• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Сіямцы

    Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 234с.
    Мінск 2020
    45.09 МБ
    Ян з усмешкай забраў паламаную палачку і высыпаў у каву цукар. Побач з Дарынай ён часта пачуваўся вельмі арганізаваным мужчынам.
    — Авоечкі, дзякуй! — Дарына пагладзіла свайго кавалера па руцэ. — У мяне ўжо ад гэтай матэматыкі вочы на лоб! А ты да ЦТ рыхтуешся? Я во...
    Ян зразумеў, што зараз Дарына ўстане на пратаптаную сцежку, і паспешліва перапыніў яе:
    — Так, я ў курсе. Слухай, я хацеў наконт кватэры паразмаўляць.
    — Кватэры? — сяброўка паглядзела на яго са здзіўленнем. — Якой кватэры?
    — Ну, якую ў Маскве давядзецца здымаць.
    — А-а-а! — зразумела Дарына. — Гэтай... Ды рана яшчэ думаць. Трэба паступіць спярша. Аказваецца, абітурыенты з Беларусі ў Расіі...
    — Ды ведаю я! — Ян пачынаў траціць цярплівасць. — Я ж таксама ў Маскву паступаю, забылася?
    — I праўда... зусім я ўжо. А ты круты! He хвалюешся нават. А мой рэпетытар...
    — Так, — Ян злёгку стукнуў далонню па стале, — вернемся да кватэры. У цябе ёсць пажаданні?
    Дарына сербанула каву і насупілася.
    — У сэнсе?
    — Ну, — Ян намагаўся казаць як мага павольней, — у якім раёне мы будзем яе здымаць. Колькі пакояў... Які паверх...
    — Пачакай! — Дарына ўтаропілася на Яна. — Што значыць «мы»?
    «Гэнае ЦТ зусім ёй мазгі высушыла», — падумаў Ян і патлумачыў яшчэ больш цярпліва:
    — Мы з табою. Ты ж сама сказала, што адна кватэру не пацягнеш. Таму мы дамовіліся, што будзем жыць разам.
    — Мы? Разам?
    3 тварам Дарыны рабілася нешта незразумелае. Збянтэжанасць змянілася недаверам, потым яна быццам паспрабавала засмяяцца — і зноў збянтэжылася.
    Ян западозрыў нядобрае.
    — Мы дамовіліся, — з націскам паўтарыў ён. — Мы будзем здымаць адну кватэру.
    Дарына, здаецца, нарэшце ўцяміла.
    — Адну кватэру? — удакладніла яна. — I спаць... разам?
    Ян збіраўся адказаць абыякавым «ну так», але ў роце вельмі недарэчы перасохла, таму ён адно хітнуў галавой.
    Дарына замерла на секунду, а потым разрагаталася.
    — Янчык... ну ты што, зусім ужо?!
    Ачомаўся Ян каля выхаду з «МакДональдса».
    «Ну і на здароўе, — падумаў ён, — яшчэ пашкадуеш!» Ён загадаў сабе не думаць пра падступную ашуканку, але на душы было пагана.
    Працягваючы ўнутраны дыялог з подлай Дарынай, ён дайшоў амаль да цырка і нечакана пачуў дзіцячы голас:
    — 3 Гэляй хачу! Хачу з Гэляй!
    Ян азірнуўся і ўбачыў пяцігадовага хлапчука, які канькаў, закапыліўшы ніжнюю губу.
    — Ніякага гелію! — адказаў яму тата. — Ты яго зноўку выпусціш!
    — Так! — радасна адгукнуўся хлапчук.
    — He! — тата пацягнуў сына ў бок метро. — Нельга выпускаць! Трэба моцна трымаць!
    Тут Ян згадаў, што час аддаць доўг.
    * ★ ★
    3 коўзанкі Гэля вярнулася шчаслівая. Толькі яна збіралася выдаць маці ўсе свае навіны, як тая сама выйшла да яе ў калідор. Выглядала яна жахліва. Следам за ёю з’явілася незнаёмая жанчына, таксама заплаканая.
    — Ну што, змагарка за справядлівасць, дамаглася свайго? — грозна спытала маці.
    — Што?! — здзівілася Геула.
    — Я цябе, здаецца, прасіла не рабіць глупстваў! — крыкнула маці. Я ж цябе прасіла!
    Маці ніколі раней не падвышала голасу. Геула спалохалася.
    — Я нічога дрэннага не зрабіла, — прамовіла яна, — я сказала, што Аксана — падлюка, але гэта праўда!
    — Праўда? — з’едліва спытала маці. — А ты падумала, што падставіла мяне? I Алеську падставіла, якая скаргу прытрымала? Гэтая падлю... Аксана патэлефанавала Алесінаму начальству, і цяпер не толькі мяне закрыюць, але і ў яе непрыемнасці!
    Незнаёмая жанчына шморгнула носам, і Геула зразумела, што Алеська — гэта яна.
    — Мама, ты ж заўсёды вучыла, што трэба казаць праўду, — пачала апраўдвацца Гэля, але маці перапыніла яе.
    — Геула, ты ўжо дарослая дзяўчына, магла б і падумаць! I змоўчаць іншым разам!
    — Хто б казаў! — завялася Гэля. — Хто б на бацькоўскім сходзе іншым разам змоўчаў, га? Пэўна ж нічога такога і не нарабілася б!
    — Я дарослы чалавек, я сама адказваю за свае ўчынкі! — усхадзілася маці. — А праз цябе пакутуюць іншыя людзі!
    — Ну дык і адказвай, калі дарослая! — канчаткова ўзлавалася Геула і, ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла з кватэры.
    Яна прабегла пару лесвічных пралётаў і з разгону ўрэзалася ў Яна.
    — Гэлька, — выгукнуў ён, — усё файна! У нас першыя сто баксаў! Уяві! Якія мы ідыёты, трэба было раней рэкламу ставіць!
    — Сто баксаў? — уразілася Гэля і хліпнула.
    — Ты чаго равеш? Усё ж файна! Яшчэ пара тыдняў — і мы мільянеры! I маме сваёй перадай, што яна можа не працаваць больш ніколі! I мы з табою камеру новую купім, будзем па ўсім свеце здымаць! Залезем на Пізанскую вежу, у Паўночным моры плаваць будзем!
    — Лепей у Паўднёвым, — папрасіла Гэля і ўсміхнулася скрозь слёзы.
    — У Паўднёвым дык у Паўднёвым, — радасна пагадзіўся Ян, — а я навучуся кіраваць рэактыўным самалётам. Нам жа з табою патрэбны будзе рэактыўны самалёт, каб хутка перамяшчацца паміж мацерыкамі?
    — Патрэбны, — кіўнула Гэля і зноў хліпнула.
    Гэлю зусім развезла, і яна ўткнулася носам Яну ў плячо.
    — Яна заўсёды казала, што трэба праўду, а сама на мяне крычыць... Ёй Алеська даражэйшая за мяне! Яе шкада, а я... Што мне настаўнікі ўвесь час мозг дзяўбуць праз яе, дык мяне не шкада...
    — Ды годзе табе, — Ян абняў Геулу, — затое цяпер ты будзеш забяспечваць маму, а яна стане жаласна кленчыць у цябе грошы на касметыку. А ты такая скажаш: «У цябе ўжо адна памада ёсць...»
    — Ёй не патрэбная касметыка, — сказала Геула.
    — А што тады? — здзівіўся Ян.
    — Міксер.
    — Ну добра, значыць, будзе кленчыць новы міксер, а ты скажаш: «Навошта табе міксер, у цябе ўжо пяць ёсць!»
    Геула засмяялася. Ёй зрабілася цёпла і хораша, і яна ўтулілася носам у Янаў швэдар. У яго ён быў
    зусім не колкі, у адрозненне ад «сіямскага». Гэля расслабілася. I дарма. Бо непрыемнасці і не думалі заканчвацца.
    — Геула, што гэта значыць?
    Гэля адсунулася ад Яна і ўбачыла Кастуся, які стаяў на лесвіцы з букетам у руцэ.
    — Калі ты не хацела ехаць праз... во гэтага, так бы і сказала, — прамовіў ён.
    — Ды якога «гэтага»?! Кастусь, ты з глузду з’ехаў! Гэта ж Ян! Ты ж яго ведаеш! У нас з ім увогуле нічога не можа быць!
    — Вы што, — абурыўся Ян, — змовіліся?! Я вам дэфектыўны ці што?
    — Ян, ты чаго? — Гэля здзіўлена ўтаропілася на Яна.
    Гэтак жа, як і Дарына паўгадзіны таму.
    Ад крыўды і роспачы Ян зароў і кінуўся на Кастуся.
    ★ ★ ★
    Геула ачомалася каля Опернага тэатра.
    «Нішто сабе я пагуляла», — падумала яна.
    Гэля цьмяна памятала, як сюды трапіла. На пачатку шляху яна душылася слязьмі і, хаваючыся пад башлыком байкі, ішла не разбіраючы дарогі. Потым слёзы скончыліся, і яна проста ішла. Хутка. Наперад.
    Геула сцягнула з галавы навушнікі і адключыла плэер. Выняла з кішэні мабільнік — пяць прапушчаных ад маці і сем ад цёткі Алі. Гэля зразумела, што давядзецца азвацца, і абрала цётку.
    — Ты дзе? — цётка Аля была лаканічная.
    — Каля Опернага.
    — Чакай, я буду праз сем хвілін.
    Прыехала Альбіна праз пяць.
    — Па сустрэчцы перла? — здзівілася Гэля, сядаючы ў машыну.
    — Хочаш дахаты? — удакладніла цётка Аля, ігнаруючы пытанне.
    — He ведаю, — шчыра адказала Геула.
    — Я запрасіла б цябе да нас, але Кастусь прыйшоў з «ліхтаром», замкнуўся ў пакоі і нічога не кажа.
    Альбіна вытрымала паўзу, але Гэля маўчала.
    Цётка Аля ўздыхнула.
    — Гэля, ну даруй ты яму ўжо! — жаласна папрасіла яна. — Гэта я Кастуся прымусіла пайсці да цябе. Гэта я кветкі абірала. Слухай, ты скажы, калі ён цябе нечым пакрыўдзіў, я яго... не, забіваць не буду, але ведай: я на тваім баку.
    — He крыўдзіў ён мяне, — змрочна адказала Гэля.
    — Тады завошта ты яго па мысе?
    Геула адкінулася на спінку сядзення і заплюшчыла вочы. Тлумачыць да смерці не хацелася.
    — Гэта не я, — сказала яна. — Гэта Ян, мой сябар. Кастусь ўсё не так зразумеў. Мы проста стаялі на лесвіцы і абдымаліся. Ян мне грошы прынёс за рэкламу. А Кастусь вырашыў, што я з ім... А Ян здурнеў — і біцца.
    — А што за Ян? — з удаванай абыякавасцю спытала цётка Аля.
    — Ды ў нас з ім увогуле нічога не можа быць! — усхадзілася Гэля. — Мы сто гадоў знаёмыя! Мы ў дзесяць гадоў разам у летніку былі, памятаеце, гэта ж вы мне пуцёўку падарылі. А потым шмат pa-
    зоў у «Калекцыі прыгод»* сустракаліся, ён мне як брат, разумееш?
    Альбіна доўга маўчала, стукаючы пальцамі аб руль.
    — Слухай, а можна асабістае пытанне? — наважылася яна. — Але ты маеш права не адказваць, калі я не ў сваю справу лезу.
    Геула кіўнула.
    — Гэля, а чаму вы з Кастусём... Ты не думай, я не... я проста здзіўляюся... Калі б мне ў шаснаццаць гадоў прапанавалі такую пуцёўку... Я разумею, што варта было ўсё зрабіць не так, што Кастусік дурань і трэба было запытацца ў цябе. Але... Карацей, чаму вы яшчэ не гэта... не разам?
    У пытанні Альбіны не было цікаўнасці або кпінаў, і Гэля вырашыла адказаць. Да таго ж яна была ўпэўненая, што цётка Аля не перадасць іхнюю размову Кастусю.
    — Шчыра? — уздыхнула яна. — Мне гэта папросту не прыходзіла ў галаву.
    Альбіна зноў надоўга змоўкла.
    — Але вы хоць цалаваліся? — спытала яна праз нейкі час.
    — Ну так, — пацепнула плячыма Гэля, — але я неяк і не думала... Мы ж яшчэ кшталту непаўналетнія...
    — Зразумела, — сумна сказала Альбіна і рушыла з паркоўкі. — Я завязу цябе дахаты. Кастусю, мяркую, патрэбны пэўны час — астыць.
    * Мінская фірма, якая займаецца дзіцячым і падлеткавым адпачынкам. Мы яе вельмі любім.
    •к -к -к
    — Янік! — гукнула маці, тыцкаючы пальцам у смартфон. — У мяне тэлефон глючыць. He дапаможаш?
    Адказу не было. Зрэшты, сын рэдка адгукаўся на галасавыя сігналы. Маці ўздыхнула і пайшла ў Янаў пакой.
    — Мне твая класная напісала, — паведаміла яна, расчыняючы дзверы, — а я ў чат зайсці не магу.
    Ян не адказаў, ён быў вельмі заняты: ляжаў на тахце ў позе эмбрыёна. Маці здзівілася яшчэ болей — ён ніколі не клаўся спаць так рана. Дзеля ўсяго дзеля падышла і памацала лоб. Ян нервова таргануўся, але, здаецца, лоб быў халодны. Маці яшчэ раз уздыхнула і падняла з падлогі байку. Брудную і трохі падраную.
    — Так! — падскочыў Ян. — Я біўся! Ясна?! I не пытайся чаму! А байку новую куплю, зараблю! I ўвогуле, стукаць трэба!
    Маці выйшла, стараючыся як мага цішэй зачыніць дзверы.
    У калідоры сутыкнулася з мужам, які толькі вярнуўся з працы.
    — Ян дома? — спытаў ён. — У мяне да яго справа!
    — Дома... але ты яго не чапай пакуль.
    Станіслаў Францавіч выцягнуў з партфеля планшэт і сунуў жонцы ў рукі.