• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Сіямцы

    Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 234с.
    Мінск 2020
    45.09 МБ
    Геула збянтэжана глядзела на аркушык з бронню нумара.
    — У сэнсе двухмесцавы? — удакладніла яна. — I два асобныя ложкі?
    — Слухай, Гэлька, — Кастусь павярнуўся да яе разам з крэслам, — можа, годзе ўжо, га?! Мы колькі з табою знаёмыя?
    — 3 радзільні, але...
    — Што «але»? Я твой хлопец ці не?
    Геула павярнулася і амаль пабегла да выхаду.
    — А калі я твой хлопец, — крычаў ёй наўздагон Кастусь, — дык адзін ложак — гэта нармальна!
    Гэля ўжо скочвалася вітымі сходамі.
    — А ты — дурніца! — данеслася з другога паверха.
    * * ★
    Ян ліхаманкава корпаўся ў архівах ноўтбука. Рукі ўсё ніяк не даходзілі пачысціць, таму тут захоўваліся не толькі гатовыя ролікі, але і куча непатрэбшчыны: чарнавыя запісы, віншаванні дзяўчатам да 8 Сакавіка ды проста розныя дурыкі...
    Ён ужо збіраўся вычысціць гэтыя аўгіевы стайні адным махам, калі ў вочы кінуўся файл праекта «Няўдалыя дублі».
    Адкрыў.
    У файле быў толькі адзін фрагмент — у самы нязручны момант у пакой праслізнула котка Нора і пачала праходжвацца перад камерай, ганарыста задзёршы хвост. Было вельмі смешна. Меркавалася, што Ян злучыць няўдалыя дублі — і ўрэшце атрымаецца пацешны ролік. Але неяк вылецела з галавы.
    Ян узбадзёрыўся. Гэта магло падвысіць наведвальнасць. Ён стаў запускаць адзін чарнавы запіс за адным. Во забыліся словы — пасуе. Тут Нора ўлезла
    паласатай пыскай у аб’ектыў — таксама ніштавата. А во тут бачна, што ніякія яны з Гэлькай не сіямскія блізняты — гэта пакуль адкладзём. Выкрыццё іхняй таямніцы трэба зрабіць асобнай падзеяй...
    У пакой увайшла маці з Норай на руках. Котка дзеля ўсяго дзеля прынюхалася: ці не пахне ежай. Есці Нора магла безупынна, што ніяк не ўплывала на зграбнасць яе паставы.
    — Урокі робіш? — асцярожна пацікавілася маці, сядаючы збоку.
    — Якія ўрокі, мама? У мяне дзявяты клас, а не адзінаццаты!
    — Але іспыты...
    — Ды хто парыцца праз гэтыя іспыты! He ЦТ ж! Здам як-небудзь! Мама, не замінай, га?!
    — Добра-добра, — паспешліва прамовіла маці. — Але тата сказаў, нібы ты хочаш у Маскву паехаць у нейкі тэхнікум?..
    — У каледж! Тэхналагічны!
    — А хіба можна беларусам пасля дзявятага класа ў расійскі каледж?
    — Мама, ты хоць не нудзі!
    — Але як ты там? Адзін?
    Замест адказу Ян начапіў навушнікі і паглыбіўся ў мантаж.
    * * *
    — Гэлька, колькі разоў я прасіла цябе браць ключы! — абурылася маці, з цяжкасцю адчыняючы дзверы локцем.
    Рукі яна трымала ўзнятымі, як хірург. Яны былі ў цесце.
    Альбіна ўварвалася ў кватэру з такім энтузіязмам, што Ліза ледзь паспела адскочыць ад дзвярэй, торкнулася носам у цеста на руцэ і стала падобнай да клоўна.
    — Ліза, Гэля не прыходзіла?
    — Яна ж да вас паехала, — сказала Ліза. — Што здарылася?
    — Так, спакойна, нічога страшнага, — пачала тлумачыць Аля і, убачыўшы, што сяброўчын твар увачавідкі бялее, засакатала: — Усе жывыя, усё добра, проста мы з Чынам напартачылі. Два дарослыя ідыёты. I Кастусь... малы ідыёт!
    — Дзе Гэля? — ціха спытала Ліза.
    — Прабач, я двойчы ідыётка, — прастагнала Альбіна. — Давай я ёй патэлефаную, ты пачуеш, што яна жывая. Толькі набіраць трэба з твайго тэлефона, мне яна не адказвае.
    Ужо праз некалькі хвілін сяброўкі сядзелі на кухні. Аля мітусілася, запарваючы свежую гарбату, а супакоеная, але знясіленая Ліза замерла, утаропіўшыся ў акно.
    — Даруй, — працягвала выбачацца Альбіна, — ну няма глуздоў, ну ты ж мяне ведаеш, я не паспяваю думаць — адразу вывальваю... Замоў шмат? Табе дапамагчы гатаваць ці не замінаць?
    — Размінаць. Цеста. У мяне замова на тры «Напалеоны», — млява адказала Ліза.
    — Зараз зробім! — радасна пагадзілася Аля.
    — Рукі памый! Валасы падвяжы! Фартух надзень! — закамандавала Ліза.
    — Во зануда! — Альбіна ўздыхнула і без паўзы працягнула: — Слухай, ты магла сабе ўявіць, што ў Кастуся з Гэляй яшчэ нічога не было?
    — У сэнсе? — перапытала Ліза.
    — Ды разумееш, — пачала апавядаць Аля, — Чына даўно вырашыў падарыць Гэлі з Кастусём на шаснаццаць гадоў вандроўку на мора. Каб удваіх, без бацькоў...
    — Гэта такія грошы! — ахнула Ліза.
    — Ды не ў грашах праблема! Гэты... Чынгіз... чагосьці запытаўся ў гэтага... Кастуся, колькі нумароў замаўляць!
    — Як так? — не зразумела Ліза. — Іх жа двое...
    — А Кастусь сказаў адзін! I Чына, як гэты... узяў ды замовіў адзін! Я патэлефанавала ўжо яму і дала прачуханца, але ты ж ведаеш Чыну... «Вырашаць павінен мужчына...» А што ён можа вырашыць, гэты «мужчына», у шаснаццаць гадоў? У яго замест глуздоў — гармоны! He каб са мной параіцца! Ці хоць бы з Гэляй! Карацей, Геула, як даведалася, псіханула... I правільна зрабіла...
    Альбіна вінавата паглядзела на разгубленую Лізу.
    — А ў нас і ў думках не было пакрыўдзіць, ты ж ведаеш. Гэлька — хросніца мая... Ну, не зусім мая, але я жонка хроснага бацькі, таму люблю яе нібы родную. Як цяпер у Гэлі прасіць прабачэння?
    — Ну добра, — Ліза ўзялася раскочваць замяшанае Альбінай цеста. — 3 Гэляй я разбяруся. Патлумачу, што гэта непаразуменне.
    — Патлумач! — узрадавалася Альбіна. — А другі нумар мы сёння ж замовім!
    — Калі Геула ўвогуле захоча паехаць, — уздыхнула Ліза.
    — А не захоча — мы з табою паедзем! — прапанавала Аля. — Гэта ж наша свята! Шаснаццаць гадоў знаёмства!
    Ліза сумна ўсміхнулася.
    — Цяжкі быў дзень, — прамовіла яна.
    — Ліза... — пачала Альбіна, але сяброўка яе перапыніла.
    — А ўсё адно добра! — упэўнена сказала яна.
    I Аля прыкусіла язык.
    * * *
    Ян сустрэў Гэлю каля ліфта.
    — Ну?! — патрабавальна спытаў ён. — Што за пажар?
    — Пусці, — буркнула Геула, — не на лесвіцы ж размаўляць...
    Ян ацаніў агульны стан Гэлі і адразу павёў на кухню.
    — Тут недзе гарбата была... супакаяльная. Зараз зраблю.
    Геула ўздыхнула, адштурхнула Яна, які корпаўся сярод пакетаў з макаронай, адчыніла шуфлядку з рознымі відамі гарбаты і папрасіла:
    — Чайнік пастаў.
    Знайшла нешта духмянае, насыпала ў фрэнчпрэс.
    — Ну дык што? — не вытрымаў Ян. — Чаго рыдала?
    Адказаць Гэля не паспела — у Янавым пакоі дзылінкнуў ноўтбук, і яе «сіямскі брат» панёсся правяраць пошту.
    — Ур-р-ра! — данеслася з пакоя. — Нас зарэгілі ў рэкламнай службе! Цяпер трэба кантэнтам народ задушыць! Хадзі сюды, я сёння такі ролік забацаў!
    Тут якраз і чайнік закіпеў. Геула ўздыхнула і заліла заварку кіпнем.
    — Ды хадзі ж хутчэй! — надрываўся Ян.
    Ролік быў сапраўды пацешным: ляпы ішлі адзін за адным з калейдаскапічнай хуткасцю, Нора была проста на вышыні.
    — Гадзіну таму выклаў, — пахваліўся Ян, — а ўжо сто дваццаць праглядаў! Дарэчы, а колькі ў нас грошыкаў?
    Ён пераключыўся на іншае акно браўзера і расчаравана працягнуў:
    — Напэўна, проста абнавіцца не паспела...
    Ян націснуў F5, але ў графе «Разліковы даход» па-ранейшаму вымалёўвалася «0,00 $».
    — Ну, калі ты ўжо тут, — страпянуўся Ян, — давай што-небудзь хуценька запішам!
    — У меня адна ідэя была... — сказала Гэля. — Дарэчы, гарбату бяры.
    * * *
    Дадому Геула вярнулася гадзіны праз тры. Яны з Янам запісалі відэа, а прыдумляючы другі ролік, так нарагаталіся, што Гэля дагэтуль ікала.
    Ян выйшаў яе праводзіць, але ўбачыў, што ўздоўж вуліцы пашыхтаваліся пустыя тралейбусы.
    — На лініі абрыў, — патлумачыў адзін з кіроўцаў, што нудзіліся ў чаканні рамонтнікаў.
    — А давай я цябе дахаты правяду! — прапанаваў Ян.
    I ў гэты момант на мінскім небе разышліся рэдкія аблокі, вызваляючы месца яркаму вясноваму сонцу.
    Яны ішлі доўга: чамусьці кожны святлафор сустракаў іх чырвоным. Але Гэля з Янам не засмучаліся — болей часу на пагутарыць і пасмяяцца.
    Дома Гэлю сустрэлі таксама весела. Маці з цёткай Альбінай дапяклі «Напалеоны», адкаркавалі бутэльку віна, запусцілі навагодняе інтэрнэт-радыё і цяпер, прытанцоўваючы, упрыгожвалі тарты.
    — Цёткі, вы чаго?! — збянтэжылася Гэля. — Травень на дварэ!
    — Во, я ж казала, што яны неўзабаве памірацца, — радасна прамовіла маці.
    Гэля ікнула. Яна ўжо і забылася, што пасварылася з Кастусём.
    — Гэлечка, прабач нам, ідыётам, — загаласіла цётка Аля, — мы не хацелі цябе пакрыўдзіць. А Кастусь... Ты ж ведаеш Кастуся! Слухай, ты не бойся, я папярэдзіла яго, што калі зняважыць цябе, дык я яго па сцяне размажу... Ён хлопец добры...
    Геула ікнула.
    — Аля, не бянтэж мне дзяўчынку! — усклікнула маці.
    — Ды чаго тут бянтэжыцца? — здзівілася цётка Аля. — Гэта жыццё, ім ужо па шаснаццаць гадоў. Гэлька, ты ж ведаеш, я заўсёды на тваім баку. Кастусік — мой сын, але ён хлапец, і часам ён проста невыносны!
    Геула ікнула яшчэ раз.
    — Гэлечка, патэлефануй яму, сонейка, ён жа, дурань, сядзіць дома ды рубіцца ў комп, ён ідыёт, як і ўсе мужыкі...
    — Аля! — абурана ўсклікнула маці.
    — Ну добра-добра, не ўсе мужыкі, не заўсёды ўсе мужыкі, часам і ў іх здараецца прасвятленне, але гэта так рэдка...
    Гэля перазірнулася з маці, і яны разам засмяяліся.
    — Што вы рагочаце?! — пакрыўдзілася Альбіна. — Жывяце ўдзвюх, добра вам! А ведаеце, як гэта — жыць з двума мужчынамі? Га?
    Аля ўзялася ў бокі і абурана пераводзіла пагляд з Геулы на яе маці і назад.
    Гэля ікнула.
    — Весяліцеся, — сказала яна і пайшла ў пакой.
    I там на кампе яе ўжо чакала паведамленне ад Кастуся.
    «Карацей, не хочаш — не трэба, я ўсе паперы падраў».
    ★ ★ ★
    Ян грыз пазногці, пакуль татэ вывучаў табліцу на экране сынавага ноўтбука.
    — Але ж, — нарэшце сказаў бацька, — вялікую касу ты падняў. Дванаццаць даляраў.
    — За тры дні! — абурыўся Ян. — Ты на дынаміку паглядзі: першы дзень — пяць цэнтаў, другі...
    — Тры дні, — пацепнуў плячыма тата, — так сабе паказчык. Трэба глядзець... ну хоць бы за паўгода. Лепей за год.
    — Я ўжо падлічыў! — Ян пераключыўся на Ex­cel. — Калі трэнд захаваецца, праз паўгода будзе пятнаццаць тысяч баксаў!
    — «Трэнд»! — чмыхнуў бацька. — Слоў нахапаў... А мне ты навошта ўсё гэта паказваеш?
    — Мне наяўныя грошы трэба! А для гэтага... во...
    Ян ізноў пашчоўкаў клавішамі, адкрываючы даведачную службу рэкламнага сайта.
    — «Пазначце нумар рахунку», — прачытаў бацька. — To бок хочаш атрымліваць гатоўкаю праз мяне?
    — Ну так!
    — Ты хоць уяўляеш, колькі з мяне падаткаў возьмуць?
    — Трынаццаць адсоткаў! — упэўнена адказаў Ян. — Я даведваўся.
    — Даведваўся ды не даведаўся... — тата пакруціў галавой. — А яшчэ фонд сацабароны. I падатак на прыбытак. I...
    — Які прыбытак?! — здзівіўся Ян. — Ты ж мне ўсё аддаваць будзеш, прыбытку ніякага!