• Часопісы
  • Сідхартха  Герман Гесэ

    Сідхартха

    Герман Гесэ

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 100с.
    Мінск 2007
    24.3 МБ
    Буда ішоў сваім шляхам, павольна, паглыблены ў разважанні, яго спакойны твар быў не радасным і не самотным, здавалася, што ён ўсміхаецца сваім думкам. Са схаванай усмешкай, спакойны, паволь-
    ны, быццам здаровае дзіця, ішоў Буда — насіў адзенне і крочыў, як усе яго манахі, па дакладным прадпісанні. Але яго твар і яго крок, яго задуменны позірк, спакойная рука, нават кожны палец гэтай спакойнай рукі нагадвалі пра супакаенне, нагадвалі пра дасканаласць, не шукалі, не нахабнічалі, пяшчотна дыхалі незамглёным спакоем, незатуманеным святлом, недатыкальным супакаеннем.
    Так ішоў Гатама ў горад, каб назбіраць міласціны, і абодва саманы пазналі Яго — адзінага па дасканаласці яго спакою, па спакоі яго самасці, у якой не адчуваліся ні пошук, ні жаданні, ні нахабства, ні імкненні — толькі святло супакаення.
    — Сёння мы ўспрымем вучэнне з яго вуснаў, — сказаў Гавінда.
    Сідхартха не адказаў. Яго мала цікавіла вучэнне, ён не думаў, што яно дасць яму нешта новае; як і Гавінда, безліч разоў чуў ён змест гэтага вучэння Буды, але ж перададзенае праз другія і трэція вусны. Але ён уважліва паглядзеў на галаву Гатамы, на яго плечы, на яго ногі, на яго разняволеную руку, і яму падалося, што кожная фаланга пальца гэтай рукі была вучэннем, казала, дыхала, працінала, выпраменьвала праўду. Гэты чалавек, гэты Буда быў праўдзівым да кожнага жэсту свайго мезенца. Гэта быў святы. Нікога так не паважаў Сідхартха, нікога так не любіў, як яго.
    Абодва крочылі следам за Будам да горада і потым моўчкі вярнуліся назад, бо самі ў гэты дзень адмовіліся ад ежы. Яны бачылі, як вярнуўся Гатама, бачылі ў коле вучняў, падчас посілку — што з’еў Буда, не наталіла б і птушку, — бачылі, як вярнуўся ён пад шаты мангавых дрэваў.
    А ўвечары, калі спякота мінула, і ўсё ў лагеры ажывілася, і ўсе сабраліся, яны пачулі вучэнне Буды. Яны чулі ягоны голас, і ён таксама быў дасканалым, быў дасканалым, напоўнены супакаеннем. Гатама вучыў аб пакутах, аб узнікненні пакут, аб шляху збаўлення ад іх. Павольна лілася і яснай была яго ціхая прамова. Пакутамі было жыццё, поўным пакутаў быў Свет, але вызваленне ад пакутаў было знойдзена: той знойдзе збаўленне, хто шляхам Буды ідзе.
    Сакавітым, але цвёрдым голасам гаварыў Узвышаны, вучыў чатыром асновам, вучыў вызваленню на васьмі сцяжынах, цярпліва ішоў ён звыклым шляхам вучэнняў, прыкладаў, паўтарэнняў, светлым і павольным ляцеў яго голас над тымі, хто слухаў яго, як святло, як зорнае неба.
    Калі Буда — надыйшла ноч — скончыў сваю прамову, многія пілігрымы папрасілі прыняць у абшчыну, выказалі жаданне далучыцца да вучэння. I Гатама прыняў іх, прамовіўшы:
    — Вы чулі вучэнне, яно вам адкрытае. Уступайце і рушце ў святасць, рыхтуючы сканчэнне ўсім пакутам.
    У гэты момант выйшаў наперад Гавінда, сарамлівец, і сказаў:
    — Я таксама далучаюся да Узвышанага і да яго вучэння.
    Ён папрасіў прыняць яго ў абшчыну, і быў прыняты.
    Адразу ж, калі Буда пайшоў адпачываць, Гавінда павярнуўся да Сідхартхі і сказаў раўніва:
    — Сідхартха, не мне рабіць табе заўвагі. Абодва мы слухалі Узвышанага, абодва ўспрынялі вучэнне. Гавінда чуў вучэнне, ён успрыняў яго. А ты, шаноўны, ці не пойдзеш ты сцяжынай вызвалення? Ці вагаешся, ці пачакаеш?
    Сідхартха быццам прачнуўся ад сну, калі пачуў словы Гавінды. Доўга глядзеў ён на твар Гавінды. Потым Сідхартха сказаў ціха, без ценю кпінаў у голасе:
    Гавінда, мой дружа, вось ты і зрабіў крок, вось ты абраў свой шлях. Заўсёды, о Гавінда, ты быў маім сябрам, заўсёды ты ішоў адзін крок за мной. Часта я думаў: ці зробіць Гавінда гэты крок адзін, без мяне, па поклічы ўласнай душы? Глядзі, ты ўжо стаў мужчынам і абіраеш сам свой шлях. Ты зможаш прайсці яго да канца, мой дружа! Ты зможаш знайсці збаўленне!
    Гавінда, яшчэ не зразумеўшы сказанага, паўтарыў тонам нястрыманасці сваё пытанне:
    — Кажы, я прашу цябе, мой улюбёны! Скажы мне, не можа быць іначай, што ты, мой вучоны сябар, ты таксама далучаешся да ўзвышанага Буды!
    Сідхартха паклаў сваю руку на плячо Гавінды:
    — Ты не дачуў майго дабраслаўлення, о Гавінда. Я паўтару яго: прайдзі свой шлях да канца! Знайдзі выратаванне сваё!
    У гэты момант Гавінда зразумеў, што сябар пакінуў яго, і заплакаў.
    — Сідхартха! — закрычаў ён шкадобна.
    Сідхартха сказаў яму ласкава:
    — He забудзь, Гавінда, што ты зараз належыш да саманаў Буды! Ты адмовіўся ад паходжання і маёмасці, адмовіўся ад уласнай волі, адмовіўся ад сяброўства. Так жадае вучэнне, гэтага жадае Узвышаны. Гэтага сам пажадаў ты. Заўтра, Гавінда, я цябе пакіну.
    Доўга яшчэ сябры блукалі па гаі, доўга ляжалі і не маглі заснуць. Зноў і зноў звяртаўся Гавінда да сябра, каб той сказаў яму, чаму не хоча ён далучыцца да вучэння Гатамы, якія памылкі бачыць у гэтым вучэнні. Але Сідхартха адказваў адно і тое ж:
    — Супакойся, Гавінда! Вельмі добрае вучэнне Узвышанага, як магу я знайсці ў ім памылку?
    Раніцай па садзе прайшоў паслядоўнік Буды, адзін з самых яго старэйшых манахаў, паклікаў усіх новых паслядоўнікаў вучэння, каб апранулі жоўтае адзенне, каб даць ім першыя заняткі і пасвяціць іх у абавязкі новага статута. I Гавінда, быццам адарваўшы частку сябе, абняў яшчэ раз сябра свайго юнацтва і далучыўся да шэрагу паслушнікаў.
    А Сідхартха, паглыбіўшыся ў думкі, пайшоў праз гай.
    I яму сустрэўся Гатама, Узвышаны, і калі ён — Сідхартха — павітаў яго з павагай, позірк Буды быў напоўнены такою дабрынёй і спакоем, што юнак набраўся рашучасці і папрасіў дазволу пагаварыць з Узвышаным. Паважаны моўчкі кіўнуў. Казаў Сідхартха:
    — Учора, о Узвышаны, меў гонар чуць вучэнне тваё. Разам з маім сябрам прыйшоў сюды я здалёк, каб вучэнне пачуць. I мой сябра застаецца тваім, далучыўшыся да цябе. Я ж зноў працягну сваю пілігрымку.
    — Як табе больш даспадобы, — сказаў Шаноўны ласкава.
    — Вельмі смелая мая прамова, — працягваў Сідхартха, — але не хачу я пакінуць Узвышанага, не выказаўшы шчыра маіх думак. Ці не дасць мне пару імгненняў ўвагі Шаноўны?
    Моўчкі кіўнуў Буда ў адказ.
    Казаў Сідхартха:
    — Адзінае, о Найшаноўнейшы, здзівіла мяне найбольш у тваім вучэнні. Усё ў тваім вучэнні зразумела да драбніцы, дасканала; дасканалым нідзе і ніколі не перарваным ланцугом паказаны Свет, вечным ланцугом, складзеным з прычынаў і дзеянняў. Ніколі так не рабілася відавочным, бо ніколі так неабвержна не ўяўлялася яно; часцей сэрца брахмана заб’ецца ў грудзях, калі ён, зірнуўшы праз тваё вучэнне, пабачыць Свет у бездакорнай дасканаласці, чыстым, як крышталь, незалежным ад выпадковасці, незалежным ад багоў. Добры ён ці дрэнны, жыццё пакуты альбо радасць — пакінем гэта па-за межамі, гэта, можа быць, не вельмі істотна — але адзінства Свету, узаемасувязь усяго, што адбываецца, злучэнне ўсяго вялікага і малога ў суцэльный плыні, суцэльнага закону прычын, сталення і памірання, гэта так ярка выяўляецца з твайго ўзвышанага вучэння, о Дасканалы. Але, па твайму ж вучэнню, адзінства і правільнасць парадку ўсіх рэчаў разрываецца ў адным месцы; праз маленькую дзірачку мкне ў гэты Свет адзінства нешта чужое, нешта новае, нешта, чаго не было раней і што не магло быць прадэманстраваным і даказаным: тваё вучэнне не аб пераадоленні Свету, не аб вызваленні. 3 гэтай маленькай дзірачкай, з-за гэтага парушэння суцэльны вечны і адзіны закон Свету зноў парушаецца і здымаецца. Прабач, што я выказваю сваё пярэчанне.
    Моўчкі слухаў яго Гатама, не зварухнуўшыся. Вось ён загаварыў, Дасканалы, сваім добрым, сваім спагадлівым, чыстым голасам:
    — Ты чуў вучэнне, о сын брахмана, і дабро табе, што ты глыбока разважаў над ім. Ты знайшоў прарэху ў ім, памылку. Падумай яшчэ над ім. Дазволь перасцярэгчы цябе, о цікаўны, ад процьмы меркаванняў і спрэчак аб словах. На словы немагчыма абаперціся, яны могуць быць прыгожымі альбо
    брыдкімі, разумнымі альбо дурнымі, кожны можа прытрымлівацца іх ці адхіляць. Вучэнне ж, якое ты чуў ад мяне, — не маё меркаванне, і мэта яго не ў тым, каб пратлумачыць цікаўнаму Свет. Мэта іншая; яго мэта — вызваленне ад пакутаў. Вось тое, чаму вучыць Гатама, нічому іншаму.
    — He крыўдуй на мяне, о Узвышаны, — сказаў юнак. — He для таго цябе шукаў, каб спрачацца з табой, спрачацца аб словах. Ты сапраўды маеш рацыю: ні на імгненне не сумняваўся я ў табе. Hi на імгненне я не сумняваўся, што ты — Буда, што ты дасягнуў вышэйшай мэты, да якой імкнуцца тысячы брахманаў і іх сыны. Ты знайшоў вызваленне ад смерці. Ты знайшоў яго з уласных пошукаў, на ўласным шляху, праз думкі, праз медытацыі, праз досвед, праз прасвятленне. Яно прыйшло табе не праз вучэнне! I гэта — мае думкі, о Узвышаны — нікому не прыйдзе вызваленне праз вучэнне! Нікому, о Шаноўны, не зможаш ты ў словах паведаміць, распавесці, што адбылося ў імгненне твайго прасвятлення! Шмат утрымоўвае вучэнне прасвятлёнага Буды, многіх вучыць яно праведна жыць, пазбягаць зла. Аднога не ўтрымоўвае яно, гэта найшаноўнейшае вучэнне: такога яснага, не ўтрымоўвае тайны таго, што перажыў сам Узвышаны, ён — адзіны сярод сотні тысяч. Вось тое, пра што я думаў і зразумеў, калі слухаў вучэнне. Вось тое, з-за чаго я працягну свае вандраванні — не для таго, каб знайсці іншае, лепшае вучэнне, бо я ведаю, няма такога, а для таго, каб пакінуць усе вучэнні і ўсіх настаўнікаў, самому дасягнуць мэты сваёй альбо памерці.
    Вочы Буды спакойна глядзелі на зямлю, спакойна ў дасканалым раўнадушшы свяціўся яго непранікнёны твар.
    — Няхай думкі твае, — сказаў спакойна Шаноўны, — не будуць памылковымі! Дасягні сваёй мэты. Але скажы мне: ты бачыў натоўп маіх саманаў, маіх шматлікіх братоў, што прынялі маё вучэнне? I ты думаеш, чужы саман, ты думаеш, было б лепей пакінуць вучэнне і вярнуцца да свецкага жыцця і пажадаў?
    — Далёкія думкі такія ад мяне, — закрычаў Сідхартха. — Няхай застаюцца саманы ўсе ў вучэнні,
    няхай дасягнуць сваёй мэты! He мне вырашаць чужое жыццё! Толькі за сябе, за сябе самога я мушу вырашаць, мушу выбіраць, мушу адмаўляцца. Вызваленне ад «Я» шукаем мы, саманы, о Узвышаны. Калі б я зараз быў тваім вучнем, о Шаноўны, баюся я, мне б здалося, што маё «Я» набыла толькі бачнасць спакою і вызвалення, тады як на самой справе жыло далей і расло, бо тады і вучэнне, і мой послух, і мая любоў да цябе, і абшчына манахаў зрабіліся б маім «Я».
    3 паўусмешкай, з непарушнай празрыстасцю і сяброўствам глядзеў Гатама ў вочы чужынцу і ледзь заўважным жэстам развітаўся з ім.