Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
Таму, калі Геуле было дрэнна, яна спярша круцілася па Захадзе, а ўжо потым утыкалася ў Кастусёва плячо — паплакаць.
Кастусь плячо падстаўляў заўсёды. Падставіў і цяпер. I Гэля нарэшце выплакала з сябе дурняў аднакласнікаў, сваю ідэю больш ніколі не хадзіць у школу і тое, што стасункі з маці сапсаваліся і жыццё ўвогуле страціла сэнс. Кастусь моўчкі гладзіў яе па галаве, а потым, калі слёзы скончыліся, пайшоў па свежую гарбату.
Геуле стала лягчэй настолькі, што яна пачала заўважаць навакольны свет. Яна паднялася, каб закрыць Кастусёў ноўтбук, які безупынна «квакаў» новымі паведамленнямі, і скамянела.
Кастусь у гэты самы момант на кухні перапісваўся з нейкай Алесечкай. Яны дамаўляліся сустрэцца ўвечары. Алесечка фліртавала, абяцала, што ўвечары будзе дома адна, і сумавала, што Кастусь кінуў яе нудзіцца ў школе.
I Гэля сышла. I думала пра тое, што сюды, відаць, таксама ніколі не вернецца.
★ ★ ★
Толькі Альбіна адчыніла дзверы ў дом, як яе ледзь не знёс Кастусь. Ад яго патыхала ядранай туалетнай вадой.
— Ты куды? — строга спытала маці, загароджваючы выхад.
— У мяне справы! Пусці!
— Калі ты да Гэлі, дык май на ўвазе, што...
— Ды адчапіся ты са сваёй Гэляй, — сказаў сын. — Яна неадэкватная...
Лагодна сказаў, без злосці. Гэта непакоіла.
— Яна — твая дзяўчына! Ці мала што паміж вамі было...
I зноў Кастусь не даў дагаварыць.
— Ды нічога не было. I не будзе. Яна дурніца ненармальная. Патэлефанавала сёння, захацела сустрэцца. Ну, я думаў, выбачацца будзе за сябе... і псіха свайго. А яна мне на жыццё скардзіцца пачала.
— I ты, вядома ж, — уздыхнула мама, — зноўку нешта недарэчнае ляпнуў.
— Ды маўчаў я! — Кастусь усё ж такі пачаў злавацца. — А потым па гарбату для яе пайшоў. Вярнуўся — а яе няма. Ну скажы, мам, яна нармальная?
— У яе проста цяжкі перыяд! — Альбіна спрабавала казаць пераканаўча. — Цяпер яе можа каўбасіць!
— Можа, — пагадзіўся Кастусь. — Толькі без мяне, добра? Слухай, пасунься ўжо, га? Мяне чакаюць!
Альбіна пасунулася. Кастусь збег, зносячы з сабою пахкі шлейф. Альбіна ўвайшла ў вітальню, села на пуфік і доўга так сядзела, утаропіўшыся ў сцяну.
* * *
Ян пачаў трохі стамляцца ад свайго расліннага жыцця. Ад манітора рэзала вочы, бакі ад доўгага ляжання забалелі. Спрабаваў чытаць «Трох мушкецёраў», якіх падарылі яшчэ на Новы год. Адолеў старонак дзесяць, потым не вытрымаў, стаў прагортваць, каб даведацца, чым скончацца ўсе гэтыя гутаркі і дуэлі. А яшчэ котка — варта было толькі прачыніць дзверы, як яна прабіралася ў пакой і ўзлятала на шафу, адкуль сцягнуць яе не было ніякай магчымасці.
Дайшло да таго, што вырашыў падумаць пра ролікі для таты. Накідаў з дзясятак ідэй. Усе былі быццам і неблагія, але чамусьці не чаплялі. Ян збіраўся ўжо махнуць рукой на гэтую задуму і паспрабаваць знайсці ў сеціве кіно, якое яшчэ не бачыў, калі патэлефанаваў бацька.
— Ну што, працуеш? — спытаў ён адрывіста (напэўна, паралельна рабіў нешта тэрміновае).
— Ага, — адказаў Ян, не ўдаючыся ў дэталі.
— Сёння ўвечары пакажаш! — закамандаваў тата і адключыўся.
Ян уздыхнуў, усталяваў камеру і ўтаропіўся ў спіс ідэй. Цяпер яму не падабалася аніводная.
Згадаў пра дзіўную татаву прыдумку з тостамі ў цеплавентылятары і вырашыў паспрабаваць.
Увечары бацька зазірнуў у Янаў пакой і міжволі прысвіснуў з павагай.
— Уга!
Ян агледзеўся. Апроч звыклага непарадку, вакол валяліся «паўфабрыкаты» творчасці: некалькі тостаў (адзін надкусаны), паўздзьмутыя балёнікі, фігуркі лега, пакамечаныя папяровыя жоравы. Перад цеплавентылятарам на стале грувасціўся недабудаваны лінкар.
— Працую, — паныла патлумачыў Ян.
— Бачу, — бацька пашукаў вачыма, куды сесці, і застаўся стаяць. — Давай паказвай. «БАТЭ» праз паўгадзіны гуляе.
— Што паказваць?
— Здзекуешся? — здзівіўся тата. — Ты ж цэлы дзень працаваў! Вынік дзе?
— Ну... — Ян абвёў рукой пакой. — Bo... I яшчэ во!
Ён працягнуў бацьку некалькі спісаных аркушаў. Той паспрабаваў разабрацца ў абрывістых запісах, уздыхнуў і спытаў:
— Але ж ты памятаеш, што дэдлайн заўтра?
— Чаго? — не зразумеў сын.
— Дэдлайн. Смяротная лінія. Апошні тэрмін.
— Ды зраблю я ўсё! — узлаваўся Ян. — Калі замінаць не будзеш...
— Кепскаму танцору... — тата абарваў сябе і сышоў, ляпнуўшы дзвярыма мацней, чым трэба.
Ян з нянавісцю зірнуў на касцяк лінкара і ўзяўся яго даломваць.
* * *
«У мяне такое адчуванне, быццам свет наўкол пачаў мігцець. Толькі ўчора ён быў сапраўдны. Трывалы. А цяпер усё нібы знікае, нібы выпараецца».
Геула набрала гэтыя радкі і ўтаропілася ў экран. Ніколі яшчэ яна не зневажала сябе публічнымі споведзямі, але ў яе проста не было іншых ідэй. Сядзець і плакаць? Нажэрціся пірожных? Слёз не было, салодкага Геула не ела. Калі б маці працавала, Гэля занялася б упрыгожваннем пары соцень капкейкаў. Калі б яна магла патэлефанаваць Яну, яны разам знялі б што-небудзь вясёлае.
«Мне здаецца, нібы пад нагамі багна. Яна засмоктвае мяне, я ўжо па калені ў жыжцы, а ўсе стаяць наўкол і смяюцца. С. намагаецца не глядзець. П. гатовы выліць на мяне вядро бруду. А. з радасцю яму дапаможа, а тыя, каго я любіла, яны ўсе недзе далёка-далёка. К. на спатканні з дзяўчынай, яны там займаюцца сэксам, бо яна не дурніца. Я., пэўна, гуляе і не згадвае пра мяне, а мама...»
На кухні нешта грымнула.
Геула пайшла паглядзець, што здарылася, і заспела бледную маці, разбіты кубачак на падлозе, а пры стале па-вайсковаму падцягнутага маладога чалавека.
— Сяргей Анатолевіч, — назваўся ён Геуле. — Я рады, што мы дасягнулі паразумення, мне было вельмі прыемна пазнаёміцца.
Геула паглядзела на маці, тая стаяла з каменным тварам.
— Дзякуй за каву, але я пайду, усяго добрага!
Маці не варушылася, і Гэлі давялося правесці маладога чалавека да дзвярэй.
— Хто гэта быў? — пацікавілася яна.
— Следчы, — сказала маці.
— I што зараз будзе? — спытала Гэля.
Маці паказала ёй паперку, на якой было напісана «1000».
— Што гэта? — здзівілася Гэля.
— Пэўна, даляры, — глуха адказала маці.
— Ты будзеш плаціць?
Маці пацепнула плячыма.
— У мяне няма гэтых грошай.
I Гэля падумала, што ў багне не толькі яна, што побач з ёю маці. I тонуць яны разам.
* * *
Ян амаль скончыў місію, калі па плячы паляпалі.
Ян сцепануўся і сцягнуў навушнікі.
— Я стукаў, — сказаў бацька, — але ты не чуў. Мантаж ролікаў, я так разумею, ужо зроблены?
— Ну-у-у... — прастагнаў Ян, скасавурыўшыся на экран, дзе ягоны танк уздрыгваў ад трапных удараў.
— Ты здзекуешся? — абурыўся тата. — Заўтра трэба вынік паказваць, а ты тут у вайнушку гуляеш? Зараз жа рабі мантаж!
— Ды няма з чаго мантаж рабіць, — прызнаўся Ян, назіраючы, як нямецкая самаходка ператварала ягоны «ІС»* у друшляк. — Я не зняў нічога.
Бацька ўзлавана тыцнуў у кнопку манітора і павярнуў сына разам з крэслам тварам да сябе.
* Савецкі цяжкі танк; абрэвіятура азначае «Іосіф Сталін».
— Спадзяюся, гэта такі жарт? — спытаў ён.
Ян глядзеў у падлогу.
— Зразумела, — уздыхнуў тата. — Зрэшты, я так і думаў.
Бацька выйшаў, вельмі акуратна зачыніўшы за сабою дзверы. Яну было сорамна, як у той дзень, калі ён — другакласнік! — насікаў ноччу ў ложак. На яго тады таксама не сварыліся, але пачуццё ён запомніў назаўсёды.
Ян уключыў манітор, выйшаў з гульні і пачаў ліхаманкава далучаць камеру да кампа. USB уставіў правільна толькі з пятага разу — рукі трэсліся.
Ён пачынаў здымаць адно, кідаў, браўся за іншае. Яму дакладна не ставала Геулы. Яна б хутка спыніла ягоны мандраж: «Ян, ну ты што! Вырашылі з тостамі — значыць, давай з тостамі!» I кадр без яе не выбудоўваўся. Ян зняў некалькі тэставых запісаў, і паўсюль былі хібы то з асвятленнем, то з кампазіцыяй, а ў апошнім ён схітрыўся зрэзаць сабе паўгалавы...
Праз паўгадзіны ў дзверы пастукалі. Голас маці прамовіў:
— Там да цябе... дзяўчына.
Ян ледзь не падскочыў ад радасці. Ён нават не стаў удакладняць, чаму гэта маці называе Геулу дзяўчынай.
Але гэта была не Геула.
Гэта была Дарына.
Ян утаропіўся ў яе, нібы ў жывую мумію. Маці тактоўна зачыніла дзверы.
— Я спярша патэлефанаваць хацела, — прамармытала Дарына. — А потым зайсці вырашыла...
Ян маўчаў. Ён не разумеў, што яна тут робіць і як на яе рэагаваць.
— А ў Маскву я не еду, — уздыхнула Дарына. — Бацькі палічылі грошы і... Карацей, буду ў эканамічны паступаць... На эканамічны я дакладна балаў набяру.
— Ну... добра... — толькі і здолеў прамовіць Ян.
— А ты што робіш? — спытала Дарына, разглядаючы кампазіцыю на стале: камера, цеплавентылятар і тры крываватыя самалёцікі.
— Ролік здымаю. Рэкламны. Для бацькі.
— Супер! — Дарына ўзрадавалася крыху больш энергічна, чым належала. — Ты працуеш ужо?! 3 маіх аднакласнікаў толькі адзін зарабляе, праграмы піша...
Ян зразумеў, што ў Дарыны ўключыўся звыклы фантан слоў, і спыніў яе ўзмахам рукі.
— Так-так, усё ясна. Але ты прабач, у мяне тут праблемы.
— Сур’ёзна? А якія?
Выявілася, што Дарына ўмее не толькі балбатаць. Яна хуценька перарабіла самалёцікі — і яе аэрапланы паляцелі больш роўна, чым вырабленыя Янам пачвары. Потым яна прапанавала трохі змяніць фон. Акуратна вынесла Нору. Прычасала Яна. Вынесла Нору. Пагадзілася, што ідэя з самалёцікамі бязглуздая, а вось калі прымусіць лятаць пух... Дапамагла адагнаць котку ад разадранай пуховай падушкі. Падмяла і выкінула пух. Намалявала на балёніку пыску, якая смешна дэфармавалася пры надзіманні. Звабіла Нору з шафы кілбасой.
У выніку яны наздымалі матэрыялу няхай і не на тры ролікі, але як мінімум на адзін. Праўда, Ян адчуў, што ў ім набралася зашмат гарбаты.
— Хвіліну! — сказаў ён і выскачыў з пакоя.
Дарына агледзелася. Ёй хацелася зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае. На вочы трапіў тэлефон Яна, на якім ён выключыў гук, калі пачалі здымаць. На экране свяцілася: «Прапушчаных выклікаў — 5». Дарына не ўтрымалася і праверыла. Усе званкі ад аднаго абанента — «Геула». Дарына вагалася літаральна секунду, а потым даслала эсэмэску з шаблону: «Выбачайце, я заняты, ператэлефаную пазней».
Ян уварваўся ў пакой з талеркай, поўнай лёду з лядоўні.
— Я ўсё зразумеў! Зараз мы яго растопім! Давай хутчэй, пакуль ён сам не растаў!..
★ ★ ★
— Гэля, я знайшла выйсце! — сказала маці.
Геула сцягнула навушнікі і праміргалася. Калі вочы трохі адаптаваліся да святла, якое ўключыла маці, а вушы да цішыні, якая ўсталявалася ў яе галаве без музыкі, Гэля пацікавілася: