Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Калі мы лініяй злучым на схеме веснавы і восеньскі дні ўшанавання, то адразу ж стане выразна бачна, што гэтыя святы як бы акрэслівалі паўсферу, якая ахоплівала час правядзення асноўных земляробчых работ. Дні ўшанавання продкаў фіксавалі мяжу пачатку і заканчэння найважнейшага цыкла аграрна-каляндарных святкаванняў. Калі ж улічыць, што пачатак Новага года ў беларусаў супадаў з днём веснавога раўнадзенства, атрымліваецца, што першым святам новага жыццёвага цыкла станавілася Радаўніца. Чым гэта абгрунтавана і як гэта можна патлумачыць (мал. 7)?
Каб знайсці адказ на гэтыя пытанні, неабходна звярнуцца да структуры асноўных святочна-абрадавых комплексаў народнага календара і паспрабаваць знайсці тое, што ўсіх іх аб’ядноўвае.
АСНОЎНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ ФАРМІРАВАННЯ РЫТУАЛЬНА-АБРАДАВЫХ КОМПЛЕКСАЎ БЕЛАРУСАЎ
Якія б са святаў народнага календара мы ні ўзялі, у іх структуры абавязковай дамінантай будуць рытуальныя дзеянні, абрадавыя песні або танцы, атрыбуты і сімвалы, варожбы, прыкметы, магічныя дзеянні, скіраваныя на рэалізацыю ідэі паляпшэння дабрабыту.
Напрыклад, у структуры Калядаў вядома некалькі складаных кампанентаў, у якіх выразна прасочвалася галоўная ідэя. Сярод іх рытуальны дыялог паміж бацькам і маці:
— He бачыш ты мяне? — пыталася маці.
— He, ня бачу! — адказваў бацька.
Мал. 7. Святы ўшанавання продкаў — Радаўніца і Восеньскія (Дзмітраўскія) Дзяды — распачынаюць і закругляюць цыкл земляробчых работ
3. Зак. 25
Жонка тут жа прамаўляла заключную сакральна-магічную формулу, сэнс якой быў празрыстым і зразумелым у кантэксце навагодніх святкаванняў:
— Каб жа ты не бачыў за стагамі, за капамі, за вазамі, за снапамі свету!
Затым дыялог паўтараўся ў адваротным накірунку. Цяпер ужо бацька ў заключай формуле-замове мадэліраваў ідэальную карціну дабрабыту, звязаную з жаночай сферай дзеяння ў гаспадарцы:
— Каб жа ты не бачыла за агуркамі, за гарбузамі, за капустай, за буракамі свету!25
Па стану надвор’я, па колькасці зорак на небе прадказвалі, якім будзе ўраджай, як будуць раіцца пчолы, ранняй ці позняй будзе вясна.
Аналагічныя абрадавыя складальныя былі ў структуры Масленіцы, гукання вясны, Саракоў, Благавешчання, Юр’я, Тройцы. Але найбольш высокай ступені паэтызацыі і стварэння ідэалізаванай карціны сямейнага дабрабыту дасягнулі калядныя і велікодныя песні. У каляднай абрадавай паэзіі падаецца ідэалізаванае ўяўленне беларуса аб заможнасці, шчаслівай сялянскай долі:
Прачыстая ідзе, тры радасці нясе: Першая радасць — у тваім доме, Другая радасць — у тваёй аборы, Трэцяя радасць — у чыстым полі. У тваім доме — дробныя дзеткі, У тваёй аборы — валы, каровы, У чыстым полі — буйна жыта. Буйна жыта каласіста, ядраніста. Кладзіце копачкі, як у небе зорачкі, Кладзіце стажкі на чатыры ражкі.26
Выключнай з’явай беларускай песнятворчасці з’яўляюцца валачобныя песні, у якіх паказаны цяжкі і працяглы па часе шлях паэтапнай рэалізацыі задуманай ідэі. Валачобныя песні — гэта своеасаблівы берасцяны скрутак, у якім паслядоўна паўстаюць святы і тыя святыя, якія адказваюць за чарговы этап у цыкле земляробчых спраў27:
Збіраліся, рахаваліся, Катораму святцу ўперад стаці. А Збор мовіць гаспадару: — Слаўны мужу над мужамі! Твае дзела — на торг ехаць, Зялеза купляць, нарогі каваць. Аўдакею дровы сячэць, А Саракі клады кладзіць, Аляксею — сані на плот.
Сані на плот, рыба аб лёд, Лёд вадою, рыба лускою. Благавешчанне — араты на ніву, Араты на ніву, сядун на прызбу. Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі! Вазьмі ж, ваша, нову сошку Да й коніка варанога, Варанога, маладога, Едзь жа, ваша, у чыста поле, У чыста поле заарываць 3 соллю, з хлебам, з белым яйцом, 3 белым яйцом, з боскім слаўцом. Вярба свята — нова лета, Вярба пасвіць у поле гнала.
Дай жа, Божа, гэта святца праважаці, Свята Вялічка дажываці!
Да й у радасці, весялосці Тры дні святца чырвоным яечкам, Чырвоным яечкам разгаўляецца, Малым дзеткам на вуліцу, На вуліцу, на прагулянне. Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі! Маеш сабе чаляданьку.
Загадай, ваша, свайму чалядку: Няхай возьмець златы ключы, Златы ключы ад стаенькі, Няхай ідзець у стаеньку, Няхай закладаець да й коніка, Варанога, маладога, Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі!
Вазьмі, ваша, солі, хлеба, Солі, хлеба, чаго трэба. Ідзі ж, ваша, да касцелу, Да касцелу пасвянцаці, Да прывезшы, спажываці. Сядзь жа, ваша, на скам’іцу. I з жаною з маладою, I з дзеткамі маленькімі, Шасні, бразні па скам’іцы. Вазьмі, ваша, залаты кубак Да й пі віно зеляное.
Віно зеляное — на сваю жану, Жана твая — на дзетачак, Дзеткі твае — на сямейку, А сямейку — на чалядку, Чаляданька — сама на сябе. Радаўнічка — яна ў Бога Параднічка, парадзіла Баранаваці, поле раўняці. Стары Юрый, боскі ключнік,
Да йдзі ў поле да ў чыстае, Адамкні зямлю, пусці расу, Пусці расу на гэту вясну, Да й мокрую, да й цёплую, На гэты свет, на ўсякі цвет, На люд вясёлы, на ўраджай. Святы Барыс ляды паліць, Зямлю грэець, ячмень сеець 3 поўнай сявенькі, з правай жменькі. Кінеш рэдка — дасць бог густа.
Дай жа, Божа, зарадзі, Божа, Каласіста, ядраніста.
Святы Мікола, старая асоба, Гарох сеець, па полі ходзіць, Па полі ходзіць, жыта глядзіць. Дзе вымакла, там падсушыць, Дзе высахла, там падмочыць. Святы Шоснік — аўсы шастаць. Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі!
Закладай, ваша, да й коніка, Вернага, маладога, Вядзі, ваша, у чыста поле, У чыста поле авёс сеяць.
У адной кашулі, без шапачкі, 3 поўнай сявенькі, з правай жменькі. Кінеш рэдка — дасць бог густа. Дай жа, Божа, зарадзі ж, Божа, Да й вяцвісты, ядраністы.
Святая Сёмка — позна сяўба, Позна сяўба — грэчку сеець, На вуліцы стучыць, гручыць, Гнайкі возіць, папар арэць. Дзевятушка-памяжаначка Па мяжах хадзіла, жытцо абзірала, Жытцо абзірала да й раўнавала. Дзесятуха красу давала, А Пяцінка красу здымала, Красу здымала, пятку стаўляла. Святы Іван коску правіць, Лугі пратаць, у сцірты кідаць.
Святы ГІятро — саўсім ядро, Папар барануець, поле раўнуець, Поле раўнуець, грунт гатуець. Шыпілінка ў кузню ідзець, У кузню ідзець, сярпы зубіць. Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі!
Збірай, ваша, стары сярпы Да йдзі ў кузню напраўляці. Кузнец-маладзец, зубі сярпец! Табе плата — чырвон злоты, Чырвон злоты табе на боты.
Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі! Да йдзі ж дамоў да аддай жане Да маладзе новы сярпок. Няхай ідзець твая жана У чыста поле жытцо жаці 3 ячным блінам, з белым сырам, 3 белым сырам, з трэцім сынам. Свята Ілля — старая жняя, Яна жала, не ўважала, Што раз зажнець, то сноп звяржэць. Святыя Ганны да помачы сталі, Вязь вязалі, копы клалі.
Святы Барысе, за мешань бярыся! Святы Спас па полі ходзіць, Копы лічыць, раскладаець: Гэта на семя, гэта на емя! Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі!
Сядлай, ваша, да й коніка, Варанога, маладога, Едзь жа, ваша, у чыста поле, У чыста поле копы лічыць. Як на небе звёзды густы, Гусцей таго ў полі копак. Прачыстая да большая Жытцо пасвянцала, засявала. Да й меншая, дык лепшая, Дык лепшая паненачка Перад Богам кланялася: — Я ж, Божа, не гуляла, Жытцо пахала, у грань паганяла, У грань паганяла, як збірала. А Ян-сценцель руней сцеліць. Узвіжанне — унясі ж, божа, Узнімі, Божа, з ільном, з аўсом, 3 усім дабром у гуменца. Святы Пакроў пакрыў зямлю Жоўтым лістом, маладым сняжком, Ваду лёдам, пчалу мёдам.
Святы Зміцер — на ўсё хіцер: Салады салодзіць, піва робіць, Сыноў жэніць, дачок выдаець. Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі!
Ці ўслых табе наша песенька, Наша песенька старасвецкая, Што мы ходзім, Бога просім: — Дай жа, Божа. Зарадзі ж, Божа, У пуні кладам, на таку ўмалотам, У дзяжы падходам, у печы ростам, У печы ростам, на стале насытам. Гаспадару, слаўны мужу,
Слаўны мужу над мужамі! Дары гасцей, не баў, бардзей. Нашы дары невялікія, Невялікія — у дзверы не лезуць, Праз аконца як шыць шыюць. Дай мерачку за фатыгачку, Чырвон злоты мне на боты, Пачынальніку — капу яек, Братцам-памагальнікам — па дзесятачку.
Да й на дварэ ветрык веець, Валачобнікам ножкі млеюць; Да й на дварэ дождж дыміць, Валачобнікам жывот ныіць. Гаспадару, слаўны мужу, Слаўны мужу над мужамі! Прасі к сабе гасцей у хатку, Сыр на талерку, кварту гарэлкі, Кварту гарэлкі, пшонны пірог, К таму пірагу місу тварагу.
Дай жа, Божа, каб васьмёркай пахалі, Васьмёркай пахалі, дзевятым ганялі, А дзесяты падбрыківаў, А на адзінаццатым у дружкі ездзіць.
Нязгаснае, неадольнае жаданне беларуса стаць калі-небудзь на ногі, каб адчуваць сябе Гаспадаром з вялікай літары, уладаром свайго лёсу, не было самамэтай. Яшчэ раз звернемся да прыведзенага вышэй тэксту каляднай песні. На першае месца пастаўлена бадай што для ўсіх часоў галоўная радасць — “добрыя дзеткі”. Гэта дае нам падставы сцвярджаць, што другім найважнейшым структураўтваральным прынцыпам каляндарных святкаванняў быў прынцып захавання і працягу свайго Роду.
Практычна ў кожным гадавым свяце прысутнічала варажба дзяўчат аб замужжы, аб стварэнні моцнай і вялікай сям’і. Дзяўчаты варажылі на Каляды і Купалле, Масленіцу і Тройцу, на Андрэя і Пакровы28. Ім наперад хацелася “знаць, з кім давядзецца век векаваць”: адкуль будзе нарачоны, яго імя, характар, колькі дзяцей будзеш мець, беднай ці багатай будзе сям’я.
Вядома, што ў структуры народнага календара быў прадугледжаны час, які лічыўся найбольш спрыяльным для вяселляў29. Трэба адзначыць, што ў радзіннай, вясельнай і пахавальнай абраднасці амаль што кожнае рытуальнае дзеянне было скіравана на захаванне жыцця, яго памнажэнне і працяг. Напрыклад, цяжарнай жанчыне нельга было глядзець на непры-
гожага чалавека, каб такім не нарадзілася дзіця, нельга было што-небудзь украсці, забаранялася праць, ткаць, вязаць і вышываць, каб “не зашыць” розум дзіцяці. Цяжарнай не дазвалялася хадзіць на пахаванне, цалаваць нябожчыка і г.д.30
Безліч прыкмет, розных прадпісанняў і забарон тычыліся паводзін маладых на вяселлі. Калі пачыналі дзяліць каравай, то першымі да маладых падыходзілі родныя дзед і баба і зычылі ім, самае галоўнае, наступнага:
Дорым жменю медзі, Каб дзеці былі як мядзведзі.
* * *
Жадаем, каб у кожным куточку Было па сыночку,
А на кожнай падушцы Было па дачушцы.