Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
— Добра, — адказаў Ян без усялякай інтанацыі.
— Ты праўда не крыўдуеш?
Праўда.
— He, — уздыхнула Дарына, — ты дакладна крыўдуеш. А давай сустрэнемся, пагутарым. Я не хачу, каб табе было дрэнна.
— Давай.
— А дзе? У нашай кавярні?
Ян зразумеў, што кудысьці выходзіць ён не ў стане.
— Я дома, — сказаў ён. — Хварэю.
— Авой, бедненькі! Гэта праз мяне? Я зараз прыеду! Табе садавіну можна? А дзе ты жывеш?..
Да прыходу Дарыны Ян хацеў быў прыбрацца ў пакоі, але абмежаваўся тым, што накінуў покрыўку на пасцель. Госця з’явілася з пакетам апельсінаў, ківі ды іншых «вітамінаў». Нора дзеля ўсяго дзеля круцілася каля ног, пакуль Дарына не наступіла ёй на хвост.
— Аёй, прабач, котачка! А ты моцна хварэеш? — сакатала Дарына, пакуль Ян вёў яе ў пакой. — Ты не заразны? А ты да ЦТ ачуняеш? Я, пакуль ехала, загугліла: гэта называецца псіхасаматыкай, калі чалавек ад хвалявання захворвае...
Ян пачынаў ужо шкадаваць, што не меў моцы адразу адмовіцца ад сустрэчы.
— Во табе вітамінкі, еш! Хочаш, я грэйпфрут абяру? Яго трэба абіраць ад гэтых... перапонак, яны гаркавыя...
Нора, пераканаўшыся ў неядомасці гасцінцаў, пазяхнула і сышла спаць на кухню. Ян зачыніў дзверы і стаў чакаць моманту, калі госця скончыць клапаціцца пра яго і зваліць.
Ён сядзеў і назіраў, як Дарына абірае грэйпфрут, слухаў, як яна апавядае пра падрыхтоўку да ЦТ і пра тое, што яна вельмі вінаватая... Адчуванне было амаль такое ж, як ад прагляду стужкі: шмат бязглуздай інфармацыі, але супакойвае.
Ачуўся ён на словах:
— ...А сэкс... Я проста не гатовая! Я разумею, ты мужчына, табе васямнаццаць, у цябе, напэўна, не аднойчы гэта было... А я... Карацей, я не з цябе смяялася, шчыра! Гэта проста нервовае!
Дарына падсела да Яна і ўзялася карміць яго грэйпфрутам. Ян адчуў яе цёплы бок. I сцягно, якое
прыціснулася да ягонай нагі. I мяккія грудзі, што ўпіраліся яму ў плячо.
Апатыя імгненна знікла.
А калі Дарына, смеючыся, пачала выціраць яму рот, Ян не вытрымаў, абхапіў яе ды імпэтна прыціснуў яе вусны да сваіх. Дарыну быццам паралізавала. Вусны ў яе былі нерухомыя, але Ян не мог спыніцца. Цалаваў штосілы, аднак дзяўчына не рэагавала. I толькі калі Ян страціў надзею і пачаў адсоўвацца, вусны Дарыны раптам адказалі на пацалунак. Зусім трошкі.
Гэтага хапіла, каб у Яна адкрылася другое дыханне. Яму падалося, што трэба пераходзіць да рашучых дзеянняў, але якіх? Ролікі «для дарослых», якія Яну даводзілася бачыць, не давалі адказу на гэтае пытанне. Там дзяўчаты былі ці аголеныя, ці ахвотна распраналіся самі. Ну, ці іх распраналі гвалтам, але да гэтага Ян не быў гатовы. Таму ён працягваў мучыць вусны Дарыны, нічога ўжо не цямячы.
Тут дзверы пакоя расчыніліся, і ён пачуў голас маці:
— Янік, у цябе госці?
Дарыну катапультай адкінула ад Яна. Дзяўчына адляцела на другі канец канапы і адвярнулася ад дзвярэй, завесіўшы твар валасамі. Ян адхіліўся ў процілеглы бок, выцяўшы патыліцу аб сцяну. Маці збянтэжана пераводзіла позірк з Яна на Дарыну і назад.
— Я толькі хацела, — узрушана прамовіла яна, — паглядзець, як ты...
— Стукацца трэба! — абурыўся Ян.
— Я проста ўзрадавалася, што Гэля прыйшла цябе наведаць, — сказала маці.
— Мама! — зароў Ян. — Выйдзі адсюль!
Маці здрыганулася, але выйшла і нават зачыніла за сабою дзверы.
Ян ускочыў, не ўзнімаючы вачэй і не ведаючы, куды падзець рукі, памітусіўся па пакоі, а потым сеў на самае далёкае ад Дарыны месца — за камп’ютар. А гульню запусціў машынальна, проста ад нерваў.
— Хто такая Гэля? — пацікавілася Дарына.
Ян не адказаў, ён пачаў злосна біць па клавіятуры.
— А навошта табе столькі падручнікаў за дзявяты клас? — спытала Дарына. — Ты колькі прадметаў рыхтуеш? Авой...
Усталявалася цішыня.
Ян скасавурыўся і схаладнеў: Дарына трымала ягоны дзённік.
— Ты ў дзявятым? — спытала яна.
Ян ад роспачы ледзь не заплакаў.
— Але навошта ты мне хлусіў?
Ян апусціў галаву. I сядзеўтак, пакуль за Дарынай не зачыніліся дзверы.
★ ★ W
На інфармацыйную гадзіну Геула прыйшла са спазненнем, адчыніла дзверы і натрапіла на магільную цішыню.
Усе глядзелі на яе.
Святлана Фёдараўна, іхняя класная, даволі ціхая і лагодная, ачулася першай.
— He чакала ад цябе, Вегірэйка, — з націскам сказала яна.
— Чаго? — здзівілася Гэля.
Яна агледзела клас. Смірнова сядзела, утаропіўшыся ў парту, Прысмакоў жа, наадварот, нахабна шчэрыўся, не зводзячы вачэй з Геулы.
— Праз цябе ў Святланы Фёдараўны вымова, — паведаміў ён, — за зрыў важнага мерапрыемства.
— Мы дзве гадзіны пад дажджом тырчалі!
— Ужо ўсе сышлі, толькі мы...
— Ты ведала, што Аксана не прыйдзе! Мы як дурні...
— I гэта вы яшчэ не ведаеце, што Гэлечка ў нас парназорка!
Геула пераводзіла позірк з аднаго аднакласніка на другога. Яна дрэнна разбірала, хто што крычыць, але нянавісць, якая з іх перла, прыпячатала яе да дзвярэй.
Святлана Фёдараўна ўзняла руку, каб супакоіць клас, але ў яе нічога не атрымалася.
Геулу ахапіла паніка. Яна выскачыла з кабінета і ў тую ж секунду зразумела, што больш не вернецца ў гэтую школу. Ніколі.
★ ★ ★
Ян псіхаваў, уяўляючы, як маці будзе дапытвацца: «А што гэта за дзяўчына?», «А чаму Гэля не прыйшла?», «Чаму ты на мяне накрычаў?» Ён прыдумаў ужо, як будзе паводзіцца — адразу заявіць, каб не чапіліся. Бо гэта іх не датычыць! I ўвогуле!..
Але маці ні пра што не пыталася. Увечары Ян не вытрымаў і пайшоў падслухоўваць, што яна скажа бацьку, аднак маці абмежавалася сціслым: «У сябе сядзіць...» А потым патэлефанавала класнай і папярэдзіла, што Янік захварэў і заўтра ў школу не прыйдзе.
Ад гэткай тактоўнасці зрабілася моташна. Ян сцягнуў на кухні пачак крэкераў, урубіў «Танкі». Пашанцавала: трапіў у топ. Адвёў душу — зняў два «пазікі», адну «шашлычніцу» і «мазайца»*.
Стала трохі лягчэй. Таму, калі ў пакой зазірнуў тата (дэманстратыўна пастукаўшыся!), Ян амаль не раззлаваўся.
— Слухай, — пачаў бацька з парога, — калі ўсё адно дома сядзіш, запішы мне пару ролікаў.
— Тата, я ж казаў табе! У мяне канал заблакаваны!
— Ды бог з ім, з каналам тваім! — адмахнуўся бацька. — Для мяне запішы. Усё адно што, каб толькі на фоне майго абсталявання.
— Якога яшчэ абсталявання?! — здзівіўся Ян.
— Секунду! — бацька выскачыў і неўзабаве вярнуўся з велізарным цеплавентылятарам, на якім красаваўся лагатып татавай фірмы.
Ён паставіў «абсталяванне» на стол, ледзь не цалкам яго заняўшы, і патлумачыў:
— Здымай што хочаш. Толькі на фоне гэтага агрэгата.
— Тата! Лета на парозе! Каму патрэбныя твае награвальнікі напрыканцы траўня?!
Бацька сеў на ложак і пачаў цягаць крэкеры з пачка.
— Напрыканцы мая — нікому. А напрыканцы кастрычніка — сама тое.
I тата пачаў падрабязна тлумачыць, з чаго Ян зразумеў, што сані (у сэнсе рэкламу абагравальні-
* «Пазік» — нямецкі танк Pz-IV, «шашлычніца» — нямецкая супрацьтанкавая самаходка з адкрытай рубкай (нагадвае мангал) Pz Sfl.IVc, «мазаяц» — амерыканскі танк М4АЗЕ8.
каў) трэба рыхтаваць улетку, каб назапасіць гэтай рэкламы паболей, а ў кастрычніку-лістападзе вываліць у інтэрнэт магутнай плынню.
— Мне тут падлічылі, — бацька натхнёна жэстыкуляваў крэкерам, раскідваючы крошкі, — што ролікаў трэба каля сотні. Але кароткіх. Секунд па дзесяць. Максімум — паўхвіліны. Галоўнае, каб пацешныя былі. I на фоне гэтай бандуры...
Ян быў крыху агаломшаны татавым націскам, а той захапляўся ўсё болей.
— He, лепей бы гэты агрэгат неяк абыграць. Толькі як-небудзь смешна... Напрыклад, ты кажаш: «Гэля, у цябе што, тэмпература?», а яна такая...
— Ніякай Гэлі, — перапыніў Ян, — не будзе! Зусім! Ніколі!
— Сур’ёзна? — здзівіўся бацька. — Добра, тады без Гэлі... Напрыклад, у пачатку роліка кладзеш на вентылятар пару кавалкаў хлеба, а праз хвіліну дастаеш тосты!
Тата рассмяяўся, задаволены прыдумкай, але, убачыўшы пахмурны твар сына, абарваў сябе.
— Ну добра, чаго я лезу са сваім крэатывам... Гэта твая праца. Карацей. Паслязаўтра мне патрэбныя тры ролікі. Рознага кшталту. Пакажу аддзелу маркетынгу. Калі нашы спецы ўхваляць, заключаем з табою дамову адразу на сотню... А там як пойдзе.
Ян ужо збіраўся адмовіцца ў максімальна рэзкіх выразах, але бацька нечакана перайшоў на звыклы іранічны тон:
— Ці не адолееш?
Ян моўчкі выключыў «Танкі» і запусціў відэарэдактар.
— Значыцца, паслязаўтра, — сказаў тата, узнімаючыся. — Тры ролікі. А лепей пяць!
* * *
Мінск, відаць, зразумеў, што трэба дзейнічаць рашуча.
Хоць стары каштан яму было вельмі шкада, але што зробіш...
Геула ішла... не, не куды вочы глядзяць. Вочы ў яе не глядзелі нікуды. Ногі самі неслі ў патрэбным кірунку. На скрыжаванні яна ўперлася ў агароджу. Давялося працерці вочы і ўбачыць, што ўпоперак дарогі ўпала дрэва. Вакол яго мітусіліся працаўнікі, але яны пакуль паспелі толькі перакрыць тратуар і паставіць таблічку «Абход».
Геула паслухмяна пайшла, куды паказвала стрэлка. I ўперлася ў дом Яна. Патэлефанавала, але мабільнік Яна быў адключаны. Гэля ўзлавалася. Чаму яму ніколі не дазваніцца? Галоўнае, калі Геула занятая, дык крыку потым! А як сам, дык тэлефон адключае.
Геула ўзняла вочы і паглядзела на вокны Яна. Тэарэтычна ён мусіў быць у школе, але Гэля чамусьці была ўпэўненая, што ён дома.
Гэля адвяла вочы і не заўважыла, як у акно Янікава пакоя ўрэзалася птушка. Ачмурэлы верабей яшчэ хвілін пяць сядзеў на падаконні, намагаючыся зразумець, як ён сюды трапіў.
Мінску думках выбачыўся перад птушкай. Зрэшты, калі б вецер трохі не змяніў траекторыю птушынага палёту, верабейчык прызямліўся б на дах, а там бадзяўся кот Халімон, які ўцёк з трэцяга паверха.
Верабей ажыў, пакруціў галавой, пацокаў лапкамі па падаконні. Але Ян сядзеў спінай да акна, да таго ж у навушніках. I нават калі б птушка пачала выбіваць азбукай Морзэ: «Паглядзі ў акно, дурань!», ён бы нічога не пачуў.
«Кастусь, мне вельмі дрэнна», — напісала тым часам Геула.
«У мяне матэматыка», — адказаў Кастусь.
«Я пайду да цябе пешшу».
«Усё так дрэнна?»
«Так».
«Праз гадзіну буду дома».
Кастусь не любіў хадзіць пешшу, тата з дзяцінства вазіў яго машынаю — нават у садок, хоць тады яны жылі за два крокі ад яго. Геула і цётка Аля пацвельваліся з іх, аднак Альбіна запэўнівала Гэлю, што гэта не самы страшны мужчынскі недахоп. I з гэтым можна жыць.