Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
Тут вочы закаціла Ліза.
— Я здаровая, — паведаміла яна, адчыняючы дзверы.
Я не сумняюся, — сказала Альбіна, уклаўшы ў гэтыя словы ўвесь сарказм, на які была здольная. — Ты таблетку зранку выпіла? I ўвогуле, скажы дзякуй, што я Чыне не сказала пра хуткую. Ты б ужо была ў шпіталі ў асобнай палаце. I кансіліум вакол цябе. Ты ж яго ведаеш...
Ліза ўздыхнула і падставіла Альбіне руку.
— Мерай! — здалася яна. — Таблетку выпіла. Каву выкінула. П’ю гарбату з рамонкам. Яшчэ нешта?
Яны ўладкаваліся пры кухонным стале.
— Сто дваццаць на восемдзесят, — сказала Альбіна, — жыві пакуль...
Сяброўкі расслабіліся і ўсміхнуліся адна адной.
— Ліза, у мяне Гэля спытала пра бацьку, — прамовіла Альбіна, — я адказала, што нічога не ведаю. Я ж сапраўды нічога не ведаю. Але я хачу, каб ты ведала, што яна цікавіцца.
Ліза ўздыхнула. Потым уздыхнула яшчэ раз.
— А выпіць мне нельга? — сумна спытала маці. — Набубеніцца гарэлкай і забыцца на тое, што ты мне сказала.
— Ну прабач, — абурылася Альбіна, — я магла не казаць.
— He магла, — сказала Ліза, — добра, давай гарбатай з рамонкам набубенімся.
А потым Альбіна маўчала, а Ліза гаварыла. Напэўна, ёй трэба было хоць каму расказаць гэтую гісторыю.
Жыццё Лізу не песціла. Бацьку яна не памятала, маці казала, што ён з’ехаў у іншы горад, калі ёй было два гады. Больш ніколі не вяртаўся. 3 маці былі цудоўныя стасункі, але ёй дыягнаставалі рак, калі Ліза была ў дзявятым класе. Маці была вельмі практычным чалавекам, таму зрабіла ўсё слушна — Ліза не пайшла ў старэйшыя класы, а паступіла ў кулінарны тэхнікум. Адвучылася, і калі маці праз некалькі гадоў барацьбы з хваробай усё ж такі памерла, была са спецыяльнасцю і ўжо працавала. Ёй вельмі падабалася быць кандытарам. Яна працавала ў прыватнай кавярні, узялі яе перадусім праз жаданне дапамагчы чалавеку ў складаным становішчы, незадоўга да мамінай смерці, але гаспадары ні разу не пашкадавалі пра сваё рашэнне. У Лізы быў талент. У яе з’явілася шмат добрых знаёмых і ўдзячных замоўцаў. У яе была маміна кватэра. Ёй было дзевятнаццаць гадоў.
— Ведаеш, мяне накрыла не адразу, а месяцы праз тры пасля мамінай смерці. Я вельмі добра памятаю дзень, калі ўсвядоміла, што зусім адна, разумееш? Я выйшла з працы і быццам растала ў горадзе. Гэлька так часта робіць: калі яна вельмі засмучаная, дык шыбуе пешкі праз увесь горад, пакуль галава не праветрыцца. Вось і я тады ішла як без памяці. Адзінота — гэта жахліва. Ты як мёртвы, але жывы, разумееш?
Альбіна кіўнула.
— Я нават не памятаю, дзе мы пазнаёміліся. Ён быў вялікі. Утульны. У яго паліто было такое мяккае, не куртка, а менавіта паліто. Мы размаўлялі, ён узяў мяне за руку, у яго былі цёплыя далоні. Мы прыехалі да мяне позна ўвечары, дагэтуль гулялі па горадзе. Я ўвогуле не ведаю, як так атрымалася. Я мала што памятаю. Памятаю, як было цёпла ад таго, што побач жывы чалавек. Калі б не ён, я б, напэўна, дахаты ў той дзень не вярнулася. He ведаю, што б я рабіла. Я не магла думаць, я была пустая ўнутры.
— Як яго звалі? — спытала Альбіна.
— Мне здаецца, што я нават гэтага не памятаю, — сказала Ліза. — Сяргей? Раніцай ён з’ехаў, мы неяк хутка развіталіся, мне было няёмка ды ўвогуле... Ведаеш, я з радасцю расказала б Геуле, што яна народжаная ў каханні. Няхай бы гэта была проста жарсць на тыдзень, але такая, што дах знесла. Але тут нават жарсці не было. Проста холад унутры. I самота. Я не ведаю, як пра гэта казаць. А хлусіць не хачу.
Альбіна шморгнула носам.
— 3 іншага боку, — сказала Ліза, — нехта зверху пачуў запыт. Мне было самотна. Праз два тыдні я даведалася, што цяпер мне не будзе самотна... Дарэчы, ён засцерагаўся. Таму гэта ўсё містыка чыстай вады. Відаць, Геула вельмі хацела нарадзіцца якраз тады.
— А калі б не нарадзілася? Страшна падумаць, што было б з намі, — уздыхнула Альбіна, — давай я табе яшчэ раз ціск замераю. Бо ты зноўку бледная.
Ліза ўздыхнула і падставіла руку.
Барбара яшчэ раз зверылася з цыдулкай. Той тэлефон Геулінай маці, што ёй далі ў «СІТРА», выявіўся неактуальным, але адрас, здаецца, быў дакладны. Аднак Барбара ніяк не наважвалася набраць нумар кватэры на дамафоне. Яна вырашыла пачакаць, пакуль пад’езд адчыніць хто-небудзь з жыхароў. I тады ўжо Барбара зойдзе і пазвоніць проста ў дзверы. Чамусьці гэты спосаб здаваўся ёй больш правільным.
Доўга чакаць не давялося. Дзверы пад’езда расчыніліся, і з’явілася засяроджаная жанчына гадоў пад сорак.
— Выбачайце, — спытала яе Барбара, — а трыццаць сёмая кватэра на якім паверсе?
— А вам навошта? — насцярожылася жанчына.
— Мне трэба паразмаўляць з дзяўчынай, якая там жыве.
— Геулы няма дома.
Барбара прыгледзелася, і ёй падалося, што жанчына нечым нагадвае Гэлю. «Маці? — падумала Барбара. — Ну, можа, яно і лепей».
— А можна я з вамі пагутару?
Жанчына пацепнула плячыма і прамовіла:
— Я збіралася выпіць кавы. Тут побач ёсць невялікая кавярня...
Праз дзесяць хвілін яны сядзелі пры пластыкавым століку, і Барбара блытана тлумачыла:
— Разумееце... гэта не вельмі лагічна... і муж кажа, што нелагічна... Але мне здаецца, ім трэба памірыцца!
— Каму? — спытала суразмоўніца.
— Геуле і Яну! Яны разам стварылі канал на юцюбе. «Сіямцюб». I тое відэа, за якое канал заблакавалі, гэта ж Ян пра Гэлю здымаў!
Жанчына ледзь не папярхнулася кавай.
«Няўжо ёй Гэля не паказала? — здзівілася Барбара. — Можа, не паспела, канал раней заблакавалі...»
— Але вы нічога такога не падумайце! — заспяшалася Барбара. — Нічога... эратычнага... Я маю на ўвазе... Ды гэта ўвогуле неістотна. He, істотна!
Пераскокваючы з аднаго на другое, яна выдала ўсё. I што Ян ніколі не мог на чымсьці засяродзіцца, а з Геулай ён мог месяцамі здымаць «Сіямцюб». I што той ролік — хоць там не было ні сантыметра аголенага цела! — атрымаўся вельмі... пяшчотным. I што цяпер Яна кідае туды-сюды: то адна дзяўчына, то другая, то ён спрабуе зняць нешта самастойна, то сцэнарый фільма піша...
Жанчына слухала, не перапыняючы. Барбара пакрысе супакойвалася.
— I ўвогуле... мне здаецца, тут... прабачце за гучныя словы... усё гэта вельмі невыпадкова. Я маю на ўвазе Яна і Гэлю. Ян, ён жа сам... вельмі не... выпадковы. Мы з мужам яго некалькі гадоў планавалі. Дыета, вітаміны, фоліевая кіслата, кансультацыі з лекарамі... Нават, — Барбара ўсміхнулася, — па святых месцах ездзілі. У Кіева-Пячэрскую лаўру. He дапамагло.
Яна раптам зразумела, што спавядаецца зусім незнаёмай жанчыне, але адступаць было позна. Адным глытком дапіла астылую каву і працягвала:
— Мы ўжо рукой махнулі... А ён узяў — і вырашыў нарадзіцца. Быццам яму трэба было менавіта ў гэты
дзень нарадзіцца, бліжэй да Геулы. У іх жа розніца меней за месяц.
— А вы ведаеце, — прамовіла суразмоўніца, — што ёсць іншы хлопчык, які нарадзіўся не проста «бліжэй», а ў той жа дзень?
Барбара замерла, яна не чакала ўдару ў сонечнае спляценне.
— I праз вашага Яна Гэля з Кастусём пасварыліся. Гэта таксама лёс, га?
Жанчына ўсхапілася, кінула некалькі капеек на стол і рашуча накіравалася да выхаду. Барбара засталася сядзець. Яна не ўбачыла, як яе суразмоўніца выйшла з кавярні, набіраючы нумар.
— Ліза, — сказала нядаўняя суразмоўніца Барбары ў слухаўку, — як ты?.. He, у мяне ўсё нармальна... Проста калі ад цябе выходзіла, сутыкнулася з адной... дзіўнай асобай... He, усё нармальна. He забывайся піць кроплі Зяленіна!
Альбіна адключыла тэлефон і пайшла да сваёй машыны.
★ ★ ★
Чынгіз абудзіў Лізу і Геулу званком у дзверы.
— Вы яшчэ спіце?! — абурана ўсклікнуў ён.
— Ты не мог з дому патэлефанаваць? — спытала Геула, з цяжкасцю разляпляючы вочы.
— Раніца! Усе ўжо на працы! Пад’ём! Будзі маму, паедзем ёй новае месца працы паказваць!
— Чаго? — спытала Ліза.
— Потым пытанні, потым удзячнасці, усё потым! — урачыста абвясціў Чына. — Я вару вам каву, вы збіраецеся за пятнаццаць хвілін!
Геула перазірнулася з маці. Абедзве пацепнулі плячыма, пагаджаючыся адна з адной, што супраціўляцца марна, і пацягнуліся на кухню...
— Карацей, Ліза, тут такая штука, — Чынгіз экспрэсіўна руліў і яшчэ больш экспрэсіўна расказаў, — у мяне праз тыдзень адкрываецца летнік, ты ж ведаеш, што мы другі паверх пад гэта ўзялі? He ведаеш яшчэ? Дык во, ведай. Набіўся поўны цэнтр — шэсць груп, і, баюся, гэта не мяжа. Малых не бяром, ужо не лезуць. Карацей, трохі зашываемся. Я табе хваліўся, што ў мяне ўжо набор на верасень закрыты? Во, хвалюся. А трэці паверх мы пакуль не пацягнем. Напэўна. Я яшчэ не лічыў проста, не да таго пакуль. Дык во, летнік. У іх па два заняткі да абеду, потым гуляюць, потым зноў усялякія робаты-шмобаты. Але ты разумееш, якая неспадзяванка, дзяцей карміць трэба. Зараз, чакай...
Чына адказаў на тэлефанаванне і праз хвіліну працягваў:
— Мы спачатку думалі, што будзем у кавярні замаўляць, але дорага выходзіць. Калі прасіць, каб ссабойкі давалі, таксама не вельмі добра. Усім будуць даваць рознае, камусьці чыпсы дадуць, а камусьці тушаную капусту, а гэта захоўваць недзе трэба, разаграваць. Лета, горача... Яшчэ атруціцца хто. Карацей, тут мы згадалі, што ў нас падрыхтаваная кухня стаіць. Вялікая, абсталяваная. I я падумаў, што ў цябе дыплом, у цябе санкніжка, ты ж можаш кухарам працаваць? Я цябе афіцыйна вазьму ўлетку на працу, пакуль у нас сезон, а далей ты як хочаш — можа, што лепшае знойдзеш, можа, застанешся. Mae юрысты там цяпер пытанне з санстанцыяй вырашаюць, але я падумаў спачатку табе
працоўнае месца паказаць, раптам не спадабаецца, тады кагосьці іншага буду шукаць.
Чына спыніў машыну і азірнуўся.
— Як табе ідэя? — спытаў ён.
— Колькі дзяцей? — спытала Ліза.
* ★ ★
На ўваходзе ў рэпетытарскі цэнтр Чыну апанавалі адразу некалькі чалавек. I пакуль ён адбіваўся адначасова ад новай настаўніцы рускай мовы («Давайце яшчэ адзін курс для пяцікласнікаў!»), маці аднаго з дзевяцікласнікаў («Чаму вы так шмат задаяце, мой хлопчык не дае рады!») і сямікласніка («Я рашыў вашу задачу, давайце мне шакаладку!»), Ліза і Геула падняліся на другі паверх.
У адным пакоі наладжвалі трасу для лега-робатаў, у другім юныя хімікі, мяркуючы па хітрых фізіяноміях, збіраліся нешта падарваць, у трэцім пакутавалі над бланкамі ЦТ адзінаццацікласнікі.
— А дзе кухня? — шэптам спытал а Л іза ў дзяўчыны ў навушніках, якая ўладкавалася з кнігай проста на падлозе, паміж фікусам і крэслам.