавая пальма, да камеля якой прытуліўся плячмі Сідхартха, абняў рукою і зірнуў у зялёную ваду, якая цякла і цякла пад ім, ён пазіраў у яе і напоўніцу адчуваў жаданне вызваліцца і патануць у гэтай вадзе. Злая пустэча люстравалася ў вадзе, у якой душа знаходзіла адказ. Так, ён быў ля завяршэння. Нічога больш не было для яго як згасіць сябе, разбіць і выкінуць прэч няўдалыя карціны жыцця пад ногі напышліва-кплівым багам. Гэта было б найвялікае ванітаванне, якое ён так доўга чакаў: смерць, разбіццё формы, якую ненавідзеў! Няхай зжаруць яго рыбы, гэтага сабаку Сідхартху, гэтага вар’ята, гэтае прагнілае і злайдачанае цела, гэтую аслаблую і непатрэбную душу! Няхай рыбы і кракадзілы зжаруць яго, няхай расчвартуюць яго д’яблы!
Змучана ўпетрыўся Сідхартха ў ваду, убачыў свой адбітак і плюнуў у яго. У глыбокай стоме вызваліў рукі ад камля, трохі павярнуўся, каб стромка ўпасці, каб патануць канчаткова. Ен напружыўся і заплюшчыў вочы насустрач смерці.
I тады з’явіўся з далёкіх куткоў яго душы, з мінулага яго стомленага жыцця, гук. Гэта было слова, склад, які ён прамовіў пра сябе, не задумаўшыся, слабым голасам, старое слова Пачатку і Заканчэння ўсіх малітваў брахманаў — святы ОМ, які азначаў «Дасканалае» і «Завяршэнне». I ў гэты момант, калі гук ОМ крануў вуха Сідхартхі, раптам прачнуўся яго заспаны дух, зразумеў дурасць сваіх учынкаў.
Сідхартха вельмі спужаўся. Такое адбываецца вакол яго, такім ён быў разгубленым, такім заблытаным ведамі, што мог шукаць смерці, што гэтае жаданне, гэтае дзіцячае жаданне так змагло вырасці ў ім, знайсці спакой, разбурыўшы ўласнае цела! Усе мучэнні апошніх часоў, усе ачышчэнні, усе адчаі не зрабілі таго, што зрабіла імгненне, калі ОМ трапіў у яго свядомасць: ён спазнаў сябе ў сваім мучэнні і памылковасці.
— ОМ, — прамовіў Сідхартха нячутна. — ОМ\
Сідхартха ведаў пра брахмана, ведаў пра непарушнасць жыцця, пра ўсё боскае, што забыў, але гэта было імгненнем, маланкай. Да камля какосавай пальмы прыхіліўся Сідхартха, прытуліў сваю галаву да каранёў і паглыбіўся ў моцны сон.
Глыбокім быў яго сон і вольным ад мрояў, доўга ён не меў такога сну. Калі прачнуўся праз некалькі гадзін, было адчуванне, быццам прайшло дзесяць год, ён слухаў ціхую плынь ракі, не ведаў, дзе ён і хто прынес яго сюды, расплюшчыў вочы, пазіраў са здзіўленнем на дрэвы і неба над сабою і ўспамінаў, дзе ён быў і як трапіў сюды. Для гэтага спатрэбіўся яму доўгі час, і мінулае здалося яму быццам адгароджанае завесай, бясконца далёкім, бясконца далёка месцілася яно, бясконца было абыякава. Ён ведаў толькі, што сваё мінулае жыццё (у першы момант прасвятлення падалося яму мінулае жыццё даўняй інкарнацыяй цяперашняга «Я») — што ён пакінуў сваё мінулае жыццё, што ён, напоўнены
абрыдласцю і бядой, хацеў адрынуць яго, але прыйшоў да ракі, да какосавай пальмы, прамаўляў ОМ, потым заснуў, прачнуўся новым чалавекам, пазіраў па-новаму на свет. Ціха прамовіў Сідхартха пра сябе ОМ, з якім заснуў, і здалося, што яго суцэльны сон быў толькі доўгім, глыбокім прамаўленнем ОМу, разважаннем ОМу, пранікненнем і поўным паглыбленнем у ОМ, у безыменнае, завершанае.
Які цудоўны гэта быў сон!
Ніколі яшчэ сон не бадзёрыў яго так, так не абнаўляў, так не маладзіў! Магчыма, Сідхартха сапраўды тады памёр, патануў і перанарадзіўся ў новым вобразе? Але не, ён пазнаў сябе, пазнаў свае рукі і ногі свае, пазнаў месца, у якім ляжаў, пазнаў «Я» ў сваіх грудзях, гэтага Сідхартху, Уласнавольнага, Дзіўнага, але гэты Сідхартха змяніўся, абнавіўся, надзіва выспаўся, надзіва быў бадзёры, радасны і цікаўны.
Сідхартха ўзняўся і ўбачыў перад сабой чалавека, чужынца — манаха ў жоўтым строі, з паголенай галавой, які сядзеў у позе медытацыі. Сідхартха зірнуў на чалавека, на гэтага безбародага, але нядоўга пазіраў на яго, і тут пазнаў у гэтым манаху Гавінду, сябра свайго юнацтва, Гавінду, які свой прытулак знайшоў ва Узвышанага Буды. Гавінда пастарэў, як і ён сам, але ўсё яшчэ меў яго твар былыя рысы, апавядаў пра памкненне, вернасць, пошук, пужлівасць. Гавінда адчуў позірк, расплюшчыў вочы і паглядзеў на Сідхартху, Сідхартха бачыў, што Гавінда не пазнае яго. Гавінда радаваўся, што знайшоў яго бадзёрым, магчыма, доўга сядзеў тут і чакаў яго абуджэння, хаця яго і не пазнаў.