Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Дарую бульбы падполле, Каб дзяцей было застолле.
* * *
Я дару нітак клубочак. Каб быў першы сыночак31.
Своеасаблівым звязуючым звяном паміж прынцыпам паляпшэння дабрабыту і захавання і працягу свайго роду з’яўляецца прынцып, скіраваны на ўшанаванне продкаў. Можна без пераболыпання сцвярджаць, што гэта адзін з самых галоўных структураўтваральных прынцыпаў не толькі кожнага рытуальна-абрадавага комплексу паасобку, але і календара ў цэлым. Больш за тое, калі ў адных абрадавых структурах ён быў “адным з некалькіх раўназначных”, то ў іншых гэта быў ключавы фактар, які жорстка рэгламентаваў паводзіны ўсіх удзельнікаў.
Каб болып выразна і шматбакова паказаць месца і ролю для беларускай этнакультурнай традыцыі культа продкаў, мы выдзяляем з трэцяга прынцыпу яшчэ адну складальную, якую можна было б пазначыць з пэўнай доляй умоўнасці як самастойны прынцып. Мы фармулюем яго як жорсткае табу, як неабвержнае прадпісанне, якое рэгламентуе нашы паводзіны ў абрадавых сітуацыях: “Перш чым сабе — продкам”.
У якасці ілюстрацыі прывядзем некалькі прыкладаў:
1. Сярод беларусаў і сёння шырока бытуе прыказка “Першы блін комам”, сэнс якой у другой палове 20 ст. пачалі тлумачыць наступным чынам: адсутнасць вопыту часта прыводзіць да таго, што задуманае не ўдаецца цалкам здзейсніць. Дапускаецца і ўласна натуралістычнае тлумачэнне: наша паспешлівасць ва ўжыванні страў прыводзіць да таго, што гарачы блін “перасядае”.
Аднак шматлікія абрадавыя кантэксты дазваляюць даць зусім іншую інтэрпрэтацыю зместу прыказкі. У асяроддзі беларусаў існаваў звычай: на кожнае вялікае свята ў сям’і абавязкова пяклі бліны (ячныя, пшанічныя, бульбяныя, жытнія,
грэцкія), але першы спечаны блін (у адпаведнасці з патрабаваннем этыкетна-нарматыўнага прадпісання) клалі на сподак і ставілі ў чырвоны кут пад абразы, таму што ён прызначаўся душам памёршых продкаў. Тры дні ляжаў гэты блін на самым пачэсным месцы, затым яго аддавалі птушкам або сабаку. А калі хто-небудзь парушаў прадпісанне звычаёвага права і спрабаваў сам з’есці блін, то ён (блін) “станавіўся колам”.
Кантэкст фразеалагізма “колам стаў” аналагічны папярэдняй прыказцы. 3 апісанняў усходнеславянскіх этнографаў вядома, што “ведзьмакоў” або самагубцаў (людзей, якія парушылі свяшчэнны запавет: “Бог даў, Бог і ўзяў”) хавалі асобна, па-за могілкамі, а над магілай ставілі адпаведны знак парушэння — не крыж, а асінавы кол32.
2. Усе ўдзельнікі жалобнага стала таксама падпарадкоўваюцца важнейшаму абрадавафарміруючаму прынцыпу “перш чым сабе — продкам”, г. зн. першую чарку наліваюць памёршаму; абсалютна кожная страва, якая пададзена на стол, павінна быць патрошку адкладзена ў талерку памёршаму.
3. На ўсёй Беларусі да сённяшняга дня жанчыны, у якіх памерлі малыя дзеці, прытрымліваюцца забароны ўжываць яблыкі да Яблычнага Спаса (19.08). Хрысціянская легенда сведчыць, што ў гэты дзень Бог адорвае памёршых дзяцей рознымі пачастункамі, сярод якіх ёсць і яблыкі. Калі ж чыянебудзь маці не ўтрымалася і з’ела яблык да Спаса, то лічылася, што дзіця на “тым” свеце застанецца без падарунка. Для маці гэта было вялікім грахом, таму першыя яблыкі новага ўраджаю на Спаса свенцілі ў храме і неслі на магілкі дзяцей, a затым ужо елі і самі.
4. У ранейшыя часы існаваў звычай: маладыя адразу пасля вянчання выходзілі з храма і ішлі да магіл сваіх продкаў, таму што могілкі былі тут жа, у непасрэднай блізкасці. Наш сучасны ЗАГС не з’яўляецца храмам, таму не стаіць каля могілак. Аднак у памяці людзей усё роўна захаваўся штокольвечны прынцып: перш чым маладыя паедуць дадому, яны абавязкова павінны накіравацца да брацкай магілы або іншых рытуальных мясцін, звязаных з ушанаваннем загінуўшых або памёршых.
5. Нагадаем яшчэ адно даволі жорсткае папярэджанне, шырока вядомае сярод старэйшых людзей: “He чапай зямлю да Радаўніцы або да Благавешчання — можа быць смерць у вашай сям’і”33. Інакш кажучы: перш чым узяцца за лапатпу і пайсці наводзіць парадак у сваёй гаспадарцы, трэба схадзіць на могілкі і спачатку навесці парадак там. Тая ж жыццёвая логіка падказвала: калі на Радаўніцу вы заручыліся падтрымкай сваіх продкаў, а на Багача парадаваліся сабранаму багата-
му ўраджаю, то на Восеньскія Дзяды трэба аддзячыць продкаў за дапамогу і падзяліцца з імі набытым багаццем.
Яшчэ адным важным структураўтваральным прынцыпам традыцыйнай культуры з’яўляецца прынцып падабенства (больш празрыстай і зразумелай з’яўляецца наступная рабочая фармуліроўка: “падобнае выклікае падобнае"). Прынцып гэты скразны, ён ахоплівае (пранізвае, структурыруе) практычна ўсе рытуальна-абрадавыя комплексы беларусаў. Напрыклад, у час першага рытуальнага купання ў ночвы дзяўчынцы клалі аднакапеечную медную манету (каб лёгкімі і непрацяглымі былі месячныя). На вяселлі маладых садзілі на вывернуты кажух, каб яны былі багатымі і мнагадзетнымі. Моладзь дашлюбнага ўзросту не дапускалі да жалобнага стала, каб захаваць здольнасць працягу роду. На навагодні стол ставілі дванаццаць страў, каб кожны месяц сямейны стол быў такім жа багатым. У час зажынак першы сноп падкідвалі ўгару, каб так высока ставіліся бабкі са снапоў. На Масленіцу дзяўчаты каталіся на прасліцы з гары: хто далей заедзе, у таго і лён будзе вышэй. Той жа сэнс мелі і гушканні на арэлях34.
Літаральна кожны рытуальна-абрадавы комплекс быў напоўнены элементамі магіі. Сакральна-магічны пачатак бадай што ўвогуле вылучаў абрадавае дзеянне з шырокага кола побытавай практыкі чалавека. Магія была і застаецца прыхаванай тайнай спружынай рытуальнай практыкі беларусаў. Сярод магаў, чарадзеяў, знахараў існуе глыбокая перакананасць, што дадзеныя ім веды нельга тыражыраваць і загадзя перадаваць іншаму. Таму прафесіяналы-этнакультуролагі да нашага часу не ведаюць і нават не ўяўляюць усяго багацця гэтай кампаненты абрадавай практыкі, а значыць не могуць дакладна патлумачыць шматлікія сэнсава-семантычныя і знакава-сімвалічныя аспекты абрадавых сакральна-магічных дзеянняў.
Такім чынам, яшчэ раз звернемся да атрыманай схемы (гл. мал. 7). Лінія Радаўніца—Восеньскія Дзяды ахапіла зону дзеяння тых сацыякультурных прыярытэтаў, якія былі скіраваны на паляпшэнне дабрабыту. Багач у абрадавым плане зафіксаваў паспяховае завяршэнне цыкла земляробчых спраў.
Далей паўстае заканамернае пытанне: “А чым жа поўнілася жыццё селяніна ў познюю восень і зіму?” Безумоўна, гаспадарчы клопат не перапыняўся ніколі. Але заможнае становішча сям’і і гаспадаркі давала магчымасць спакойна падумаць і пра тое, каб справіць вяселле: выдаць замуж дачку або ажаніць дарослага сына.
ЗАХАВАННЕ I ПРАЦЯГ СВАЙГО РОДУ
У народзе кажуць: “Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны”. А як быць з вяселлямі? Аказваецца, яны таксама былі строга падпарадкаваны рытмам народнага календара, у якім быў час, калі вяселлі катэгарычна забараняліся, і, наадварот, час, які лічыўся найбольш спрыяльным для фэстаў моладзі.
I ў старажытнаславянскай, і ў хрысціянскай традыцыях вяселлі не дазвалялася спраўляць у час пастоў:
1. Шасцітыднёвы Шліпаўскі пост пачынаецца 28.11, а заканчваецца 6.01 напярэдадні Каляд.
2. Вялікі сямітыднёвы пост, які доўжыўся ад Масленіцы і да Вялікадня. Дакладныя даты назваць нельга, таму што святы гэтыя рухомыя, але паміж імі заўсёды адзначаецца самы працяглы па часе перадвелікодны пост.
3. Пятроўскі пост пачынаўся ў другі панядзелак пасля Тройцы, а заканчваўся на Пятра (6.07).
4. Двухтыднёвы Спасаўскі пост, які працягваецца ад Першага Спаса (14.08) да Першай Прачыстай (28.08)35.
5. Да сістэмы пастоў, якія служылі не толькі духоўнаму і фізічнаму ачышчэнню арганізма, але падрыхтоўвалі яго да ўспрыняцця новай ежы, неабходна яшчэ дадаць адрэзак часу ад 6.01 да 21.01, які атрымаў у народзе назву “крывых вечароў” і таксама забараняў вясельныя гулянні30. Затое ў гэты перыяд у паўночных раёнах Беларусі моладзь ладзіла гульні “Жаніцьба Цярэшкі”.
Летняя актыўнасць працы і сістэма працяглых пастоў прадвызначылі два асноўныя прамежкі часу, якія лічыліся найбольш спрыяльнымі для стварэння сям’і (мал. 8):
1. Вялікая вясельніца, якая працягвалася ад Пакроваў (14.10), у некаторых месцах ад Багача (21.09) і да 27.11: “Да Змітра дзеўка хітра, а па Змітры — хоць яе выстры”.
2. Уважліва глядзім на схему і звязваем у адзінае цэлае ўсю пазначаную на ёй інфармацыю. Мадэліруем сямейную абрадавую сітуацыю. Вяселле маладыя справілі на пачатку мясаеду. Адразу пасля яго (пасля першай шлюбнай ночы) пачнецца (спадзяваліся) фарміраванне новага чалавека, прычым зачацце адбудзецца у ачышчаным пасля Піліпаўскага посту арганізме. Эмбрыён фарміруецца за кошт арганізма маці. I тут важна ўзгадаць, як называўся гэты час — мясаед: зразумела, што жанчына-маці атрымлівала самае энергаёмістае (бялковую ежу, неабходную для нармальнага развіцця эмбрыёна) сілкаванне. I нарэшце, нараджэнне чалавека прыпадае на той час (Багач), які будзе прадстаўлены самай вітамінізаванай ежай. Гэта акалічнасць тлумачыць, чаму перад Вялікай вясельніцай
Мал. 8. Сістэма пастоў у народным календары. Асноўныя перыяды святкавання вяселляў
не патрэбен быў пост: прырода шчодра адорвала ў гэты час чалавека неабмежаваным багаццем вітамінаў.
У гадавым колазвароце беларусаў існаваў яшчэ адзін перыяд (але кароткі і не зусім удалы), калі часам ладзілі вяселле. Прыпадаў ён на прамежак часу паміж Тройцай і Пятроўскім постам, калі заканчваліся ўсе асноўныя земляробчыя работы і наступаў невялікі зацішак перад касавіцай. Час гэты ацэньваўся народам не зусім станоўча, аб чым сведчаць адпаведныя прыказкі: “Як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая” (зразумела, што самымі кароткімі былі ночы перад і пасля Купалля). Часцей за ўсё Тройца прыпадала на другую палову мая — час, да якога зноў-такі беларусы ставіліся надзвычай скептычна: “Хто ў маі ажэніцца, той усё жыццё маяцца будзе”.
Улічваючы ўсё гэта, прыводзім выніковую схему народнага календара, у якой адлюстраваны ўсе асноўныя структураўтваральныя прынцыпы, якія тычацца гадавога круга ў цэлым (мал. 9).
Разам з тым хацелася б адзначыць, што народны каляндар беларусаў хавае ў сабе яшчэ даволі шмат таямніц, спасцігнуць якія можна будзе толькі тады, калі арбітай яго існавання сумесна зоймуцца не толькі фалькларысты, але і гісторыкі, археолагі, псіхолагі, астраномы, этналінгвісты, матэматыкі. Для яго больш глыбокага разумення трэба па магчымасці максімальна сабраць і асэнсаваць багаты пласт народнай фразеалогіі, у якой сканцэнтраваны веды і назіранні, прыкметы і павер’і, якія тычацца народнай агратэхнікі, стану надвор’я, астраноміі, паводзін прадстаўнікоў жывёльнага і птушынага свету, а таксама неабсяжнага вопыту народнай медыцыны, шмат у чым заснаванага на таямніцах расліннага свету.