Сідхартха
Герман Гесэ
Выдавец: Логвінаў
Памер: 100с.
Мінск 2007
Гетэра схілілася над ім, доўга глядзела ў яго твар, у яго стомленыя вочы.
— Ты ■— найлепшы палюбоўнік, — сказала яна, паразважаўшы, — якога я ведаю. Ты мацней за іншых, больш гнуткі, пажадлівы. Добра навучыўся ты майму мастацтву, Сідхартха. Калі стану старэй, хацела б мець ад цябе дзіця. Але ты, мой каханы, застаўся саманам, усё яшчэ не кахаеш мяне, не любіш нікога. Ці не так гэта?
— Можа, і так, — сказаў стомлены Сідхартха. — Я такі, як і ты. I ты таксама не кахаеш. Як іначай магла б займацца каханнем як мастацтвам? Людзі нашага гатунку, напэўна, не могуць кахаць. Людзідзеці могуць. Гэта іх таямніца.
Сансара
Доўгі час жыў Сідхартха светам асалоды, якому ён не належаў. Пажады, якія ён знішчыў за гады саманства, зноў абудзіліся, ён пакаштаваў багацце, пакаштаваў асалоду, пакаштаваў уладу, і ўсё ж у сэрцы ён доўгі час заставаўся саманам, і гэта пазнала Камала, мудрая. Мастацтва думкі, чакання, пасту з’яўляліся стрыжнем яго жыцця, усё яшчэ людзі свету, людзі-дзеці заставаліся яму чужымі, як і ён быў ім чужы.
Беглі гады, у дастатку Сідхартха ледзь заўважыў гэтую імклівасць часу. Ён зрабіўся багатым, даўно меў свой уласны дом, і служак, і сад за горадам на беразе ракі. Людзі любілі яго, прыходзілі да
яго, калі патрэбная была парада ці грошы, але ніхто не быў такім блізкім, як Камала.
Высокае, светлае абуджэнне, якое ён перажыў на вяршыні сваёй юнацкасці, у дні пасля прамоваў Гатамы, пасля развітання з Гавіндам, напружанае чаканне, ганарлівая адцура ад вучэнняў і настаўнікаў, жвавая гатоўнасць пачуць ва ўласным сэрцы боскі голас паступова ўспамінамі адыходзілі ў мінулае; далёка і ціха цурчэла светлая крыніца, якая аднойчы была блізка, якая аднойчы шумела ў ім самім. Шмат чаму навучыўся ён у саманаў, у Гатамы, ад свайго бацькі-брахмана, доўгі час заставаўся ў яго існасці: размеранае жыццё, радасць у разважаннях, часіны медытацый, таемныя веды пра сябе, пра вечнае «Я», якое не ёсць у целе, у свядомасці. Многае з гэтага засталося, але пакрысе знікала і пакрывалася пылам. Як ганчарны круглік, аднойчы запушчаны, яшчэ доўга круціцца, а потым, стаміўшыся, спыняецца, так і ў душы Сідхартхі кружыўся круглік аскезы, круглік разважанняў, круглік распазнанняў — доўга кружыўся, усё яшчэ кружыўся, але павольна і дрыготка набліжаўся да спакою. Павольна, як вільгаць праточваецца ў камель памерлага дрэва, павольна напаўняе яго і робіць з яго пацяруху, так Свет і запаволенасць пратачыліся ў душу Сідхартхі, павольна запоўнілі яе, зрабілі яе цяжкай, зрабілі яе лянівай, усыпілі яе. Затое абудзіліся яго пачуцці, многаму яны навучыліся, многае спазналі.
Сідхартха навучыўся весці гандаль, карыстацца ўладаю над людзьмі, атрымоўваць асалоду ад кабеты, ён навучыўся насіць гожую вопратку, загадваць служкам, купацца ў лазенцы з духмяным водарам. Ен навучыўся пяшчотна і выкшталцона есці прыгатаваныя стравы — дзічыну, і рыбу, і птушку, карэнні і ласункі, і піць віно, якое рабіла нерухомым і няпомным. Ён навучыўся гуляць у косці і на шахматнай дошцы, пазіраць на танцорак, вандраваць у насілках, спаць на мяккім ложку. Але ўсё яшчэ адчуваў ён сваё адрозненне і перавагу над іншымі, заўсёды яшчэ глядзеў на ўсіх з кпінамі, з кплівай пагардай, менавіта пагардай, з якой пазірае саман на людзей свету.
Калі Камасвамі хварэў, калі злаваўся, калі адчуваў сябе пакрыўджаным, калі надакучваў сваімі купецкімі турботамі — заўсёды глядзеў Сідхартха на ўсё з усмешкай. Толькі паступова і незаўважна рабілася яго ўсмешка больш стомленай разам з адыходзячымі ў мінулае перыядамі жніва і дажджу, пачуццё перавагі прыціхла. I паступова сярод сваіх узрослых багаццяў адчуў ён у сабе нешта ад людзей-дзяцей, нешта ад дзяцінасці і ад іх пужлівасці. Але ён зайдросціў яшчэ ім, зайздросціў больш, калі рабіўся падобным да іх. Ён зайздросціў толькі аднаму, што не хапала яму і што мелі яны: зайздросціў паважнасці, якую яны надавалі свайму жыццю, жарсцям радасцяў і жахам, баязліваму, але салодкаму шчасцю іх вечнай улюбёнасці. У саміх сябе, у кабет, у сваіх дзяцей, у пашану і грошы, у планы і спадзяванні былі ўлюбёныя гэтыя людзі. Але Сідхартха не навучыўся гэтаму ў іх, менавіта гэтай дзіцячай весялосці і дзіцячай дурасці; ён навучыўся ў іх якраз непрыемнаму, чым грэбаваў сам. Усё часцей здаралася, што ён раніцай пасля бурлівага вечара заставаўся доўга ляжаць і адчуваў дурным сябе і стомленым. Здаралася, што ён рабіўся злым, нястрыманым, калі Камасвамі назаляў яму сваімі турботамі. Здаралася, што занадта гучна смяяўся, калі прайграваў у косці. Яго твар яшчэ быў больш разумны і духоўны, чым іншыя, але ўсміхаўся радзей і прымаў адну за другой рысы, якія часта знаходзіш на тварах багатых людзей, рысы незадаволенасці, хваравітасці, дурнога настрою, трагічнасці, бяздушнасці. Павольна апанавала ім душэўная хвароба багатых.
Быццам вэлюмам, быццам танюткім туманам ахінала стомленасць Сідхартху — павольна, кожны дзень ўсё грунтоўней, кожны месяц усё змрочней, з кожным годам цяжэй. Як з часам новае адзенне робіцца старым, страчвае.з часам свае гожыя фарбы, збірае плямы, складкі, адрываецца абора, то тут, то там праціраецца і пачынае ірвацца — так і жыццё Сідхартхі, якое ён распачаў пасля развітання з Гавіндам, страціла з гадамі фарбу і глянец, аселі на ім зморшчыны і плямы, схаваліся ўнутры, павылазілі паскудна то ў адным, то ў другім месцы, чакалі яго агіда і расчараванне. Сідхартха не заўважаў гэтага.
Ён заўважыў толькі, што светлы і бяспечны голас яго ўнутранага, які аднойчы прачнуўся ў бліскучыя гады і накіроўваў яго, цяпер змоўк.
Ім апанаваў гэты свет — слодыч, пажада, мітусня і пад канец нізкая жарсць, якую лічыў найдурнейшай, якой грэбаваў — прагнасць. Таксама маёмасць, уладанне і багацце апанавалі ім канчаткова, больш не былі яму гульнёй і драбніцай, зрабіліся ланцугамі і цяжарам. Дзіўным і смешным шляхам трапіў Сідхартха ў гэтую апошнюю і агідную залежнасць, праз гульню ў косці. 3 таго часу, кінуўшы ў сэрцы быць саманам, пачаў Сідхартха гульню на грошы і каштоўнасці, у якой раней удзельнічаў з усмешкаю і без цікавасці, як па звычаі людзей-дзяцей; цяпер гуляў з раз’юшанасцю і азартам. Ён быў страшэнным гульцом; мала хто адважваўся гуляць з ім, высокімі і неабдумнымі былі стаўкі. Ён захапляўся гульнёю па памкненні свайго сэрца, пройгрыш і растрата грошай чынілі яму злую радасць; больш ніяк не мог ён выказаць выразней і здзеклівей сваё грэбаванне багаццем — ідалам купцоў. Так гуляў ён далей, не шкадаваў сябе, ненавідзеў сябе, пасміхаўся з сябе, выйграваў тысячы і прайграваў тысячы, прайграваў грошы, прайграваў украсы, прайграваў дом, выйграваў зноў і зноў прайграваў. Гэты жах, гэты пужлівы і ліпкі жах перад ходам на высокую стаўку — гэты жах ён любіў, спрабаваў паўтарыць яго яшчэ, яшчэ ўзмацніць, бо толькі ў гэтым пачуцці знаходзіў нешта падобнае да шчасця, нешта, што ап’яняла, нешта падобнае да ўзвышанага жыцця пасярод свайго сытага, лянівага, аднабокага існавання. I пасля кожнага вялікага пройгрышу даводзілася здабываць новыя багацці, ён раўніва браўся за гандаль, прымушаў строгасцю да аплаты сваіх даўжнікоў, бо жадаў гуляць далей, жадаў далей растрачваць, паказваць далей сваю пагарду да багацця. Сідхартха страціў абыякавасць да пройгрышаў, страціў цярпенне да даўжнікоў, страціў дабрадушша да бедных, страціў цікавасць да раздорванняў і пазыкаў тым, хто прасіў. Ён, які прайграваў за адзін кідок дзесяць тысяч і які смяяўся пры гэтым, зрабіўся ў гандлі суровым і дробязным, а часам па начах бачыў грошы ў сне! I хаця часцяком
заўважаў у люстэрку ў спачывальні, што твар зрабіўся больш брыдкім і старым, і хаця часта ім апаноўвалі сорам і агіда — ён зноў імкнуўся ў аглушальную стыхію асалоды і віна, каб зноў вынырнуць між імкненняў, мітусні і прыбытку. У гэтым бессэнсоўным колазвароце Сідхартха бег стомленым, пастарэлым, хворым.
Але быў аднойчы яму сон. Вечарам ён быў у Камалы, у яе прыгожым садзе ўцех. Яны сядзелі пад дрэвамі, размаўлялі, і Камала, паразважаўшы, прамовіла словы — словы, за якімі хаваліся самота і стома. Пра Гатаму папрасіла яна распавесці і не магла наслухацца, якімі празрыстымі былі яго вочы, якімі ціхімі і прыгожымі былі яго вусны, якой прыгожай была ўсмешка, размераная хада. Доўга распавядаў ён Камале пра Узвышанага Буду, а Камала, пазяхнуўшы, сказала:
— Калі-небудзь, магчыма, гэта будзе хутка, пайду следам я за гэтым Будам, я падарую яму свой сад уцех, далучуся да яго вучэння.
Але потым яна павабіла Сідхартху, і ў любошчах, у памкненні хваравітай жарсці, прыцягнула да сябе праз пацалункі і слёзы, быццам жадала выціснуць апошнія кроплі з імклівай, мінуючай жарсці.
Ніколі Сідхартху не рабілася так дзіўна зразумелым, якія блізкародныя асалода і смерць. Потым ён лёг на яе бок ложку, тварык Камалы быў побач з ім, і пад яе вачыма і ў куточках яе вуснаў, як ніколі, прачытаў Сідхартха пужлівы надпіс, надпіс тонкіх лініяў, якія нагадвалі пра восень і старасць, таксама Сідхартха, якому было сорак гадоў, то тут, то там знаходзіў сівізну ў сваіх валасах. Стома была напісана на твары прыгожай Камалы, стома хады па доўгім шляху, на якім не было радаснай мэты, стома пачатага затхнення, і схаваная, яшчэ не выказаная, магчыма яшчэ ні разу не асэнсаваная трывога: боязь перад старасцю, боязь перад восенню, боязь перад непазбежнасцю смерці. 3 уздыхам развітаўся з Камалай, душа была поўная тугі і патаемнай трывогі.
Потым Сідхартха правёў ноч у сваім доме з танцоркамі за чаркай віна, па звычцы паказваючы перавагу, якой больш не было, выпіў шмат, далёка
за поўнач даплёўся да ложку — стомлены і адначасова ўзбуджаны, набліжаны да плачу і адчаю, дарэмна спрабаваў заснуць; сэрца поўнілася бядою, якую ён болей, думаў, не вытрывае, поўнілася сэрца агідай, адчуваў, як працінала яго наскрозь нешта, як цёплы, супярэчлівы водар віна і задужа салодкая, пустая музыка і вельмі спагадлівыя ўсмешкі танцорак, да якіх прымешваўся задужа салодкі водар іх валасоў і смочак. Але больш, чым ад усіх, было агідна ад сябе, ад сваіх духмяных валасоў, ад водару віна з рота, ад санлівай стомы і старасці ўласнай скуры.
Як той, хто шмат з’еў ці выпіў, ванітуе ў пакутах і адчувае потым аблягчэнне, так і ён жадаў сабе бяссоннаму ў нейкай нечаканай ваніце вызваліцца ад гэтых асалодаў, гэтых звычак, гэтага суцэльна бессэнсоўнага жыцця і сябе самога.