• Часопісы
  • Сідхартха  Герман Гесэ

    Сідхартха

    Герман Гесэ

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 100с.
    Мінск 2007
    24.3 МБ
    Сідхартха ж адказаў голасам, у якім было столькі ж смутку, колькі было кпінаў, ціхмяным, паўсумна-паўкплівым голасам:
    — Хутка, Гавінда, твой сябар пакіне сцяжыну саманаў, якой ішоў разам з табою. Я пакутую ад прагі, о Гавінда, і на гэтым шляху саманаў мая прага не спатолілася. Заўсёды шукаў я досведу, заўсёды быў поўны пытанняў. Я пытаўся ў брахманаў, з года ў год пытаўся ў святых Ведаў, з года ў год. Магчыма, о Гавінда, было б таксама добра, было б таксама разумна і таксама лекава, калі б я пытаўся ў птушкі-насарога альбо малпы. Шмат часу я скарыстаў, але не дасягнуў сканчэння, не зразумеў простую рэч: вывучыць нічога нельга. Няма, так я думаю, ніводнага вучэння, што пад ім разумеем мы. Есць, о мой дружа, толькі адны веды, і яны — паўсюль, яны — атман, яны — ва мне, яны — у табе, яны — у кожнай істоце. I так я пачынаю думаць: гэтыя веды не маюць больш лютага ворага, чым прага ведаць, чым вучэнне.
    Тады Гавінда спыніўся на дарозе, узняў рукі і мовіў:
    — Сідхартха, не пужай свайго сябра такімі прамовамі! Сапраўды, твае прамовы будзяць жах у маім сэрцы. I падумай жа толькі, дзе б засталася святасць малітваў, дзе б была шаноўнасць касты брахманаў, дзе б была святасць саманаў, калі б было так, як ты кажаш, калі б не было вучэння?! Што, о Сідхартха, што было з усяго гэтага, што на зямлі каштоўнага, шаноўнага, святога?
    Гавінда прамармытаў нягучна верш з «Упанішадаў»:
    Хто свядома і з чыстым духам паглыбляецца ў атман, невыказная ў спевах
    яго сэрца духоўнасць.
    Але Сідхартха маўчаў. Ён думаў над словамі, што сказаў яму Гавінда, абдумваў іх да канца.
    Думаў ён, схіліўшы галаву, што ж застанецца ад усяго, што нам здаецца святым? Што застанецца? Што вытрывае? I ён паматляў галавой.
    Без малога тры гады жылі, трымаліся юнакі вучэння саманаў, як аднойчы невядомымі шляхамі і сцяжынамі дайшла да іх вестка, чутка, сага, што з’явіўся нехта, хто называе сябе Гатамам, Узвышаным, Будам, які пераадолеў пакуты Свету і змог спыніць кола перанараджэнняў. Настаўнік у атачэнні вучняў не меў маёмасці, радзімы, жонкі, блукаў у жоўтай накідцы аскета, але быў з ясным чалом, духоўны, перад ім схіляліся брахманы і князі.
    Гэтая сага, чутка, казка ўзнікла аднекуль раптам, у гарадах пра яе казалі брахманы, у лесе — саманы, зноў і зноў даходзіла да вушэй юнакоў імя Гатамы, імя Буды, у добрым і злым, у хвалах і абражаннях.
    Быццам у краіне, дзе пануе чума, узнялася чутка, нарадзілася вестка, што з’явіўся мужчына, мудрэц і дасведчаны, слова і подыху якога дастаткова, каб вылечыць любога пакаранага эпідэміяй, гэтая вестка разлятаецца па ўсёй краіне, і ўсе пачынаюць яе абмяркоўваць, і шмат хто верыць, шмат хто сумняваецца, шмат хто збіраецца ў дарогу, каб знайсці мудрага, дарадцу, — так абляцела хутка сага праз усю краіну, тая чароўная сага пра Гатаму, Буду, аб мудрым з роду Шак’я. Яму, сцвярджалі вернікі, адкрыўся вышэйшы досвед, ён памятае свае мінулыя жыцці, ён дасягнуў нірваны і ніколі не вернецца ў колазварот, больш не паглыбіцца ў азызлую плынь перастварэнняў. Цудоўнага шмат і неверагоднага паведамлялі аб ім: ён рабіў цуды, ён падужаў д’яблаў, размаўляў з багамі. Яго ворагі і нявернікі казалі ж, што гэты Гатама — ганарлівы спакуснік, праводзіць свае дні ў асалодзе, пагарджае
    ахвярамі, не любіць вучонасці, практыкаванняў і самалупцавання.
    Салодка гучала сага пра Буду, цудам павявалі гэтыя аповеды. Свет жа быў хворы, так цяжка было пераносіць жыццё — раптам забруіла крыніца, прабіўся покліч, поўны супакойвання, пяшчотны, поўны цудоўных абяцанняў. Усюды, куды даходзіла вестка пра Буду, паўсюль у землях Індыі абуджаліся юнацкія сэрцы, напаўняліся імкненнямі, напаўняліся надзеяй, сардэчна сустракалі сыны брахманаў з гарадоў і вёсак кожнага чужака і пілігрыма, што прыносілі вестку аб ім, Узвышаным, Шак’ямуні.
    I да саманаў у лес, і да Сідхартхі, і да Гавінды дайшла гэтая чутка павольна, па кропельцы, кожная кропля цяжкая ад надзей, кожная кропля цяжкая ад сумненняў. Яны мала гаварылі пра гэта, бо найстарэйшы з саманаў пагардліва ставіўся да гэтых сагаў. Ен чуў, што Буда той раней быў аскетам і жыў у лесе, але потым вярнуўся да звыклага жыцця і штодзённых асалодаў, на нішто зводзіў ён гэтага Гатаму.
    — О Сідхартха, — сказаў аднойчы Гавінда свайму сябру. — Сёння быў я ў вёсцы, і адзін брахман мяне запрасіў, і ў яго хаце быў сын брахмана з Малагхі — ён уласнымі вачыма бачыў Буду і чуў яго вучэнне. Сапраўды, у мяне спынілася дыханне ў грудзіне, і я падумаў пра сябе: калі б мне, калі б нам — табе, Сідхартха, і мне — давялося перажыць гадзіну, пачуць вучэнне з вуснаў Дасканалага! Скажы, дружа, ці не пайсці нам туды і ці не пачуць вучэнне з вуснаў Буды?
    Адказаў Сідхартха:
    — Заўсёды, о Гавінда, думаў я, Гавінда застанецца з саманамі, заўсёды лічыў я, што гэта яго мэта, дасягнуць свайго шасцідзесяцігоддзя, сямідзесяцігоддзя ў тых жа практыкаваннях і пастах, што ўпрыгожваюць жыццё самана. Але бачу, я мала ведаў Гавінду, мала ведаў аб яго сэрцы. Зараз жадаеш ты, мой Дарагі, выбраць новую сцежку і ісці туды, дзе навучае Буда.
    Казаў Гавінда:
    — Табе падабаецца кпіць. Заўсёды ты жартуеш, Сідхартха! Быццам у цябе няма жадання пачуць гэта
    вучэнне? I ты не казаў мне, што нядоўга ісці табе шляхам самана?
    Тады ўсміхнуўся Сідхартха па сваёй звычцы, і ў голасе яго застаўся цень кпінаў і тугі:
    — Канечне, Гавінда, правільна ты казаў, правільна ты ўспомніў. Але ўзгадай, ты і іншае чуў ад мяне: што недаверлівым я стаў да вучэння і вучэнняў, стаміўся ад іх, маленькая вера мая ў словы, што ідуць да нас ад настаўнікаў. Што ж, Дарагі, я гатовы паслухаць тое вучэнне — хаця адчуваю ў сэрцы, што лепшы плод таго вучэння мы ўжо пакаштавалі.
    Казаў Гавінда:
    — Твая гатоўнасць радуе маё сэрца. Але скажы, як гэта можа быць? Як можа вучэнне Гатамы падараваць нам яшчэ да таго, як мы яго ўспрынялі, падараваць нам найлепшы плод?
    Казаў Сідхартха:
    — Атрымаеш асалоду ад гэтага плода, пакуль чакаем наступнага, о Гавінда! Гэты плод, за які мы павінны дзякаваць Гатаме, зводзіць нас ад саманаў! Ці падаруе яно нам яшчэ нешта іншае і лепшае, о дружа, пабачым са спакойным сэрцам.
    У гэты ж дзень Сідхартха сказаў старэйшаму саману, што ён прыняў рашэнне: пакінуць яго. Ён сказаў гэта старэйшаму са сціпласцю і ветлівасцю, якія ўласцівыя маладым і вучням. Аднак саман, даведаўшыся, што вучні жадаюць пакінуць яго, раз’юшыўся, пачаў крычаць і брыдка лаяцца.
    Гавінда спужаўся і збянтэжыўся. Але Сідхартха наблізіў вусны да вуха Гавінды і прашаптаў:
    — Зараз я пакажу старому, чаму я навучыўся ў яго.
    Ён стаў перад саманам, засяродзіўшы душу, злавіў позірк старога, утаймаваў яго і загадаў змоўкнуць, зрабіў яго бязвольным, падпарадкаваў сваёй волі і загадаў рабіць нягучна, што ад яго патрабавалася. Стары замаўчаў, яго вочы спыніліся, яго воля была паралізаваная, рукі распаволенымі віселі ўздоўж цела, ён не меў моцы супраць чараў Сідхартхі. Думкі Сідхартхі падпарадкоўвалі самана, ён быў вымушаны рабіць усё, што загадалі. I
    стары нізка пакланіўся, дабраславіў і сцісла прамовіў добрае пажаданне на дарогу. Юнакі адказалі на паклоны ўдзячнасцю і, развітаўшыся, сышлі. Па дарозе сказаў Гавінда:
    — 0 Сідхартха, ты навучыўся ў саманаў больш, чым я ведаў. Цяжка, вельмі цяжка перахітрыць старога самана. Сапраўды, калі б ты застаўся там, ты навучыўся б хадзіць па вадзе.
    — Мне не трэба хаджэнне па вадзе, — сказаў Сідхартха. — Пакінем гэта саманам, няхай цешацца такім мастацтвам!
    Гатама
    У горадзе Саватхі кожнае дзіця ведала імя Узвышанага Буды, і кожная хата мела што-небудзь, каб напоўніць місу бадзяжак, што маўкліва прасілі, — паслядоўнікаў Гатамы. Паблізу горада размясціўся найбольш улюбёны прытулак Гатамы — гай Джэтаваны, які багаты купец Анатхапіндыка, адданы прыхільнік Узвышанага Буды, падараваў яму і яго паслядоўнікам.
    У тыя мясціны накіроўвалі аповеды і тлумачэнні, якія чулі два маладыя аскеты падчас свайго побыту. I калі яны дасягнулі Саватхі, у першай жа хаце, перад дзвярмі якой спыніліся па міласціну, ім прапанавалі стравы, і Сідхартха спытаў жанчыну, якая прынесла ежу:
    — Дазволь, вялікадушная, дазволь даведацца, дзе спачывае Буда, шаноўны, бо мы — два саманы з лесу і прыйшлі, каб пабачыць Яго, Дасканалага, і спасцігнуць вучэнне з вуснаў яго.
    Казала жанчына:
    — У патрэбным месцы, сапраўды, апынуліся саманы з лесу. Ведайце, у Джэтаване, у садзе Анатхапіндыкі, спачывае Узвышаны. Там вы зможаце, пілігрымы, правесці ноч, бо месца хопіць для незлічоных, хто імкнецца сюды, каб пачуць з Яго вуснаў вучэнне.
    Узрадаваўся Гавінда і, поўны радасці, усклікнуў:
    — Тады наша мэта дасягнутая, і канец нашаму шляху! Але скажы нам, маці пілігрымаў, ці ведаеш ты яго, Буду, ці пабачыла ты яго ўласнымі вачыма?
    Казала жанчына:
    — Шмат разоў бачыла я яго, Узвышанага. Шмат дзён бачыла я яго, як ён ідзе па вулках, маўклівы, у жоўтай накідцы, як маўкліва працягвае сваю місу для міласціны, як маўкліва нясе напоўненую яе назад.
    Гавінда быў здзіўлены, і яму карцела шмат што спытаць і пачуць, але Сідхартха паклікаў ісці далей. Яны падзякавалі, ім не трэба было пытацца дарогі, бо нямала пілігрымаў і манахаў з суполкі Гатамы накіроўваліся ў Джэтавану. Яны дабраліся туды ноччу, але і пасля іх прыходзілі іншыя, чуліся поклічы і размовы, патрабавалі прытулку. Два саманы, звыклыя да жыцця ў лесе, хутка знайшлі бясшумную лагчыну і заснулі там да раніцы.
    3 усходам сонца яны са здзіўленнем убачылі, які шматлікі натоўп вернікаў і цікаўных тут начаваў. Па ўсіх сцежках цудоўнага гаю блукалі манахі ў жоўтых накідках, пад дрэвамі сядзелі яны тут і там, паглыбленыя ў медытацыі альбо ў духоўныя размовы; цяністы сад, напоўнены людзьмі, гудзеў, як вулей.
    Большасць манахаў накіравалася з місамі ў горад, каб назбіраць ежы для сняданку — адзінага пажытку за дзень. Таксама сам Буда, Асвятлёны, ішоў раніцай збіраць міласціну.
    Сідхартха паглядзеў на яго і адразу пазнаў, быццам Бог паказаў на яго. Сідхартха глядзеў на яго, на чалавека, што павольна ішоў у жоўтай накідцы з місай для міласціны ў руцэ.
    — Глядзі! — ціха сказаў Сідхартха Гавінду. — Там ён, Буда.
    Уважліва глядзеў Гавінда на манаха ў жоўтай накідцы, які нічым, здавалася, не вылучаўся з іншых манахаў. Хутка і Гавінда пазнаў: гэта ён. I яны пайшлі следам за ім, пазіралі на яго.