• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сіямцы  Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Сіямцы

    Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак

    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 234с.
    Мінск 2020
    45.09 МБ
    — Я высветліў, адкуль у яго бум наведвальнасці! — ён прагартаў некалькі ролікаў і спыніўся на адным. — Глядзі!
    Яна спачатку хацела зірнуць адным вокам, але не здолела адарвацца, пакуль не даглядзела.
    Кадры мільгацелі. Геула ўсміхалася. Супілася. Грызла аловак. Камера выхоплівала яе ў нечаканых ракурсах. Відаць, Ян здымаў сваю «сіямскую сястру» цішком. Музыка — пяшчотная і дзёрзкая адначасова — вельмі дакладна падкрэслівала кожны рух Гэлі. I толькі ў фінале мітульга кадраў рэзка спынялася, а ў музыцы заставалася адна пяшчота. Геула спала. Яна ляжала, скруціўшыся абаранкам, на Янавай тахце.
    Апранутая.
    I ўсё адно мурашкі пабеглі па скуры.
    А калі Гэля, прачынаючыся, пацягнулася, мурашкі знерухомелі.
    Ролік скончыўся.
    Янавы бацькі яшчэ некалькі секунд працягвалі глядзець на згаслы экран.
    — Трэці раз гляджу, — прызнаўся Станіслаў Францавіч. — I кожны раз праймае... Цікава, дзе ён такую... Шамаханскую царыцу знайшоў?
    — Гэта ж Гэля, — задуменна адказала Барбара.
    — Якая Гэля?! — адмахнуўся муж. — Бачыў я тую Гэлю... Смаркачка недаробленая. А тут... Карацей, трэба, каб ён яшчэ пару разоў яе зняў! Толькі на фоне... — бацька пайшоў да пакоя Яна: — Дык ён, кажаш, у сябе?
    — He трэба, Стасік! — папрасіла Барбара.
    Але муж быў настроены рашуча. Барбара далей ад граху схавалася ў гасцёўні.
    Праз пару секунд да яе данеслася:
    — Што разлёгся, Кустурыца? Справа ёсць!..
    Станіслаў Францавіч прычыніў дзверы, і размова чулася толькі як бубненне.
    Барбара абудзіла планшэт і зноў запусціла ролік з Гэляй.
    Муж меў рацыю: з другога разу ролік прабіраў нават мацней, чым з першага. А з трэцяга — яшчэ мацней.
    Яна ачомалася, калі пачула сярдзітае:
    — Ды якое «адчапіся»?! Ты, дурань, намацаў залатую жылу. Трэба яе цяпер даіць! Дакладней... распрацоўваць!
    — Адвяжыся! — голас Яна гучаў істэрычна. — I не ўваходзь у мой пакой без стуку! Ясна?!
    Станіслаў Францавіч выйшаў угневаны:
    — He, ты чула? Як ён увогуле бізнес весці збіраецца? Аднойчы пашанцавала на рынак трапіць — а ён, бач ты, не ў гуморы! Калі б я на свой гумор глядзеў, мы б даўно з торбамі пайшлі!
    Барбара не спрачалася.
    * * *
    — Вітанкі, парназорка! — выгукнула Смірнова, і ўсе засмяяліся.
    Геула азірнулася. Ёй зрабілася цікава, каго так весела вітаюць аднакласнікі.
    — Што азіраешся? — зарагатала Смірнова. — Поспех падкраўся неўпрыкмет?
    — Ты пра што? — змрочна спытала Гэля.
    Яе жыццё апошнім часам з цяжкасцю можна было назваць поспехам. 3 маці яна так і не замірылася, з Янам і Кастусём было скончана. Цётка Аля, вядома, вельмі добры чалавек, але сяброў яна не заменіць.
    — А шмат плацяць за здымкі ў порна? — з’едліва пацікавіўся Прысмакоў.
    — Якое порна, вы што, усе абкурыліся? — абурылася Геула.
    — Ды годзе табе, не саромейся, — чмыхнула Смірнова. — Хлопцы вунь зранку круцяць, разоў пяцьдзясят паглядзелі ўжо.
    — А вам аператар не патрэбны? Вы наступным разам вазьміце мяне, я здымаць умею, будзе паўнавартасны відос, а тут тэма недараскрытая...
    Прысмакоў пацягнуўся рукой да проймы Гэлінай блузкі і праз секунду ўжо вішчаў і падскокваў.
    — Ты што, зусім дурная — кусацца? — зароў ён.
    — Толькі крані, — скрозь зубы працадзіла Геула.
    — Ды годзе ўдаваць з сябе цнатліўку! — выгукнуў Прысмакоў.
    Геула шпурнула ў яго заплечнікам.
    — Гэй, ратуйце мяне ад гэтай псіхапаткі! — крыкнуў Прысмакоў.
    А Геулу схапіла за руку Смірнова.
    — Бач, а што ты хацела? Такія ролікі выкладаць — і каб у хлопцаў сківіца не адвісала?
    Гэля ў думках далічыла да пяці. Лічыць да дзесяці цярплівасці не хапіла.
    — Я. Нічога. He. Выкладала, — сказала яна. — Я ўвогуле не разумею, пра што размова.
    Відаць, яна была вельмі пераканаўчая.
    Смірнова міргнула і пацягнулася па тэлефон.
    — Я табе ўчора спасылку кідала, ты бачыла? — спытала яна.
    — Мне ўчора трохі не да таго было, — змрочна адгукнулася Гэля.
    — Дык во! — Смірнова тыцнула ў смартфон. — Дзіўна... напісана, што заблакавана.
    Гэля паглядзела на адрас заблакаванага відэа і зразумела, што прыдушыць Яна голымі рукамі, што б ён там ні выклаў. Зараз жа.
    — Я скажу класнай, што ты захварэла, — крыкнула Гэлі наўздагон Смірнова.
    Геула нават не азірнулася.
    Чакаць тралейбуса ў яе не ставала цярплівасці. Гэля неслася праспектам Прытыцкага, на хаду набіраючы Янаў нумар.
    «Абанент часова недаступны...»
    Геула прыспешыла крок. На мінскае неба імкліва і велічна, як Зорка Смерці, напаўзала шэрая хмара. Калі Гэля дабегла да дома Яна, з хмары паваліў снег.
    * * *
    У дзверы званілі.
    Ян ляжаў.
    У дзверы працягвалі званіць.
    Ян ляжаў і згадваў, што хвіліну таму ён чуў дамафон. Тады не ўстаў і цяпер уставаць не збіраецца.
    Назойлівы тыпус перайшоў на кароткія трэлі.
    «Пайду і заб’ю, — падумаў Ян, — чым-небудзь цяжкім».
    Званок пачаў перадаваць нешта азбукай Морзэ. Да какафоніі далучылася Нора.
    Ян устаў. Нічога цяжкага не знайшлося, затое на вочы трапілася адкрутка.
    3 адкруткай у руцэ ён расчыніў дзверы.
    — Ты што, зусім ужо?! — спытала Геула і пайшла проста на Яна.
    Ян ачмурэў ад гэткага нахабства, але пасунуўся ўбок.
    — Я зусім ужо? Гэта ты зусім ужо! — Ян трос адкруткай, быццам дрэўкам ад вельмі маленькага сцяга. — Спачатку валачэ свайго хахаля, які бойкі ладзіць, потым прад’явы нейкія кідае...
    — Ты сам бойку пачаў! I ўвогуле, не пра бойку размова! Ты што пра мяне наздымаў там?!
    — А твой сам гузака на лоб шукаў! З’явіўся ўвесь такі з кветкамі...
    — He змяняй тэму!
    — Сама не змяняй!
    Яны схітраліся сварыцца і перамяшчацца ў пакой да Яна.
    — Што! Ты! — ледзь не крычала Геула. — Пра мяне! Зняў?!
    — А навошта! Ты! — у тон адказваў Ян. — Свайго ёлупня! Да мяне прывалакла?!
    Гэля зразумела, што так яны ні пра што не дамовяцца. Пакуль Ян не выкажацца па набалелай тэме, ад яго ні ладу ні складу.
    — Так! — сказала яна, як ёй падалося, з ледзяным спакоем. — Давай разбяромся. Я Кастуся да цябе не прыводзіла. Згадай, дзе мы перастрэліся?
    Ян насупіўся.
    — I нічога такога Кастусь пра цябе не сказаў.
    — Затое ты сказала! — усклікнуў Ян.
    — Я?! — здзівілася Геула.
    — Ага! Сказала, што я даўбак і ты з такім даўбаком не хочаш мець ніякіх стасункаў!
    — Ды не называла я цябе даўбаком!
    — Ну... можа, не даўбаком. Але яно так прагучала!
    «Ды што ж ты за ідыёт такі!» — ледзь не прамовіла Гэля ўголас, але ў яе хапіла сілы волі замест гэтага сказаць:
    — Прабач... Я не хацела цябе пакрыўдзіць. Прабач, шчыра...
    Ян стаў у позу «гнеўны адчай». Гэля падлезла яму пад руку і паказытала. Ян таргануўся, але выраз крыўды на твары застаўся.
    — Ну як сабе хочаш! — не вытрымала Геула. — Злуйся, хоць лопні. Ты патлумач, што за ролік пра мяне зняў парнаграфічны?
    Ян так здзівіўся, што забыўся на крыўду.
    — Што?! Там нават эротыкі не было! Ты сама хоць бачыла?
    У Гэлі адлягло ад сэрца. Усё ж такі аднакласнікі ў яе дурні.
    — Зараз, — Ян шчоўкаў мышкай, адкрываючы YouTube. — Глядзі... гоп...
    — Так, — пацвердзіла Геула, — у мяне таксама не адкрываецца.
    Ян ліхаманкава адкрываў адзін «сіямскі» ролік за адным, але паўсюль замест відэа выскоквала таблічка з нейкім дробным тэкстам.
    — Яны ўвогуле канал заблакавалі! За «сур’ёзнае парушэнне правілаў»! Ат халера! Я зараз ім ліст напішу...
    Гэля яшчэ трохі пасядзела побач з Янам, які набіраў паведамленне, чытаў даведку, шукаў братоў па няшчасці. Геула ўздыхнула і спытала:
    — Можа, гэта якраз праз мой ролік? Усё ж такі там было нешта... непрыстойнае?
    — Ды клянуся! — адказаў Ян. — Нічога такога! Ты паўсюль апранутая! Ну смяешся... ну злуешся... А напрыканцы ўвогуле спіш.
    Чаго?!
    — Ды памятаеш, ты ўсю ноч з мамай нешта гатавала, а потым прыйшла да мяне і задрамала? Але там таксама ніякай парнухі! Проста ляжыш...
    Нядобрыя прадчуванні зноў заварушыліся ў Гэлінай душы.
    — Янік... а ролік у цябе на кампе захаваўся, так? Дай зірнуць.
    — Гэлька, родная! Пачакай! Яны якраз адказалі! Дай мне паўгадзіны, я ўсё разблакую!
    Гэля зразумела, што варта пакінуць Яна разбірацца з праблемай. Яна ведала свайго «сіямскага брата» даўно і здагадвалася, што за паўгадзіны ён не разбярэцца... але за пару дзён дасць рады. А пакуль... якая розніца, што там было на відэа, калі яно ўсё адно заблакаванае?
    Геула выйшла ў калідор і ўбачыла, што падчас сваркі яны з Янам не зачынілі ўваходныя дзверы. Лямант Норы даносіўся аднекуль з пад’езда. Гэля вылавіла котку каля смеццеправода і вярнула ў кватэру.
    — Ян! — гукнула Геула. — Нора ледзь не збегла!
    Адказу яна не дачакалася.
    Калі яна выйшла на вуліцу, ніякіх слядоў хмары на мінскім небе не засталося. I снег, які выпаў, паспеў цалкам растаць.
    * * ★
    Гэля адчыніла замок у кватэру, налегла плячом, а потым мусіла пазваніць: выявілася, што дзверы зачыненыя на засаўку.
    Адамкнула Геуле бледная маці.
    — Прабач мне, — прамовіла яна, — я не павінна была на цябе крычаць.
    — Я таксама не павінна была, — сказала Гэля, — можна ўвайсці?
    Маці пасунулася і прапусціла Гэлю ў калідор.
    — Аты навошта зачынілася? — пацікавілася Геула.
    — Я баюся, — ціха адказала маці, — мне такіх жахаў нарасказвалі. Розныя нягоднікі ўрываюцца ў кватэры...
    — Навошта?
    — Ну, кажуць, калі не могуць даказаць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, дык нацкоўваюць бандытаў, і тыя робяць пагром.
    — Навошта? — здзівілася Гэля.
    — He ведаю, — шэптам адказала маці.
    — Зразумела, — сказала Гэля, — збірайся. Паедзем да Ады.
    * * *
    У Ады было спакойна. У будні дзень на могілках не бывае шмат наведнікаў.
    — Глядзі, — сказала маці, — неўзабаве півоні заквітнеюць. Колькі бутонаў сёлета!
    Гэля выдрала нахабны дзьмухавец, які прарос проста праз плітку, і паглядзела на куст.
    — Ага. Ёй было б даспадобы.
    — Што значыць «было б даспадобы»? — абурылася маці. — Ёй даспадобы. Іначай яны б тут не квітнелі! Ты ж памятаеш Аду, вакол яе ўсё было якраз так, як яна хацела.
    Гэля зразумела, што маці вярнулася да звыклага стану.
    — А цяпер кажы, — загадала яна, — што за бандыты? Скуль ты гэта ўзяла?
    — Я пакуль у чарзе ў выканкаме сядзела, наслухалася...
    — Ты б яшчэ тэлевізар паглядзела! — чмыхнула Геула.
    — Табе ўсё жартачкі, — зноў пачала заводзіцца маці, — а я сёння адмовілася ад дзясятка замоў. А тры мне трэба зрабіць ну проста абавязкова, інакш я людзей падвяду, а я баюся.
    — Чаго? — здзівілася Гэля.