• Часопісы
  • Сідхартха  Герман Гесэ

    Сідхартха

    Герман Гесэ

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 100с.
    Мінск 2007
    24.3 МБ
    Камасвамі прачытаў:
    — «Пісаць — добра, думаць — лепей. Розум — добра, цярпенне — лепей».
    — Выдатна ўмееш пісаць ты, — пахваліў купец. — Шмат што трэба будзе нам абмеркаваць. Сёння прашу я цябе, будзь маім госцем і прымі жытло ў гэтым доме.
    Сідхартха падзякаваў і згадзіўся жыць у доме гандляра. Адзенне было прынесена і абутак, а служка штодзённа рыхтаваў яму купальню. Двойчы на дзень прыносілі багатую ежу, але Сідхартха еў толькі адзін раз на дні — усё, акрамя мяса, і не піў віна. Камасвамі распавядаў яму пра свой гандаль, паказваў яму тавары і крамы, паказваў яму рахункі. Шмат чаму новаму навучыўся Сідхартха, шмат слухаў і мала гаварыў. I ўзгадваючы словы Камалы, ніколі не стаў ніжэй за купца, прымусіў яго весці сябе на роўных, нават больш, чым на роўных. Камасвамі вёў свае справы клапатліва і часцяком з жарсцю, Сідхартха глядзеў на ўсё гэта як на гульню, правілы якой жадаў вывучыць, але сэнс якой не ўзрушваў яго сэрца.
    Нядоўга пражыў Сідхартха ў доме Камасвамі — і ўжо прымаў удзел у гандлі гаспадара. Штодзённа, у тэрмін, які вызначала сама куртызанка, наведваў прыгожую Камалу, у гожым адзенні, у файных чаравіках, і хутка пачаў прыносіць ёй падарункі. Многаму навучылі яе пунсовыя, разумныя вусны. Многаму яго навучылі яе пяшчотныя, гнуткія рукі. Яго, які ў любові быў хлапчуком, слепа згаджаўся і неспатолена кідаўся ў жарсць, як у бяздонне; яна вучыла на падставе вучэння, што асалоду нельга ўзяць, не аддаўшы асалоду, і што кожны рух, кожная пяшчота, кожны дотык, кожны позірк, кожны куточак цела мае сваю таямніцу, які рыхтуе дасведчанаму шчасце. Яна вучыла яго, што палюбоўнікі пасля любошчаў павінны разыходзіцца з пачуццём захаплення адзін адным, быць пераможанымі і пераможцамі, каб у абодвух узнікала злое пачуццё перасычэння і спустошанасці, пачуццё зганьбаванага альбо чынніка ганьбы. Цудоўныя часіны праводзіў Сідхартха ў прыгожай і разумнай мастачкі, быў яе вучнем, яе палюбоўнікам, яе сябрам. Тут, у Кама-
    лы, была вартасць і сэнс цяперашняга жыцця Сідхартхі, не ў гандлі Камасвамі.
    Купец перадаў яму пісанне важных пісьмаў і дамоваў, прызвычаіўшыся абмяркоўваць з ім усе істотныя справы. Ён хутка заўважыў, што Сідхартха мала разумее ў рысе і шэрсці, марскіх перавозках і гандлі, але яго рука была шчаслівай, і што Сідхартха пераўзыходзіць яго, купца, у спакоі і вытрыванасці, ва ўменні слухаць і пранікненні ў душы старонніх людзей.
    — Гэты брахман, — сказаў Камасвамі адному сябру, — не сапраўдны купец і ніколі не зробіцца ім, ніколі яго душа не адчувае жарсці да спраў. Але ў яго ёсць таямніца тых людзей, якіх суправаджае поспех, можа, нарадзіўся ён пад шчасліваю зоркай, можа, гэта чараўніцтва, можа, гэта тое, чаму навучыўся ён у саманаў. Заўсёды здаецца, што ён гуляе са справамі, не ахінаюць яны яго цалкам, ніколі не апаноўваюць ім, ніколі ён не баіцца няўдачы, ніколі не турбуюць яго страты.
    Сябар параіў гандляру:
    — Давай яму са спраў, якія вядзе, траціну з прыбытку, але такую ж частку адлічвай у яго са стратаў. Так ён стане больш зацікаўленым.
    Камасвамі наследаваў парадзе. Але Сідхартху мала турбавала гэта. Ішоў прыбытак яму, прымаў яго раўнадушна, ішла страта, смяяўся і гаварыў:
    — Ах, глядзі, дрэнна атрымалася!
    Магло сапраўды падацца, што справы былі яму абыякавымі. Аднойчы паехаў ён у адну вёску, каб прыдбаць вялізны ўраджай рысу. Калі прыбыў, рыс ужо прадалі іншаму гандляру. Але Сідхартха застаўся на некалькі дзён у той вёсцы, частаваў сялян, раздорваў дзецям медныя грошыкі, быў на вяселлі і вярнуўся назад празмерна задаволены. Камасвамі папракнуў яго, што не вярнуўся адразу, грошы і час змарнаваў. Сідхартха адказаў:
    — Кінь сварыцца, любы дружа! Яшчэ ніколі сваркамі не дасягнулі нічога. Ёсць страты, я іх магу аплаціць. Я вельмі задаволены гэтай паездкай. Я пазнаёміўся з многімі людзьмі, адзін брахман стаў маім сябрам, дзеці гулялі на каленях маіх, сяляне паказалі мне свае палі, ніхто не прымаў мяне за гандляра.
    — Вельмі цудоўна ўсё гэта, — нявольна закрычаў Камасвамі. — Але ж ты фактычна гандляр, па маім разуменні! Ці ты ездзіў дзеля сваёй забавы?
    — Канечне, — засмяяўся Сідхартха. — Канечне для задавальнення свайго. Для чаго ж усё-такі? Я спазнаў людзей і мясціны, я насычаўся ветлівасцю і даверам, я знайшоў сяброўства. Глядзі, даражэнькі, калі б я быў Камасвамі, адразу пабачыўшы, што справа нядбайная, у спешцы і гняўлівасці вярнуўся назад, тады б насамрэч былі змарнаваныя грошы і час. Але я правёў цудоўныя дні, вучыўся, насычаўся радасцю, не нашкодзіў ні сабе, ні іншым гняўлівасцю і паспешнасцю. I паеду яшчэ туды калі-небудзь, можа, каб прыдбаць наступны ўраджай ці па іншай справе, сустрэнуць мяне людзі з радасцю і весялосцю, я пахвалю сябе, што не паказаў спешку і гняўлівасць. Будзь жа добры, дружа, не шкодзь сабе сварлівасцю! Калі прыйдзе дзень, у які пабачыш, што Сідхартха прыносіць шкоду табе, тады скажы адно толькі слова, і Сідхартха пойдзе сваёй дарогай.
    Дарэмнымі былі спробы купца пераканаць Сідхартху, што ён есць яго хлеб. Сідхартха еў свой уласны хлеб, больш за гэта, яны абодва елі хлеб іншых, хлеб усіх. Ніколі не краналі Сідхартху клопаты Камасвамі, а ў Камасвамі шмат было клопатаў. Справы, якім пагражала няўдача, страта тавару, даўжнік не мог разлічыцца, ніколі не мог Камасвамі пераканаць свайго памочніка, што трэба было б паклапаціцца і пагневацца, займець парачку зморшчын на ілбе, не паспаць пару начэй.
    Камасвамі аднойчы папракнуў, што Сідхартха ўсяму, што зараз разумее, навучыўся ад яго, але Сідхартха адразу:
    — He зрабіць табе іншым мяне! Ад цябе я навучыўся, колькі каштуе кошык з рыбай, колькі адсоткаў можна спагнаць за пазычаныя грошы. Гэта твае прымудрасці! Думаць навучыўся я не ад цябе, дарагі Камасвамі, трэба лепей табе павучыцца ў мяне.
    I насамрэч не быў Сідхартха душой адданы гандлю. Справы ішлі добра, каб забяспечыць грашамі Камалу, гандаль прыносіў болей, чым трэба яму. У
    астатнім удзел і цікавасць Сідхартхі былі скіраваныя на людзей, справы якіх — рамяство, турботы, радасці і дурноты, якія раней былі яму чужыя і далёкія, як месяц. Так лёгка ўдавалася размаўляць з усімі, жыць з усімі, вучыцца ад іх, але ён цвяроза ўсведамляў, што адрозніваецца ад іншых людзей сваім былым саманствам. Ён бачыў людзей, якія жылі, як дзеці, або нават як звяры, якіх ён адначасова любіў і якімі пагарджаў крыху. Ён бачыў іх клопаты, іх пакуты, іх сівізну ад рэчаў, якія, на яго погляд, здаваліся не вартымі такога клопату; з-за грошай, маленькіх задавальненняў, маленькіх пашан яны лаюць адзін аднога і чыняць пакуты, бачыў, як шкадобяцца яны ад болю, з якога пасміхнецца саман, пакутуюць ад нястачы, якую саман і не адчуе.
    Усяму быў Сідхартха адкрыты, што дадавалі простыя людзі ў яго светагляд. Ветлівым быў з гандляром, які прапаноўваў на продаж халсціну, ветлівым быў з даўжніком, які прасіў адтэрміноўкі, ветлівым быў з жабраком, які гадзіну распавядаў пра сваю бядоту, хоць быў двойчы багацейшы за кожнага самана. 3 багатым замежным гандляром паводзіў сябе, як са служкай, які галіў яго, як з вулічным гандляром, у якога купляў бананы і якому дазваляў падмануць на грошык.
    Калі прыходзіў Камасвамі, каб пашкадобіцца з-за турботаў ці панаракаць за нейкую справу, слухаў Сідхартха з цікавасцю і цярпеннем, дзівіўся яму, імкнуўся яго зразумець, з чымсьці згадзіцца настолькі, наколькі здавалася неабходным, і адварочваўся ад яго да наступнага, хто прыйшоў. Шмат прыходзіла да яго, каб паразмаўляць з ім, каб яго падмануць, каб знайсці спачуванне, каб спытаць яго, каб паслухаць яго. Ён даваў парады, ён спачуваў, ён дараваў, дазваляў крыху сябе падмануць; гэтая суцэльная гульня і пажада, з якой забаўляліся людзі, займалі думкі Сідхартхі, як раней займалі багі і брахман.
    Часам адчуваў Сідхартха глыбока ў грудзях ціхі голас, які паміраў, які аб чымсьці нагадваў, ціхенька шкадобіўся ледзьве чутна. I тады, у гэтую ж гадзіну з’яўлялася думка, ці не вядзе ён дзіўнае жыццё, што займаецца залішнімі рэчамі, якія былі
    толькі гульнёй, што часам ён вясёлы і адчувае радасць, а сапраўднае жыццё працякае паўз яго і зусім не кранае. Як жанглёр з мячыкамі гуляе ён са справамі, з людзьмі са свайго атачэння, назірае за імі, знаходзіць задавальненне ў гэтым занятку, але гэта нічога агульнага не мае з сэрцам яго, з крыніцай яго існасці. Недзе цурчыць крыніца, якая збягае ўдалячынь, не мае нічога агульнага з яго жыццём. I часам пужала яго такая думка, і ён шкадаваў, што няздольны ўкладаць жарсць і сэрца ў дзіцячыя клопаты дня, жыць па-сапраўднаму, дзейнічаць пасапраўднаму, па-сапраўднаму насычацца і жыць замест таго, каб назіраць збоку.
    Але ўсё яшчэ наведваў Сідхартха прыгожую Камалу, спасцігаў мастацтва любові, аддаваўся культу імкненняў, у якім браць і даваць было аднолькавым, балбатаў з ёю, вучыўся ад яе, даваў ёй парады, атрымоўваў парады ад яе. Яна разумела яго больш, чым калісьці разумеў яго Гавінда, яна была Сідхартху бліжэй.
    Аднойчы Сідхартха сказаў ёй:
    — Ты такая, як я; ты іншая, чым бальшыня людзей. Ты — Камала, ніхто іншая, у душы тваёй спакой і прытулак, у які можаш ты ўвайсці ў любую гадзіну, як і я. Мала людзей умеюць гэта, але ўсе маглі б гэта мець.
    — He ўсе людзі разумныя, — прамовіла Камала.
    — He, — сказаў Сідхартха, — не ў гэтым справа. Камасвамі такі ж разумны, як і я, але не мае прытулку ў сабе. Іншыя маюць гэта, бо разуменнем сваім, як маленькія дзеці. Бальшыня людзей, Камала, як апалая лісцінка, якая ў паветры ляціць, кружыць і падае на зямлю. Іншыя — але мала такіх — як зоркі, ідуць вызначаным шляхам, ніякі вецер не дасягне іх, у саміх сабе маюць яны закон і свой шлях. Сярод усіх вучоных і саманаў, якіх я шмат ведаў, дасканалым быў толькі адзін, ніколі не забуду яго. Гэта той Гатама, Узвышаны, прапаведнік вучэння. Тысячы вучняў слухалі яго кожны дзень, наследавалі кожную гадзіну яго прадпісанням, але ўсе яны — апалае лісце, не ў сабе саміх маюць яны вучэнне і закон.
    Камала паглядзела на яго з усмешкай.
    — Зноў ты гаворыш аб ім, — сказала яна. — Зноў у цябе думкі самана.
    Сідхартха прамаўчаў, і яны аддаліся любоўнай гульні — адной з трыццаці ці сарака розных гульняў, якія ведала Камала. Цела яе было гнуткім, як у ягуара, як лук паляўнічага; той, хто вучыўся ад яе любошчам, рабіўся дасведчаным у шматлікіх таямніцах і задавальненнях. Доўга гуляла яна з Сідхартхам, спакушала яго, падпарадкоўвала, адрынала, радавалася яго майстэрству, і ён быў пераможаны, ляжаў побач з ёю.