Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Назіраем далей за развіццём падзей на вяселлі. Пасля вянчання маладыя прыязджаюць да дому маладога.
2.2.4. Перад парогам хаты маці сустракала іх хлебамсоллю, які ляжыць на белай частцы ручніка. Але ж з гісторыі
народнай культуры вядома, што хлеб сімвалізуе жыццё. У сучасных беларускіх фалькларыстычных даследаваннях дамініруе традыцыя ставіцца да сімволікі хлеба, зерня, каравая як тоеснай, аднатыповай. Зноў-такі паспрабуем прасачыць за месцам і часам ужывання гэтых атрыбутаў у беларускім вяселлі.
2.2.5. Нам патрэбна вярнуцца крыху назад і ўспомніць, як жа бацькі адпраўлялі маладых да вянца. На ўсёй Беларусі існаваў яшчэ адзін цікавы рытуал, у якім цэнтральнае месца належала таму ж самаму ручніку. Пасля таго як адбыўся выкуп маладой, бацька абводзіў дачку вакол стала, а затым каля печы або каля парога хаты бацькі станавіліся ўжо ўдваіх, кожны з іх браў па бохану хлеба і загортваў яго ў чырвоныя канцы ручніка. Адной рукой яны трымалі хлеб, а другой уздымалі як мага вышэй сярэдзіну ручніка. Утваралася трыумфальная арка (дах, небасхіл, ра-^уга-вясёлка, форма сімвала шчасця — падкова і г.д.), праз якую дачка-нявеста і будучы зяць адпраўляліся ў новае жыццё.
Што ў дадзеным выпадку сімвалізаваў хлеб, чаму менавіта два боханы загортваліся ў чырвоныя канцы ручніка? Ды толькі тое, што да вянца ехалі два (да гэтага часу паасобныя) маладыя жыцці. У Храме Божым паяднаюць, павяжуць, абвянчаюць, звядуць у адзінае цэлае, вось таму маці і сустракала маладых пасля вянца ўжо толькі а д н ы м боханам хлеба.
2.2.6. Але чаму сустрэча адбываецца перад парогам хаты? У значнай ступені кантэкст-архіў, звязаны з архетыпам парога ў славянскай міфалогіі (аб гэтым будзе асобная гаворка), дае падставы гаварыць аб тым, што п а р о г — гэта своеасаблівая мяжа паміж мінулым і будучыняй, гэта зона радаводнай памяці, мажліва, старажытная зона пахавання продкаў, або месца, куды закопвалі ахвяру дамавіку (часцей за ўсё — пеўня) на пачатку будаўніцтва новай хаты. Пераступіць гэту мяжу азначала толькі адно: пераход у новае жыццё, у новыя сацыяльныя адносіны, набыццё прынцыпова іншага сацыяльнага статусу.
2.2.7. Уважліва прыгледзімся яшчэ да адной дэталі і паспрабуем прааналізаваць яе праз прызму больш шырокага поля кантэкстаў. Хлеб-соль ляжыць на сярэдняй — белай — частцы ручніка. Чаму ж сімвал жыцця ды на полі смерці? Таму што хлеб — гэта сімвал жыцця, якое адляцела ў вы-Рай, якое заканчваецца, гэта знак памежжа між закончаным і распачынаючымся жыццём. Пра гэта сведчыць яшчэ адна яскравая дэталь. Як толькі маладыя павітаюцца з бацькамі (цалуючы, a не кусаючы хлеб), перад імі адкрывалася дарога ў родную хату. Першы іх крок быў сігналам прысутнай моладзі, якая тут жа
пачынала абсыпаць жаніха і нявесту зернем жывога жыта, каб яны прараслі ў гэтай хаце, у новай сям’і новым коласам (“колькі каласочкаў, столькі сыночкаў”).
3 аналагічным ужываннем гэтых сімвалаў мы сутыкаемся і ў пахавальна-памінальнай абраднасці.
Напрыканцы рыпгуальнага стала, з’арыентаванага ў чырвоны кут хаты, клалі бохан хлеба — сімвал прысутнасці душы памёршага. Але ж за сталом сядзелі жывыя, якім трэба доўжыць свой радавод, таму побач з боханам хлеба ставілі посуд з зернем жыта, у які ўстаўляўся яшчэ адзін амбівалентны атрыбут — свечка.
Як хутка мы развітваемся са сваімі адвечнымі сімваламі. Калі ў вёсцы да сённяшняга часу людзі ідуць на памінкі і нясуць з сабой бохан хлеба, міску жытнёвага зерня, у сярэдзіне якой ляжыць яйка(Г) — жывым жыць, то ў горадзе нарадзілася іншая традыцыя: блізкія і знаёмыя нясуць кветкі — знак квіпгнеючага, юнацкага жыцця, якія пакідаюць на асфальт і тут жа растопчуць нагамі.
У такім разе маладых сустракалі перад парогам невыпадкова. Праз спецыяльную сістэму абрадавых дзеянняў ім паказвалі, што дашлюбнае жыццё засталося перад парогам, за ім жа пачыналася прынцыпова іншая жыццёвая дарога.
У шматдзённым вясельным абрадзе ёсць яшчэ некалькі момантаў, дзе фігурыруе не толькі белая, але і чырвоныя часткі ручніка. Гэта вымагае нас узгадаць хаця б некаторыя рытуальныя аспекты выкарыстання чырвонага колеру.
Чырвоны колер у структуры рытуальна-абрадавых комплексаў
Найбольш значныя этапы ў жыцці чалавека (нараджэнне— вяселле—смерць) суправаджаюцца складанымі і працяглымі па часе рытуальна-абрадавымі комплексамі, структура якіх мае амбівалентны (адначасова звернуты ў мінулае і ў будучыню) характар. 3 аднаго боку, яны канстатуюць факт “смерці” чалавека ў яго папярэднім сацыяльным статусе, а з другога — выкананне пэўнага рытуалу дазваляе яго ўдзельніку выйсці з лімінальнай (Ван Генеп), пераходнай зоны (зоны смерці-перараджэння) і атрымаць прынцыпова іншы грамадскі статус.
Прывяду толькі некаторыя прыклады ўзаемаспалучэння або рытуальнага супрацьпастаўлення атрыбутаў чырвонага колеру вышэйзгаданым атрыбутам белага колеру:
3.1. Каб не дапусціць да парадзіхі злых духаў, а таксама каб папярэдзіць родавыя пашкоджанні, праз яе перакідвалі
6. Зак. 25
73
чырвоную нітку, якая выконвала ролю магічна-ахоўнага сродку29.
3.2. Пасля першага — рытуальнага — купання дзіця туга спавівалі ў белае, а затым перавязвалі чырвонай паскай (спецыяльным саматканым поясам, які перадаваўся ад пакалення да пакалення і зноў-такі выконваў ролю паяднання сям’і і найперш — дзетак).
3.3. Адным з галоўных атрыбутаў беларускага вясельнага абраду быў каравай, які сімвалізаваў жыццесцвярджальнае радавое адзінства, пачатак новага жыццёвага цыкла ў бясконцым радаводным ланцужку. Вясельныя песні, што гучалі падчас прыгатавання каравая і асабліва ў той момант, калі яго даставалі з печы, засяроджвалі ўвагу на ідэалізаванай характарыстыцы жанчын-каравайніц; далей у адпаведнасці з прынцыпам псіхалагічнага паралелізму гэтыя ж якасці пераносіліся на каравай, які быццам бы мадэліраваў і праграміраваў шкалу каштоўнасцей і духоўную арыентацыю мікракосмасу будучай сям’і. Часцей за ўсё асноўным колерам, які характарызаваў сэнсава-змястоўны аспект каравая, быў чырвоны'.
Ой, харошы каравай, харошы, Знаю, яго харошыя рабілі. Ой, удалы каравай, удалы, Знаю, яго ўдалыя рабілі.
Ой, чырвоны каравай, чырвоны, Знаю, яго чырвоныя рабілі.30
3.4. На Палессі захавалася старажытная форма ўпрыгожвання каравая “шышачкамі” (сімвалам эратычнага пачатку і адначасова элементам вянчання мадэлі сусвету), а зверху яшчэ і чырвонымі стужкамі. Апошнім часам дзякуючы міграцыйным працэсам і сродкам масавай інфармацыі ўсё большае пашырэнне набывае трохузроўневы каравай: ніжняя (самая шырокая) частка сімвалізуе Род, сярэдняя (меншая) — сям’ю. Заканчваецца кампазіцыя парай “галубкоў” (сімвал маладых), якія “сядзяць” павернутыя адзін да аднаго, дзюбачкай. да дзюбачкі (а сёння мы бачым мерседэсы, упрыгожаныя нежывымі гусямі, якія замацаваны паралельна). Вось гэтыя птушачкі таксама перавязваюцца чырвонымі спгужкамі (васьмёркай) — знакам вечнасці, бясконцасці.
Калі пачыналі дзяліць каравай і адорваць маладых адзеннем, палатном, бялізнай, грошамі і жывёлай, то першай да маладых падыходзіла маці і дарыла чырвоны андарак.31
У асобных мясцінах Брэстчыны напрыканцы вяселля нявеста мясіла цеста для асобнага каравая. Пакуль яно падыходзіла, дзяжа была накрыта чырвоным поясам32.
Першую шлюбную ноч маладыя праводзілі ў стадоле. Дружка ішоў наперад і рассцілаў на таку некалькі снапоў, накрываў іх белым радном, укладваўся на іх сам. Затым моладзь прыводзіла ў стадолу маладых. Але дружка не саступаў ім месца да таго часу, пакуль “нявеста не абдорыць яго чырвоным поясам сваёй работы на некалькі локцяў даўжыні”33.
3.5. На другі дзень вяселля нявеста абавязкова пераапраналася ў іншае адзенне (ужо не ведаючы і не разумеючы сэнсу спрадвечнага рытуалу, нашы сучасніцы таксама робяць гэта), у якім асноўную знакавую функцыю выконваў сімволіка-арнаментальны “тэкст” чырвонага колеру.
3.6. Нарэшце на белых фартушках, што развешваліся ў памінальныя дні на крыжах, нашываліся невялічкія чырвоныя крыжыкі.
3.7. Засцерагальна-прадуцыравальную ролю выконваюць атрыбуты чырвонага колеру ў народных замовах. Напрыклад, у замове ад хваробы вачэй чытаем: “А ў нядзельку раненька яшчэ сонца не ўсходзіць, сам Госпад па небу ходзіць, тры кролікі водзіць. На сінім едзе, белым паганяе, а чырвоненькім ды харошанькім з вочка боль зганяе”31. 3 кантэксту замовы вынікае, што менавіта “чырвоненькі-харошанькі” не толькі адганяе хваробу, але і вяртае воку здольнасць добра бачыць.
3.8. Але як ні ўзгадаць той факт, што па ўсёй Беларусі літаральна рассыпаны населеныя пункты ці нейкія ландшафтныя мясціны пад назвай Чырвоная (Красная) гара (горка). Паходжанне іх хутчэй за ўсё звязана са старажытнымі мясцінамі правядзення агульнарадавых святочных рытуалаў прадуцыравальна-магічнага і эратычна-шлюбнага характару. A чаму менавіта “чырвоная”? 3 аднаго боку, таму што абрады каляндарнага цыкла былі скіраваны на паляпшэнне дабрабыту і адначасова на захаванне і працяг роду. 3 другога — узгорак сапраўды палаў чырванню рытуальнага вогнішча і строяў удзельнікаў народных абрадаў. Гэтаксама як і чырвоны кут у хаце, дзе зноў-такі на абразах і ручніках дамініраваў чырвоны колер.
КОЛЕР ЖЫЦЦЯ — АБЯРЭГ НАШАГА РОДУ
Чырвоны колер шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Напрыклад, народныя лекары мінулага стагоддзя давалі параду, як пазбавіцца бародавак. Трэба было ўзяць цыбуліну, пацерці ёю ўсе бародаўкі, затым закруціць цыбулю ў чырвоную анучку і схаваць у гной.
Вельмі моцным абярэгам лічацца галінкі рабіны. Адзін з экстрасэнсаў раіў мне: каб ніхто не ўкраў сумачку жонкі або
мой дыпламат, каб ніколі не здарылася аварыя ў дарозе, трэба заўсёды з сабою насіць некалькі невялічкіх палачак, выразаных з галінак чырвонай рабіны. А дзве палачкі рабіны, звязаныя крыж-накрыж чырвонай ніткай і зашытыя ў крысо паліто, перасцерагаюць ад сурокаў, уздзеяння энергетычных вампіраў.
Цікавым метадам лячэння коклюшу карыстаюцца ірландцы. Яны бяруць пасмачку валасоў з галавы чалавека, які ніколі не бачыў свайго бацьку, загортваюць яе ў чырвоную хусцінку і абвязваюць шыю хворага35.
У асяроддзі беларускіх ведуноў бытуюць замовы ад рожы. Адначасова з прамаўленнем рытуальнага тэксту лекары выкарыстоўваюць і пэўныя атрыбуты. Напрыклад, бяруць кавалак чырвонага сукна, у яго мелка крышаць крэйду або стружкі мыла; сукно добра награюць і прыкладваюць да хворага месца. Працэдуру паўтараюць некалькі разоў.