Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

Сіямцы

Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
45.09 МБ
— Куды? — спалохалася Ліза.
— Нікуды, — шчыра адказала Гэля. — Давай адзначым ціха і спакойна. Удзвюх.
— Гэля, ты ж ведаеш Чыну, ён ужо ўсё замовіў. Нашу кавярню. Я думала, ты кагосьці з сяброў возьмеш...
Геула павалілася на ложак.
— Слухай, ну ты ж ведаеш, гэта ненадоўга. Пасядзім, паядзім. Адзначым шаснаццаць гадоў знаёмства. Пасля да Ады заедзем. Трэба ж ёй вас паказаць. Гэткіх ласёў вялізных.
Гэля кіўнула. Колькі яна сябе памятала, усе дні народзінаў яны адзначалі аднолькава. Спачатку абед у кавярні. Яны з Кастусікам задзьмувалі свечкі на торце. Потым да Ады. Потым як атрымлівалася. Апошнія гады яны разам з Кастусём ішлі гуляць, а бацькі ехалі ў Тарасава і часта гулялі да раніцы, Альбіна і Ліза заўсёды пад раніцу плакалі, абдымалі адна адну і кляліся ў вечным сяброўстве. Чына не замінаў. Толькі падкладаў ім плоў, ці манты, ці яшчэ штосьці, што ён гатаваў проста неверагодна.
Потым, праз пару тыдняў, Геула яшчэ раз адзначала свой дзень народзінаў, ужо з Янам. Там усё было інакш: квэст ці яшчэ якая забава, сябры-«калекцыянеры», шум, тлум, стаянне на вушах. Але пра гэта думаць не хацелася, пра Яна пасля сцэны ў класе ўвогуле думаць было немагчыма.
Няхай Кастусь, з ім таксама цяжка сустракацца, але калі мамы найлепшыя сяброўкі, адно ад аднаго нікуды не падзецца.
Гэлі зрабілася сумна. Усё ж такі Кастусік вельмі добры. I яны ўсё жыццё разам. Ён прапанаваў ёй пажаніцца, калі яму было сем гадоў. Дарэчы, на дні народзінаў. Так і сказаў, маўляў, вырасту і ажанюся з табою! I кветкі падарыў. I на калена ўстаў. Насамрэч з тых часоў пытанне болей і не абмяркоўва-
лася. Яны былі афіцыйнай парай, Кастусік прыходзіў да яе ў школу на святы, яна ездзіла да яго на спаборніцтвы і заўзела за яго, у іх быў мільён спатканняў, паходаў у кіно ды іншых атрыбутаў заляцання. Бацькі з абодвух бакоў былі толькі за... А зараз трэба набрацца мужнасці і паведаміць бацькам, што яны болей не пара і гэта іхняя канчатковая пастанова.
Ці яны ўсё ж такі два ідыёты? Ну не дрыжаць у яе рукі, ну не трымціць сэрца ад позірку на Кастуся... А яно ёй трэба? Кастусь файны, высокі, яны з ім такая прыгожая пара! 3 ім спакойна. Тут Геула чамусьці прыгадала шалёныя вочы Яна і ягонае прызнанне ў каханні. Навошта гэты дурань усё сапсаваў? Напрыдумляў сабе... Лухта! Хай бы забыцца, зрабіць выгляд, быццам ніякага прызнання не было. I ўвогуле нічога не было. А ў яе проста чарговы дзень народзінаў, на якім яе сустрэне хлопец і яны пойдуць гуляць. I ўсё будзе спакойна.
Чаму нельга, каб было спакойна?
Гэля ўсхапілася і пайшла ў ванны пакой.
— Мама, можна я заўтра апрану тваю сукенку? — спытала яна.
— Безумоўна, — здзіўлена адказала маці, а не занадта святочна?
— Я хачу быць прыгожай, — сказала Геула.
★ ★ *
Ян бегаў па кватэры. Часам заміраў і быццам засынаў, але працягваў бачыць усё наўкол. Потым падскокваў і бег да тэлефона — праверыць званкі.
Таму што Геула павінна была патэлефанаваць і сказаць, што ўсё не так.
Яна таксама яго кахае.
Яна проста збянтэжылася і не сказала адразу.
Але званкоў не было.
Мама і тата нешта яму казалі, ён адказваў — і адразу забываўся. Галаву свідравала адна думка: «Зараз яна патэлефануе і скажа».
Ён нават ноч правёў у паўсне, уздрыгваючы і прачынаючыся ад кожнага гуку на дварэ, ад мяўкання Норы, ад лёгкага шоргату за сцяной — суседзі проці ночы нешта перацягвалі.
Толькі пад раніцу ён зразумеў, што ніякага званка не будзе.
А яшчэ Ян зразумеў, што ўсю гэтую гісторыю з прызнаннем ён прыдумаў, каб пачуць: «Дурненькі! Я таксама цябе кахаю».
Ён заснуў моцна і хутка. Нешта яго турбавала, Ян круціўся — калі прачнуўся, прасціна і коўдра былі вычварна скручаныя, — але ў свядомасці не засталося ніякага следу жахлівых сноў.
Ян зразумеў, што яму трэба прайсціся, каб ачомацца.
Гэля заўсёды так рабіла.
* * *
Чына сустрэў Геулу і Лізу на парозе кавярні.
— Гэты ёлупень недзе затрымліваецца, таму я за галоўнага, — сказаў ён. — Дарагія дзяўчаткі, са святам вас!
Чына ўручыў «дзяўчаткам» два шыкоўныя букеты, расцалаваў абедзвюх і накіраваў у малую залу за сервіраваны стол, а сам пайшоў рабіць апошнія распараджэнні па меню.
Афіцыянтка ўсміхалася і расстаўляла букеты, Альбіна адразу кінулася на шыю Лізе, а потым са словамі «Не магу чакаць, давай хутчэй прымярай» уручыла падарунак Гэлі.
— Нішто сабе, як ты з сукенкай патрапіла! — захоплена прамовіла Альбіна.
У скрыначцы быў кулон пранізліва блакітнага колеру ў тон сукенцы. Ён быццам свяціўся знутры.
Альбіна як дзяўчынка запляскала ў ладкі.
— Як табе пасуе! Глядзі, якая прыгажосць! Глядзі, як да сукенкі пасуе! О! Кастусь прыйшоў! Кастусь, ты паглядзі, якая Геула прыгажуня!
Альбіна са слязьмі замілавання кінулася абдымаць Гэлю і раптам замерла. Геула, якую ўвесь гэты тлум таксама расчуліў, здзівілася таму, што цётка Аля скамянела, і азірнулася.
У дзвярах залы стаяў Кастусь. У адной руцэ ён трымаў падарункавы пакет, а другой абдымаў дзяўчыну.
— Гэта Алеська, — сказаў Кастусь, — вітанкі ўсім. Мама, гэта Алеся мне падарыла, я тут пастаўлю.
У магільным маўчанні жанчын Кастусь пацягнуў Алесю да стала, пасадзіў яе і сеў побач.
— Ты б Гэлю з днём народзінаў павіншаваў, — скрозь зубы сказала Альбіна.
— Каго? — здзівілася Алеся. — Ты ж сказаў, што гэта ў цябе дзень народзінаў?!
— А мы з Гэлькай у адзін дзень нарадзіліся, — патлумачыў Кастусік, — дык і святкуем разам. Дарэчы, а чаму шампанскае не адкаркаванае?
Кастусь схапіў бутэльку, зухавата яе страсянуў, выцягнуў корак і...
Разам з гукам стрэлу ў залу зайшоў Чына. Ён імгненна ацаніў сітуацыю. I застылыя твары жанчын, і Алесю, і Кастуся, які паліваў шампанскім падлогу.
— Выйшаў да мяне! — сказаў ён.
Кастусь раптам замітусіўся, паспрабаваў кудынебудзь прыладзіць бутэльку, але так і пайшоў да бацькі, пакідаючы за сабою пеністую сцяжынку.
Чынгіз зацягнуў сына ў кут і спытаў вельмі нядобра:
— Гэта ўвогуле хто?
— Алеся, — буркнуў Кастусь.
— Бачу... што не Пятро! Ты навошта яе прыцягнуў?
— Алеська, — ганарыста адказаў Кастусь, — мая дзяўчына, а я...
— А ты, — перапыніў яго бацька, — дурань! Ты хоць разумееш, у якое становішча Геулу паставіў?! Ды ўвогуле ўсіх!
— Ды што тут такога?..
— «Што такога»? — твар Чынгіза пачаў налівацца малінавым. — Ты напраўду мой сын?
Кастусь не адказаў. Іхняе з татам партрэтнае падабенства не патрабавала каментарыяў.
— Ты з Гэляй збіраўся ў адным нумары жыць! У адным ложку спаць! Я ў цябе спецыяльна пытаўся!..
Выглядаў Чынгіз у той момант застрашліва. Кастусю давялося сабраць усю сваю мужнасць у кулак, каб абыякава запытаць:
— Дарэчы, тата, ты можаш перааформіць гатэль? Мы з Алеськай тады на мора паедзем...
Чынгіз пабарвовеў і сказаў як сякераю секануў:
— Ніякага гатэля. Ніякай Алеські. Ніякага мора. Да бабулі Латыфы. У Талдыкарган! На ўсё лета!
Чынгіз пагрозліва наблізіўся да сына. Кастусь інстынктыўна высунуў перад сабою бутэльку.
— Дай сюды! — Чына адабраў шампанскае і агледзеўся, куды б яго паставіць.
Толькі тут Чынгіз з Кастусём убачылі, што перагародка, за якой яны стаяць, шкляная. I па той бок шкла за імі назіраюць жанчыны, што засталіся ў зале. Кастусю гэты малюнак нагадаў фота сурыкатаў, якое нядаўна гуляла ў сеціве. Ён не вытрымаў і чмыхнуў. Чынгіз даў яму ў карак. Геула першая ачомалася і кінулася да выхаду з залы.
— Дагані і папрасі прабачэння! — загадаў Чынгіз. Кастусь апусціў галаву, але з месца не скрануўся.
* * *
Гэтым разам падзеі разгортваліся так імкліва, што ў Мінска не заставалася часу на складаныя камбінацыі. Таму ён абмежаваўся адной простай рэкламнай акцыяй.
★ * ★
Ян дайшоў да Лядовага палаца і пашкадаваў пра гэта. Адзін ён ніколі так доўга не гуляў, толькі з Геулай. Ён падумваў ужо пра тое, каб вярнуцца ці, прыкладам, забурыцца ў «Аўрору» на што-небудзь са стралянінай і спецэфектамі, калі да яго звярнулася прыгожанькая дзяўчына:
— Добры дзень! Парк высокіх тэхналогій прапануе вам бясплатна пракаціцца на ровары новага пакалення! Убудаваны джыпіэс-трэкер захоўвае ваш маршрут на серверы! Айчынная распрацоўка!
— А не баіцеся, — спытаў Ян, — што я ровар скраду?
— У вас твар сумленны, — адказала дзяўчына, — а яшчэ мы ўсіх удзельнікаў акцыі фатаграфуем. I да таго ж джыпіэс-трэкер, памятаеце? Ну што, паедзеце?
— Давайце, — пагадзіўся Ян. — Потым сюды ровар вярнуць?
— He, — пакруціла галавой дзяўчына, — сэнс акцыі ў тым, каб маладыя людзі праехалі дзесяць кіламетраў. Таму здасце каля крытай коўзанкі ў парку Горкага.
Ян сеў на ровар, усміхнуўся ў камеру, дачакаўся, пакуль яго сфатаграфуюць, і стартаваў.
Ехаць было нашмат весялей, чым ісці.
★ ★ ★
Гэля сядзела на парапеце на беразе Свіслачы і думала, што, калі б яны з Янам здымалі сюжэт пра дзяўчыну, якую кінулі, яна б зняла яго менавіта гэтак. Прыгожая, юная, у цудоўнай блакітнай сукенцы, сядзіць уся такая няшчасная і адлюстроўваецца ў вадзе. Казачная Алёнка нервова курыць ад зайздрасці.
Гэля ўявіла сабе Алёнку, якая курыць, і нават усміхнулася.
«Насамрэч усё не так і дрэнна, — пачала пераконваць сябе Геула. — Горш было б, калі б мы з’ездзілі ў Балгарыю, а разышліся потым. Толькі было б больш балюча і крыўдна».
★ ★ *
Ян ішоў у бок метро і ўсміхаўся. Ён праляцеў да парку Горкага меней як за гадзіну. Ногі прыемна гулі, і ўвогуле настрой палепшаў. Калі ён здаў ровар і выйшаў на набярэжную, адразу заўважыў танюткую дзяўчыну ў блакітнай сукенцы, якая сядзела пад рэкламным шчытом «Маё першае слова “каханне”». Дзяўчына глядзела ў ваду.
«Ат, пайду і пазнаёмлюся!» — вырашыў Ян.
Ён прыспешыў крок.
Дзяўчына ўзняла галаву і паправіла валасы.
Ян ледзь не грымнуўся на асфальт. Але ўсё ж TaKi набраўся смеласці і падышоў.
— Чаго ты тут? — спытаў ён Геулу.
— Ты што, сочыш за мной? — суха спытала Геула.
— Я? — збянтэжыўся Ян. — Ды я тут увогуле выпадкова...
— Ты заўсёды выпадкова! Куды ні прыйду, паўсюль ты!
Ян узлаваўся.
— Ды гэта ты паўсюль! Прайсці па горадзе немагчыма, усюды на цябе трапляю!
— Дык сядзі дома! — адрэзала Геула. — Гэта мой горад!
Побач з імі ўтварылася невялікая віхура, узняла з асфальта смецце, шпурнула Геуле ў вочы пясок. Яна пачала церці вочы. Ян скамянеў.
— Зараз дождж пойдзе, — сказаў ён.