Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

Сіямцы

Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
45.09 МБ
На законе сусветнага прыцягнення.
Дакладней, на фотаздымку Геулы, які незразумелым чынам трапіў паміж старонак падручніка па фізіцы. Ян са здзіўленнем пакруціў фотку ў руках. Яна была старая. Здаецца, з тых часоў, калі яны пазнаёміліся ў «Калекцыі прыгод». Яны тады выпадкова апынуліся ў адной камандзе, ім трэба было прыдумаць і зняць казку. Ян і Гэля ўдваіх усё зрабілі. Ян толькі пачынаў казаць, што трэба зняць, а Геула ўжо расстаўляла рэквізіт і акцёраў на пляцоўцы.
Ён злавіў сябе на тым, што ўсміхаецца, раззлаваўся і запхнуў фотку ў стол. Падручнік загарнуў,
узяў тэлефон, загугліў: «Фізіка рэферат дзявяты клас». Адкрыў першую ж спасылку і пачаў чытаць.
* * *
Гэля не разумела, чаму яе стол дагэтуль не абваліўся. На ім можна было весці археалагічныя раскопкі, абавязкова знайшліся б пропісі за першы клас ці нават малюнкі часоў дзіцячага садка.
Гэля выцягнула стосік кружэлак, якія даўно трэба было выкінуць. Хто ж сёння інфу на іх захоўвае? Зверху ляжала кружэлка з ярка-жоўтай налепкай. На ёй рукой Яна было напісана: «Сіямцы-1. Мегахіт».
Гэта быў іхні самы першы ролік.
«Гэта нельга выкідаць», — падумала Гэля.
Рука ў яе тарганулася ў бок дыскавода.
«Але і пераглядаць гэта цяпер нельга! — падумала Гэля. — Пайду лепей касметыку разбяру!»
★ ★ *
Бацькі на кухні напаўголаса пра нешта гутарылі.
Калі ўвайшоў Ян, яны адразу змоўклі — пэўная прыкмета, што размова ішла пра сына. Але Ян вырашыў не дурыць сабе галаву.
— Слухай, тата, — сказаў ён, — я даклад па фізіцы раблю і не магу разабрацца з тэрмаядзернай рэакцыяй.
— А што там разбірацца? — пацепнуў плячыма бацька. — Два ядры злучаюцца, лішкі энергіі вылучаюцца, паўкраіны ў руінах...
— Пачакай! — Ян пахітаў галавой. — Са звычайнай ядзернай рэакцыяй як? Там ядро падзяляецца на кавалкі — і энергія вылучаецца. Значыць, калі кавалкі назад сабраць, энергія павінна паглынацца.
— He! — бацька пахітаў галавой гэтак жа, як сын. — Гэта ад ядра залежыць, ад ягонай энергетычнай структуры. Часам энергетычна больш выгадны распад, часам — сінтэз.
Зразумеўшы па твары сына, што ўсё гэта гучыць непераканаўча, тата разахвоціўся.
— Гэта як у людзей! Бывае, размаўляеш з чалавекам, а потым ён сыходзіць — і ў цябе проста фізічная палёгка. Значыць, сістэма распалася — энергія вылучылася.
Ян кіўнуў. Гэта ён разумеў і без татавых прыкладаў.
— А бывае, — працягваў бацька, — наадварот. Калі разам з чалавекам працуеш — і ў цябе, і ў яго сілы не падвойваюцца, а... ну не ведаю... удзесяцяраюцца! Во як у вас з Геул...
Тут тата чамусьці не дагаварыў, войкнуў і паглядзеў на маці. Твар у яе быў нязвыкла сярдзіты.
— Карацей, — скончыў бацька, — калі людзі разам, энергія вылучаецца. А калі яны разыходзяцца... Авой!
Тата пацёр галёнку і незадаволена спытаў:
— Барбара! Ты што, зусім ужо?!
— Я зразумеў, — буркнуў Ян і пайшоў да сябе.
Вырашыў усё ж такі пачытаць падручнік, разгарнуў яго — і са здзіўленнем убачыў, што ніякіх ядзерных рэакцый там няма. Пагугліў. Ну так, гэта ў расійскай школьнай праграме.
У ванным пакоі Гэля натрапіла на цюбік з аранжавай фарбай. Неяк яны з Янам пафарбавалі сабе грыўкі — атрымалася проста чума як прыгожа. I відэа было файнае, яны апавядалі пра тое, як важна заставацца самім сабою, а не капіяваць іншых. Пры гэтым казаў толькі Ян, а Гэля ўвесь час падтаквала.
Гэля раздражнёна кінула фарбу ў пакет для смецця.
* * *
Ян намагаўся не думаць пра Геулу, але яна ўпарта лезла ў галаву. Аўтаматычна Ян уключыў ноўтбук і, пачуўшы звыклы шум вентылятара, млява ўзрадаваўся: ну хоць ноўт не давядзецца рамантаваць.
Працягваючы дзейнічаць бяздумна, адкрыў браўзер, клікнуў па закладцы «Сіямцюб».
Нечакана канал адкрыўся як нічога ніякага. Ян праверыў пошту, якую не правяраў зранку, — і сапраўды, яшчэ абедам прыйшло паведамленне, што «Сіямцюб» разблакаваны. I першым жа відэа, якое аўтаматычна запусцілася, аказаўся той самы ролік, дзе Геула была «сэксі».
★ ★ ★
— Мама, я пагуляю!
— Ідзі, ідзі, — адказаў Чынгіз, — хоць ты мазгі праветры. А ты, Ліза, сядзі і чытай свае правы!
Гэля выйшла.
На вуліцы, проста ў іхнім двары двое хлопцаў запускалі дрон.
Гэля заглядзелася. Хлопцы былі засяроджаныя, сыпалі незразумелымі словамі і ледзь не аблізвалі свайго механічнага сябра. I хоць «сябар» выглядаў як жахлівы жалезны павук, а павукоў Гэля вельмі не любіла, яна загарэлася энтузіязмам і падышла бліжэй.
Адзін з хлопцаў усміхнуўся, паляпаў дрон па «лапцы» і ганарліва сказаў:
— Глядзі заўтра свой двор на «Мінскдрондвор». Мы штодня выкладаем. У нас ёсць такія фоткі — самім зайздросна! I відэа крутое з Верхняга горада, і...
— Ты давай не адрывайся, — абсек яго напарнік.
— «Мінскдрондвор», — па літарах прадыктаваў хлопец, — «і» беларускае. Ды мы адразу пасля «Мінскдрон» высвецімся...
Гэля запусціла YouTube, але пошук запусціць не паспела, бо браўзер тэлефона адкрыў ёй «сіямцаў».
«Разблакавалі!» — узрадавалася Гэля.
А потым тэлефон загрузіў апошняе відэа канала, і думаць Гэля перастала. А хлопец побач нават дыхаць перастаў.
— Ваў, — сказаў хлопец. — Знаёмая твая?
— Сястра, — адказала Гэля, кепска разумеючы, што кажа. — Сіямская.
Хлопец рагатнуў:
— Зразумела. А хлопец у яе ёсць? Зрэшты, не мае значэння. Тэлефончык дасі?
Геула не адказала. Яна запусціла ролік нанова.
— Як хочаш, — не пакрыўдзіўся хлопец. — Сам знайду. Як канал называецца? Ага...
I ён адышоў убок, убіваючы ў пошукавік YouTube «Сіямцюб».
"к ★ ★
Ян быццам трапіў пад уладу супергіпнатызёра: ролікі «Сіямцюба» запускаліся нон-стоп, а ён мог толькі сядзець і як зачараваны глядзець на экран.
I яшчэ адна дзіўная рэч: кліпы мусілі круціцца па коле, але ролік, у якім Геула спала, паўтараўся ледзь не праз адзін. Пры гэтым Ян кожны раз бачыў апошні каментар: «Ну, дзяцюк, ты даеш... Вы даяце!»
— Янчык! — голас маці над самым вухам прымусіў яго здрыгануцца і сутаргава націснуць на прабел. Відэа замерла. — Прабач, — прамовіла маці, — у цябе дзверы былі адчыненыя, я цябе паклікала, але ты не чуў... Я што хачу сказаць...
Яна села на краёчак канапы і ўзялася бязмэтна разгладжваць ражок коўдры.
— Тое, што тата сказаў... ну пра тое, што людзям часам лепей паасобку, а часам разам... гэта праўда! Ты прыслухайся да сябе! I ўвогуле... можа, гэта лёс? Часам ён дае нам знакі.
Ян, які ўвесь гэты час пільна ўзіраўся ў экран, перапыніў яе:
— Мама, я зразумеў. Сапраўды зразумеў! I пра лёс, і пра знакі! — ён павярнуўся да маці з пераможнай усмешкай. — I я ўсё прыдумаў!
Мінск з надзеяй зашамацеў дрэвамі.
* * *
— Спадарыня, на кані пакатацца не жадаеце?
Гэля сцепанулася і зразумела, што яе занесла ў лясок паміж Чырвоным Борам і Сухарава.
«Трэба навучыцца сябе кантраляваць, — сумна падумала яна, — наступным разам прачнуся ў Літве. Мяне будуць дапытваць, як я прамінула дзяржаўную мяжу, а мне не будзе чаго адказаць».
— Дык як? — спытала вершніца.
Геула пагладзіла каня па меланхалічнай храпе і адмовілася. 3 цяжкасцю знайшла лаўку, не акупаваную матулямі з дзецьмі, і паспрабавала думаць.
«Трэба проста ўцяміць, чаго ад мяне хоча лёс. Ён напэўна ж дае мне нейкія знакі».
Гэля ў думках прыгадала ўсё, што сёння з ёй адбывалася. Зразумела, што цэлы дзень усё круцілася вакол блога. Прыслухалася. Наўкол панавала цішыня. У горадзе такой цішыні наогул не бывае. Геула патрэсла галавой і працягнула думаць.
«Неабходна тэрмінова рабіць “Сталічную штучку”, — пастанавіла яна. — Відаць, мне нельга сядзець без справы. Заўтра паеду ў Маладзечна!»
I раптам зусім побач з Геулай у ліхтары трэснула лямпачка. Гэля здрыганулася. Недзе заплакала дзіця. Засігналілі машыны. Працокалі па сцежцы капыты пракатнага каня.
Павеў ветру сарваў з клёна зялёны ліст і кінуў яго на ліхтарны слуп. Ліст павіс на слупе, нібы яркі фэйспалм.
★ ★ ★
Маці чытала каля таршэра, калі ў гасцёўню ўвараваўся Ян. Вочы ягоныя, здавалася, гарэлі ў паўзмроку.
— Ты мела рацыю! — сказаў ён так энергічна, што маці зашыкала.
— Ціха! Бацька спіць ужо, у яго канец тыдня быў цяжкі.
— Ты мела рацыю, — паўтарыў Ян цішэй. — I пра распад... пра тое, што трэба расставацца!
— Я не пра тое казала... — паспрабавала паправіць маці, але Ян не слухаў.
Ходзячы па пакоі, ён прамаўляў:
— I пра знакі таксама! Ты казала, а я на манітор глядзеў... А там — рэклама старога фільма. «Раён нумар дзевяць»! Бачыла?
Маці пакруціла галавой.
— Неістотна! Мегаблокбастар! А спачатку ж двое фацэтаў у ПАР* знялі файную кароткаметражку. Я павінен сваё кіно зняць! Без Гэлі! Без анікога! I не на замову таты... пагатоў і замовы ніякай не было... Карацей! Я напішу сцэнарый!
— Які сцэнарый? — уздыхнула маці.
— Забойны! Я ўжо напампаваў падручнікаў па сцэнарным майстэрстве... Нават чытаць пачаў... Але там каламуць! Я і так напішу! Як тыя фацэты, што «Раён нумар дзевяць» знялі. Яны спачатку кароткаметражку замуцілі, а ўжо потым жонка Джэксана... які «Уладар пярсцёнкаў»! Вось ягоная жонка кароткаметражку ўбачыла і бабосаў ім дала! I я гэтак зраблю!
— Што менавіта? — на гэты момант маці канчаткова згубіла сутнасць аповеду.
— Здыму сваё кіно! Сам, разумееш?
— Але тыя людзі, — удакладніла маці, — якія спачатку кароткаметражку знялі, іх жа было двое?
* Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.
— Ат, якая розніца! — махнуў рукой Ян. — Іх двое, я адзін. У падручніках адна бязглуздзіца! Я і так усё без іх ведаю! Я прыдумаю во такую гісторыю! Мяне Спілберг пакліча, пабачыш! I без усялякіх Геул! I TaTa даведаецца...
Ян убачыў, што маці з сумневам хітае галавой, і абурыўся:
— Ды ну цябе! He каб падтрымаць!
— Я падтрымліваю, Янчык, але...
Ян выскачыў з гасцёўні. Праз секунду маці пачула ляпанне дзверцаў лядоўні і бразганне накрывак рондаляў, устала і пайшла разаграваць вячэру.
★ ★ ★
Электрычка была цудоўная. Новая, прыгожая і пустая.
Геула села, выцягнула ногі, падключыла тэлефон да разеткі, каб зэканоміць батарэю, і ўрубіла ў навушнікі One Republic.
За акном было вельмі пазітыўна — усё, што не ярка-зялёнае, шыкоўна квітнела. Агароджы пафарбаваныя, зімовае смецце з узбочын даўно прыбранае, агародчыкі ў цюльпанах, бульба пасаджаная, буслы пазіруюць на палетках, толькі паспявай фатаграфаваць.
У Геулы ўзнік дысананс карцінкі з музыкай, і яна знайшла ў плэйлісце N.R.M.