• Часопісы
  • Сідхартха  Герман Гесэ

    Сідхартха

    Герман Гесэ

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 100с.
    Мінск 2007
    24.3 МБ
    Цяпер здагадаўся Сідхартха, чаму ён — брахман — адрэшнікам дарэмна змагаўся з уласным «Я». Зашмат ведаў замінала яму, зашмат святых вершаў, зашмат правілаў ахвярапрынашэння, зашмат каст, зашмат учынкаў і памкненняў! Ён быў поўны фанабэрыі, лічыў сябе заўсёды найразумнейшым, заўсёды самым старанным, заўсёды на крок наперадзе ад усіх, заўсёды глыбей ведаў і адчуваў. У гэтай духоўнасці, у гэтай фанабэрыі, у гэтай святасці хавалася яго «Я», там учэпіста сядзела і ўзрастала, у той час, як ён хацеў знішчыць яго праз пост і адрэшніцтва. I зараз ён бачыў, што патаемны голас меў рацыю, што ніводны настаўнік не прынясе збаўлення. Таму Сідхартха мусіў ісці ў свет, знікнуць у задавальненнях і ўладзе, жанчынах і грашах, мусіў стаць гандляром, гульцом у косці, п’яніцам і карысліўцам, пакуль у ім не памёр святар і саман. Таму мусіў ён далей трываць гэтыя абрыдлыя гады, трываць агіду, пустэчу, бяссэнсіцу спустошанага і страчанага жыцця да канца, да горкага адчаю, пакуль палюбоўнік Сідхартха, карысліўца Сідхартха не памрэ. Ён памёр, новы Сідхартха абудзіўся ад сну. Таксама і ён стане старым, таксама памрэ, зменлівым быў Сідхартха, зменлівым было кожнае стварэнне. Але сёння ён быў дзіцем, новы Сідхартха, і быў поўным радасці.
    Так думаў ён з усмешкай, прыслухоўваўся да свайго страўніка, слухаў удзячна гудзенне пчолак. Радасным глядзеў у плынь ракі, ніколі так не падабалася яму вада, як гэтая, ніколі ён не ўспрымаў так голас і гульню хваляў, так гожа і моцна. Яму здавалася, нешта асаблівае хоча сказаць яму рака, нешта, што ён не ведаў, што яшчэ чакала яго. У гэтай рацэ Сідхартха хацеў патануць, у ёй патануў стары, стомлены, адчайны Сідхартха. Але новы Сідхартха адчуваў моцную любоў да гэтай плыні і вырашыў, што не хутка пакіне яе.
    Чаўняр
    «На гэтай рацэ хачу я застацца, — думаў Сідхартха. — Тая рака, праз якую аднойчы пераплыў на шляху да людзей-дзяцей, ветлівы чаўняр мяне перавёз, да яго жадаю ісці, з яго хаціны пачаўся мой шлях у новае жыццё, якое пастарэла і памерла, — няхай мой цяперашні шлях, маё цяперашняе, новае жыццё возьме адсюль свой пачатак!»
    3 пяшчотай зірнуў Сідхартха на хуткацечную плынь, сакавітую зеляніну, у крыштальныя лініі яе патаемнага малюнку. Ён бачыў, як з глыбіні з’яўляліся перліны святла, бязмоўныя павевы ветрыка праплывалі над люстрам, і блакіт нябёсаў люстраваўся ў ім. Тысячай вачэй пазірала рака на яго: зялёнымі, белымі, крыштальнымі, нябесна-блакітнымі. Як любіў ён гэтую плынь, як кранала яна яго, як ён ёй удзячны! У сэрцы чуў голас, які зноў абудзіўся і казаў яму: «Любі гэтую плынь! Заставайся з ёю! Вучыся ад яе!» О так, Сідхартха хацеў вучыцца ад яе, хацеў слухаць яе. Хто зразумее плынь і яе таямніцы, так здавалася яму, зразумее і іншае, многія таямніцы, усе таямніцы.
    3 таямніц ракі ўбачыў ён сёння толькі адну, якую зразумела яго душа. Ён бачыў: плынь мкнула і мкнула, заўсёды мкнула яна, але заставалася тут, была заўсёды і ва ўсе часы аднолькавай і кожнае імгненне новай! О, хто авалодае гэтым, хто зразумее! Ён не разумеў і не авалодваў гэтым, адчуваў абуджэнне загадак, далёкіх успамінаў, боскіх галасоў.
    Сідхартха ўзняўся, невыносным было адчуванне голаду ў целе. Далей пайшоў ён, па берагавой сцежачцы, насуперак плыні, прыслухоўваўся да хваляў, да буркатання страўніка ў сваім целе.
    Калі дайшоў да пераправы, човен быў падрыхтаваны, і той самы чаўняр, які перавозіў яго праз раку, стаяў у чоўне, Сідхартха яго пазнаў, хоць таксама ён вельмі пастарэў.
    — Ці не пазнаеш ты мяне? — спытаў Сідхартха.
    Чаўняр здзівіўся, што такі шаноўны чалавек вандраваў адзін і пешкі, узяў яго ў човен і паплыў.
    — Слаўнае жыццё абраў ты сабе, — казаў госць. — Гэта цудоўна, жыць ля гэтай вады, плаваць па ёй.
    3 усмешкай кіўнуў грабец:
    — Цудоўна, спадар, ты добра заўважыў. Але хіба не кожнае жыццё, не кожная праца цудоўная?
    — Магчыма, і так, але табе я зайздрошчу і тваёй працы.
    — Ах, ты хутка страціш усялякую прагу да яе. Гэта не для людзей у файным адзенні.
    Сідхартха засмяяўся:
    — Сёння разглядалі ўжо мяне з-за адзення, разглядалі з недаверам. Ці не жадаеш, чаўняр, маё адзенне, якое мне абрыдла, прыняць ад мяне? Мусіш ведаць, у мяне няма грошай, каб заплаціць табе за пераправу.
    — Спадар жартуе, — засмяяўся чаўняр.
    — Я не жартую, дружа. Глядзі, ты мяне раз ужо перавозіў за боскую ласку. Зрабі так і сёння, вазьмі маё адзенне.
    — А спадар будзе падарожнічаць без адзення?
    — Ах, лепей за ўсё я б і не падарожнічаў. Было б лепей, чаўняр, калі б ты мне даў стары фартух і ўзяў сваім памочнікам, а яшчэ лепей вучнем, бо спачатку трэба мне навучыцца, як кіраваць чоўнам.
    Доўга разглядаў чаўняр чужынца.
    — Цяпер пазнаў я цябе, — прамовіў ён урэшце. — Аднойчы ты начаваў у маёй хаціне, даўно гэта было, больш за дваццаць год прайшло, перавёз цябе праз раку, і мы развіталіся як добрыя сябры. Ці не быў ты саманам? Імя тваё я не прыгадаю.
    — Мяне зваць Сідхартха, і быў я саманам, калі апошні раз бачыў ты мяне.
    — Вітаю цябе, Сідхартха. Мяне зваць Вазудэва. Ты будзеш, спадзяюся, госцем маім, і заначуеш у маёй хаціне, і распавядзеш мне, адкуль ты прыйшоў, і чаму так абрыдла табе тваё адзенне.
    Абодва выплылі на сярэдзіну ракі, і Вазудэва падналёг на вясло, каб плыць супраць плыні. Павольна веславаў ён на карме чоўна магутнымі рукамі. Сідхартха сядзеў і глядзеў на яго і ўзгадваў, як ужо аднойчы ў той апошні дзень свайго саманства ў яго сэрцы ўспыхнула прыязнасць да гэтага чалавека. Удзячна прыняў ён запрашэнне Вазудэ-
    вы. Калі яны даплылі да берага, дапамог Сідхартха чаўняру прывязаць да калочка човен, потым чаўняр запрасіў Сідхартху ўвайсці ў хаціну, прапанаваў плады манга, хлеб і ваду, і Сідхартха паеў з асалодай.
    Потым яны прыселі на камель, на беразе, сонца заходзіла за далягляд, і Сідхартха распавёў чаўняру пра сваё паходжанне і сваё жыццё, як бачылася яно яму сёння, у тую часіну адчаю. Да глыбокай ночы цягнуўся яго аповед.
    Вазудэва слухаў з вялікай цікавасцю. Усё цікавіла яго: паходжанне і дзяцінства, навучанне, бясконцы пошук, усе радасці, усе нястачы. Гэта была адна з вялікіх дабрачыннасцяў чаўняра: ён умеў слухаць. Ён не казаў ні слова, апавядальнік адчуваў, як Вазудэва ўспрымаў яго словы: ціха, шчыра, з чаканнем, ніводнага не прапусціць, ніводнага не чакаў з нецярпеннем, не даваў пры гэтым пахвалы і асуджэння, толькі слухаў.
    Сідхартха зразумеў, якое шчасце мець такога слухача, давяраць яго сэрцу сваё ўласнае жыццё, свой уласны пошук, свае ўласныя пакуты.
    Пад заканчэнне Сідхартхавага аповеду, калі казаў пра дрэва на рацэ і сваё глыбокае падзенне, пра святы ОМ і нечаканую любоў да ракі, чаўняр слухаў яго з падвойнай уважлівасцю, цалкам паглыбіўся ў аповед з заплюшчанымі вачыма.
    Але, калі Сідхартха замаўчаў і запанавала доўгая цішыня, Вазудэва прамовіў:
    — Так яно і ёсць, як я думаў. Рака размаўляла з табой. Таксама табе яна сяброўка, таксама з табой размаўляе яна. Гэта добра, гэта вельмі добра. Заставайся са мной, Сідхартха, мой дружа. У мяне была жонка, ложак яе быў побач з маім, але яна даўно памерла, доўга жыў я адзін. Дык жыві ты са мной, месца і ежы хопіць абодвум.
    — Дзякую табе, — сказаў Сідхартха. — Дзякую табе і згаджаюся. Дзякую табе, Вазудэва, што так доўга і ўважліва слухаў мяне! Рэдкія людзі, якія разумеюць пачутае, але нікога не сустракаў, якія б разумелі, як ты. Таксама гэтаму буду вучыцца я ў цябе.
    — Ты будзеш вучыцца, — сказаў Вазудэва. — Але не ад мяне. Слухаць мяне навучыла рака, гэта-
    му навучышся і ты ад яе. Яна ведае ўсё, усяму можна навучыцца ад яе. Глядзі, ты ўжо навучыўся ад вады, што добра імкнуцца ўніз, апускацца, шукаць глыбіні. Багаты і шаноўны Сідхартха зрабіўся весляром, мудры брахман Сідхартха зрабіўся чаўняром — нават гэта табе сказала рака. Ты будзеш вучыцца ад яе іншаму.
    Казаў Сідхартха пасля доўгага перапынку:
    — Чаму іншаму, Вазудэва?
    Вазудэва ўзняўся.
    — Ужо позна, — сказаў ён. — Давай пойдзем спаць. Я не магу сказаць «іншага», о дружа. Ты навучышся гэтаму, магчыма, ты ўжо гэта і ведаеш. Бачыш, я не вучоны, не ўмею гаварыць, не ўмею думаць. Я ўмею толькі слухаць і шанаваць боскае, больш нічому не навучыўся я. Калі б я змог гэта выказаць ці навучыць, быў бы, напэўна, мудрацом, але я толькі паромшчык, задача мая ў тым, каб перавозіць людзей праз раку. Многіх я перавёз — тысячы, і для ўсіх мая рака была толькі перашкодай у паездцы. Яны ездзілі па грошы і справы, на вяселлі, да святыняў, а на шляху была рака, і тут быў чаўняр, каб перавезці праз перашкоду. Але мала хто з тысяч, вельмі мала, чацвёра ці пяцёра, для якіх яна перастала быць перашкодай, чулі ейны голас, яны слухалі яго, і рака рабілася ім святой, як і мне. Хадзем адпачываць, Сідхартха.
    Сідхартха застаўся ў чаўняра і вучыўся кіраваць чоўнам, а калі няма было чаго рабіць на пераправе, працаваў на рысавым полі, збіраў дровы, зрываў з дрэваў бананы. Ён вучыўся цяслярыць вёслы, вучыўся рамантаваць човен, плесці кошыкі і радаваўся ўсяму, чаму навучыўся, а дні і месяцы праляталі незаўважна. Але больш, чым мог навучыць Вазудэва, вучыла яго рака. Ад яе навучаўся ён несупынна. Перш за ўсё ён навучыўся ад яе слухаць, слухаць са сцішаным сэрцам, з чакаючай, адкрытай душой, без жарсці, без жадання, без павучэнняў, без меркаванняў.
    Радасна жыў ён у Вазудэвы, зрэдку абменьваліся яны словамі, якія грунтоўна абдумвалі. Вазудэва не быў ахвотнікам да слоў, зрэдку ўдавалася Сідхартху разгаварыць яго.
    — Ты, — спытаў Сідхартха яго аднойчы, — ты таксама навучыўся ад ракі гэтай таямніцы, што няма часу?
    Твар Вазудэвы асвяціла ўсмешка.
    — Так, Сідхартха, — казаў ён. — Гэта якраз што ты думаеш, што рака ўсюды аднолькавая, у вытоку, ля вусця, ля вадаспада, ля пераправы, на быстрыцы, на моры, у гарах, паўсюль аднолькавая, і што для яе ёсць толькі сучаснасць і ніякіх шатаў будучыні.
    — Так, — адказаў Сідхартха. — I калі я вучыўся гэтаму, зірнуў на сваё жыццё, і яно было ракой, і быў хлапчук Сідхартха. Ад мужчыны Сідхартхі і ад старога Сідхартхі яго аддзялялі шаты, несапраўднае. I былыя нараджэнні Сідхартхі не былі мінулым, а яго смерць і вяртанне да Брахмы — не будучыня. Нічога не было, нічога не будзе: усё існуе, усё мае існасць і сучаснасць.
    Сідхартха гаварыў усхвалявана, і гэтае прасвятленне рабіла яго шчаслівым. О, ці не скончыўся час пакутаў, ці не скончыўся час самамучэння і самабоязі, ці не скончылася ўсё цяжкое, усё варожае ў свеце, не было пераадолена, калі пераадолены час, час быў адрынуты? Усхвалявана казаў ён. Але Вазудэва ўсміхаўся яму прамяніста і ківаў у знак згоды; моўчкі кіўнуў ён, тузануў Сідхартху за плечы і вярнуўся да працы.