Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Каб статак не расходзіўся, каб ніводную карову не загрызлі ваўкі, у першы дзень пастух абыходзіць чараду тры разы.37
Вядома, што большасць пасяўных работ праводзілася ў час маладзіка — першую фазу Месяца. Сярод незвычайных веснавых назіранняў хацелася б узгадаць яшчэ і такія. Калі першы гром прагрыміць на голы лес38 або “як яшчэ на рацэ лёд”39, то вясна будзе халодная, а год галодны. 3 дзяцінства памятаю, як мы чакалі прылёту буслоў. Заўсёды хацелася ўбачыць першага з іх у палёце, бо верылі, што гэта прадказвала здароўе і бадзёрасць на ўвесь год. Калі ж убачыш бусла, які сядзіць у гняздзе, трэба было чакаць хвароб.
Па некаторых прыкметах прадказвалі ўраджай на новы год. Так, напярэдадні Першага Спаса варылі столькі яек, колькі ў двары мужчын. За абедам кожны выбіраў яйка з місы і
разбіваў яго. Той, у каго яно паўней, першым пойдзе засяваць жыта, каб так поўна было на налецце ў свіране.40
У паўночных раёнах Беларусі існавала павер’е, што “добраму вываду гусянят вельмі дапаможа зямля з-пад правай нагі, узятая ўвесну, як першы раз убачыш у небе дзікіх гусей; гэтаю зямлёй трэба злёгку патрусіць наседжваемые яйкі”.41
Цікавы спосаб барацьбы з пустазеллем прапаноўвалі інфарматары беларускага фалькларыста A. К. Сержпутоўскага: “Калі на полі расце паганае зелле, то яго трэба пераараць тымі сашнікамі, што падвараны ў першую пятніцу”.42
Узгадаю яшчэ некалькі прыкладаў магіі міфалагемы “першы":
а) першы.м снегам пратрыце твар і прагаварыце: “Сняжок упаў, Бог здароўе паслаў”;
б) першы раз пачулі гром, трэба пацерціся спінай аб дуб — не будзе балець цэлы год;
в) калі куплялі карову, то першы раз “упіхвалі яе ў хлеў задам наперад, каб яна не баялася падзіву і не цуралася свайго хлява”;43
г) у першы дзень будоўлі хаты закладвалі толькі першы вянок. Пры гэтым сачылі, куды паляціць першая стружка: калі ў сярэдзіну хаты, у сям’і ва ўсім будзе прыбытак. Калі ж, наадварот, у бок двара, усё дабро сыйдзе з хаты;
д) ніколі не прадавалі першае цяля, бо меркавалі, што тым самым перапынялася плоднасць жывёліны, пагаршалася яе малочнасць;
е) “як сядзеш за стол, то першы кавалак аддай сабаку, няхай ён з’есць, бо ніколі не ведаеш, праз чыю ласку жывеш”.44
Міфалагема “першы” даволі шырока прадстаўлена і ў сямейнай абраднасці беларусаў. Лічылася, “як першы раз прыйдуць сваты, то яны не павінны сутрымоўвацца каля парога ці сярод хаты, а хутчэй іці к сталу да садзіцца там на лаву. Калі ж яны супыняцца, то пэўна за таго малайца дзеўкі не аддадуць. Калі сваты, уходзячы ў хату да запнуцца ці спаткнуцца аб парог, то з таго сватання нічога не будзе”.45
Сэнсавыя межы сімволікі “першага” часам настолькі шырокія, а асацыяцыі, якія яны выклікаюць, настолькі нечаканыя, што не перастаеш здзіўляцца мастацкаму таленту народа, асаблівасцям яго мыслення, шляхам стварэння вобраза. Напрыклад, усе прысутныя і ўдзельнікі провадаў маладых да вянца уважліва сачылі, за што першае возьмецца жаніх. Калі за лейцы — будзе трымаць жонку ў руках, калі за пугу — будзе біць. У гэты ж час мужчыны кідалі шапку, каб першым нарадзіўся сын.46
Аналагічныя назіранні тычыліся і вянчання ў храме: “хто, становячыся пад вянец, першы ступіць на падножнік, той будзе ў доме за галоўнага. У час шлюбу на падножнік трэба пакласці манету, каб маладыя былі заможнымі”.'17
Выключна багата прадстаўлена міфалагема “першы” ў радзільна-хрэсьбіннай абраднасці і паэзіі. У народзе існуе перакананасць, што “аднаполыя блізняты амаль заўсёды гадуюцца. А вось з разнаполых хутка памрэ той, які выйшаў першым"Калі дзіця пасля першага рытуальнага купання пакласці на правы бок, яно будзе “праўшаком”, а калі на левы — “леўшаком”.49
Сярод беларусаў існавала цэлая сістэма прадказанняў адносна лёсу чалавека. Людзі верылі, што па паводзінах нованароджанага можна пазнаць працягласць яго жыццёвага шляху. Калі дзіця ўзялі на рукі і яно выцягнула ногі, то хутка памрэ; калі ногі падабрала — доўга жыць будзе.50
Пры з’яўленні першага зуба дзіця садзілі ў рэшата і вазілі па падлозе, каб хутчэй раслі іншыя.51 Першы выпаўшы малочны зуб кідалі за печ, каб астатнія трымаліся доўга. Важнымі падзеямі ў жыцці нованароджанага таксама былі выбар яго хросных бацькоў, першы крок, першы пастрыг. Дзе-нідзе забаранялася даваць дзіцяці першы блін, “бо не хутка чытаць навучыцца”.52
Чым больш упартасці праяўляла дзіця, калі яго апраналі ў нязвыклую вопратку (раней дзеці сялян доўгі час хадзілі без штаноў), тым даўжэй, згодна з прыкметай, яно будзе жыць. Даношаныя да зрэб’я першы.я штаны не аддавалі анучніку, не мылі, а спальвалі ў печы.
Пра шматлікія іншыя рытуальна-абрадавыя кантэксты ўжывання міфалагемы “першы” гаворка будзе весціся далей.
“CEM РАЗ АДМЕРАЙ, АДЗІН РАЗ АДРЭЖ”
Самым моцным лікам у культуралагічным плане з’яўляецца, безумоўна, сямёрка. Магчыма, яе значнае пашырэнне ў сацыякультурнай сферы грунтуецца на пэўных касмічных з’явах. Напрыклад, найбольш выразна на нашым небасхіле бачыцца сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, у якое ўваходзіць іменна сем зорак. У славянскім казачным эпасе адной з найбольш папулярных з’яўляецца казка пра ваўка, які з’еў сямёра казлянят. Тры разы воўк спрабаваў падабраць голас казы, каб патрапіць у хатку і з’есці яе дзетак. За трэцім разам яму гэта ўдалося.
Што ляжыць у аснове выбару менавіта гэтага ліку? На мой
погляд, зноў-такі добра знаёмая з’ява, якая тысячагоддзямі прытрымлівалася аднаго і таго ж рытму: гэта змена квадраў Месяца. За дваццаць восем дзён ён праходзіць у сваім касмічным цыкле чатыры фазы па сем дзён. Тры з іх ён бачны на фоне начнога неба, а на адну знікае з нашага поля зроку. A затым зноў нараджаецца маладзіковым сярпом.
Адзін з законаў чалавечай псіхікі сведчыць, што аб’ём актыўнай памяці таксама ахоплівае сем бітаў інфармацыі. Гістарычна склалася так, што адным з прынцыпаў падзелу часу на лёгка фіксуемыя адрэзкі стаў тыдзень — 7 дзён.
Дарэчы, паўнацэннай сацыяльнай адзінкай працягу Роду з’яўляецца Сям’Я, у структуры якой зноў-такі чуецца сямёрка. Хто ж уваходзіць у гэтае магічнае кола з сямі “Я”? Адказ просты:
бабуля — дзядуля, бацька — маці і трое дзяцей.
Прыказка “Адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, тры сыны — сын”53 вельмі дакладна сфармулявала прынцып падаўжэння роду за кошт яго абавязковага пашырэння (+ адзін чалавек) у трэцім пакаленні. Гэта гарантыя таго, што ваш Род не толькі ўтрымаецца на нагах, дзякуючы натуральнаму біялагічнаму паўтору, але і атрымае сваё непазбежнае пашырэнне.
Сімволікай сямёркі напоўнена амаль што кожная старонка нашай свяшчэннй кнігі — Бібліі. Магчыма, менавіта гэты фенаменалагічны фактар паўплываў на фарміраванне некаторых заканамернасцей беларускага народна-хрысціянскага календара, у якім лік сем (як і лік сорак) — структураўтваральны. Нагадаем толькі некаторыя яго пазіцыі: Раство Хрыстова — 7.01 (па каталіцкай традыцыі 25 снежня, але ж для нумаралогіі 25 — гэта тое ж, што і 7), Дабравешчанне — 7.04, Купалле і дзень нараджэння Івана Хрысціцеля (Яна, Івана Купалы) — 7.07, ад Масленіцы да Вялікадня і ад яго да Тройцы — па сем тыдняў. Відаць, гэты касмічны і культурны рытм паспрыяў узнікненню абачлівага і ўзважанага папярэджання (а магчыма, аднаго з найважнейшых прынцыпаў этнапедагогікі): “Сем раз адмерай, адзін раз адрэж’’,54
Сямёрка літаральна знітавала паміж сабой космас і нашу культуру. Як толькі паветра пасля моцнага навальнічнага дажджу напоўніцца ўзбуджаючым азонам, неба абавязкова расквеціцца падковай шчасця — вясёлкай, якая ўвабрала ў сябе сем колераў. Выдатныя шэдэўры музычнага мастацтва таксама створаны на аснове геніяльных камбінацый ўсё тых жа сямі нопг.
Гісторыя міфалогіі, культуры і цывілізацыі зведала і пакінула нам у спадчыну сем цудаў свету, у старажытным Кіеве 128
на Падоле стаяла сем выяў асноўных славянскіх багоў.55 У хрысціянскай традыцыі сустракаюцца сямігаловыя храмы, a ў падсвечніку ставіцца сем свечак, што сімвалізуе самбой сем хрысціянскіх таінстваў, а таксама сем дзён тварэння свету. 3 гісторыі астраноміі вядома, што доўгі час зямляне ведалі сем планет, якія ўваходзілі ў Сонечную сістэму.
Лік сем шырока прадстаўлены ў вусна-паэтычнай творчасці і магічнай практыцы народных лекараў. Напрыклад, у вясельнай паэзіі (песнях, якія суправаджалі выпяканне каравая) ідзе шматрадовы пералік інгрэдыентаў святочнага печыва: сямі крыніц вадзіца, сямі двароў мука, сямі гаспадынь соль, сямі курэй яйкі:
Суботанька нядзельку радзіла, Сабралася Мар’юшкіна радзіна. Прывязлі яны сем пудоў мукі на каравай: Вялік будзець, харош будзець наш каравай. Суботанька нядзельку радзіла, Сабралася Мар’юшкіна радзіна.
Прывязлі ж яны сем пудоў масла на каравай:
Харош будзець, маслен будзець наш каравай.
Суботанька нядзельку ўрадзіла, Сабралася Мар’юшкіна радзіна.
Прывязлі ж яны сем пудоў солі на каравай:
Салон будзець, харош будзець наш каравай,
Суботанька нядзельку ўрадзіла, Сабралася Мар’юшкіна радзіна. Прывязлі ж яны сем пудоў сахару на каравай: Харопі будзець, смачан будзець наш каравай. Хто будзець каравай есці, Тот будзець машной трэсці.
Мікітка* будзець каравай есці, Мікітка будзець машной трэсці. Ганулька* будзець каравай есці, Ганулька будзець машной трэсці56.
Часам для лячэння вельмі цяжкіх захворванняў (асабліва псіхічнага характару) славянскія знахары выкарыстоўвалі зямлю з сямі магіл, у якіх пахаваны былі добрыя людзі.
У народаў Заходняй Еўропы існаваў наступны спосаб лячэння коклюшу. Дзіця прыводзілі да таго месца, дзе пасвіліся авечкі. Трэба было, каб авечка падыхала малому ў твар. Затым яго клалі на тое месца, на якім толькі што ляжала авечка. Лічылі: калі такі рытуал выканаць сем разоў, то дзіця абавязкова паправіцца.57
У славянскіх народаў быў такі звычай: трэба, каб новая хата сем дзён пастаяла недабудаванай, шэсць дзён у ёй павін-
* Бацька і маці жаніха.
ны начаваць розныя хатнія жывёлы і толькі на сёмы дзень туды магла пераходзіць сям’я.
Такім чынам, можна беспамылкова сцвярджаць, што лік сем з’яўляецца адным з самых моцных па сваёй інфарматыўнай напоўненасці. Асаблівасць яго ў тым, што ў адрозненне ад большасці лікаў першай дзесяткі ён не мае свайго апазіцыянера — ліка, які супрацьстаіць яму ў розных культуралагічных кантэкстах. Магчыма, гэтым тлумачыцца яго амбівалентнасць — рознанакіраванасць. Лік сем сканцэнтраваў у сабе шыфраграму акта першатварэння (касмаганічны аспект: Бог стварыў Зямлю за сем дзён), феномены астранамічнага кшталту (фазы Месяца), увасобіў структуру міфапаэтычнай мадэлі свету, асноўныя канцэпты сацыяльнай (сямейна-радавой) арганізацыі грамадства, а таксам квінтэсенцыю утылітарна-практычнага вопыту чалавека.