Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
* «To be or not to be, that is the question» (англ.; «Быць ці не быць, пытанне вось у чым») — цытата з трагедыі Уільяма Шэкспіра «Гамлет».
** Восем! (англ.)
*** Шэсць (англ.).
Дома нікога, акрамя Норы, не было. Ён спешна абудзіў ноўт і пачаў чытаць.
Гэта быў нейкі жах!
Тое, што ўчора здавалася бліскучым сцэнарыем, сёння выглядала несусветным глупствам.
— Нора, — у роспачы сказаў Ян. — Як жа так?!
Котка мяўкнула нешта ў адказ і чмякнулася дагары жыватом.
— У цябе адно пажэрці ў галаве, — засмучана сказаў Ян.
I тут зазваніў тэлефон. Ян адказаў, не адрываючы вачэй ад экрана:
— Алё?
Са слухаўкі пачуўся здушаны голас Дарыны:
— Ян! Ты чаму мне не тэлефануеш?! Ты...
— Слухай, прывітанне, — перапыніў яе Ян. — Ты прыехаць да мяне можаш?
— Гэтак проста?! Прыехаць? Пасля таго...
— Ага, — сказаў Ян, — дапаможаш мне тут з сімтым даць рады. Давай, пакуль...
Да прыезду Дарыны ён паспеў яшчэ раз перачытаць напісанае, накарміць котку і падсілкавацца сам.
Здавалася, Дарына была нечым засмучаная, але Яну было не да яе праблем. Ён схапіў яе за руку і пацягнуў у пакой.
— Слухай уважліва! — загадаў Ян і стаў чытаць.
Чытаў і моршчыўся, як ад зубнога болю. Уголас гэтая бязглуздзіца гучала ўвогуле агідна. Але Дарына слухала ўважліва, і гэта трохі супакоіла Яна. Дачытваў ужо амаль без нерваў.
— Ну як? — спытаў ён.
— Гэта ўсё? — здзівілася Дарына. — А далей?
— Далей пакуль не напісаў. Ты лепей скажы: зусім дрэнь?
— Чаму гэта дрэнь? Нармуль. Цікава, што далей. А ты скуль спампаваў... Аёй! — скеміла Дарына. — Няўжо ты гэта сам напісаў?
— Сам! — адмахнуўся Ян. — Але мне не даспадобы... Ці нішто так?
— Дык супер! — горача сказала дзяўчына. — А ты дапішаш?
У Яна канчаткова адлягло ад сэрца, але адказаць ён не паспеў — у дзверы пазванілі.
За дзвярыма стаяла незнаёмае размаляванае дзяўчо ў топіку, шортах і ботах вышэй за калена. Відаць, паводле задумы ўсё мусіла выглядаць шыкоўна, але глядзелася смешна. Дзяўчо абаперлася на вушак і сказала назнарок хрыплым голасам:
— А давай зробім гэта сёння!
— Нюша! — скеміў Ян. — Кароціч! Я цябе не пазнаў! Чаго табе?
— Ты мне абяцаў! — капрызліва сказала Жанка.
— Ну дык папярэджваць трэба! Я ўвогуле вельмі заняты! — узлаваўся Ян.
— Табе шкада, га? Ты...
Жанка злосна паглядзела на Дарыну, якая выйшла з пакоя.
— Ну чаму ў цябе заўсёды нейкія дзеўкі таўкуцца, га? Я што, так шмат прашу?
— Дзеўкі? — удакладніла Дарына.
— Гэта... гэта... — паспрабаваў штосьці сказаць Ян.
— Неістотна, — ганарыста прамовіла Дарына, — захочаш патлумачыць — патэлефануеш.
I сышла, кінуўшы праз плячо:
— А сцэнарый твой — чухня поўная!
— Які сцэнарый? — зацікавілася Жанна.
— Мой, — прызнаўся Ян. — Слухай, а што гэта з ёй?
— He ведаю, — пацепнула плячыма Кароціч. — А дасі пачытаць?
Ян заўважыў, што аднакласніца схітрылася цішком пратачыцца ў вітальню, і здаўся:
— Хадзем...
★ ★ ★
Геула пачувалася злачынкай. Пароль ад мамчынага ноўтбука яна ведала, але ніколі раней не залазіла ў яго без дазволу.
He так і шмат у маці сяброў у «Аднакласніках»... Гэля перабрала некалькі чалавек, але неўзабаве стамілася лазіць па чужых старонках. Пагатоў маці выйшла ў краму і магла вярнуцца ў любы момант.
«Добра, пойдзем іншым шляхам», — падумала Гэля і зайшла на старонку Мінскага кулінарнага тэхнікума 2000-га года выпуску...
«Гэтая ў Варонежы, гэтая ў Баранавічах, гэтая на Кіпры... Аёй, да гэтай я дакладна не паеду... Мужчына? Зразумела, бармен. Ваў! Шэф-кухар у рэстарацыі ў Познані...»
Геула перабірала маміных аднакурснікаў і здзіўлялася рознасці лёсаў.
«Уга! Алена Васілеўна Іванова. Мінск. Месца працы — сталовая Мінскага УП... I недалёка...»
Гэля запісала на аркушыку імя і прозвішча, хвіліну падумала, варта чысціць гісторыю альбо маці
нічога не заўважыць, плюнула, вырашыла, што маці ў наладкі не палезе, і проста закрыла браўзер.
* * ★
Сталовая была як сталовая. I пахла ў ёй, як у сталовай.
— Абедаць будзеш? — спытала ў Гэлі касірка. — Калі будзеш, давай хутчэй, мы праз паўгадзіны зачыняемся на спецабслугоўванне.
— Мне гарбату, калі ласка, — папрасіла Гэля.
Побач з тытанам стаяў дзясятак шклянак з неймавернай колькасцю цукру ў кожнай.
— Кіпень налівай, вунь там у сподку лімон, калі трэба.
— А можна без цукру? — нясмела спытала Гэля.
— У меню гарбата з цукрам, — адрэзала касірка.
— Добра-добра, — хутка пагадзілася Гэля, — я заплачу за цукар, толькі можна я куды-небудзь яго высыплю?
Касірка скрывілася, быццам толькі што ёй у рот запіхнулі ўвесь сподак з лімонам.
— Васілеўна! — зараўла яна. — Прынясі чыстую шклянку!
3 кухні выйшла незадаволеная Васілеўна.
На бэйджы было напісана «Алена Іванова».
Усе пытанні заселі ў Гэлі ў горле. Гэтая жанчына выглядала гадоў на пятнаццаць старэйшай за маці. Яна была вялікая і стомленая. Кінула на Геулу нядобры пагляд і сказала, што праз дзесяць хвілін усё зачыніць.
Гэля заплаціла за гарбату і села пры століку ў куце.
Прыбіральшчыца ўзялася выціраць сталы, размазваючы па іх ваду. Пасля пачала з грукатам пераварочваць крэслы. Потым прыцягнула вядро вады.
Геула сербанула гарбату.
— Васілеўна, колькі сталоў пакідаем?
— Ды... — адказала Васілеўна, і ў Гэлі вушы скруціліся ў трубачку, — наступным разам... самі будуць сваіх алканаў паіць.
Гэля папярхнулася гарбатай.
Вывальваць на гэтую грозную бабу падрабязнасці мамінага жыцця было немагчыма. Гарбата была гарачая і не лезла ў горла. Гэля акуратна паставіла шклянку на ражок бліжэйшага стала.
— У нас самаабслугоўванне! — гыркнула прыбіральшчыца.
Геула зацкавана азірнулася, рука яе тарганулася, і трошкі гарбаты выплюхнулася на падлогу.
Прыбіральшчыца загырчэла. Гэля выскачыла са сталовай.
* * *
«Трэба адсочваць, куды я іду, — падумала Геула. — Трэба навучыцца сябе кантраляваць!»
Гэля павярнула ў бок цэнтра горада, але раптам падзьмуў моцны вецер, а ісці супраць ветру не хацелася. Гэля пайшла так, каб вецер дзьмуў у спіну.
Праз пару метраў Гэлю абагнала дзяўчынка гадоў дзесяці на ровары.
— Та-а-та, даганяй! — выгукнула яна.
Тата на вялікім спартыўным ровары дагнаў, ледзь не ўрэзаўшыся ў Гэлю. Тата быў мокры і цяжка дыхаў.
Геуле зрабілася крыўдна да слёз. На ровары яе вучыў катацца Чынгіз. Вучыў іх абаіх, разам з Кастусём.
Плаваць Гэлю вучыла маці. Маці гэтаксама вучыла яе рамантаваць краны, карыстацца шрубакрутам і прачышчаць засоры.
— Та-а-та, давай хутчэй! — крыкнула дзяўчынка.
— Усё, я здаюся, ты хвацкая раварыстка, — сказаў мужчына.
Дзяўчынка шчасліва засмяялася, саскочыла з ровара і кінулася на шыю бацьку, якому таксама давялося рэзка затармазіць.
— He, ты самы хвацкі! — сказала яна, ледзь не паваліўшы і тату, і ягоны ровар.
Гэля ўсхліпнула. I наступныя два кварталы амаль бегла.
Калі б у яе дзяцінстве быў бацька! Калі б яна магла ім ганарыцца! Калі б магла сказаць, што ён самы хвацкі!
Гэля ўсё дзяцінства забараняла сабе марыць пра бацьку, а цяпер запруду прарвала. Яна плакала, што тата не заводзіў яе ў школу, што ён не забіраў яе са шпіталя пасля злоснага ротавіруса, што ён не абараняў яе ад хлапчукоў, што не хваляваўся праз яе тройку па фізіцы.
Цікава, які ён цяпер?
Геула азірнулася па баках, вышукваючы вачыма мужчын гадоў пад сорак. Вунь сядзіць адзін такі за стырном «аўдзі», па тэлефоне размаўляе, курыць.
— Ды ідзі ты лесам! — зароў мужык. — He тэлефануй мне больш! Дастала!
А во тры алканы каля крамы.
А во лысы дзядзька ў паношанай куртцы.
Як назнарок, менавіта ў гэтым месцы ўсе мужчыны сярэдняга веку былі нейкімі брыдкімі.
Гэля затрымала погляд на мужчыне ў чорнай куртцы і спартыўнай шапцы. Ён непрыстойна зацмокаў языком, падміргнуў ёй і кіўнуў у бок машыны. Гэля спалохалася, прыбілася да незнаёмай жанчыны і разам з ёю спусцілася ў падземны пераход.
Толькі праз скрыжаванне сэрца стала біцца ў звычайным рытме.
«Значыцца, так, — сказала Гэля немаведама каму, я не маю ўяўлення, хто мой бацька і які ён. У дзяцінстве яго не было. А цяпер ужо ўсё адно. У мяне ёсць мама. Калі б яна магла расказаць, яна б расказала. А не кажа, значыць, так трэба. Mae права. Лепей я не буду ведаць пра яго нічога. A то выявіцца, што ён, напрыклад, людзей у аўтазакі пакуе...»
★ ★ ★
Бацькі Яна вярталіся з гіпермаркета, абмяркоўваючы апошнія навіны.
— Карацей, — казаў бацька, праскокваючы скрыжаванне на жоўтае, — нічога страшнага. Садзяць толькі буйняк. Ну, як садзяць... грошы выбіваюць у бюджэт. А з мяне што возьмеш? Але, з іншага боку... слухай, можа, карту паляка зробім і з’едзем? У нас абаіх дзяды фармальна ў Польшчы нарадзіліся... Барбара! Ау!
Жонка сцепанулася і адказала:
— Так, можна... Я за Янчыка хвалююся.
— А што з ім зноўку?
— Сядзіць сцэнарый свой піша.
— Які дзень, — рагатнуў тата, — другі? Супакойся, заўтра што-небудзь іншае пачне рабіць!
— He ведаю, — пакруціла галавой Барбара, — відэаблог яны з Гэляй вельмі доўга вялі.
— Дык гэта з Гэляй!
— Яму Геулы вельмі не стае, — працягвала Барбара.
— Папругі яму не стае! — адказаў тата Яна. — Хоць цяпер ужо позна, раней трэба было.
— Мне здаецца, для яго Гэля вельмі шмат значыць.
— Закахаўся ці што? — пацепнуў плячыма Станіслаў. — Дык яму шаснаццаць! Сёння закахаўся, назаўтра раскахаў...
Але Барбару было не збіць з тропу. Яна расказала, як сустрэла ў пад’ездзе раз’юшаную Дарыну: «Уяўляеш, зрабіла выгляд, быццам не заўважыла мяне!», а потым знайшла ў кватэры шчодра размаляваную Жанну.
— Карацей, — скончыла Барбара, — трэба іх з Геулай памірыць. Можа, ты з сынам паразмаўляеш?
— Ага, — развесяліўся муж. — «Дарагі Ян, вакол цябе тут дзяўчаты круцяцца, дык ты гані іх у карак і бяжы мірыцца з Геулай». Дарэчы, а чаму яны пасварыліся?
— He мае значэння, — суха адказала жонка і больш не вымавіла ні слова.
Дома яна перш-наперш адасобілася, знайшла ў тэлефоне абанента «Іра СІТРА» і набрала нумар.
— Ірачка, прабачце, што так позна. Гэта мама Яна, мы ў вас на праграмах пару разоў былі... Ага... Вельмі прыемна... А вы памятаеце такую дзяўчынку Геулу?..
Ліза вярнулася дахаты з крамы і заспела на сходах Альбіну, чый погляд не абяцаў нічога добрага.
— Мне трэба было праветрыцца, — пачала апраўдвацца Ліза.
Альбіна закаціла вочы.
— Я танометр прывезла, зараз будзем мераць, — сурова сказала сяброўка.