Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Свята павінна мець не рэгіянальны, лакальны, прафесійны накірунак (Дзень настаўніка, шахцёра або медработніка і г.д.), агульнарадавы, агульнанародны, агульнанацыянальны характар, каб максімальна здымаць усе бар’еры размежаванняў (так было заўсёды: у культуры продкаў ніхто не адзначаў дзень нараджэння асобнага чалавека.., святкавалі дзень яго хрышчэння, у якім браў удзел увесь род, або дзень анёла-ахоўніка). Менавіта такую мэту ставяць перад сабой арганізатары шматдзённых карнавалаў у Бразіліі, розных святаў у гонар... любімых нацыянальных напояў, як, напрыклад, піва ў Германіі.
У нас да гэтага часу захавалася даволі моцная сувязь са святамі народнага і хрысціянскага календара. I трэба па магчымасці максімальна выкарыстоўваць іх духоўны патэнцыял у фарміраванні сучаснага гадавога кола агульнадзяржаўных і агульнанародных святкаванняў, дапасуючы да іх спрадвечнага сэнсу (гістарычнай памяці-повязі соцень папярэдніх пакаленняў) духоўныя імператывы нашых сучаснікаў, тым самым
паглыбляючы памяць кожнага новага пакалення і пашыраючы гарызонты іх будучыні.
Каб спалучэнне розных гісторыка-культурных плыняў у нашай свядомасці было як мага больш арганічным і зразумелым, нам неабходна прааналізаваць структуру беларускага народнага календара, спасцігнуць логіку яго пабудовы, асноўныя сістэмаўтваральныя прынцыпы, звярнуцца да рэканструкцыі галоўных рытуальна-абрадавых комплексаў з мэтай выпрацоўкі універсальнага алгарытму іх структуры. Адной з найцікавейшых задач даследавання календара з’яўляецца неабходнасць спасціжэння логікі паслядоўнасці абрадавых цыклаў у іх рэтраспектыўнай і перспектыўнай узаемазалежнасці (напрыклад, чаму за Калядамі ідзе Масленіца, а затым Вялікдзень, а не наадварот). А гэтую логіку можна зразумець толькі тады, калі будуць раскрыты асноўныя канструкцыйныя прынцыпы фарміравання рытуальна-абрадавых комплексаў і растлумачаны функцыі іх галоўных удзельнікаў у залежнасці ад сацыяльнага статусу, полу і ўзросту (мужчыны — жанчыны, хлопцы — дзяўчаты, замужнія — незамужнія, удовы, цяжарныя і г.д.). Ніжэй мы ўпершыню паспрабуем паказаць складаныя ўнутраныя ўзаемасувязі паміж двума глабальнымі цыкламі абрадавых структур нашай культуры: абрадамі гадавога колазвароту і абрадамі, якія суправаджаюць асноўныя этапы ў жыцці кожнага чалавека: радзіны — хрысціны — вяселле — пахаванне і памінкі.
Вывучаючы асобныя рытуальна-абрадавыя комплексы гадавога колазвароту, даследчыкі беларускага, рускага і ўкраінскага народнага календара і яго песнятворчасці часцей за ўсё прытрымліваліся прынцыпу храналагічнай паслядоўнасці. Традыцыя гэта была распачата ў другой палове 19 — на пачатку 20 ст. такімі навукоўцамі, як Е.В.Анічкаў1, Д.Г.Булгакоўскі2, Е.Р.Раманаў3, П.А.Бяссонаў'1, П.В.Шэйн5, Я.Ф.Карскі6, а ў другой палове 20 ст. была падхоплена і прадоўжана У.І.Чычаравым7, У.Я.Пропам8, В.К.Сакаловай9, Л.М.Вінаградавай10, Г.А.Барташэвіч11, А.С.Лісам12, А.Ю.Лозкам13, У.А.Васілевічам14, калектывам укладальнікаў серыі “Беларуская народная творчасць”, якая выходзіць у свет пачынаючы з 1971 года.
У такім падыходзе ёсць свая логіка, якая грунтуецца на прыроднай дэтэрмінаванасці цыкла сельскагаспадарчых работ і адпаведнай паэтычна-абрадавай асэнсаванасці яго. Такі падыход “сканіруе” сітуацыю, а сам даследчык у дадзеным выпадку дыстанцыраваны ад вывучаемай з’явы і толькі “счытвае” тое, што адбываецца, пасіўна фіксуючы надыход таго ці іншага свята.
Каб зразумець агульныя прынцыпы пабудовы календара,
неабходна разглядаць яго адначасова з дзвюх пазіцый. Пазіцыя вонкавай аддаленасці дазволіць зразумець непаўторнасць, спецыфічнасць кожнага рытуальна-абрадавага комплексу паасобку, а вось пазіцыя процілеглая, калі даследчык імкнецца аказацца як бы ўнутры гадавога кола, дазваляе ўбачыць моцныя сілавыя лініі або нясучыя канструкцыі гэтага мудрагелістага збудавання. Успрыняцце календара з дзвюх супрацьлеглых пазіцый дае магчымасць выйсці на ўзровень структурных і сістэмных абагульненняў, адкрыцця універсальных прынцыпаў, якія ўтрымліваюць народны каляндар як адзінае і непадзельнае цэлае.
Кропкай адліку для нас будуць Каляды, святкаванне якіх да прыходу на беларускія землі хрысціянства распачыналася ў момант зімовага сонцавароту — у ноч з 24 на 25 снежня (у адпаведнасці з юліянскай сістэмай летазлічэння). Аднак у Сярэднявеччы і ў Новы час недакладнасць разлікаў у юліянскім календары (год аказаўся на 44 хвіліны карацей сапраўднага сонечнага экватарыяльнага года) прывяла да таго, што дзень святкавання Калядаў пачаў год ад году апярэджваць вызначальную астранамічную падзею. У 1582 годзе Папа Рымскі Грыгорый XIII распачаў распрацоўку новай сістэмы летазлічэння, бо на той час розніца паміж днём святкавання Калядаў і колішняй дакладнай астранамічнай прывязкай складала ўжо 10 дзён. Пасля ўвядзення ва ўсёй Еўропе “новага стылю” святы хрысціянска-каталіцкага веравызнання пачалі адзначацца на 10 дзён раней за святы праваслаўнай пасхаліі. На сёння гэта дыстанцыраванасць павялічылася яшчэ на 3 дні і ўжо складае роўна 2 тыдні.
3 цягам часу тэрміны правядзення хрысціянскіх святаў “пацягнулі” за сабой і святы народнага календара.
Сярод праваслаўных вернікаў Каляды пачалі адзначацца па старому (юліянскаму) стылю, а сярод католікаў — па новаму (грыгарыянскаму) стылю, але гэта не дае ніякіх падстаў сцвярджаць, што Каляды з гэтага часу сталі ўласна каталіцкімі або ўласна праваслаўнымі. 3 гэтымі недарэчнасцямі мы сутыкаемся на кожным кроку. Некалькі год таму ў “Настаўніцкай газеце” быў змешчаны артыкул пад назвай “Каталіцкія Каляды”. Сама назва, безумоўна, абсалютна непісьменная, гэта наватвор-кентаўр, у якога галава — язычніцкая, а ногі — хрысціянскія. Аналагічныя недакладнасці гучаць у нашым радыёабо тэлеэфіры. Напрыклад, у праграме “Радыёфакт” 25 снежня 1998 года я пачуў наступнае: “У Ватыкане пачалося святкаванне каталіцкіх Калядаў”. Hi ў якім разе! У Ватыкане — цытадэлі і калысцы каталіцкіх традыцый — магло распачацца святкаванне толькі Раства Хрыстова і больш нічога.
БАГАЧ
КАЛЯДЫ (зімовае сонцастаянне)
КУПАЛЛЕ (летняе сонцастаянне)
ЯРЫЛА
Мал. 1. Святы, прымеркаваныя да асноўных фазаў руху Сонца па небасхіле
У кантэксце гэтых прынцыпова важных гістарычных зменаў надзвычайную актуальнасць набывае праблема сінхранізацыі складанай, моцна разгалінаванай, шматпланавай сістэмы народнай астраноміі — каляндарных прыкмет, павер’яў, назіранняў, легенд, былічак — з адэкватнай, сапраўднай прыродна-касмічнай прымеркаванасцю. Напрыклад, збіранне безлічы лекавых траў днём 24 або 25 чэрвеня ўяўляецца абсалютна заканамернай з’явай. Гэта быў той момант, калі дзякуючы самаму працягламу дню раслінны свет максімальна поўніўся жыццядайнай энергіяй Сонца і сокамі Зямлі і здольны быў вылечыць самыя складаныя хваробы, загаіць самыя састарэлыя раны. Збіранне зёлак адвячоркам напярэдадні праваслаўнага свята ў гонар Івана Хрысціцеля (7.07) уяўляецца нам запозненым. Ужо цэлых два тыдні светлавы дзень памяншаецца, сонца даўно мінула свой апагей і павярнула да “сваёй смерці”, зразумела, што і гаючыя здольнасці лекавых траў адпаведна пачалі рэзка памяншацца.
Такім чынам, у дзень заканчэння перыяду зімовага сонцастаяння распачалося двухтыднёвае святкаваннеХалж5ау. Калі мы ўявім сабе гадавы колазварот у форме круга, то акажацца, што на супрацьлеглым канцы дыяметра, праведзенага ад дня зімовага сонцастаяння, будзе знаходзіцца дзень летняга сонцавароту, на які прыходзілася яшчэ адно велічнае свята — Купалле (мал. 1). Цяпер па ўсёй Беларусі яно адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня.
Але зразумела, што і гэта свята ў старажытныя часы было прымеркавана да дня летняга сонцавароту, які адпавядаў ночы з 23 на 24 чэрвеня (дата, цалкам сіметрычная зімоваму сонцавароту, не атрымліваецца, бо даўжыня сонечнага года 365 дзён, а няцотны лік напапалам не дзеліцца, таму трэба адняць роўна адзін дзень).
Прыведзеныя вышэй разважанні даюць падставы зрабіць этапнае падсумаванне: мы пайшлі “следам за сонцам”, вызначылі дзве важныя фазы ў яго руху па небасхіле і адзначылі, што менавіта да іх прымеркаваны два н'айвялікшыя святы нашага старажытнага календара: у адным выпадку дзень быў самым кароткім, а ноч самай доўгай; у другім — сітуацыя была адваротнай.
Але ж вядома, што паміж гэтымі дзвюма фазамі ёсць яшчэ дзве пераходныя фазы, якія называюцца веснавым і асеннім (мал. 1) раўнадзенствамі: дзень і ноч маюць аднолькавую часавую працягласць. Аказваецца, і гэтыя дні адзначаны ў народным календары спецыяльнымі святочнымі ўрачыстасцямі. 3 веснавым раўнадзенствам супадала святкаванне Вялікадня (з яго абходамі двароў валачобнікамі) і, магчыма, галоўнае свята ў гонар славянскага бога Сонца Ярылы. Параўнанне славянскага Ярылы. з нямецкім Jahr, англійскім year (шэрагам іншых аднакарэнных беларускіх слоў: яркі, яравы, яры, ваяры, баяры, ярка) наводзіць на думку аб тым, што менавіта дзень веснавога раўнадзенства быў некалі старажытным пачаткам новага года ў нашых продкаў.
Дню асенняга раўнадзенства адпавядала свята ў гонар заканчэння збору ўраджаю Багач. У гэты дзень у многіх мясцінах Беларусі ладзілі кірмашы, выконвалі рытуал абносу свечкай усёй вёскі і “вечны агонь”, які гарэў у двары з дня веснавога раўнадзенства, уносілі ў хату. Печ станавілася сімвалам-захавальнікам роду на працягу ўсяго зімовага перыяду.
Такім чынам, мы адзначылі ўжо чатыры фазы ў руху Сонца па небасхіле і чатыры святы, прымеркаваныя да гэтых астранамічных падзей. Аднак структура беларускага календара сведчыць аб тым, что ў ім ёсць яшчэ чатыры святы, якія адзначаліся ў роўных прамежках часу паміж чатырма фазамі Сонца. Па сутнасці яны фіксавалі маргінальныя прыродныя сітуацыі — пераход адной пары года ў іншую. Заканчэнне зімы і надыход вясны былі пазначаны Масленіцай (у іншых рэгіёнах Беларусі гэта магло быць Стрэчанне, гуканне вясны, Саракі, Звеставанне, або Благавешчанне), напрыканцы вясны і на пачатку лета святкавалася Сёмуха (зялёныя святкі, ваджэнне куста, ваджэнне стралы). Жніво з яго моцна акцэнтаваным у рытуальным плане пачаткам (зажынкі) і заканчэннем (дажынкі) фіксавала сітуацыю пераходу лета ў восень. Нарэшце, на стыку восені і зімы заўсёды адзначаліся Восеньскія Дзяды. Пры гэтым неабходна ўзгадаць яшчэ адну асаблівасць нашага календара: калі святы першага цыкла (звязаныя з паўтараемымі касмічнымі падзеямі) мелі дакладна вызначаныя даты,