Сіямцы
Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 234с.
Мінск 2020
— Дзякуй, — сказала яна і нерашуча ўстала з камп’ютарнага крэсла.
Але чамусьці нікуды не пайшла.
— Далей я сам, — насупіўся Ян. — Ідзі ўжо.
— Ага, — адказала Жанна, потым набралася смеласці, пацалавала Яна ў шчаку і сышла.
Ян сеў праглядаць тое, што зняў. Ніякіх ідэй не ўзнікала. Жанна амаль увесь час намагалася пазіраваць, і выглядала гэта жахліва.
«Як я зрабіў мантаж таго роліка з Геулай?» — раптам задумаўся Ян.
I зразумеў, што ён не памятае. Усе ролікі пра аднакласніц, якія ён рабіў перад Гэліным, большменш засталіся ў памяці. Але апошні, Гэлін... Такое адчуванне, быццам ён сам зрабіўся, без асаблівага ўдзелу Яна.
«Можа, — падумаў ён, — усё дзякуючы музыцы? Я тады саўндтрэк падабраў удалы, кадры самі на яго ляглі».
Ён пачаў шукаць музыку, а мозг упарта намагаўся дакапацца: як жа быў зроблены мантаж таго нашумелага роліка? Замест гэтага згадвалася ўсялякае іншае: першае «сіямскае» відэа; ідэя зрабіць серыю; здымкі ў крамах і цырульні... і гэтак далей да апошняга інтэрв’ю з коньмі ў Верхнім горадзе.
Пасля інтэрв’ю было нешта яшчэ, але тут мозг раптам заклініла, і Ян вярнуўся да рэальнасці.
Як выявілася, увесь гэты час рукі працавалі незалежна ад яго. Яны выдалілі тыя фрагменты, дзе Жанна «выяўляла пачуццё». Засталіся толькі самы пачатак, кавалак, дзе Жанна адпрошваецца ў прыбіральню, і дзясятак хвілін у самым канцы, калі «мадэль» стамілася вырабляцца.
Цяпер Ян усё зразумеў. 3 пакінутага матэрыялу выбудоўваўся даволі зразумелы вобраз. Жывы і сапраўдны. Толькі музычку трэба было знайсці саплівую.
Да вячэры паўхвілінны ролік быў гатовы.
Жанна атрымалася вельмі арганічная: трошкі напалоханая і збянтэжаная. 1 яшчэ выявілася, што, калі яна ўсміхаецца, у яе з’яўляюцца вельмі сімпатычныя ямачкі на шчоках.
Ян заліў ролік на свой канал у рэжыме «Доступ толькі па спасылцы» і даслаў спасылку Жанне.
★ ★ ★
Іспыты падкраліся незаўважна.
Геула, напэўна, магла ўгледзець нешта падазронае каля школы, але не ўгледзела. Яна не заўважыла тэлевізійную машыну і не звярнула ўвагі на тое, што ніхто не тоўпіцца з цыгарэтамі за рагом.
I калі перад вахтай на яе накінулася здымачная група, гэта стала для яе неспадзяванкай.
— А вось і Геулачка, — зашчабятала Аксана Віталеўна, — давайце хутка яе здымем, бо ў яе іспыт праз паўгадзіны.
— Што? — збянтэжылася Геула.
Аператар засяроджана паглядзеў на дзяўчыну з мікрафонам.
— Святла не стае, — сказаў ён, — пастаўце яе каля акна.
— Як вы сказалі дзяўчыну завуць? — пацікавілася карэспандэнт.
— Геула — старажытнае беларускае імя, — вокам не змаргнуўшы, адгукнулася Аксана Віталеўна.
— Што? — зноўку спытала Геула.
— Значыць так, — паныла сказала дзяўчына, гледзячы ў аркушык, — я зараз спытаю ў цябе, ці прыходзілі ў ваш клас газеты па падпісцы, ты скажаш, што не, потым я запытаю, да каго ты пайшла з ідэяй, што трэба разумна распараджацца школьным бюджэтам, ты скажаш, што да... да...
— Аксана Віталеўна мяне завуць, — падказала завуч.
— Што? — спытала Геула, якая пачувалася ачмурэлым папугаем.
— Давайце спачатку вас здымем, — сказала дзяўчына і адвярнулася ад Геулы.
Аксана Віталеўна прамяніста пасміхнулася і ўстала ў святло.
— Пагналі, — закамандаваў аператар, — толькі вы ў камеру не глядзіце. Люся, адыдзі. Паспрабуй з іншага боку. He лезь у камеру. Мікрафон ніжэй. Усё, пагналі.
— Распавядзіце пра вашу ініцыятыву, — прачытала Люся па аркушыку.
— Я намеснік дырэктара ўжо шмат гадоў, і я добра ведаю, як важна падтрымліваць ініцыятыву дзяцей і бацькоў. Таму, калі да мяне падышлі бацькі і прапанавалі разумна выдаткоўваць грошы нашай
школьнай апякунскай рады, я, безумоўна, выслухала іх вельмі ўважліва. Насамрэч праз тое, што класы дзейнічалі няўзгоднена, бо не было агульнай, так бы мовіць, палітыкі, выходзіла, што шматлікія друкаваныя выданні дубляваліся, а гэта непрадумана.
— Гэта вы кажаце пра так званую абавязковую падпіску? — удакладніла Люся.
— Менавіта «так званую», — сказала завуч. — Праблема ў тым, што за многія гады склалася меркаванне, быццам падпіска з’яўляецца абавязковай, але насамрэч мы здолелі, так бы мовіць, абараніць сваю пазіцыю, нават калі давялося дзесьці адстойваць свае погляды і нават у нечым супярэчыць непасрэднаму начальству...
— Так, во гэтага не трэба, — сказала Люся.
— Добра, — лёгка пагадзілася Аксана Віталеўна, — значыцца... м-м-м... трэба ўмець браць на сябе адказнасць і не баяцца ініцыятывы.
— Але ж вам давялося сутыкнуцца з супраціўленнем?
— Так, але мы былі перакананыя, што маем рацыю, і, як бачыце, праўда аказалася на нашым баку. I мы будзем спадзявацца, што рэформы школьнай адукацыі...
— Так, рэдактар прасіў пра рэформы не згадваць.
— Добра, — згадзілася завуч, — а пра станоўчую дынаміку ў развіцці можна?
— Пра дынаміку, напэўна, можна, — няўпэўнена сказала Люся, — але давайце не будзем. Так, Галіна, хадзі сюды.
— Я Геула, — скрозь зубы сказала Гэля, у якой ад абсурднасці таго, што адбывалася, пачало торгацца вока.
— Спадарыня, давайце хутчэй, нам яшчэ ў тры школы ехаць, — пакрыўдзілася Люся, — станьце каля акна. Пытанне: ці падабаецца вам навучацца ў такой прагрэсіўнай школе, дзе кіраўніцтва з гэткім захапленнем... He. Давай яшчэ раз. Ці падабаецца вам навучацца ў школе, дзе кіраўніцтва з такой увагай ставіцца да ўсіх ініцыятыў знізу?
Геула ў думках далічыла да пяці.
— Я хачу сысці адсюль, — сказала яна.
— Куды? — спалохалася Люся.
— У тэхнікум, — адказала Гэля, — усё, у мяне іспыты пачаліся, я пайду.
— Ідзі, Геула, поспехаў табе, — праспявала ёй наўздагон Аксана Віталеўна. — Во бачыце, мы і тут на перадавой, нашы ўрокі працоўнага навучання, як і прасіў новы міністр адукацыі...
— Пра міністра не трэба.
— Добра. Мы адкрытыя ўсім новым павевам, і нашы ўрокі працоўнага навучання падштурхоўваюць дзяцей да таго, каб яны авалодвалі спецыяльнасцямі, патрэбнымі для народнай гаспадаркі...
Геула павярнула за рог і ўпялася лбом у сцяну. «Добра, спачатку напішу дыктоўку. А што гэта было, высветлю потым», — падумала яна.
★ * ★
Геула зайшла ў клас адной з апошніх, і спачатку ёй падалося, што яна трапіла не туды.
Вокны былі разнасцежаныя, а клас рагатаў, лежачы на партах.
Вялізны тэлевізар, па якім павінны былі абвясціць нумар дыктоўкі, паказваў «Смяшарыкаў». Дзевяцікласнікі дурэлі.
Настаўніца беларускай мовы кіўнула Геуле.
— Сядай. Яшчэ дзесяць хвілін.
Геула села. Ліміт здзіўлення на сёння быў вычарпаны.
Дыктоўка прайшла хутка і лёгка. Клас быў праветраны, настаўніца дыктавала цудоўна.
— Галоўнае — расслабцеся і слухайце, — сказала яна ў самым пачатку. — Мова сама пальецца вам у вушы. Калі нешта незразумелае, запытайцеся ў мяне, не чапайце суседзяў. I памятайце — усё будзе добра!
— Добра табе, на цябе за адзнакі не сварацца, — уздыхнула Смірнова, здаючы дыктоўку. — Хадзем у піцэрыю? Мы ўсе ідзём, будзем там чакаць, пакуль правераць.
— Я даганю, — сказала Геула і пайшла шукаць класную.
Святлана Фёдараўна сядзела ў сваім кабінеце.
— Што гэта было? — з месца ў кар’ер пачала Геула. — Тэлебачанне, падпіска, я нічога не зразумела.
Святлана Фёдараўна чмыхнула.
— Разумееш, — сказала яна, — учора выйшла чарговая пастанова аб барацьбе з карупцыяй і выявілася, што падпісвацца было не абавязкова, а прыдумалі гэта злосныя дзядзькі з упраўлення адукацыі. Цяпер дзядзькоў пакараюць, а Аксана Віталеўна ў нас герой і змагар за справядлівасць. Таму маме прывітанне.
— Ат халера! — выдыхнула Геула. — Значыць, яна цяпер яшчэ і герой!
— Ты не турбуйся, — сказала класная, — праз месяц выйдзе новая пастанова, і яшчэ нешта прыдумаюць. Але Аксана Віталеўна не загіне. У любым выпадку.
— Значыцца, — скеміла Геула, — яна сваю скаргу на маму не па дабрыні душэўнай забрала!
— А яна забрала? — здзівілася настаўніца.
— Так! Пару тыдняў таму!
— Ну так, — кіўнула Святлана Фёдараўна, — якраз тады пайшлі чуткі, што падпіску забароняць.
— Мама сказала: «Малайчына, добры чалавек», — працягвала Гэля, — а Аксана, відаць, проста спалохалася, што журналісты пранюхаюць — і як гэта будзе выглядаць.
— Ну, можа, і так, — пагадзілася класная. — У кожным разе ўсё добра, што добра сканчаецца.
★ ★ ★
Падчас іспыту Ян канчаткова ацаніў вартасць свайго цяперашняга замарожанага стану. Дыктоўка. Ян слухаў і пісаў. Наконт правілаў не пераймаўся — настаўніца старанна прамаўляла кожную літару. А гэта ж беларуская мова: як чуецца, так і пішацца.
Спакойна дапісаў, спакойна здаў працу — і больш іспыт для яго не існаваў. Ян падышоў да Жанны і спытаў:
— Ну як?
— Я, здаецца, напартачыла, — жаласна адказала тая. — Слухай, ці патрэбны мяккі знак у слове «булён»?
— Ды якая розніца, — пацепнуў плячыма Ян. — Ты ролік бачыла?
— Ролік? Ах, ролік! He яшчэ.
— Пабачыш — свісні.
I сышоў. Адным вокам, праўда, заўважыў, з якой цікаўнасцю сочаць за ім дзяўчаты.
Дома паведаміў маці, што ўсё нармуль, і адразу папрасіў падыктаваць рускую мову.
— Янчык, — папрасіла маці, якая была вельмі занятая — чухала котку за вухам, — ты б адпачыў, га?
— Ды я не стаміўся. Чаго стамляцца? Дзве старонкі тэксту напісаў.
— Ну... хваляваўся ж.
He.
Маці ўздыхнула, зняла з каленяў вельмі незадаволеную Нору і пачала дыктаваць. Нора расчаравана забралася пад стол і, каб неяк прабавіць час, стала хапаць Яна за пяткі. Атрымала нагой па пузе, пакрыўдзілася і некуды сышла.
Праз паўгадзіны, маці на радасць, у Яна зазваніў тэлефон.
— Ян, — дзіўным голасам сказала Жанна, — гэта дакладна я?
Ян хутка праверыў YouTube.
— Дакладна. А што не так?
— Ну... — слухаўка ўздыхнула, — хіба я такая?
— Табе не даспадобы? — здзівіўся Ян, які запусціў ролік без гуку, але ніякіх праблем пакуль не бачыў.
— He тое каб... Але я... Нічога, прабач, пакуль!
Ян паклаў слухаўку і спытаў маці:
— Скажы, падобная да Жанны?
— Я тваю Жанну мала ведаю... — адказала маці. — А запусці спачатку. Толькі з гукам.
Ян запусціў. Маці дагледзела да канца і пагладзіла яго па плячы.
— Янчык, — сказала яна, — скажы шчыра: калі здымаў, пра Геулу думаў?
Ян адчуў, што ледзяны панцыр, у які ён быў увесь гэты час закаваны, даў расколіну.
— Калі рабіў мантаж, — адказаў ён.
— Ты б ёй патэлефанаваў, га? Яна чакае...
Анестэзія ўмомант скончылася. Ян падскочыў і выгукнуў: