Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
* * *
Ліза пабачыла Гэлю на кухні ў позе мысляра над няшчаснай паперкай. Позву Геула так і не выкінула, але пачала хутка пераказваць маці ўсё, што ёй сказаў Чынгіз.
— Добра, што не выкінула, — сказала Ліза, — я пайду.
— Ты аддасі грошы? — спалохалася Гэля.
— У мяне няма такіх грошай, — сказала Ліза, — я проста паразмаўляю з ім. Як з нармальным чалавекам. Таму што ўсюды людзі...
— I з усімі можна дамовіцца... — працягнула Геула.
Потым маці пайшла спаць, а Гэля яшчэ доўга думала пра тое, што маці непапраўная ў сваім аптымізме і што не вельмі зразумела, як з гэтым жыць і што рабіць.
Ян чарговы раз перачытаў сцэнарый і зразумеў, што гэта дакладна не ягонае. Першыя старонкі яшчэ ніштаватыя, але чым далей у лес... Ён закрыў файл і пераключыўся на браўзер. На першай жа ўкладцы натрапіў на «Сіямцюб».
Які ён акурат збіраўся заблакаваць.
Зрабілася зусім моташна. Яну вельмі не хацелася знішчаць уласны твор. Іхні з Геулай твор.
«Не магу ж я без яе дазволу канал закрыць, — падумаў Ян. — Трэба хоць спытаць».
Ён адкрыў тэлефонную кнігу, дакрануўся да кантакта «Гэля» — і слухаўка адразу загаварыла:
— Вітанкі, Ян! Прабач, што тэлефаную...
— Гэта ж я тэлефаную, — здзівіўся Ян. — Наконт канала... Закрыць яго трэба было б...
— Давай пакуль не закрываць! Ён мне патрэбны! Тэрмінова!
Праз паўгадзіны Гэля нацягвала на сябе і Яна «сіямскі» швэдар і адначасова тлумачыла свой план:
— Трэба ўсім расказаць! Гэтыя следчыя, яны такія смелыя, пакуль ніхто не ведае! А мы скажам, што ён у мамы хабар вымагае!..
— Слухай, — сказаў Ян, паморшчыўшыся, — а давай паспрабуем без істэрык і без нападаў.
— У сэнсе? — спытала Геула.
— Цяпер і так у сеціве зашмат рознай жуды. Давай здымем што-небудзь пазітыўнае.
— Што? — спытала Геула.
— Ну я не ведаю, — адказаў Ян, — лета на вуліцы. Прыгожа. Давай здымем пра каханне. У тваёй маці ёсць інстаграм? Ці яшчэ нешта, дзе фоткі яе торці-
каў і свят? Давай спампуем, зробім калаж пад файную музыку і раскажам гісторыю пра тое, якая яна малайчына. I прыгажуня. Вы, дарэчы, падобныя.
Геула паглядзела на Яна. Цяпер, калі абое былі ў швэдры, іхнія галовы аказаліся зусім побач. Час спыніўся. Яны спешна адвярнуліся ў процілеглыя бакі і паспрабавалі адсунуцца, хоць унутры швэдра гэта было праблемна.
— Ты чаго такая чырвоная? — буркнуў Ян.
— Горача ў швэдры, — адказала Геула. — Цудоўная ідэя. Я спампую фоткі.
★ ★ ★
— I навошта гэта ўсё? — спытала маці, тыцкаючы ў экран, на якім двухгаловы вядоўца распавядаў пра складаную сітуацыю, у якую трапіў добры чалавек і выдатны кулінар.
— He ведаю, — шчыра сказала Геула, — проста не здолела маўчаць.
— Я збіралася пайсці і нармальна паразмаўляць, — уздыхнула маці, — а зараз нармальна не атрымаецца. Яшчэ абвінавацяць у паклёпе...
— Ніякага паклёпу! — Гэля перасунула паўзунок амаль на фінал роліка. — Усё вельмі акуратна! Мы пра хабар увогуле нічога не казалі, сказалі, што табе давядзецца плаціць штраф.
3 дынамікаў данеслася: «Ну, вы ж разумееце...»
Маці працягла ўздыхнула і закрыла ноўтбук.
— Выдаліць ролік, я так разумею, можна і не прасіць?
Маці і дачка аднолькавымі жэстамі скрыжавалі рукі на грудзях.
Геула прачнулася ад тэлефоннага званка.
— Пяць тысяч праглядаў, — сказаў Ян. — Нехта спасылку даў на тутбаі. Дзвесце пяцьдзясят каментарыяў.
Гэля села на ложку і паспрабавала сканцэнтравацца.
— I што цяпер рабіць? — спытала яна.
— Цяпер — нічога, — усміхнуўся Ян. — Мы хацелі пагалоскі. Мы яе атрымалі.
Пачуўся званок у дзверы.
— Гэта я званю, — сказаў Ян, — давай разам паглядзім каменты, там ёсць такія, што адказваць трэба.
* * *
За дзень Ліза зараджала тэлефон тройчы. Пісалі аднакласнікі і аднакурснікі, тэлефанавалі старыя кліенты, пісалі знаёмыя знаёмых. Мэсанджары разрываліся, апарат гудзеў і награваўся.
Першыя пару гадзін маці Геулы шчыра намагалася адказваць, потым толькі ставіла падабайкі і смайлікі.
Скончылася гэта ўсё слязьмі. Геула і Ян прыехалі ў цэнтр, каб параіцца з Чынам, і заспелі Лізу, якая рыдала ў ягоным кабінеце.
— Што? — усклікнула Гэля і кінулася да маці.
— Гэтыя людзі... — галасіла Ліза, — яны мне столькі добрага за сёння нагаварылі. Я нават не ведаю іх... А яны...
Апошнім акордам была Алена Васілеўна Іванова, якая ўварвалася ў пакой Чынгіза. Яна ледзь не задушыла Лізу ў абдымках.
— Я як фотку ўбачыла, дык адразу і пазнала! Лізка! Дзе ж ты была? Я ж за цябе галовы паадрываю!
Геула, якая памятала грозную цётку ў сталовай, знямела і паспрабавала бачком выйсці з кабінета.
— Дачка твая? Дай абдыму! — зрэагавала на варушэнне Алена Васілеўна. — Ды мы з тваёй мамкай якраз былі як ты цяпер! Я па размеркаванні з’ехала, іначай бы нізавошта не рассталіся. Твая мамка — гэта агонь! Моц! Яна ўвогуле ў цябе — ух! У курсе?
Геула ад здзіўлення магла толькі ківаць.
★ ★ ★
Следчы чакаў Лізавету пры стале — строгі, зашпілены на ўсе гузікі.
— Слухайце, — сказала яна перш-наперш, — шчыра кажу, я не збіралася шум уздымаць. Хацела проста прыйсці і паразмаўляць...
— Лізавета Сяргееўна, — перапыніў яе следчы драўляным голасам, — я вас выклікаў, каб афіцыйна паведаміць: справа адносна вас спыненая.
— Спыненая? — Ліза разгубілася. — Гэта вельмі добра...
Гаспадар кабінета працягваў усё тым жа афіцыйным да агіднасці тонам:
— Загадам Прэзідэнта «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб» вытворчасць кандытарскіх вырабаў дома аднесена да відаў дзейнасці, якія не з’яўляюцца прадпрымальніцкімі.
«Ды ён рэпетаваў, — зразумела Ліза, — шпарыць як па напісаным».
— Такім чынам, абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці адносна вас знятае. Вы павінны толькі заплаціць адзіны падатак у памеры...
— Дзякуй, — перапыніла Ліза. — Мне трэба недзе распісацца?
— Калі ў вас ёсць нейкія прэтэнзіі да працы праваахоўных органаў, — следчы працягваў выкладаць завучаны тэкст, — вы маеце права падаць скаргу...
— Ды якую скаргу? — махнула рукой Ліза. — Усё ж добра скончылася!
I тут у голасе следчага ўпершыню прамільгнула жывая эмоцыя, амаль дзіцячая крыўда:
— Напрыклад, калі вы лічыце, што ў вас нехта вымагаў грошы...
— Слухайце, — уздыхнула Ліза, — не збіраюся я ні на каго скардзіцца! А ролік гэты... Ну, дачка ў мяне падлетак. У яе максімалізм у галаве. Ды яшчэ каханне бесталковае... А ў вас дзеці ёсць?
Следчы, які ўвесь гэты час не адрываў вачэй ад наведвальніцы, нешта для сябе вырашыў і канчаткова перайшоў на чалавечы тон:
— Двое ў мяне. Старэйшай дзесяць, малодшаму пяць.
— Ну, значыць, у вас яшчэ ўсё наперадзе. Няма ў мяне ніякіх скаргаў. Mary распіску напісаць.
Гэтая прапанова на момант зацікавіла гаспадара кабінета, але ён адразу ўзяў сябе ў рукі і пахітаў галавой.
— Давайце вось без лішніх рухаў. Вы напішаце распіску, што няма прэтэнзій, а начальства ў мяне
пачне высвятляць, а што за прэтэнзіі маглі быць. I так ужо...
Следчы абарваў сябе і працягнуў руку.
— Давайце я вам позву адзначу.
Ён падпісаў позву і папрасіў:
— Дарэчы, магчыма, вас будуць розныя журналісты распытваць...
— Я скажу, што вы вельмі добры чалавек і што гэта было непаразуменне! — адказала Ліза.
Следчы ўсміхнуўся:
— Можна і так... Але было б лепей ім увогуле нічога не казаць... А хочаце, я пакажу, як выйсці з пракуратуры праз службовы пад’езд? Каб з журналістамі не сустрэцца...
Геула пачала ўжо хвалявацца, калі ёй патэлефанавала маці:
— Сустрэнемся каля метро. 3 журналістамі не размаўляй, добра? 1, дарэчы, твая Аксана Віталеўна аказалася вельмі добрым чалавекам. Яна заяву сама забрала!
Гэля адключыла тэлефон у нейкім ачмурэнні.
— Ну што? — нецярпліва спытаў Ян. — Мы перамаглі?
— Я не зразумела... Аксана заяву забрала...
— Нас спалохалася! — запэўніў Ян.
* * *
Гэліна мама паехала ў рэпетытарскі цэнтр працаваць, а Геула і Ян гэтага і не заўважылі: балбаталі, як звар’яцелыя. Да іх дайшло, што небяспека прамінула, Лізавеце Сяргееўне нішто не пагражае, «Сіямцы» сваім ролікам узнялі рэальную хвалю.
— Там праглядаў болей за дзесяць тысяч, — хваліўся Ян. — Але гэта чухня! Ты памятаеш хоць раз, каб пасля нейкага з нашых сюжэтаў людзі сапраўды нешта рабілі? Мы крутыя: я і ты! О! Я паэт!
— Ага, — кіўнула Геула, — шкада такі канал знішчаць.
У Яна ўмомант згаслі вочы.
— Ну так, — сказаў ён. — Але ж нельга не закрыць... Ты з’едзеш... Я застануся...
— Так, нельга.
— Трэба закрыць.
— Давядзецца.
Квартал прайшлі моўчкі.
— Слухай, — прапанавала Геула, — але шкада ж адмаўляцца ад такога раскручанага рэсурсу!
— Шкада, — у голасе Яна чулася надзея, — але ж ты з’едзеш...
— Давай падзелім канал! Запішам ролік, у якім сіямцы падзеляцца. Ты сабе пакінеш «Сіямцюб», а я адкрыю... ну... «Сіямкацюб»... ці нешта такое...
— Можна, вядома, — надзея ў голасе Яна імкліва згасла, — але гэта несправядліва. У мяне застанецца раскручаны канал, а ў цябе... Ды і не ў гэтым праблема. He хачу так.
Гэля кіўнула. Яна і сама разумела, што прапанова недарэчная. Проста ёй таксама вельмі не хацелася закрываць канал.
— Але ролік пра раздзяленне сіямцаў мы здымем, — сказаў Ян. — Будзе эфектны фінал канала. Паехалі да мяне.
* * *
Ян апошні раз перагледзеў ролік, мантаж якога рабіў усю ноч.
— Мы зрабілі аперацыю па раздзяленні, — казаў Ян на экране, — гэта было складана.
— Але цяпер мы два розныя чалавекі, — упэўнена казала Геула.
— Цяпер мы можам жыць асобна...
— Нават у розных гарадах...
— Цяпер мы зможам весці два розныя блогі!
Далей на экране замільгалі смешныя фотаздымкі.
— Цяпер я магу танцаваць!
Здымак Геулы, якая танцуе.
— А я магу не танцаваць!
Здымак Яна, які спіць на пляжы.
— Цяпер я магу глядзець біятлон!
Здымак Яна перад тэлевізарам.
— А я — не глядзець біятлон!
Здымак Геулы на дрэве.
— Лекар кажа, што аперацыя прайшла паспяхова, але магчымыя некаторыя ўскладненні.
— Кажуць, калі мы будзем аддаляцца адно ад аднаго на адлегласць, большую за дзесяць кіламетраў, магчымае запавольванне сэрцабіцця, а ў цяжкіх выпадках небяспечнае для жыцця зніжэнне ціску.
Ян націснуў на кнопку «Дадаць відэа» і ўтаропіўся ў індыкатар загрузкі.
Апошні сказ роліка здаваўся яму цяпер залішне пафасным.
«Лухта якая, — падумаў Ян, — якое яшчэ запавольванне сэрцабіцця? Што за трагедыя? От вазьму