Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

Сіямцы

Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
45.09 МБ
ЎГ ★ ★
— Ну чаму?! — абуралася Геула. — Чаму вы ўсе такія... заклапочаныя?! Калі дзяўчына апынулася з хлопцам у пустой кватэры, гэта што — нагода цягнуць яе ў ложак?
— He нагода, — адказаў Ян, нервова сёрбаючы гарбату і касавурачыся на Гэлю.
Гэля перахапіла ягоны позірк і шчыльней захінула халат.
— I ты туды ж!
— Ды нікуды ж! — пакрыўдзіўся Ян. — Проста... нечакана ўсё.
— Ты дакладна не ведаў, што я сюды прыйду? — строга спытала Геула.
— Ну скуль я мог ведаць, — здзівіўся ён, — калі ты сама пра гэта не ведала?!
— Але такіх супадзенняў не бывае!
Ян уздыхнуў.
— He бывае. Гэта... мактуб.
— Чаго? — перапытала Гэля. — Мак... што?
— Гэта арабскае слова, — Ян крыва пасміхнуўся, — азначае, што «так і павінна здарыцца». Кшталту лёсу.
Геула задумалася і наліла сабе яшчэ гарбаты. Напой быў нейкім неверагодна духмяным.
— Я разумею, — дадаў Ян, — што ўсё гэта лухта. Лёс, рок... Але ж якая была верагоднасць, што мы з табою тут сустрэнемся?
Геула не стала спрачацца. Ян натхніўся.
— Значыцца, мы сустрэліся не проста так, а дзеля чагосьці... 3 нейкай мэтай.
Тут ён заікнуўся і папрасіў:
— Слухай, а ты можаш пас тужэй зацягнуць?
Гэля перахапіла Янаў позірк і захінулася ў халат па самае горла.
— Прабач, — сказала яна, — слухай, але калі гэта праўда, калі сапраўды ў лёсу ёсць мэта, давай падумаем, навошта мы сюды прыехалі?
Павісла напружаная паўза.
Тут вочы ў Гэлі акругліліся.
— Я ведаю! — сказала яна.
— Ну? — спытаў Ян.
— Я прыехала сюды пачаць новае жыццё. Увогуле з нуля. А тут ты...
Гэля ўсхапілася, халат расхінуўся, яна паспрабавала закрыць калені, атрымалася толькі горш.
— У цябе маленькая бабуля, — патлумачыла яна, — я проста вышэйшая.
Ян кіўнуў і зглынуў.
— Ну вось, — сказала Гэля, — нам з табою трэба расстацца! I толькі пасля гэтага я змагу пачаць новае жыццё.
Вецер, які прыляцеў з боку Мінска, прымусіў ліпу, што расла пад акном, пастукаць галінкай па шкле. Сукаватая галінка нагадвала палец, якім стукаюць па лбе, прымаўляючы: «Вы што, зусім ужо?!»
* * *
Гэля казала яшчэ доўга і эмацыйна. Халат пры гэтым паводзіўся так правакацыйна, што Ян быў вымушаны адвярнуцца да акна. I заплюшчыць вочы, бо Геула добра адлюстроўвалася ў шкле.
Гэта дапамагло. Ён здолеў уцяміць яе аргументы. Гэля, як выявілася, вельмі горача пераконвала, што ім з Янам трэба разысціся.
— Ну як мы можам разысціся? — уздыхнуў Ян. — Каб «канчаткова» расстацца, трэба спярша... ну, не ведаю... сустракацца. Быць парай.
«Пераспаць», — хацеў развіць гэтую думку Ян, аднак стрымаўся.
— Але ж мы сустракаемся! Дакладней, раней увесь час сустракаліся, здымалі нешта...
— Гэта не тое! — Ян пачуваўся дурнем, седзячы з заплюшчанымі вачыма, але расплюшчваць баяўся. — Мы проста робім... рабілі агульную справу! Як на працы! Кшталту калег, нічога такога...
— He разумею... — у голасе Геулы з’явілася напружанне. — Якога «такога»?
Ян уздыхнуў глыбей і выпаліў:
— Ну... сэксу...
Павісла паўза.
Геула глядзела ў акно. Так уважліва яна яшчэ не глядзела ў акно ніколі ў жыцці. У калідоры храпануў Бяшка, і Гэля сцепанулася, быццам у яе над вухам лопнуў балёнік.
— Ян, паслухай, — замармытала Геула. — Я разбяруся з аднакласнікамі, здам іспыты, з’еду з Мінска, каб не турбаваць маму. 3 Кастусём усё ўжо скончылася, з ім было проста... А ты... Ты ж вельмі вялікі кавалак майго мінулага жыцця. У нас з табою быў мільён магчымасцей... Калі б гэта быў лёс, мы б ужо даўно... Мы столькі разоў заставаліся сам-насам...
Геула казала ўсё хутчэй і ўсё цішэй.
Ян паспрабаваў паварушыцца, Геула зноў сцепанулася. Ян убачыў, што яна не проста напалоханая, яна сапраўды ў паніцы.
— Слухай, — сказаў ён, каб разрадзіць атмасферу, — ты не памятаеш, калі апошняя электрычка на Мінск?
* * *
— Мама, я застануся начаваць у Маладзечне. Прабач, так атрымалася... Уяўляеш, апошнюю электрычку адмянілі. He, я тут выпадкова сустрэлася з Янам, у яго ў Маладзечне жыве бабуля. He, бабуля цяпер у Мінску. Ма, усё нармалёва... Так, добра. Так, я на сувязі.
Геула паглядзела на Яна.
— Табе прывітанне ад маёй мамы, — сказала яна.
— Угу, — адказаў Ян. — Калі мы ўжо тут да раніцы, можа, згатуем якія макароны? Есці вельмі хочацца.
Ад ежы Гэлю размарыла. Яна скруцілася на канапе абаранкам, захінулася ў плед, каб не бянтэжыць Яна, і сцішылася.
— Ты дзе спаць будзеш?
Гэля не адказала.
— Ты не хвалюйся, — спешна дадаў Ян, — я чапіцца не буду! Лягу ціхенька ў суседнім пакоі. Ці на кухні. Проста трэба абраць, хто дзе.
Геула зноўку змоўчала.
Ян адарваўся ад манітора і ўбачыў, што Гэля спіць. Гэтак жа, як у ягоным роліку, скруціўшыся абаранкам і паклаўшы пад галаву локаць.
Яна была... Ян зноў зразумеў, што яму не стае слоў.
Геула нагадвала нейкую рыбку... ці вустрыцу... карацей, нешта такое пяшчотнае, што можа існаваць толькі ў панцыры. Але цяпер гэтае пяшчотнае скінула панцыр і ляжыць...
Безабаронная!
Ян зразумеў, што правільнае слова — «безабаронная». Без абароны.
Ён знайшоў у шафе яшчэ адзін плед, які пах бабуляй, накінуў яго на Геулу, падаткнуў з усіх бакоў і пачаў на яе глядзець.
★ * ★
Ліза глядзела ў столь. Калі Гэля з’язджала на вакацыі з любімай «Калекцыяй прыгод», калі яна начавала ў сябровак, калі яна ездзіла на спаборніцтвы, застацца адной у кватэры было нават прыемна.
Цяпер было страшна. Самотна. Пуста.
Тэарэтычна яна ўсё ведала. Дачка вырасце і з’едзе. Гэта нармальна. Гэта слушна. Так і павінна быць. Нашмат горш будзе, калі не з’едзе. Нашмат горш, калі да трыццаці ў маці пад крыльцам. Геуле шаснаццаць, яна дарослая, яна мусіць мець сваё жыццё, сваё каханне, сваю гісторыю.
«Спіш?» — бразнуў паведамленнем тэлефон.
Ліза ўсміхнулася. Альбіна заўсёды ведала, калі трэба пагаманіць.
— Слухай, — ні села ні пала пачала Альбіна, — я тут падумала, можа, і добра, што Гэля з Кастусём пасварыліся. Няхай пагуляюць, няхай выпрабуюць свае пачуцці. А потым яны ўсё адно зразумеюць, што нікога лепшага не знойдуць. Зрэшты, лёс не можа хлусіць. Нездарма ж яны ў адзін дзень нарадзіліся. Дарэчы! Чына замовіў нашу кавярню на дваццаць восьмага траўня а шостай гадзіне. Кастусік пакуль, вядома ж, вырабляецца, але, калі ўбачыць Гэлю, нікуды не падзенецца, выкіне сваіх новых дзевак з галавы. Наша Геула самая прыгожая. Як яна, між іншым?
— Нармальна, — адказала Ліза, — спіць.
— Я не хацела табе казаць, — сказала Альбіна, — але я выпадкова сустрэлася з мамай нейкага Яна. I яна мне пачала казаць нешта пра лёс і пра тое, што ў дзяцей каханне. Ты яго ведаеш?
Ліза нешта прамыкала ў адказ.
— Вось і я сказала, што ўсё гэта лухта, — узрадавалася Альбіна, — мы яшчэ на вяселлі ведаеш як гульнём! Ух!
Праз паўгадзіны Ліза злавіла сябе на тым, што пяты раз пераглядае ролік з Геулай на «Сіямцюбе»
і плача так, што неўзабаве давядзецца ратаваць ноўтбук.
Яна проста зайшла паглядзець, што новага наздымалі Гэля з Янам. Гэтае відэа было ўдарам пад дых. Ёй раптам зрабілася шкада сябе. Вельмі захацелася, каб побач быў чалавек, які кахае. Які здольны любавацца тым, як ты спіш...
* ★ ★
На досвітку Ян усё зразумеў.
Ён закахаўся.
У Геулу.
Даўно.
Думка была настолькі простая і бясспрэчная, што Ян узлаваўся на сябе. Як можна было быць такім целяпнём! Усе ж прыкметы навідавоку! Яму з ёю добра? Добра! Сэрца тахкае, калі Ян глядзіць на Гэлю? Яшчэ як! Асабліва калі ў яе халат імкнецца сам сабою расхінуцца...
Ян нервова хітнуў галавой і яшчэ больш старанна падтыкнуў беражок пледа на Гэлі.
Так, што яшчэ? Ці думае ён пра яе? Анягож! Увесь час?
Тут Ян завагаўся. Сумленне патрабавала прызнацца, што часам ён думае не пра Гэлю, а пра нешта іншае. Пра бацькоў. Пра сцэнарый. Пра іспыты. Але ж немагчыма заўсёды думаць толькі пра адно!
Ян меркаваў, што «думаць увесь час» — гэта такое мастацкае перабольшанне. Маецца на ўвазе «думаць увесь час пра Геулу, калі не думаеш пра іншыя справы». Таму і тут можна ставіць уяўную птушачку.
Ён паспрабаваў згадаць яшчэ якія-небудзь прыкметы закаханасці. Здаецца, ва «У Кантакце» ён бачыў нешта такое: «Побач з каханым чалавекам час бяжыць непрыкметна». Ну так! Штораз, калі яны з Геулай прыдумлялі і здымалі ролік, час знікаў невядома куды. Толькі пачалі — а ўжо тры гадзіны прамінула!
Ян падбадзёрыўся. Ён закахаўся, ніякіх сумневаў!
А Геула?
Ці добра ёй з Янам? Ды хто ж яе ведае. Здаецца, няблага. Але «няблага» не значыць «добра». I сэрца ў Гэлі пэўна ж не замірае, калі яна бачыць Яна. Наконт «думаць увесь час» таксама былі сумневы. Час з Янам пралятае непрыкметна? Ніколі Геула такога не казала.
Відаць, не кахае.
I, адпаведна, каханне ў Яна неўзаемнае.
Ён прыслухаўся да сябе. Думаў, што гэтая навіна разаб’е яму сэрца, але нічога падобнага не адчуў. Наадварот, зрабілася цягуча-салодка недзе каля сонечнага спляцення. Ян заганарыўся. Ён малайчына: мужна ўспрыняў такую горкую вестку! Трохі засумаваў... але ў істэрыку не кінуўся, плакаць не пачаў.
Мужчына.
Зноў пастукала галінка ў акно. Калі б Ян прыслухаўся, ён бы пачуў у стуку адценне безнадзейнасці. Але ён зразумеў толькі, што ягонай каханай дзяўчыне перашкаджаюць спаць. Таму адчыніў фортку, адламаў галінку і, задаволены сабою, сеў у фатэль насупраць Геулы, каб любавацца ёю...
Ляпнулі ўваходныя дзверы. Ян прачнуўся.
Шыя ў яго здранцвела, галава гудзела. Ён з цяжкасцю ўстаў з фатэля і спалохаўся: Геулы нідзе не было. Ян выскачыў у калідор. Бяшка ўзняў галаву і пару разоў ветліва матлянуў хвастом. Ян кінуўся на кухню.
На стале стаяла вазачка з сочывам, запараная гарбата, ляжаў пачак печыва, а побач цыдулка.
«Бяшку выгуляла, з’ехала ў Мінск. Пакуль!»
Ён схапіў тэлефон, але за ноч той цалкам разрадзіўся.
Ян выбег на плошчу ў той момант, калі маршрутка «Маладзечна — Мінск» збочвала за рог. На заднім сядзенні ён паспеў заўважыць Геулу.
•к -к
Настрой у Гэлі быў цудоўны. Маршрутка пустая, да Мінска даляцела, заторы ў горадзе яшчэ не пачаліся.
Мінулая ноч у Маладзечне згадвалася як праз смугу. Быццам яна ўбачыла душэўны сон, калі дэталі не памятаеш, а засталося толькі пачуццё чагосьці вельмі добрага.
Гэлі не хацелася аналізаваць, чаму ёй так спакойна, але яна пастанавіла скарыстаць гэты стан. Заскочыла дахаты, хутка памылася, пераапранулася і пайшла ў школу.