Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Мы по средам, по пятннцам платье золовалн, Платье золовалн, мы льны прядовалн.25
Там жа фалькларыст расказвае аб тым, як у Калужскай губерні распачынаюць зажынкі. Старая жанчына, лёгкая на руку, позна ноччу ідзе ў поле, зажынае першы сноп, затым перавязвае яго, тройчы ўздымае над галавой і прыгаворвае: “Пятннца-матушка! Помогн рабам Божннм (называюцца імёны гаспадынь) без скорбн н болезіш окончнть жатву; будь нм заступннца от колдуна н колдуннцы, еретнка н еретмцы!” Кладзе сноп на зямлю, а затым зноў уздымае і паўтарае прыгавор.
Акадэмік Б.А.Рыбакоў перакананы, што напаўхрысціянская Параскева з’яўляецца двайніком стараязычніцкай багіні Мокашы, якая была ахоўніцай урадлівасці зямлі і шчаслівых шлюбаў, жаночых клопатаў, дзявочага лёсу. Сведчанне таму — святкаванне дня Параскевы 28 кастрычніка: у гэты час ва ўсходпіх славян быў самы разгар Вялікай вясельніцы (актыўнага правядзення восеньскіх вяселляў).26
Надзвычай цікавыя звесткі аб найбольш шанаваных пятніцах змешчаны ў працы С.В.Максімава “Нечіістая, неведомая іі крестная снла”. Ён адзначае, што з вялікімі цяжкасцямі быў знойдзены тэкст “Павучання Клімента аб дванаццаці пятніцах”:
1-я Пятніца — на першым тыдні Вялікага посту. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той чалавек ад нечаканай смерці не памрэ.
2-я Пятніца — перад Благавешчаннем (дзень, калі Каін забіў Авеля). Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той ад дарэмнага забойства пазбаўлены будзе (па іншых спісах: той да убоства вялікага не дажыве і ад мяча засцярогу мець будзе).
3-я Пятніца — на Страсным тыдні Вялікага посту. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той ад разбойнікаў не пацерпіць (варыянт: ад мукаў вечных і нячыстага духа пазбаўлены будзе).
4-я Пятніца — перад Узнясеннем Хрыстовым, калі пакараў Гасподзь Садом і Гамору. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той без Святых Тайн Хрыстовых не памрэ і ад жабрацтва захаваны будзе.
5-я Пятніца — перад сашэсцем Святога Духа. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той ніколі не ўтопіцца (варыянт: той напрыканцы жыцця смерць сваю пабачыць і ад грахоў смяротных перасцярогу мець будзе).
6-я Пятніца — перад днём св. Івана Прадцечы. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той не захварэе на сухоты і ліхаманку.
7-я ГІятніца — перад днём прарока Іллі. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той ад грому, маланкі, граду і голаду перасцярогу мець будзе.
8-я Пятніца — перад Успленнем Прасвятой Багародзіцы
(дзень, калі Маісей на гары Сінай прыняў Закон). Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той перад смерцю Багародзіцу ўгледзіць.
9-я Пятніца — перад днём Кузьмы і Дзям’яна. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, той ад вялікага граха захаваны будзе.
10-я Пятніца — перад днём Архангела Міхаіла. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, таго душа праз вогненную раку перанясецца.
11-я Пятніца — перад Раством Хрыстовым (дзень, калі 14 тысяч дзяцей ад цара Ірада, у Віфліеме Іудзейскім забіты былі). Хто ў гэтую пятніцу посціцца, імя таго чалавека будзе запісана ў самой Прасвятой Багародзіцы на прастоле.
12-я Пятніца — перад Богаяўленнем. Хто ў гэтую пятніцу посціцца, імя таго чалавека ў кнігу жывых запісана будзе.27
Характарыстыкі ўсіх пералічаных пятніц даюць магчымасць зразумець агульнавядомую заканамернасць асаблівага стаўлення ў нашых найбольш значных рытуальна-абрадавых комплексах да рытмаўтваральных паўтораў 3—9—10—1 год (12 месяцаў). Аказваецца, і ў вышэйзгаданым пераліку менавіта 3, 9 і 12-я пятніцы ў пэўнай ступені аб’яднаны дамінуючай рысай: хто ўстрымаецца ў гэтыя пятніцы ад ужывання скаромнага і будзе прытрымлівацца забаронаў звычаёвага права, той будзе захаваны ад вялікага граху, а гэта значыць, што душа яго прадстане перад Богам на саракавы дзень пасля смерці бязгрэшнай і яе не напаткаюць пякельныя выпрабаванні.
С.В.Максімаў узгадвае і пра народную забарону купаць дзяцей у пятніцу, каб не напаў “сушэц”. Калі ж маці нечакана забылася і пакупала дзіця, то каб папярэдзіць магчымае пакаранне хваробай, яна звала да сябе суседку, перадавала ёй дзіця, а сама станавілася каля вакна ад вуліцы і чакала, калі суседка падасць ёй дзіця праз акно. Суседка ж не проста аддавала, a “прадавала” дзіця за капейку.28
Апісанні, аналагічныя прыведзеным С.В.Максімавым, можна знайсці і ў беларускай этнаграфічнай літаратуры. М.А.Янчук падае наступнае апісанне святых пятніц:
“...На Беларусі... мноства ўяўна святых дзён, у якія лічыцца грахом рабіць... у некаторыя дні, як, напрыклад, сераду і пятніцу пасля маладзіка не пачынаюць толькі асабліва важныя справы. Наогул гэтыя святкаванні выпадаюць на долю серады і пятніцы, якія ідуць пасля вялікіх святаў. Напрыклад, на Святым тыдні святкуецца “градавая” серада і пятніца (інакш “ледаваты” дзень), каб летам палі не нішчыліся градам.
Яшчэ святкуюцца пятніцы: 1) пасля Раства Хрыстова, 2) на Масленіцы, 3) пасля Сёмухі — серада і пятніца, 4) на 10-м тыдні пасля Вялікадня, т.зв. “дзесятуха”, таксама ад граду...
Серада і пятніца як дні, прысвечаныя ўспамінам пакут і смерці Хрыста, заўсёды шанаваліся і царквою і народам. Але ў народа гэта ўшанаванне мела ўжо з даўніх часоў некаторае хрысціянскае адценне. Па пятніцах, згодна з народным павер’ем, нельга ні прасці, ні араць, каб не запыліць матухну-ГІятніцу і не засыпаць ёй вочы кастрыцаю і пяском”29.
У асяроддзі беларусаў існавала павер’е: калі свята Каляд выпадае ў пятніцу, то на той год будзе паміраць болыл жанчын, чым мужчын, а калі ў панядзелак, то жанчыны ў тым годзе з цяжкасцю будуць раджаць.
Тое, што Параскева пераняла ў Сярэднявеччы функцыі міфалагічнай Мокашы сведчыць і яе цесная сувязь з вадой. Сярод усходніх славян бытуе мноства легенд аб тым, што іконы Параскевы Пятніцы знаходзяць каля ручаін або крыніц, вада з якіх набывае пасля з’яўлення нерукатворнай іконы гаючыя якасці.30
СУБОТА (РАДЗІЦЕЛЬСКАЯ)
Назва гэтага дня паходзіць са старажытнаіудзейскай мовы, у якой sabbat — заканчэнне справы (шабаш). У Старым Запавеце аб гэтым дні сказана: “Так совершено небо н земля н все воннство нх. Н совершнл Бог к седьмому дню дела Своп, которые Он делал, н почнл в день седьмой от всех дел свонх, которые делал. Н благословнл Бог седьмой день, н освятнл его; нбо в оный день почнл от всех дел свонх, которые Бог творлл н созндал” (Бытне, 2:2—3).
Вельмі часта ў нашай навукова-папулярнай літаратуры дапускаецца блытаніна ў разуменні структуры старажытнаіудзейскага і еўрапейскага хрысціянізаванага тыдня. Асобныя даследчыкі схільны лічыць, што ў славянскім календары тыдзень пачынаўся нядзеляй, таму што субота, маўляў, была днём адпачынку. На самай справе ў славян з часу пашырэння хрысціянства ролю старажытназапаветнай суботы пачала выконваць новазапаветная нядзеля (воскресенье) — дзень уваскрашэння Ісуса Хрыста.
У славянскай народнай традыцыі субота лічыцца “жаночым” днём, якому адпавядае цотны лік “6”. У народнай свядомасці відавочна стаўленне да яго, як да лёгкага, спрыяльнага дня, можа таму, што наперадзе дзень адпачынку. У суботу звычайна прыбіралі ў хаце, перад Вялікаднем фарбавалі яйкі і пяклі пірагі. Акрамя таго, субота лічылася спрыяльнай для ад’езду ў далёкую дарогу, разам з тым народная традыцыя папярэджвае не распачынаць у гэты дзень адказную справу
(напрыклад, класці печ або падваліны хаты) — нічога добрага з гэтага не атрымаецца.31
Знаёмства са структурай беларускага пароднага календара паказвае, што субота была незвычайным днём у плане сакральна-магічнага напаўнення. У гэты дзень нашы продкі быццам па спецыяльным інфармацыйным канале далучаліся да шматлікіх таямніц сусвету, яны “наладжвалі” кантакты з душамі далёкіх суродзічаў, звярталіся да іх па дапамогу дзеля добрага ўраджаю ці шчаслівай долі маладых, якія ўзялі шлюб. 3 цягам часу ў народным календары ва ўсе поры года з’явіліся асобныя суботы, якія лічыліся днём ушанавання продкаў. У асяроддзі беларусаў іх пачалі называць “дзядамі”, або “радзіцельскімі”: субота перад Масленіцай; 2, 3 і 4-я суботы на працягу Вялікага посту; субота перад Тройцай; трэцяя субота пасля Пакроваў (атрымала назву “Восеньскія Дзяды”).32
Каб “падключыць” падсвядомасць удзельнікаў абраду ўшанавання продкаў да кантактнага дыялогу з душамі даўно памёршых суродзічаў, беларусы выкарыстоўвалі розныя сродкі і шляхі. Напрыклад, у невялікім храме раскладвалі вогнішча, куды кідалі галінкі ядлоўцу, сабраныя на Купалле, і засушаныя лекавыя травы, якія змяшчалі ў сабе галюцынагены. Потым некаторыя ўдзельнікі гэтага абраду сцвярджалі, што бачылі ў аканіцах храма выявы памёршых суродзічаў і аднавяскоўцаў.
Р.Зінкевіч пакінуў наступнае апісанне святкавання Восеньскіх Дзядоў у Пінскім павеце: “Яшчэ некалькі дзесяткаў год назад пад час святкавання Дзядоў завязвалі вочы смялейшай і спецыяльна выбранай для гэтага дзяўчыне ці жанчыне і саджалі яе на слуп, укапаны ў падлогу каля печы. Гэта жрыца, цэлы дзень перад тым не еўшы, прыглядалася да душ, якія ўваходзілі ў хату, стараючыся пазнаць у іх сваіх знаёмых і родных; бачыла ў сваім уяўленні, як душы далёкіх сваякоў і сяброў дружалюбна набліжаліся да тых, хто сядзеў за сталом, палохалася выгляду постацей душ, не вядомых яе дому і чужых, і абцяжарных пракляццем за крыўды і прысваенне чужога. Убачыўшы постаці гэтых непрытульных агрэсіўных душ, жанчына палохалася, часам страціўшы прытомнасць, валілася на зямлю, палохаючы тым самым астатніх”.33
Відаць, суботні рытуальны дыялог з продкамі паўплываў на некаторыя абрадавыя кантэксты ў культуры беларусаў. 3 аднаго боку, япы верылі: калі дзіця пахрысціць у суботу, яно пражыве доўгі і шчаслівы век; дзіця, якое нарадзілася ў гэты дзень, можа стаць лекарам, знахарам, а таксама можа бачыць выявы духаў сваіх продкаў. 3 другога боку, арыентаванасць
зместу “радзіцельскага” дня ў мінулае паслужыла падставай для забароны правядзення ў гэты дзень абрадаў, якія скіраваны ў будучыню, перш за ўсё гэта вянчанне маладых у храме.31
НЯДЗЕЛЯ (СВЯТАЯ)
Апошнім, заключным днём тыдня з’яўляецца нядзеля (у самой назве чуецца святочнасць, урачыстасць: дзень “не для дзела”, “ня-дзелай”). Беларускае “нядзеля” як сёмы дзень тыдня і рускае “неделя” як “седмнца” дзён паходзяць з аднаго кораня, змест якога хутчэй за ўсё вызначаўся асаблівасцямі старажытнаіудзейскага календара, які праз хрысціянскую традыцыю аказаў уплыў на ўсходнеславянскую традыцыю вымярэння часу. Менавіта гэты дзень лічыўся днём уваскрашэння Ісуса Хрыста. Магчыма, гэта надзвычайная падзея паспрыяла таму, што нядзеля стала храмавым днём (у які вянчалі ў храме). Захавалася прыказка, якая вызначае межы святкавання беларускага вяселля: “Вяселлю казала і качарга гуляць ад нядзелі да чацвярга”.