Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
— Ну раптам суседзі знюхаюць, скаргу напішуць...
— Мама, у цябе паранойя, — сказала Гэля, — ты столькі гадоў пячэш, і ніколі ніхто з суседзяў не скардзіўся.
— Сапраўды! — ледзь не заплакала маці. — Я столькі гадоў увогуле не думала, што такое магчыма! Але цяпер ужо ведаю!
Гэля прысела каля магільнай пліты.
— Баба Ада, — папрасіла яна цалкам сур’ёзна, — скажы ты ёй, каб не псіхавала!
Напэўна, гэта проста наляцеў вецер, але півоні калыхнуліся нераскрытымі бутонамі.
— Бачыш! — усміхнулася Гэля і зноў звярнулася да каменя: — Баба Ада, а я грошы зарабляць пачала. Невялікія пакуль... Ян пяцьдзясят даляраў аддаў... Але ён кажа, што далей будзе больш. Я малайчына?
Гэтым разам вецер дыхнуў мацней, півоні радасна загайдаліся.
Геула ўзнялася.
— Усё, мама, не хвалюйся. Неўзабаве будзеш ляжаць на канапе і чытаць кніжкі. А я буду зарабляць.
Маці выцерла слёзы тыльным бокам далоні.
На вячэру Ян выйшаў сам, маці яшчэ і паклікаць не паспела.
Плюхнуўся на крэсла і ўтаропіўся ў цукарніцу.
Маці насцярожылася, але вырашыла пытанняў пакуль не задаваць. Вялікі жыццёвы досвед падказваў, што мужчыну ў такім стане спярша трэба накарміць.
Дый у любым іншым стане.
Яна паставіла перад сынам талерку з печанай бульбай і адбіўной. Ян механічна ўзяў відэлец і пачаў есці бульбу. Маці ўзяла нож і яшчэ адзін відэлец і нарэзала адбіўную. Цяпер сын паглынаў гарнір уперамежку з мясам. Нора неўпрыкмет забралася Яну на калені і цярпліва чакала, калі ёй што-небудзь дастанецца. Маці села насупраць і падперла галаву рукой.
Калі талерка амаль апусцела, Ян зірнуў на яе і сярдзіта адсунуў.
— Цярпець не магу бульбу!
Пыса Норы асвятлілася надзеяй. Котка асцярожна пацягнулася да рэшткаў адбіўной і атрымала па лапе ручніком.
— Ну хоць мяса даеш! — папрасіла маці.
— Наеўся ўжо, — Ян адсунуў відэлец як мага далей.
— Зараз гарбаты налью.
Маці прыбрала відэлец у ракавіну. Талерку вырашыла пакуль пакінуць.
— Скажы, мама, — спытаў сын, пакуль маці важдалася з імбрыкам, — яны нармальныя?
— Хто?
— Ну гэтыя... на юцюбе! Уяві, яны мяне за парнуху заблакавалі! Ведаеш, за які ролік? Дзе я Гэльку здымаў! Я зараз пакажу, у мяне застаўся...
Ян хацеў ускочыць, але котка ўчапілася ў ягоныя калені.
— Ты скуль тут?! — Ян сярдзіта скінуў Нору на падлогу.
Маці суцяшальна паклала руку яму на плячо.
— Я бачыла ўжо. Тата паказаў учора.
Ян убачыў перад сабою кубачак гарбаты і цукарніцу з лыжкай. Насупіўся, але пачаў насыпаць цукар у кубак.
— У іх, бач ты, трыццаць дзве скаргі ад нейкіх ёлупняў! Што яны там убачылі, дурні заклапочаныя?
Маці зноў села пры стале і падрыхтавалася слухаць, але дачакалася толькі пытання:
— От скажы: дзе там парнуха?!
— Ну, — працягнула маці, — па-мойму, вельмі... пачуццёва атрымалася...
— Ды проста з мантажом пацэліў! — Ян сёрбаў гарбату вялікімі глыткамі, не адчуваючы тэмпературы. — I саўндтрэк добра лёг... Там жа не бачна нічога: ні цыц...
Ян асекся і скасавурыўся на маці, але тая зрабіла выгляд, быццам нічога не заўважыла.
— Янік, — сказала яна, — а табе Гэля падабаецца? Як дзяўчына...
— Мне?! — ад абурэння Ян ледзь не папярхнуўся гарбатай. — Гэлька? Ты што, мама?! Яна проста ў кадры добра глядзіцца... I грае ніштавата... I, зрэшты, «Сіямцюб» мы з ёй удваіх прыдумалі... Але каб падабацца?! Ды не падабаецца яна мне аніколькі! Мне ўвогуле на яе начхаць!
Ян стаў нервова хапаць з талеркі астылую бульбу, потым пад трывожным позіркам Норы ўзяўся за мяса.
— Сыне... — асцярожна пачала маці, але Ян зноў ускочыў.
— Ды годзе ўжо лезці да мяне з гэтай лухтой! «Ах, Геула!», «Ах, прыгажуня»... Ды янаўвогуле... He сімпатычная нават!
— Я не пра тое, — здолела ўставіць слова маці, — мо яшчэ бульбачкі з мясам?
— Ды не ем я тваю бульбу! — заявіў Ян. — I ўвогуле, мне кавалак у горла не лезе! I ты не лезь!
Ян забраў гарбату і ганарыста сышоў, адсунуўшы нагой котку. Маці пахітала галавой і ўзялася мыць посуд. Нора, не спяшаючыся, даядала пад сталом скрадзены кавалак адбіўной.
* * *
Геула драмала на матэматыцы і ад рэзкага груку дзвярыма ледзь не звалілася з крэсла.
— Усе памятаюць, што сёння пасля заняткаў вы едзеце на свята моладзі і вясны, — са сцвярджальнай інтанацыяй прамовіла Аксана Віталеўна.
— Чаго?! — спытаў Прысмакоў.
— Я асабіста праверу спісы, — цвёрда сказала завуч, — і нават не спадзявайцеся збегчы, кантроль будзе падвойны. I з майго боку, і з боку раённага кіраўніцтва.
— Але дождж! — шэптам паскардзіўся нехта з дзяўчат.
— He з цукру, не растанеш, — адрэзала завуч. — Гэта гарадское мерапрыемства, будзе выступленне
мастацкай самадзейнасці, конкурсы на развіццё вашых фізічных здольнасцей, установы адукацыі нашага раёна возьмуць удзел у розных спаборніцтвах...
— Аксана Віталеўна, я не магу, у мяне трэніроўка, — сказала Смірнова.
— Смірнова, у цябе заўсёды трэніроўкі! А ў нас спартыўна-масавыя мерапрыемствы, і ў мяне справаздачнасць.
— Ну дык і рабіце справаздачу, — ціха прамовіла Геула. — Навошта нас туды цягнуць?
— Хто сказаў? — раўнула завуч.
У класе павісла напружаная цішыня.
— Я разумею, што некаторым начхаць на школу, — з’едліва сказала завуч, — начхаць на тое, што ўва ўсіх нас і ў мяне асабіста будуць непрыемнасці, ім толькі б... толькі б...
Аксана Віталеўна не знайшла слоў і закашлялася.
— Я магу працягваць заняткі? — спытала настаўніца матэматыкі.
— Працягвайце, — велічна махнула рукой завуч і выйшла.
Клас злосна засыкаў ёй услед.
— Ну вы ж разумееце, — быццам просячы прабачэння, сказала матэматычка, — вы ведаеце, у якой сістэме мы жывём. На жаль, мы не здольныя яе змяніць.
— Чаму? — спытала Гэля.
— Чуеш ты, заторкніся! — закрычаў Прысмакоў. — Калі б твая мамка ад падпіскі не адмовілася, Аксана на нас не мела б зуб. «Бэшак» сваіх яна наўрад ці пад дажджом праз увесь горад пагоніць!
Клас загудзеў.
— Ды годзе вам, — прымірэнча прамовіла настаўніца, — вам карысна прагуляцца. Падыхаеце паветрам, пабачыце, як выступаюць вашы равеснікі. I да гімназіі ніхто не будзе чапляцца. Нам у наступным годзе атэстацыю праходзіць! А дождж, можа, яшчэ і скончыцца.
* * *
Але дождж быў упарты.
Як заўсёды падчас свят, да «Мінск-Арэны» прыгналі пяток аўтазакаў і некалькі дзясяткаў амапаўцаў.
— Зноўку свята на зоне, — змрочна пажартаваў нехта ў чарзе да рамкі.
На яго зашыкалі.
Амапаўцы здранцвела стаялі з каменнымі тварамі, моклі, выконваючы свой абавязак, іхнія калегі каля рамак былі больш гаваркія.
— Ваду пакінулі, ключы, тэлефоны з кішэняў павыкладалі, заплечнікі паказваем у раскрытым выглядзе...
— А вы каго ад нас ахоўваеце? — весела спытаў нехта з натоўпу.
— Пагавары мне яшчэ, — абсек змрочны міліцыянт. — Ваду пакінулі тут, я сказаў.
— Вы чагось баіцеся? — не сунімаўся жыццярадасны хлопец.
— Я нічога не баюся, — з націскам адказаў амапавец і пайграў мускуламі, нібы намякаючы.
Каб не глядзець на ягонае квадратнае падбароддзе, Гэля адвярнулася і натрапіла позіркам на дзяўчынку, якая ўсхліпвала непадалёк. Побач
з ёй стаяла валіза на колцах — памерам з палову дзяўчынкі. Геула падышла да яе, працягнула пачак сурвэтак і спытала:
— Чаго румзаеш?
— Мне на трэніроўку трэба, у мяне лёд... На мяне трэнер сварыцца будзе, калі спазнюся!
Гэля ўзяла дзяўчынку ў адну руку, валізу — у другую і пратараніла чаргу.
Чарга супраціўлялася. Усім хацелася як мага хутчэй увайсці, адзначыцца ў раённага кіраўніцтва і збегчы на фудкорт у гандлёвы цэнтр насупраць. Але Геула строга пакрыквала:
— Прапусціце! Чалавеку на трэніроўку трэба!
Народ бурчаў, але расступаўся. Гэля і фігурыстка ўперліся ў амапаўца.
— Раскрыць валізу! — закамандаваў ён.
— У мяне там канькі, у мяне трэніроўка, я спазняюся!
— Раскрыць валізу! — гыркнуў міліцыянт.
— Слухайце, у вас тут нібы спартыўнае свята, а яна акурат спортам займаецца! — не вытрымала Гэля. — Адзіная з усіх, хто тут у чарзе стаіць! Прапусціце дзіця, што вы, не чалавек?!
— Я пры выкананні! — адсек амапавец.
Дзяўчынка, размазваючы слёзы і дождж па твары, узялася расшпільваць маланку валізы.
— Я з табою пайду, скажу, каб трэнер не сварыўся на цябе, хочаш? — спытала Гэля.
Дзяўчынка заківала часта-часта.
Дождж узмацніўся, чарга заскуголіла і паціснулася ўперад.
★ ★ ★
— Дзе каву знайшла? — спытала змрочная Смірнова.
— Трэба часцей рабіць дабро, — сказала Геула. — Суцешыла малую, а малая паказала мне, дзе кавааўтамат.
На вялізнай пляцоўцы паміж двума лядовымі палацамі знаходзілася сцэна, на якой жаласна пішчалі, імітуючы спеў, пяць дзяўчат. Некалькі груп выступоўцаў не змясціліся пад павеццю. Дарослыя, якія суправаджалі іх, раскрылі над імі парасоны. Гледачоў было няшмат. Яны таксама трымаліся чародкамі, хаваючыся пад парасонамі.
Сваіх Гэля знайшла пад брылём галоўнай арэны. Твары аднакласнікаў не абяцалі нічога добрага.
— Кава? — змрочна спытаў Прысмакоў.
Далейшы ягоны спіч цалкам складаўся з мацюкоў, але Геула здолела зразумець сутнасць. Прыходзіла Аксана, усіх адзначыла, Гэлі не было, і зараз увесь клас будзе за гэта расплачвацца. Аксана сказала, што асабіста адзначыць іх яшчэ раз праз дзве гадзіны. Ці раней. I таму ўсе гэтыя дзве гадзіны яны павінны тырчаць тут і атрымліваць асалоду ад свята спорту. А Геуле зараз мала не будзе.
Гэля павярнулася і сышла. Дакладней, перад тым яна сказала нешта кшталту:
— Я нікому не дазволю размаўляць са мной такім тонам.
А потым павярнулася і сышла. Яна цьмяна памятала, што амапавец спрабаваў яе спыніць і скіраваць да выхаду праз рамку, але яна адмахнулася ад яго, пераскочыла цераз агароджу і пабегла на прыпынак.
Смартфон разрываўся. Аднакласнікі дасылалі ёй праклёны адзін за адным. Яна адключыла гук і запхнула тэлефон як мага глыбей у сумку.
* * *
У школу Ян не пайшоў. Маці патэлефанавала класнай і напляла, што ён хворы, а потым разам з бацькам сышла на працу, паабяцаўшы вярнуцца крыху раней.
Ян зачыніўся ад Норы і паспрабаваў паганяць у «Танкі», але настрою не было нават на гэта. Ён заваліўся на тахту і стаў утыкаць у тэлефон. Карцінкі і відэа мільгалі ў стужцы, ствараючы суцяшальны эфект.
Раптам мабільнік зазваніў. Ад нечаканасці Ян адказаў, не паспеўшы заўважыць, хто тэлефануе.
Гэта была Дарына.
— Янчык, — з пакаяннем у голасе прамовіла дзяўчына, — ты прабач мне. Я не хацела цябе пакрыўдзіць.