• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Сіямцы

    Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 234с.
    Мінск 2020
    45.09 МБ
    — Дзякуй, што прыехалі! — загаласіла суседка. — Вось яна! Ледзь угаварыла яе з даху злезці! Да чаго нашых дзяцей давялі інтэрнэтам, га?
    Геула села на прыступкі і закрыла рукамі твар.
    * * *
    Як выявілася, у Зялёным Лузе быў сапраўдны лес. Ян тут ніколі раней не бываў, таму гуляў са шчырай цікаўнасцю. 3 нагоды добрага надвор’я на кожнай дзялянцы дымілася вогнішча, пахла шашлыком. Раз-пораз сустракаліся матулі з вазочкамі. Ідылія.
    Ян разняволіўся, заўсміхаўся і здрыгануўся, пачуўшы выкрутасістыя мацюкі. Дужы дзязька, расчырванелы ад спіртнога, тлумачыў напалоханай дзяўчынцы, што ёй тут не месца. 3 прыстойных слоў Ян разабраў толькі «ты» і «дахаты».
    — He лайцеся! — папрасіў ён мужыка. — Тут дзеці, жанчыны...
    Мужык умомант пераключыўся на Яна і выказаўся ў тым сэнсе, што Ян яшчэ малы крытыкаваць старэйшых.
    Ян узлаваўся і паслаў «старэйшага» туды, дзе таму было самае месца.
    На гэтым перамовы скончыліся, чырванаморды схапіў Яна за кашулю і пачаў трэсці. Ян паспрабаваў вызваліцца, але не ўтрымаў раўнавагу. Яны пакаціліся па зямлі, бязладна спрабуючы выцяць адзін аднаго.
    Разнялі іх патрульныя.
    Ян і дзядзька цяжка дыхалі і вінавацілі адзін аднаго:
    — Гэты псіх на мяне накінуўся!
    — Гэта ты накінуўся!
    Сяржант крыкнуў:
    — Ціха! Абодвух забіраем!
    I тут падала голас дзяўчынка:
    — Адпусціце тату, ён не вінаваты! Гэты хлопец тату біць пачаў.
    — Выпускны адзначыў? — спытаў сяржант у Яна. — Ану дыхні!
    Ян узнагародзіў дзяўчынку пагардлівым позіркам і дыхнуў.
    — Дзівосы, — сказаў сяржант, — не пахне. Напэўна, дрэні якой наглытаўся. Значыць, спачатку ў наркалогію.
    ★ ★ ★
    Калі ў дзверы прыёмнага пакоя ўвялі Яна, Геула не здзівілася. He здзівіўся і Ян.
    Яны сядзелі побач і глядзелі на пафарбаваную сцяну.
    — Ну што, зноўку я за табою шпіёню? — спытаў Ян.
    Геула пакруціла галавой. Размова не клеілася.
    ★ ★ ★
    Потым іх везлі ў апорны пункт, каб перадаць бацькам. Тэлефон Гэлінай маці быў адключаны, а да бацькоў Яна ўвогуле немагчыма было дазваніцца. Іхнія тэлефоны не падавалі прыкмет жыцця. Міліцыянты не здзівіліся — сёння ў горадзе з мабільнай сувяззю з самага ранку рабілася нешта незразумелае.
    Геула з Янам сядзелі поплеч і маўчалі. Гэля нават задрамала, але тут пачуўся трэск, машына
    рэзка затармазіла, а потым данеслася неразборлівая лаянка.
    — Кола прабіла, — здагадаўся Ян.
    — Слухай, — сказала Гэля, — а табе не падаецца, што ўсё гэта немагчыма?
    — Падаецца, — адказаў Ян.
    — Памятаеш, я на цябе ў Верхнім горадзе натрапіла? Я туды адну польку везла. На вуліцы выпадкова сустрэла.
    — А я, — прамовіў Ян, — цябе на беразе Свіслачы знайшоў, таму што мне прапанавалі бясплатна праехаць роварам да парку Горкага.
    — Пра Маладзечна я ўвогуле маўчу, — уздыхнула Геула.
    — I цяпер ізноў, — усміхнуўся Ян. — Змовіліся яны, ці што?
    Гэля на жарт не адрэагавала:
    — He, яны не маглі. Столькі рознага народу, у розны час... He бывае так!
    У гэты момант звонку данеслася:
    — Дамкрат!.. Што за дзень такі?!
    Ян і Геула мімаволі пасміхнуліся.
    — Факт застаецца фактам, — сказаў Ян. — Нехта спрабуе нас звесці.
    — Ці нешта...
    — Ды пайшлі яны! — злосна адказаў Ян. — Мы што, сабачкі, якіх на вязку прывезлі?
    Геула нічога не сказала, толькі моцна сціснула вусны.
    — Ведаеш што?! — гучна прамовіў Ян, звяртаючыся ўверх. — He чапіся да нас болей! Мы самі дамо рады, зразумеў?!
    Адказу не было. Тады Ян загадаў Гэлі:
    — I ты таксама ім скажы... Ці яму!
    — Так, — папрасіла Геула, — не трэба нас зводзіць. Мы самі як-небудзь...
    — Ура! — пачуўся голас кіроўцы. — Сувязь з’явілася! Зараз аварыйку выклічам...
    ★ ★ ★
    Наступныя два тыдні мінчукі знемагалі ад задухі.
    Мінск быццам перастаў дыхаць. Горад вельмі пераймаўся праз свой правал. Яму было балюча. I крыўдна. Ён вельмі любіў гэтых дваіх маладых упартых дурняў, але цяпер, калі яны шчыра папрасілі не турбаваць іх, нічога не мог зрабіць.
    ★ ★ ★
    Ян валокся вуліцай. Сёння, у свой дзень народзінаў, яму зусім не хацелася святкаваць.
    Вакол нічога не адбывалася. Ніхто не прапаноўваў яму пакатацца роварам бясплатна. Ніхто не кідаўся на яго з кухталямі. I сувязь працавала нармальна — вось толькі тэлефанаваць не было каму. 3 бацькамі толькі што пагутарыў і папрасіў не чапіцца да яго са сваімі бязглуздымі днямі народзінаў. Аднакласнікі даўно раз’ехаліся хто куды.
    Ян усё ж такі выцягнуў смартфон, каб пракруціць спіс кантактаў наўздагад. Трапіў у «галасавую пошту». I пошта была пустая, ніхто не пакінуў яму паведамлення на аўтаадказчык. I раптам Ян зразумеў, каму ён хоча патэлефанаваць.
    He, пагутарыць асабіста!
    За акном зноў мільгацелі краявіды як паштоўкі, гэтым разам ужо зусім летнія. Яркія жоўтыя палі рапсу змяняліся пяшчотна-блакітнымі, з квітнеючым ільном.
    Маладзечна, як і мінулым разам, сустрэў Геулу цудоўным надвор’ем. Ад вакзала да каледжа яна валаклася нага за нагу.
    Гэля натрапіла позіркам на дом Янавай бабулі, пачула сабачы брэх, адчула, як ёй у нагу торкнуўся халодны нос.
    «Бяшка!» — узрадавалася Гэля.
    Але не. Гэта быў зусім не Бяшка, а незнаёмая аўчарка. Таксама старая, таксама прыязная, таксама з бабуляй. Але не Бяшка.
    Гэля дайшла да каледжа і села на прыступкі. Ёй падалося, што яна сядзіць на ганку зусім адна, нікому яна не патрэбная. I навакольны свет абыякавы. Дрэвы шамацяць пра нешта сваё. Вецер дзьме куды хоча. I ніхто не спрабуе ёй нешта сказаць. I ніхто не дасць ёй знак, што яна робіць не тое.
    Гэля ўстала і пайшла да ўваходных дзвярэй. Ніякага руху паветра. Цішыня. Гэля ўзялася за дзвярную ручку. Тая павярнулася ідэальна лёгка. Дзверы не рыпнулі, парог не падсунуўся Геуле пад ногі.
    «Ды што ж я раблю! — пранеслася ў Гэлі ў галаве. — Я ж насамрэч уцякаю ад сябе! Навошта?»
    Гэля зачыніла дзверы і вярнулася на ганак.
    ★ ★ ★
    Ліза адчыніла дзверы пасля пятага званка.
    — Ян? — здзівілася яна.
    — Мне патрэбная Геула, — сказаў ён.
    — А яе няма, — разгубілася Гэліна маці. — Яна ў Маладзечне, дакументы падае... А ты штосьці хацеў?
    — Я да Гэлі, — сказаў ён яшчэ раз, — наконт дня народзінаў.
    — Адкуль ты ведаеш? — спытала Ліза.
    — Што? — здзівіўся Ян.
    — Пра дзень народзінаў.
    Нейкі час Ян і Ліза ўважліва глядзелі адно на аднаго.
    — Ну я... мне мама сказала, — збянтэжыўся Ян.
    — Чыя мама? — спытала Ліза.
    — Мая, — разгублена адказаў Ян. — I ў пашпарце маім напісана.
    Ліза нейкі час маўчала. Асэнсоўвала інфармацыю.
    — Ян, у цябе сёння дзень народзінаў? — удакладніла яна.
    Ян ледзь не спытаў, ці не на падпітку Ліза. Утрымаўся ў апошні момант. Але, відаць, у ягоным позірку гэтае пытанне прачыталася.
    — А ты а якой гадзіне нарадзіўся, — хутка спытала Ліза, — а другой удзень?
    — Я не памятаю, — адказаў зусім ужо агаломшаны Ян.
    Ліза глядзела ў акно і кусала вусны.
    — Я пайду, напэўна, — сказаў Ян.
    Ліза кіўнула. Але раптам не стрымалася:
    — Проста ніхто не ведае, што сёння другі Гэлін дзень народзінаў. Нават яна не ведае, я ёй не казала. Відаць, яна захацела жыць, калі нарадзіўся ты.
    У вачах Лізы заблішчалі слёзы.
    — Выбачайце, — сказаў Ян, — мне трэба ісці!
    — Пачакай! — папрасіла Гэліна маці, і Ян замёр напаўпаварота ад яе. — Я... — пачала Ліза, перапыніла сябе, зноўку працягвала: — Словам, мне трэба табе пра нешта распавесці. Я гэтага ўвогуле нікому не казала. Нават не згадвала ніколі. Але ты мусіш ведаць...
    Яну вельмі не спадабаўся такі пачатак.
    — Мы з Гэліным бацькам былі знаёмыя толькі вечар, — працягвала гаспадыня кватэры. — Зранку ён сышоў. Раней, чым я прачнулася. I болей мы з ім не бачыліся.
    — Вырадак ён! — не стрымаўся Ян.
    — Рэч у тым, што якраз не, — пакруціла галавой Ліза. — Ён пакінуў цыдулку. Казаў, што я вельмі... — яна зноўку абарвала сябе. — Карацей, ён збіраўся вярнуцца. Але не хацеў набівацца. Прасіў патэлефанаваць, каб я сказала. Так ці не. Пакінуў нумар. Я падрала яго і выкінула.
    Ліза казала кароткімі сказамі, бо на доўгія не ставала дыхання. Ян пакутліва чырванеў. Яму ўсё болей хацелася збегчы.
    — А цяпер я думаю, — Ліза глядзела ў сябе і размаўляла больш з сабою, — а калі б я патэлефанавала? I ў Геулы быў бы тата. Мы маглі разысціся. Або жыць душа ў душу. Або катаваць адно аднаго ўсе гэтыя гады. Але я ніколі пра гэта не даведаюся. Таму што спалохалася...
    — Навошта вы мне пра ўсё гэта кажаце? — спытаў Ян.
    Ліза апусціла галаву і адказала, звяртаючыся да дывана ў вітальні:
    — Я Геулу адпусціла, каб яна пазбавілася страху. Але ж яна яго з сабою ўзяла. I я не разумею, што
    з гэтым рабіць. А ты... Я ваш апошні ролік паглядзела... I той, дзе Гэля спіць... Шмат разоў...
    Ян моўчкі набраў нумар на смартфоне. У адказ завібрыраваў Гэлін тэлефон у кішэні яе курткі на вешалцы. Ян скінуў выклік і на момант задумаўся.
    — У вас ёсць Гэліна фотка? — спытаў ён. — Каб на паперы?
    * * *
    Геула сядзела ўжо вельмі доўга, ногі здранцвелі, але ўстаць моцы не было. Вакол па-ранейшаму панавала ідэальная цішыня, быццам увесь свет замёр, каб незнарок не даць дзяўчыне які-небудзь знак.
    «Я збіраюся з’ехаць з дому, вучыцца не там, дзе хочацца, а там, дзе ёсць інтэрнат. Я расстаюся з мамай, разышлася з Янам... Што я ўвогуле раблю?»
    Геуле раптам захацелася, каб той невядомы, хто зводзіў іх з Янам, ізноў падштурхнуў у спіну. Ці наадварот, кінуў у твар прыгаршчы пылу. Каб яна зразумела, што рабіць.
    I тут яе кранулі за плячо. Гэта была маладая жанчына, гадоў дваццаці пяці, не болей. Яе можна было б прыняць за студэнтку каледжа, каб не надзвычай сціплы макіяж і строгі гарнітур, якія выдавалі ў ёй настаўніцу.
    — Прабачце, — сарамліва спытала яна, — гэта ж вы?
    Яна паказала Геуле экран свайго смартфона. Там сапраўды была Гэля буйным планам. Леташняе фота, з Вільні, куды яны ездзілі з маці папіць кавы.
    — Так, — збянтэжана адказала Гэля.
    — Тады вам трэба гэта паглядзець, — яшчэ болей засаромілася жанчына, усунула Геуле смартфон і адышла ўбок.
    Гэля прыгледзелася, зразумела, што перад ёю стоп-кадр відэароліка. Праматала на пачатак — ролік стартаваў з той жа вільнюскай фоткі. За кадрам гучаў голас Яна:
    — Шаноўнае спадарства! Гэтая дзяўчына знаходзіцца ў Маладзечне! Яна забылася тэлефон дома, а мне трэба тэрмінова ёй нешта сказаць! Калі пабачыце яе, пакажыце, калі ласка, ролік!
    Фотаздымак знік з фокуса, і Гэля ўбачыла самога Яна.