Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

Сіямцы

Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
45.09 МБ
Каб любіць Беларусь, нашу жілую маму,
Трэба ў розных краях пабываць.
Зразумееш тады — пад тваімі нагамі
Тры сланы нерухома стаяць.
Хэй. ла-ла ла лай,
Ты не чакай, сюрпрызаў не будзе.
Хэй, ла-лсі-лсі~лай...
Маладзечна аказаўся вельмі прыемным горадам. Проста ад чыгункі пешаходная вуліца, паветра духмянае, людзі не бягуць, а ідуць усе такія разняволеныя. Да парку пешшу пятнаццаць хвілін, у парку хараство.
Геула злавіла сябе на тым, што ёй хочацца скакаць, быццам яна першакласніца перад днём народзінаў. Яна села на лаўку над сажалкай і стала марыць пра тое, што будзе тут жыць, будзе бегаць у гэтым цудоўным парку штораніцы, сядзе на дыету, схуднее на пяць кіло, стане прыгажуняй і абавязкова сустрэне сваё каханне.
— Можна мне сесці побач?
Сімпатычны. Трохі падобны да Кастуся, але ніжэйшы. Затое шырэйшы ў плячах.
Гэля ўсміхнулася, хлопец узрадавана сеў.
— Кавы? — спытаў ён.
Так, у Маладзечне, як выявілася, была кава. Праўда, пірог давялося выкінуць, есці яго было немагчыма, затое кава была сапраўдная. Слава стараўся як мог — апавядаў Геуле мясцовыя байкі, тлумачыў, што «тут крута ў школе, бо адзнакі не шкадуюць», але «паступаць усё адно ў Мінск», запрасіў да сябе дахаты «во зараз жа», атрымаў рашучую адмову, аднак не пакрыўдзіўся, а паабяцаў, што, калі яна прыедзе наступным разам, пазнаёміць яе з сябрамі і сястрой.
* Словы з песні Лявона Вольскага «Тры чарапахі».
Геула ціха млела. Ёй падабаўся Слава, падабаўся гэты спакойны гарадок, падабалася тое, што на дварэ сонца. Яна ўжо ў думках пачала абіраць дом, у якім хацела б жыць. Бадай што вунь той, высокі. Каб з вокнаў від на парк.
Слава праводзіў Гэлю да вакзала.
— Ты так і не сказала, як цябе завуць, — сказаў ён.
Геула агледзелася. Гэтае месца ідэальна пасавала, каб пачаць усё з нуля.
— Галя, — сказала яна, — поўнае імя Галіна. Галіна Вегірэйка.
— Дзе цябе шукаць? — спытаў Слава і палез па тэлефон.
— У інстаграме, — адказала Гэля. — Але калі я з’еду, добра?
Слава здзівіўся, але тэлефон схаваў.
У вагоне Гэля перадусім палезла мяняць імя ў профілі.
★ * *
— Мама, я была ў Маладзечне! — паведаміла Геула.
— Угу, — сказала маці.
— Мама, там файна! Там парк! Табе спадабаецца!
— Угу...
— Мама, я нават прыгледзела дом. Я скажу табе адрас, там так прыгожа! У нас вокны будуць выходзіць на высачэзныя дрэвы.
— Угу...
— Мама, напэўна, гэта лёс! I ўсе гэтыя непрыемнасці былі дзеля таго, каб мы туды пераехалі! Я думаю, ты неўзабаве знойдзеш там працу...
-Угу-
Апошняе маміна «ўгу» было значна маркотнейшым за папярэднія.
— Мама, і я хачу змяніць імя, — сказала Геула, — калі ўжо мы пачынаем новае жыццё, я хачу, каб Геула памерла, я хачу... Мама! Ма, ты чаго?
Ліза ў гэты момант мела такі выгляд, што Гэля не на жарт спалохалася.
— He! — сказала Ліза.
— Але...
Геула якраз збіралася сказаць, што ёй надакучыла тлумачыць новым знаёмым, як яе завуць, дыктуючы імя па літарах, але не паспела. Маці насоўвалася на яе жахлівай раскудлачанай пачварай з белымі вуснамі.
— Ніколі, — хрыплым шэптам сказала маці, — не смей. Нават казаць. Такое.
— Якое? — разгубілася Гэля.
— Вунь тое, што ты сказала. Што Геула пам... пам...
Вымавіць слова «памерла» яна так і не здолела.
Гэля ніколі не бачыла маці такой. Мама ніколі не ўзнімала голас і калі ўжо плакала, дык наўзрыд, як дзіця. А вось гэтая жанчына, з вачыма, поўнымі роспачы, і скрыўленымі вуснамі, была ёй незнаёмая.
— Ты чаго? — толькі і спытала Геула.
Маці спрабавала супакоіцца. Было бачна, як ёй цяжка. Як дрыжаць рукі, як мітусліва яна спрабуе ўздыхнуць, каб размаўляць нармальна, як адкашліваецца, каб голас стаў падобны да чалавечага.
— Гэтае імя — тваё жыццё, — сказала яна.
— Чаго? — здзівілася Гэля.
— Баба Ада дала табе яго.
— Гэта я ведаю, — сказала Гэля, — я вельмі люблю яе і памятаю, і ўсё такое, але...
— Ніякіх «але», — абарвала яе маці, — ты памірала...
— Мама, я ведаю, ты казала...
— Ты не ведаеш! — перапыніла яе маці. — Ты не ведаеш, як гэта — чакаць, што тваё дзіця памрэ. I больш за ўсё на свеце я хачу, каб ты ніколі гэтага не зведала.
— Мама, калі ласка, не трэба...
Але Лізу ўжо было не спыніць.
— Геула, мне амаль чатыры тыдні казалі, што ты памрэш з дня на дзень. Дваццаць шэсць дзён. Штораніцы. Казалі, што надзеі няма. Што лепей не будзе. Казалі, што я маладая і здаровая, што ў мяне яшчэ будуць дзеці...
— Мама, не трэба...
— He, Геула, зараз слухай і маўчы. Толькі Ада верыла. Яна брала мяне за руку, і мне рабілася лягчэй. Яна апавядала, што калі ты вырасцеш, то будзеш прыгажуняй. У цябе, казала яна, будуць цёмныя валасы, і яны будуць кучаравіцца ад вільготнага ветру. Яна казала, што...
— Матулечка, калі ласка...
Геуле невыносна было глядзець на такую маці. Але Ліза толькі адмахнулася.
— А потым, калі надзеі ўжо не было зусім, яна падышла да мяне і сказала, што дала табе імя. I што ты будзеш жыць, пакуль цябе завуць Геула.
— Мама! — ахнула Гэля.
— Удзень у табе нешта перашчоўкнула. Неанатолагі кажуць, што так бывае. Дзіця, асабліва недано-
шанае, можа ляжаць, ляжаць паміж жыццём і смерцю. А потым раз... і вырашыць, што яно будзе жыць.
Ліза ледзь усміхнулася і зрабілася падобнай да сябе. Да звычайнай, спакойнай, усмешлівай маці.
— Мы яшчэ месяц праляжалі з табою ў шпіталі. Калі ты першы раз ела сама, медсёстры пляскалі табе ў ладкі. Я дрэнна памятаю той час, гэта было нейкае бязмежнае шчасце... Жывое дзіця. Маё жывое дзіця... Што, тэлефануюць?
— He, проста тэрмінова трэба нешта выправіць, — сказала Геула, з цяжкасцю трапляючы па кнопках дрыжачымі пальцамі.
Інстаграм. Рэдагаваць. Уф...
* * *
Ян усё ж такі прагартаў пару падручнікаў па сцэнарным майстэрстве. Сёе-тое (усялякія «аркі», «біты» ды іншыя «перыпетыі») ён нават не спрабаваў запомніць. Але сутнасць зразумеў. Патрэбны канфлікт. Гэта значыць, герой нечага хоча, а яму не даюць. He проста хоча, а яму ну проста кроў з носа трэба. Пачаў пераглядаць любімыя фільмы, каб праверыць іх на канфлікт.
«Хардкор» давялося пераглядаць ледзь не па кадры. Гэтае кіно навучыла яго болыпаму, чым усе падручнікі.
Ян усе выхадныя знаходзіўся пад уражаннем, яму вельмі хацелася прыдумаць такі ж канфлікт, як у «Хардкоры». Каб пытанне жыцця і смерці. Каб не было часу на ўсялякія бла-бла-бла. Або ты зараз жа выцягнеш кардыястымулятар вунь з таго фацэта, або памрэш.
Па інэрцыі перагледзеў яшчэ пару фільмаў. А за адным махам і стары чорна-белы «Гамлет» (на яго актыўна спасылаўся аўтар аднаго з падручнікаў). «Гамлет» нечакана торкнуў.
У панядзелак пайшоў у школу, але думаць працягваў пра сваё. Настаўнікі яго, на шчасце, асабліва не тузалі, толькі на літаратуры Рэгіна Сяргееўна вырашыла патрэціраваць:
— Марыніч! Ці не падзелішся з намі сваімі думкамі па тэме ўрока?
Ян заміргаў, спрабуючы вярнуцца да рэальнасці.
— А што за тэма?
Клас грымнуў. Русічка пагрукала ўказкай па крэсле і адказала:
— Ды бог з ёй, з тэмай. Апавядзі пра кнігу, якую цяпер чытаеш. Ты ж нешта цяпер чытаеш?
— Ага, — кіўнуў Ян. — «Гамлета».
Настаўніца нават пытанне не здолела задаць, але Ян прачытаў яго па твары.
— Не-не, я не здзекуюся! — ён прытуліў руку да грудзей дзеля пераканаўчасці. — Рэальна чытаў! I кіно старое паглядзеў! Крутая штука! У Шэкспіра ж там канфлікт на канфлікце! I ўсе такія... правільныя! He паміж добрым і дрэнным, а паміж двума дрэннымі!..
Яна панесла. Ён нават засмуціўся, калі Рэгіна яго спыніла:
— Дастаткова... Дзесяць. Во бачыш, Ян, можаш, калі захочаш!
Выраз твару ў яе пры гэтым быў дзіўны. Ян злавіў на сабе некалькі зацікаўленых поглядаў. У тым ліку Жанны. «Здаецца, — рассеянна падумаў Ян, — я нешта ёй абяцаў». Але адразу забыўся на гэта.
Разенкранц і Гільдэнстэрн натхнілі яго на адну ідэю, якая магла стаць суперскай.
"к ± -к
— А што гэта ты малюеш? — пачуўся над вухам Яна голас Жанны.
— Схему, — адказаў Ян, не ўдаючыся ў дэталі.
— Якую?
Ён не адказаў. Да канца перапынку заставалася тры хвіліны, а потым — фізра, там асабліва не памалюеш. А Яну вельмі хацелася дамаляваць схему сюжэта, пакуль не забыўся. Двое сяброў, адзін з якіх памірае, а другі цягне яго на сабе.
— Ну не хочаш казаць — не трэба, — пацепнула плячыма Жанна. — А калі фотасесію... дакладней, відэасесію будзем рабіць?
Цяпер Ян згадаў, што абяцаў Кароціч. Нават не абяцаў, а...
Зрэшты, на разборкі часу не было. Каб адчапіцца, ён сказаў:
— Я не магу! У мяне канал заблакаваны!
— Дык не абавязкова ж на тваім канале! — Жанна не збіралася адступаць. — Ты проста здымі і мне аддай. А я ў сябе выкладу.
Ян пакутліва намагаўся не згубіць думку і прыдумаць адмазку для Жанны.
— Аўвогуле «Сіямцюб», — працягвала яна, — круты! I гэтая ідэя пра сіямскіх брата і сястру файная...
I тут у ягонай галаве нешта выбухнула.
— Кароціч! — сказаў ён з пачуццём. — Я цябе абажаю! I скажы Пятровічу, што ў мяне... я нагу пацягнуў!
Ян скамячыў схему, шпурнуў у сметніцу і кінуўся сходамі ўніз. Новую схему неабходна было скласці ў ціхім бязлюдным месцы. Напрыклад, дома.
* * ★
Лізе зрабілася дрэнна. Яна бадзёрылася, казала: «Нічога, нічога, я проста паляжу...», але Гэля бачыла — нешта не так.
Твар у маці стаў шэры, а калі ёй спатрэбілася ўстаць, паднялася яна з цяжкасцю і потым ішла, хістаючыся, быццам падлога знікала з-пад ног.
Геула патэлефанавала Альбіне. Тая прыбегла праз паўгадзіны.
Маці, вядома ж, абурылася, што Гэля турбуе людзей праз глупствы, аднак Аля адразу ацаніла сітуацыю і выклікала хуткую.
— Можам пакуль без шпіталізацыі, — сказаў лекар, — стрэс, ціск. Болей спаць, меней нервавацца.
Пасля ўколу Ліза заснула, а цётка Аля і Геула сядзелі на кухні і пілі гарбату.
Альбіна дала заспакаяльнае і Геуле і паведаміла, што застанецца ў іх начаваць. Гэля не спрачалася. Заставацца адной з хворай маці ёй было страшна.
— Ты ведала пра маё імя? — спытала яна Альбіну.
— Ведала, — сказала яна, — я казала Лізе, што трэба табе расказаць. Але яна не любіць успамінаць.
— Я зразумела, — прамовіла Гэля, — але я хацела б ведаць пра гэта раней.
— Гэта не проста імя, — сказала Альбіна, — гэта вельмі магутнае імя.
— Я ведала, што ў перакладзе з іўрыта «Геула» — «выратаванне», але я ніколі не думала, што...