Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
Я думала, што Ада назвала мяне ў гонар кагосьці. Я заўсёды лічыла яе роднай бабуляй... Я ведала, што яна не родная, але...
— Мы ўсе яе любілі, — усміхнулася Альбіна, — у яе руках сціхала любое немаўля, уся радзільня на яе малілася. У Ады ўсе дзеці елі, спалі і папраўляліся. Яна калі ў палату заходзіла — быццам вядро спакою разлівала. Грудзі расцэдзіць, рукой па шве правядзе, быццам ужо і не баліць. Сядзіш уся ў слязах і соплях, Ада паўз цябе пройдзе, праз хвіліну думаеш, чаго я тут надрываюся? Добра ж усё! Я неяк спытала ў яе, колькі дзяцей прайшло праз яе рукі.
— А яна?
— Сказала нешта на ідыш. Патлумачыла, што любові хопіць на ўсіх.
Гэля шмат ведала пра бабулю Аду, маці апавядала.
У яе была вялікая сям’я, але падчас вайны выжыла толькі яна. Усіх забілі, а Аду схаваў хлопец-сусед. Закаханы быў вельмі. Бацькі, калі даведаліся, што ён схаваў габрэйку, выгналі з хаты абаіх. Яны збеглі ў партызаны, хлопца неўзабаве забілі, а Ада засталася. Яе бацька быў лекар, яна шмат ведала і ўмела, таму была нарасхват — у яе была вельмі лёгкая рука, раны быццам самі загойваліся. Але сама яна моцна застудзілася ў лесе і сабе дапамагчы не здолела, таму ўласных дзяцей у яе ніколі не было і быць не магло.
Вучыцца на акушэрку Ада пайшла адразу, як толькі вызвалілі Мінск. Нейкі яна дала сабе зарок. Маўляў, павінна дапамагчы нарадзіцца столькім людзям, колькі памерла ў яе на руках. I дапамагла. Працавала да апошняга дня. У «сямёрцы» адпраца-
вала сорак гадоў — з дня заснавання. Спачатку акушэркай, потым сама захацела перайсці медсястрой у аддзяленне нованароджаных. У яе не было родных, не было сям’і. Але было шмат удзячных мацярок і дзяцей. Многія, як і Геула, называлі яе баба Ада. На могілках у яе амаль заўсёды жывыя кветкі.
— Ліза ляжала ў асобнай палаце, — расказвала Альбіна, — яна ж была без цябе, яе, каб не траўміраваць выглядам дзяцей, перавялі ад усіх. Але яна заўсёды на кармленне прыходзіла да мяне. Ада прывозіла дзяцей, Ліза прыходзіла разам з ёю. Ліза казала, што ёй лепей, калі яна бачыць немаўлят. А ў мяне была процьма швоў, сядзець нельга, гемаглабін ніжэй за дзевяноста, я ўстаць не магла — хісталася. Дык Ліза Кастусіка і мыла, і слупком насіла...
Альбіна перапынілася.
— Твая маці не сказала нам, што ты... карацей, яна сказала, што ў дзіцяці жаўтушка. I што яна ходзіць карміць цябе сама. Яна ў цябе ўвогуле цудоўная.
Альбіна надоўга замаўчала, утаропіўшыся ў акно.
— Цётка Аля, можна я табе яшчэ адно пытанне задам? — сказала Геула.
Альбіна кіўнула.
— Ты ведаеш, хто мой бацька?
Альбіна сцепанулася.
— He, — ціха прамовіла яна.
— А калі б ведала, сказала б? — спытала Гэля.
— He, — шчыра адказала Альбіна.
* * *
Схему Ян так і не склаў. Прыбег дахаты і кінуўся да ноўта. Адразу загрузіў Word і адкрыў шаблон для
напісання сцэнарыяў. Напярэдадні ён ужо спрабаваўу ім працаваць, і прынцып нават падабаўся — ніякіх табе апісанняў прыроды і ўнутраных маналогаў, суцэльны экшн, — але ніводная ідэя не гарэла, таму працэс не ішоў.
Затое цяпер словы быццам самі паліліся, Ян ледзь паспяваў запісваць.
Ачуўся ад паху кавы.
Дакладней, ён ужо хвілін пятнаццаць не пісаў, а сядзеў, утаропіўшыся ў экран, — героі трапілі ў такі тупік, што незразумела было, як іх адтуль выцягваць. А тут яшчэ кава.
I бутэрброды на талерцы.
I маці, якая прынесла ўсё гэта, але чамусьці не сышла, а ціхенька сядзела на тахце.
Ян узяўся за бутэрброды. Выявілася, што ён паспеў згаладацца. Скасавурыўся на гадзіннік у куце экрана — уга, палова на адзінаццатую!
— А што далей будзе, — спытала маці, — ты ўжо прыдумаў?
— He, — з прыкрасцю адказаў Ян. — Трэба было, напэўна, усё ж такі план скласці, як у кнігах раяць.
— А ты мне раскажы, — папрасіла маці. — Раптам нешта ў галаву прыйдзе.
— Ну там такая гісторыя, — пачаў Ян, сёрбаючы каву. — Жывуць два браты, сіямскія блізняты. Яны адзін аднаму абрыдлі як горкі перац, але аперацыю па раздзяленні зрабіць не могуць. Грошай няма. I ўрэшце яны знаходзяць грошы і едуць да хірурга. Але аднаго брата, Германа, выпадкова раняць! Атручанай стралой! 1 другі разумее, што трэба ратаваць брата, бо атрута трапіць і ў яго!..
Ян расказваў, усё болей захапляючыся. Гісторыя яму па-ранейшаму падабалася, асабліва моманты, калі Герман ачуньваў і спрабаваў дапамагчы брату.
— I во цяпер яны ляжаць у калодзежы... — уздыхнуў Ян. — I я не ведаю, як яны адтуль выберуцца.
— Але ж ты ведаеш, чым усё скончыцца? — спытала маці.
— Вядома ж! Герман выжыве... хоць глядач будзе думаць, што ён памёр... Сіямцаў падзеляць... Яны зразумеюць, што ўсё адно будуць жыць побач. Таму што... ну...
— Таму што яны самыя блізкія ў свеце людзі, — ціха сказала маці.
— Так, кшталту таго.
— А ты не хочаш іх зрабіць не братамі, а братам і сястрой?
Ян задумаўся.
— Я там хацеў зрабіць любоўны трохкутнік. Быццам яны кахаюць адну дзяўчыну... Але, ведаеш, калі брат і сястра — нават круцей! У брата будзе дзяўчына, у сястры — хлопец, і яны будуць блытацца пад нагамі... Ці не! Дапамагаць! Во хто іх з калодзежа... Дзякі, ма!
Ян зноў кінуўся да клавіятуры.
— Ты ж, здаецца, збіраўся план скласці, — нагадала маці, устаючы.
— Ай! — адказаў Ян.
— Добра, апошняе пытанне: што будзем з тваім днём народзінаў рабіць?
— Ма! — Ян паспешліва гартаў файл, выпраўляючы аднаго брата на сястру. — Яшчэ месяц! Паспеем прыдумаць!
— А вы з Гэляй не будзеце аб’ядноўваць?
Ян секунду падумаў над мамінай прапановай. У іх з Геулай розніца ва ўзросце трошкі меней за месяц, яны звычайна ездзілі ў чэрвені ў «Калекцыю», адзначалі разам, было весела... Але тут ён ачуўся і выгукнуў:
— Ма! Усё! Забудзься! Няма ніякай Гэлі! Я забыўся на яе і табе раю! Халера...
Ён замёр перад экранам, наморшчыўшы лоб.
— He, трэба ўсё ж такі план скласці, заблытаюся...
— Я табе яшчэ бутэрбродаў прынясу, — сказала маці.
* * *
Абедам Геула вырашыла, што вар’яцее.
Ёй здавалася, што ў яе адключылася памяць, а ў галаве плюхціць кісель.
Яна знайшла ў мікрахвалёўцы кашу, але так і не згадала, калі яе туды паставіла. Яна ўбачыла сябе ў ванным пакоі, але не памятала, ці мылася сёння. Яна адкрыла ноўтбук, але так і не зразумела навошта.
Маці спала. Але спала спакойным, нармальным чалавечым сном, шчокі ў яе былі ружовага колеру, і мама нават усміхалася ў сне. Альбіна зранку збегла на працу, паабяцала ўвечары заскочыць і спраўдзіць, ці ўсё добра.
Славаў званок заспеў Гэлю за вельмі важнай справай. Яна глядзела, як у рондалі закіпае вада.
— Я ў Мінску па справах, можа, сустрэнемся?
Геула выключыла канфорку.
— Буду на «Купалаўскай» праз паўгадзіны, — рашуча сказала яна.
I ледзь не выйшла з дома ў пантофлях.
Слава хацеў на Зыбіцкую, але Геула пераканала яго ў Верхні горад не хадзіць, чамусьці ёй гэтага страшэнна не хацелася.
Мінск хваляваўся, але намагаўся трымаць аблічча. Нервова круціў хмарамі, як круцяць у руках аловак, пастукваў пальцамі-дрэвамі, дыхаў няроўна і рэагаваў не заўсёды адэкватна. Насельнікі горада ціснуліся да сцен, пакутавалі ад галаўнога болю і наракалі на магнітную буру.
Гэля са Славікам пайшлі праспектам уніз (каля цырка іх ледзь не здзьмула) і збочылі ў сквер, да фантана, дзе дзяўчаты апускаюць у ваду вяночкі*.
Бедны Слава. Ён проста хацеў пабавіць час з дзяўчынай, якая яму спадабалася. Ён разы тры намякнуў на тое, што Купалле — гэта, маўляў, каханне і ўсё такое. I нават пяшчотна ўзяў Гэлю за руку. Але Геула не мела настрою на флірт, яна была ўнутры сябе, на пытанні адказвала недарэчна і на кантакт не ішла. Руку не забірала, але і ніяк іначай не рэагавала.
— Пра што ты думаеш? — не вытрымаў Слава.
— Пра бацьку, — выпаліла Геула і сама здзівілася свайму адказу.
— Пасварыліся? — спагадліва спытаў Слава.
— Я б з радасцю... — уздыхнула Гэля. — Я ніколі яго не бачыла. Я нават не ведаю, як яго завуць.
— Я думаў, так толькі ў кіно бывае, — сказаў Слава. — Ты хочаш яго знайсці?
* У скверы Янкі Купалы ў Мінску ёсць фантан са скульптурнай групай, якая адлюстроўвае адну з традыцый Купальскай ночы: дзяўчаты пускаюць вянкі па вадзе, каб знайсці свайго нарачонага.
Геула кіўнула.
— Ну давай знойдзем, — прапанаваў Слава. — Паразмаўляй з мамай.
Гэля згадала белую маці з дрыжачымі вуснамі і катэгарычна адмовілася.
— Тады з бабуляй паразмаўляй.
— Яна памерла за год да майго нараджэння, — уздыхнула Геула.
— А дзядуля?
— Я ніколі яго не бачыла.
— Тады трэба сябровак маміных знайсці. Яны напэўна ж ведаюць.
Геула задумалася.
— Але ж гэта старыя сяброўкі патрэбныя, з якімі мама вучылася... Дзе я іх знайду?
— Слухай, ну ты як маленькая! У «Аднакласніках». Зайдзі на маміну старонку, пачытай...
— Але ж нельга лазіць па чужых старонках, — нясмела сказала Гэля.
Слава закаціў вочы.
— Ну не лезь у перапіску, проста паглядзі, з кім вучылася.
Слава правёў Геулу, на развітанне прыціснуў да сябе, цмокнуў у шчаку — і адразу ж войкнуў, бо джып, які праязджаў побач, абліў яго вадой з лужыны.
— Галя, я табе заўтра патэлефаную, — сказаў Слава, абтрасаючыся.
— Мяне Геула завуць, — выправіла яго Гэля. — Галя — гэта была хвілінная слабасць.
Ёй падалося, ці горад сапраўды абняў яе цёплым ветрам?
Ян сядзеў і злаваўся на сябе: «I чаго затупіў? Навошта павалокся на заняткі? Дома сцэнарый недапісаны!» Але сысці пабаяўся — пятым урокам была англійская мова, якую вяла класная.
А яшчэ Жанка круцілася каля яго ўсе перапынкі. Пытанняў не задавала, але рабіла выразныя вочы.
На інглішы класная выклікала Яна і сказала доўгую прамову, у якой ён разабраў «Шэйкспіа» і «Хэмліт». Відаць, русічка данесла пра неверагоднае захапленне дзевяцікласніка Марыніча класікай брытанскай літаратуры.
Ян адказаў адзінае, што ведаў на тую тэму па-англійску:
— Ту бі о нот ту бі, — і нечакана для сябе гаротна дадаў: — Зэт із зэ куэсчэн...*
Класная была ўражаная да глыбіні душы.
— Eight!** — выгукнула яна, хоць звычайна адзнакі Яна не падымаліся вышэй за «six»***.
Ян сеў, працягваючы здзіўляцца сваёй памяці. Адкуль усплыло гэтае «зэт із зэ куэсчэн»? У KimaHi завібрыравала. Праверыў: гэта Жанка даслала ў асабістыя паведамленне, якое цалкам складалася з захопленых смайлікаў. Ён павярнуўся да яе і зрабіў страшны твар.
Пасля англійскай з чыстым сумленнем збег.