Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

Сіямцы

Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
45.09 МБ
У Яна жывот забалеў ад смеху, а Гэля стала азірацца, ці не перашкаджаюць яны каму. Але гэтая частка кавярні сёння была пустая. I на вокнах віселі такія шчыльныя парцьеры, што не разгледзець было, дзень звонку ці ўжо вечар.
Геуле раптам падалося, што яны не ў Мінску, а дзе-небудзь у Празе. Ці ў Кракаве. I гадоў ім нашмат болей.
* Лаўка ў Верхнім горадзе, прысвечаная кампазітару Міхалу Агінскаму. Калі сесці на яе, пачынае граць знакаміты паланэз Агінскага.
I Яну прымроілася тое ж самае. Ягоная нястомная фантазія вытлумачыла, як яны сюды трапілі — прыехалі на кінафестываль. Прывезлі свой новы фільм. Толькі што быў закрыты паказ, і ўсе журналісты бралі ў іх інтэрв’ю, а журы перазіралася так, што стала зразумела — яны амаль перамаглі.
«Добра, — падумала Гэля, — што мы ад іх змыліся! Тут яны нас не знойдуць!»
«Ты ж хацела перамагчы? — падумаў Ян. — Хацела, каб усе пабачылі, які мы геній!»
«Не, — запярэчыла Геула, — я хацела, каб у нас атрымаўся выдатны фільм. I ён атрымаўся!»
I тады Ян нахіліўся да Гэлі і пацалаваў яе ў вусны. Вельмі пяшчотна. Ён і не ведаў, што так умее. I Геула не ведала, але пацалавала яго ў адказ.
Увесь гэты час — а прайшло, пэўна, некалькі дзён, пакуль яны цалаваліся, — Ян і Геула былі тымі самымі дарослымі паспяховымі людзьмі з умоўнага Кракава.
Ляпнулі дзверы, нехта праслізнуў у прыбіральню. Ян і Геула адначасова адвярнуліся адно ад аднаго і схапілі кубачкі, але тыя былі пустымі.
— Я заўтра зраблю мантаж, — сказаў Ян, устаючы, — і выкла...
Ён абсекся, узгадаўшы, што выкладаць няма куды. Геула таксама ўсхапілася, вельмі старанна шукаючы нешта ў сумачцы.
— Ведаеш, — сказаў Ян, — а давай новы канал завядзём. «Сіямцюб» шкада, але пакуль яго яшчэ разблакуюць...
Гэля не адказала. He ўздымаючы галавы, яна хутка выйшла.
«Шкада, — падумаў Ян, — што тут наперад плацяць. Так бы афіцыянта пачакаў».
Ён памарудзіў хвіліну, каб даць магчымасць Геуле сысці, і пайшоў следам.
Але Гэля не сышла, стаяла каля шкляных дзвярэй і глядзела на залеву. Ян падышоў і стаў трохі ззаду.
— He атрымаецца новы канал, — сказала Геула, — мы з Мінска з’язджаем.
— А, — прамовіў Ян.
Гэля адчыніла дзверы і выскачыла вонкі. Яе спіна вельмі хутка зрабілася нябачнай за сцяной дажджу.
★ ★ ★
Мінск заўсёды быў вельмі добрым горадам. Але іншым разам у яго заканчвалася цярплівасць. Вось і цяпер ён хвастаў Геулу халоднымі струменямі, злосна дзьмуў у твар, кідаў ёй пад ногі лужыны і намагаўся ўбіць ва ўпартую галаву: «Назад! Вярніся!»
Усё было дарма.
Ачомалася Геула ў Серабранцы. Ад холаду. Дождж даўно скончыўся, але джынсы былі мокрыя да калена і куртка на плячах наскрозь.
Гэля ўключыла навігатар. Яна прашыбавала пад дажджом шэсць з паловай кіламетраў. Да бліжэйшага метро — каля двух.
У кішэні тры рублі драбязою, хопіць на каву. Пытанне толькі, дзе бліжэйшая кавярня? Гэля пайшла ў бок Партызанскага праспекта.
«Цікава, ці ёсць кавярні ў Маладзечна? — думала Геула. — Раздурыліся мы тут у Мінску, кава нам не тая, пенка недастаткова ўзбітая, свежых ягад у меню няма... Трэба будзе з’ездзіць паглядзець. Маральна падрыхтавацца...»
«Цікава, а чым там людзі займаюцца вечарамі? Куды яны ходзяць? Зноўку давядзецца ўсім тлумачыць, чаму ў мяне такое імя».
«Цудоўны сёння быў дзень. Я запомню Мінск вось такім. Добра, што было сонца».
«Трэба патэлефанаваць маме».
Думкі ў Гэлі скакалі, яна не магла ні на чым засяродзіцца.
«Цікава, а колькі часу спатрэбіцца на пераезд? Добра было б нікуды больш не хадзіць. Зашыцца дома і выйсці, толькі калі трэба будзе пераязджаць».
«Цікава, а як людзі ў Маладзечне паміраюць? А шпіталі там ёсць?»
«Там ёсць інтэрнэт, можна весці свой блог з Маладзечна. “А ў нас сёння зноўку нічога не здарылася...” Нуль праглядаў».
— Так, мама, я жывая. Неўзабаве прыеду. А як ты думаеш, у Маладзечне ёсць шпіталь?
Гэля выслухала маміну тыраду пра тое, што гэта раённы цэнтр, буйнейшы за некаторыя еўрапейскія гарады, што ўсё там ёсць і каб яна не рабіла з сябе «сталічную штучку».
Геула ўтаропілася ў кубачак з кавай.
Блог будзе называцца «Сталічная штучка ў Маладзечне». Зрэшты, маці заўсёды кажа, што «ўсе жывыя — і гэта галоўнае». Прарвёмся.
* * *
Увечары ў Яна нешта здарылася з маніторам — малюнак паплыў, рэзкасць знікла. Ян паспрабаваў патыцкаць у кнопкі наладак, але ўбачыў, што подпісы да іх невыразныя. Ён перавёў позірк на шафу.
Тая пагойдвалася. Толькі тут Ян адчуў, што ў яго страшэнна рэжа вочы — быццам ён паўгадзіны глядзеў на зварку. 3 цяжкасцю сфакусіраваўся на гадзінніку — не паўгадзіны глядзеў, а восем гадзін запар. Няхай і не на зварку, а на экран, але таксама адурэць можна. Ян хацеў дзеля ўласнага заспакаення перагледзець ролік, але зразумеў, што тады вочы проста выбухнуць. Ён усыпіў комп і паваліўся на ложак.
Прачнуўся, калі за акном ужо кіпеў дзень. Прыслухаўся — Нора настойліва скрэблася да яго. I злёгку стукалася галавой аб дзверы. Так яна рабіла, толькі калі бацькі адсутнічалі. Ян збегаў у прыбіральню, памыўся, прыхапіў на кухні талерку з бутэрбродамі і гарбату.
На свежую галаву ролік глядзеўся яшчэ лепей, чым учора. Ян пастараўся як мае быць — дадаў цітры, стоп-кадры і нават просценькім спецэфектам прымусіў варушыцца губы бронзавых коней. Ён даслаў ролік тату і адкінуўся на спінку крэсла.
«Ну вось, — падумаў ён, — я вольны».
Аднак думка чамусьці не ўзрадавала. Захацелася тэрмінова нечым заняцца.
Ян абвёў строгім позіркам пакой...
Калі маці вярнулася з крамы, генеральная прыборка ішла поўным ходам. Каля дзвярэй пакоя Яна стаялі тры пакеты са смеццем, ложак быў ідэальна засланы, а сам Ян завіхаўся з анучкай, праціраючы ўсё, што можна было працерці.
— Сынуля... — войкнула маці.
— Смецце я зараз вынесу! — бадзёра адгукнуўся сынуля.
— Штосьці здарылася?
— Ды ўсё нармуль. Проста прыбрацца вырашыў. Вы ж самі ўвесь час мне глузды выносіце!
Маці заўважыла каля стала вядро і швабру.
— Янчык! Ты і падлогу будзеш мыць?
— Ну так, — пацепнуў плячыма Ян. — Зараз пыл вытру. Пыласосам я прайшоўся ўжо, але памыць жа лепей, так?
— Сынуля, — маці паспрабавала казаць як мага больш цвёрда, — што здарылася? Ты зноў пасварыўся з Гэляй?
— Ды ідзіце вы ў пень са сваёй Гэляй! — з паўпаварота завёўся Ян. — Я проста прыбіраю пакой! Самі ж ныеце ўвесь час! А цяпер... Карацей, не замінай!
Ён дэманстратыўна ўрубіў музыку на камп’ютары. 3 калонак грымнуў рэп.
Маці пацягнулася была па смецце.
— He чапай! — зароў Ян, перакрыкваючы скаргі простага хлопца на недарэчнасць існавання. — Сам вынесу!
Маці знікла на кухні. Упершыню яна пашкадавала, што не пазнаёмілася з бацькамі Геулы і нават не ведае іхніх тэлефонаў. Дзяцей трэба было неадкладна ратаваць.
* * *
Геула выйшла са свайго пакоя, каб паглядзець, хто гэтак настойліва звоніць у дзверы.
Спачатку ў дзвярным праёме з’явіліся два пакеты. Потым яшчэ два. Потым пакет з сокамі. Апошнім зайшоў дзядзька Чынгіз са скрынкай яблыкаў.
Маці стаяла, уціснуўшыся ў сцяну, з вельмі змрочным тварам.
— Карацей, — сказаў Чынгіз, — мне зараз няма калі, я вярнуся ўвечары, і мы наконт справы пагутарым.
— Што гэта? — спытала Геула.
— Пяць кіло грэчкі, пяць кіло рысу, макароны, мука, цукар, замарожаная гародніна, вунь там бульба, морква, буракі, сокі асобна, яблыкі так сабе, ды лепшых не знайшоў. Малако, кефір у «тэтрапаках» па пяць літраў, на тыдзень вам хопіць. Масла, соусы ўсялякія... Гэты пакет не ведаю з чым, яго Альбіна збірала.
— Але навошта? — ціха спытала Ліза.
— Ты ж грошы не возьмеш, — адказаў Чынгіз, — а прадукты возьмеш, нікуды не падзенешся. Цяпер мы ведаем, што Геула пад’еўшы. Я ж хросны? Значыцца, абавязаны пра яе клапаціцца. Гэля, а ты паклапаціся пра сваю някемлівую маці, якая замест таго, каб адразу падзяліцца праблемай, ладзіць нейкі цырк з пераездам.
— Я не вазьму ў вас грошай, — сказала Ліза.
— А я і не даю табе грошы, — з націскам адказаў Чынгіз, — разбірайце прадукты, увечары пагутарым.
★ * *
— Палічы, колькі мы ім вінныя, — усхліпнула Ліза, разбіраючы пакеты, — я аддам адразу, як змагу.
— Угу, — сказала Гэля.
— Я ведаю, ты думаеш, што яны не возьмуць. Значыцца, трэба аддаць так, каб узялі.
— Угу, — сказала Гэля.
— Так, я ведаю, ты думаеш, што гэта іхняя справа, але я дарослая самастойная жанчына і павінна навучыцца пераадольваць свае цяжкасці.
— Угу, — сказала Гэля.
— Чаго ты са мной увесь час згаджаешся? — чмыхнула Ліза.
Геула ўздыхнула.
— Вы з Кастусём зусім пасварыліся? — спытала маці.
— Я, відаць, з усімі зусім пасварылася, — прамовіла Геула. — Паехалі ўжо хутчэй у тваё Маладзечна, я хачу ўсё спачатку.
— Ведаеш, з працай засада. Я з’езджу туды на тым тыдні, але пакуль нічога не магу знайсці. Мне народ на форуме піша, што яны самі ўсе ў Мінску працуюць. Можна, вядома, прадавачкай уладкавацца, але прадавачкай я і ў Мінску магу...
Геула заплюшчыла вочы і перастала слухаць. Яна дакладна ведала, што маці што-небудзь прыдумае. Маці заўсёды што-небудзь прыдумляе.
★ * ★
Ян праз бацькава плячо ў чарговы раз пераглядаў ролік, зняты ў Верхнім горадзе. 3 кожным разам ролік падабаўся яму ўсё болей і болей.
— Супер, — сказаў тата нудным голасам. — А абсталяванне?
— Якое абсталяванне? — не зразумеў Ян.
— Во гэтае, — тата тыцнуў пальцам у цеплавентылятар на стале, насцярожыўся. — Ты што, пафарбаваў яго?
— Пыл сцёр. Тата, ну пры чым тут цеплавентылятар! Там жа пра іншае...
— А мне патрэбны іміджавы ролік, — адрэзаў бацька і ўстаў з-за камп’ютара. — Але гэты таксама
дашлі, пакажу маркетынгу проста як прыклад вашай творчасці.
Ян утаропіўся ў экран і зноў стаў корпацца ў знятым учора матэрыяле. Вядома ж, тое, што яны з Дарынай «нафільмавалі», паказваць людзям было нельга. Але сама Дарына магла яму зараз спатрэбіцца.
Яны сустрэліся на Нямізе. Дарына з нагоды цёплага надвор’я была ў яркай спадніцы і блузцы з аголенымі плячыма. I ў басаножках на такой высокай платформе, што Ян адразу папярэдзіў:
— Мы не ў клуб, калі што!
— Ды я ведаю. Але ж ты казаў нешта пра здымкі!
Дарына ўсміхнулася, і Ян зразумеў, што яна яшчэ і шчодра нафарбаваная. «Калі толькі паспела?» — здзівіўся ён, але вырашыў не зважаць.
Ян прывёў Дарыну да ратушы і паспрабаваў даздымаць яшчэ пару дзясяткаў секунд, каб неяк далучыць да сюжэта бацькава абсталяванне. Неўзабаве ў Яна скончылася цярплівасць.