• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Сіямцы

    Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 234с.
    Мінск 2020
    45.09 МБ
    — Нічога ты не цяміш у фінансах, — уздыхнуў бацька.
    Яму вельмі не хацелася важдацца з усёй гэтай драбязою. Але, з іншага боку, сын загарэўся ідэяй, ужо некалькі дзён нешта робіць... Такі шанс шкада было не скарыстаць.
    — Добра, — пастанавіў тата, — табе патэлефануе Грыша... дакладней, Рыгор Пятровіч. Ён ІП, праз яго будзеш свае мільёны адмываць.
    Яну захацелася падскочыць, але ён стрымаўся.
    — Пакуль не мільёны, — сказаў ён з усёй магчымай самавітасцю. — Тысячы. А там... як пойдзе!
    Бацька іранічна пакруціў галавой, але змоўчаў.
    Калі ён выйшаў, Ян дазволіў сабе некалькі разоў бязгучна падскочыць на месцы — і адразу напісаў Гэлі: «Праблему з гатоўкай вырашыў. Будзем з грашыма!»
    Гэля не адказала.
    Гэта Яна зусім не задавальняла: яму неабходна было тэрмінова падзяліцца радасцю. Ён схапіў тэлефон і набраў Геулу.
    — Гэлька! — зароў ён. — Неўзабаве ў мяне будзе куча грошай!
    Ян сцісла апісаў сітуацыю. Слухаўка змрочна засапла.
    — Ты што, — усклікнуў Ян, — не рада за сябра?
    — А чаму грошы толькі ў цябе?! — нечакана рэзка адказала Гэля. — Гэта наш агульны канал!
    — Табе што, таксама трэба? — здзівіўся Ян. — Навошта?
    Ён неяк не падумаў, што ўвесь прыбытак ад рэкламы давядзецца дзяліць напалам.
    — Ды каб розныя багаценькія бураціны не думалі, што мяне можна купіць! За пуцёўкі! I ўвогуле...
    — Гэй!— Ян нічога не разумеў. — Стоп! Хто цябе хоча купіць? Якія пуцёўкі?!
    — А ты не тыч носа! — адказала слухаўка, і сувязь перарвалася.
    Ян паспрабаваў набраць Геулу зноў, пачуў кароткія гудкі.
    «Дурніца псіхаваная! — падумаў ён. — Навыдумляла сабе невядома чаго!»
    * * *
    Званок на ўрок заспеў Геулу на падаконні. Яна спрабавала зачыніць фортку, якая ў кабінеце геаграфіі ўвесь час адчынялася.
    Аксана Віталеўна, увайшоўшы, падціснула вусны.
    — Можа, ты ўсё ж такі зробіш ласку і сядзеш на месца? Я разумею, што Геулам Вегірэйка закон не пісаны, але...
    — Вегірэйкам, — паправіла яе Гэля.
    — Што? — папярхнулася завуч па выхаваўчай працы, па сумяшчальніцтве — настаўніца геаграфіі.
    — Я прашу скланяць маё прозвішча, — прамовіла Геула і саскочыла з падаконня.
    Завучыха на момант замерла.
    — Калі ты такая разумная, дык ідзі адразу да дошкі, — сказала яна.
    — Аксана Віталеўна, скланенне прозвішчаў — гэта не геаграфія, а беларуская мова, — паспрабавала пажартаваць Гэля, але настаўніца жарт не падтрымала.
    — Да дошкі, я сказала, — закамандавала яна.
    Геула ўздыхнула і пайшла да дошкі.
    — Пералічы мне асноўныя кірункі развіцця прамысловасці Расіі.
    Гэля закаціла вочы. Эканамічная навука ёй не давалася.
    — 3 фактамі, з канкрэтнымі прыкладамі, — смакавала сітуацыю настаўніца.
    — Аксана Віталеўна, вы ж мяне на мінулых занятках выклікалі, — паспрабавала выкруціцца Геула.
    — Сядай, двойка! — адрэзала Аксана Віталеўна.
    ★ ★ ★
    Маці сустрэла Гэлю ровам міксера.
    — Задзяўбла мяне твая Аксана! — крыкнула Гэля.
    — Яна не мая! — адказала маці.
    — Каб не ты са сваёй дурной падпіскай, яна б мяне не чапала!
    — Гэта не мая дурная падпіска.
    — Гэта твая дурная ўпартасць!
    — Гэля, не пачынай! — выгукнула маці.
    — Слухай, чаму ты заўсёды рэвалюцыю чыніш? Чаму іншыя бацькі сядзяць спакойна, а ад цябе
    неўзабаве будуць дату бацькоўскага сходу ўтойваць? Чаму табе заўсёды больш за ўсіх трэба?
    Маці выключыла міксер, і на кухні зрабілася ціха.
    — Што? — спытала яна. — Я нічога не чула.
    — Я не ведаю, што ў мяне будзе па геаграфіі за год, — змрочна паведаміла Геула.
    — Ну і не ведай, — весела сказала маці, — і мне не кажы. А Аксане я заўтра пірожныя аднясу. У яе проста стрэс, канец навучальнага года, трэба з’есці салодзенькага. Пакаштуй крэм, нерэальна смачны сёння.
    Геула зрабіла крывую міну.
    — I каму я перадам сямейны бізнес? — уздыхнула маці.
    — Мужа сабе завядзі, — буркнула Гэля.
    ★ * ★
    Ян пакутаваў за кампом. Ён тройчы тэлефанаваў Гэлі, двойчы напісаў — ніякай рэакцыі. «Калі так, — пастанавіў ён, — дык няхай сама тэлефануе і піша! Істэрычка!»
    Ён хацеў запіць гора гарбатай, але і тут яго чакала неспадзяванка: гарбата ў фрэнч-прэсе скончылася. Ян пайшоў на кухню і знайшоў там бацьку, які ўтаропіўся ў тэлефон. У самім гэтым факце не было нічога нязвыклага, але гукі, якія даносіліся з дынаміка...
    — У вас ёсць што-небудзь для сіямскіх блізнят? — пытаўся звонкі голас Гэлі.
    — He, — разгублена адказваў барытон крамніка, — але ў нас ёсць новая калекцыя вялікіх памераў...
    Тут і бацька заўважыў Яна, які застыў пасярод кухні.
    — Сядай, — закамандаваў тата, ставячы відэа на паўзу.
    Ян сеў, дзеля ўсяго дзеля надаўшы твару выраз «катуй мяне — усё адно нічога не скажу!».
    — Цікавы ролік, — зазначыў бацька.
    Ян не адказаў. Ён пакуль не разумеў, за што на яго будуць сварыцца, таму аддаў ініцыятыву.
    — А крама вам нешта заплаціла? — спытаў тата.
    — He... а мусіла?
    — Безумоўна! Гэта ж продакт-плэйсмент. Я толькі што тэлефанаваў ім, уласнік знаёмым аказаўся. Калі вы гэты ролік вывесілі?
    Ян тыцнуў у дату на экране. Тата размаўляў даволі міралюбна, і гэта насцярожвала.
    — Так, усё супадае, — кіўнуў бацька. — На другі дзень быў невялікі ўсплёск наведвання. I рост продажу амаль на пятнаццаць адсоткаў. Таму насамрэч маглі заплаціць.
    — Абыдземся! — ганарліва адказаў Ян. — Што нам тыя капейкі!
    — Дык ты бізнесмен, як бачу! — бацька ўключыў звыклы іранічны тон. — Стратэг! А як перад Дзяржкантролем адбрэхвацца будзеш?
    — А пры чым тут Дзяржкантроль?
    Размова перайшла ў звыклае рэчышча. Яна адпусціла, можна было адгырквацца.
    — Ды таму што парушэнне Закона «Аб рэкламе» Рэспублікі Беларусь. Дзе дамова з крамай пра аказанне рэкламных паслуг?
    — Якіх паслуг? Ніхто нікому нічога не аказваў!
    — Ага, пракурору будзеш тлумачыць! I дарэчы, не ты, а мой Грыша, які за цябе падпісаўся...
    — Слухай, тата! — Ян устаў і дэманстратыўна заняўся чайнікам. — He лезь туды, дзе табе не трэба.
    — А я што, лез? — здзівіўся бацька. — Ты, на хвіліначку, сам да мне прыйшоў. Дык што, я Грышу кажу, каб ён табе рахунак не даваў?
    Ян злосна засоп. Тата, безумоўна, меў рацыю, і гэта раздражняла. А яшчэ словы бацькі нагадалі пра ідэю Гэлькі браць грошы з крамаў — а гэта ўвогуле вар’явала.
    «Увесь свет супраць мяне», — падумаў Ян.
    — Ды не пераймайся, — сказаў тата. — He будзе Дзяржкантроль такой лухтой цікавіцца. Пакуль. Але, мяркуючы па тэндэнцыях, мы неўзабаве на большменш нармальныя абароты выйдзем. Май на ўвазе.
    «Якія яшчэ “мы”?!» — хацеў абурыцца Ян, але не стаў. Гэтае «мы» прагучала... паважліва.
    — Толькі давай дамовімся, — працягваў бацька, — калі зноў будзеце здымаць у камерцыйных аб’ектах, скажы мне. Прыдумаем, як максімізаваць прыбытак. I прыкрыць азадак... у сэнсе забяспечыць законнасць. О'кей?
    — О'кей, — нехаця пагадзіўся Ян.
    — А ўвогуле ты мне сякія-такія ідэі падкінуў, дзякуй!
    Ян падазрона паглядзеў на бацьку. Той быў цалкам сур’ёзны.
    У гэты момант татаў тэлефон зазваніў.
    — Алё, — сказаў бацька, выходзячы з кухні. — Я прасіў пакуль прытрымаць рэкламны бюджэт... Што ты думаеш пра юцюб?.. He, як пра рэкламную пляцоўку?
    Ян трохі паганарыўся — і зноў засмуціўся. Геула другі дзень не ператэлефаноўвала. Два дні
    на канале не было абнаўленняў! Ян набраў нумар, пераканаўся, што мабільнік ягонай «сіямскай сястры» па-ранейшаму адключаны, і вырашыў нанова перакапаць архівы.
    * * *
    «Ну і як з ёю жыць?!» — напісала Геула.
    Акрамя Кастуся (і гэтага барана Яна), ёй не было каму паскардзіцца на цяжкае жыццё з маці, але, на шчасце, перад адпраўкай яна усё ж такі зірнула на экран. Гэля зусім забылася, што пасварылася з Кастусём.
    Апошняе паведамленне ў іхнім чаце — пра тое, што ён падраў дакументы.
    — Ма-а, — загукала Гэля, — ну і што мне зараз рабіць з Кастусём?
    — He ведаю! — адгукнулася маці.
    — Дзякуй, ты мне вельмі дапамагла! — з’едліва сказала Гэля.
    — Калі ласка, звяртайся, — не менш з’едліва парыравала маці.
    Геула села перад кампом і ўтаропілася ў экран.
    У дзверы пазванілі.
    — Адчыні, гэта ваду прывезлі! — крыкнула маці, і Гэля пасунулася да дзвярэй.
    Але гэта была не вада. За дзвярыма стаяў Кастусь уласнай персонай. У руках ён трымаў пакеты.
    — Здароў, — буркнуў ён. — Мама сказала, каб я прывёз. Гэта ўсялякія харчовыя фарбавальнікі. 3 Польшчы. I нешта яшчэ. Для мамы тваёй.
    Кастусь таптаўся ў парозе, Геула тапталася ў дзвярах.
    — Кастусік, як добра, што ты прыйшоў! — узрадавалася маці. — Гарбаты ці кавы?
    — Торцік, — пажартаваў Кастусь.
    — Торцік я табе з сабою дам, у мяне сёння садавінавыя, Альбінка такія любіць.
    Кастусь з пакетамі нязграбна абышоў Геулу і патупаў на кухню. Гэля спачатку пайшла ў свой пакой, але, пакідаўшыся з кута ў кут, надумала вярнуцца.
    А маці як нічога ніякага шчабятала пра сваю працу, потым прывезлі ваду — і Кастусь цягаў на балкон цяжкія бутлі, потым дапамагаў маці перасыпаць муку, потым даставаў з антрэсоляў мяшок з сухафруктамі.
    Гэля спярша пачувалася няёмка, не ведаючы, як паводзіцца, а пасля расслабілася, і, пакуль Кастусь не згадаў, што яму трэба бегчы на трэніроўку, яны цудоўна пагаманілі.
    Геула выйшла правесці сябра, і няёмкасць узнікла толькі падчас развітання. Кастусь сумеўся на момант, не ведаючы, куды падзець рукі, а потым нерашуча адступіў да дзвярэй і хутка выскачыў за парог, прамармытаўшы нешта кшталту «да заўтра». Гэля выдыхнула з палёгкай. Абдымацца з Кастусём яна была не гатовая.
    ★ ★ ★
    Ян быў у роспачы.
    Наведвальнасць канала зніжалася другі дзень запар. А Ян разлічваў на заўсёдны рост.
    Гэлька была патрэбная як паветра. Але ж ён пастанавіў! Няхай сама тэлефануе і просіць прабачэння.
    Ён вырашыў трохі паганяць у «Танкі», аднак у самы адказны момант на стале матэрыялізавалася Нора і ўлеглася проста на клавіятуру.
    — Жывёліна! — зароў Ян, намагаючыся разгледзець поле бою за кашэчай спінай. — Апсік!
    Нора пачала вылізвацца, зменшыўшы поле агляду амаль да нуля. Вядома ж, Яна падбілі праз дзесяць секунд. Ён паспрабаваў сапхнуць нахабную істоту з клавы, Нора пусціла ў ход кіпцюры і зубы. Ян схапіў котку за шкірку і панёс маці, якая захоплена чытала нешта з тэлефона.
    — Мама! — Ян сунуў Нору гаспадыні. — Яна зноў мне працаваць замінае!
    Котка паспрабавала драпануць крыўдзіцеля за Руку-
    — Дзверы зачыняць трэба, — адказала маці, беручы Нору. — I ўвогуле, з дзяўчатамі лепей быць пяшчотнымі. Так, Норышча? Так, прыгажуня?