Сімволіка беларускай народнай культуры  Янка Крук

Сімволіка беларускай народнай культуры

Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
115.97 МБ
Каб каравай удаўся пышны і чырвоны (прыгожы, румяны), печ палілі дубовымі ці бярозавымі дровамі. Зверху яго ўпрыгожвалі рознымі фігуркамі або (на Палессі) “шышачкамі”, якія абавязкова перавязвалі ваўнянымі чырвонымі ніткамі:
Колькі на небе зорачак To на караваі піышачак, Як на небе ясныя Так на караваі красныя.
Садзіць каравай у печ даручалася прыгожай сямейнай пары: “кучаравы печ мяце, халасты саджае, харашуха папраўляе”.
Нельга не ўзгадаць яшчэ адну каравайную песню, у якой вельмі моцна і яскрава адлюстравана асаблівасць не толькі беларускага вяселля, але і ўсяго жыцця ў цэлым, калі на адказную працу або з нагоды важнага моманту ў жыцці сям’і і роду (радзіны вяселле пахаванне) збіралася ўся радня, уся сябрына, дружны талочны гурт. Акцэнтаванне гэтага матыву
ў каравайных песнях невыпадковае: пры дапамозе слоўнай, паэтычнай магіі хацелі пажадаць, каб заручоная пара жыла ў згодзе і паразуменні са сваім вялікім родам:
Да збірайся, род, к роду,
Да старыя бабкі, на параду, Маладыя малодачкі, к караваю.
He сядзіце, малодачкі, не сядзіце.
Вазьміце каравай усадзіце, Сабе гарэлачкі зарабіце.
Пасля таго як каравай на спецыяльнай лапаце пасадзяць у печ, з ёю танцавалі, а ў дзяжу ставілі запаленыя свечкі, клалі крыж-накрыж нажы, а потым падымалі і праз яе ўсе цалаваліся, што павінна было сімвалізаваць каханне маладых. Усе гэтыя дзеянні суправаджаліся прыгожымі песнямі:
Падайце залату лапату,
Засцяліце кляновы ліст, Засцяліце кляновы ліст Да саджайце каравай у печ.
Наш каравай, да як калясо, Красачкі, да як кубачкі, Як у лесе пралесачкі, Як на небе ясны звёздачкі.
Падыходзь, падыходзь, караваю, Да вышай печы мураванай, Вышай сталба залатога, Вышай князя маладога.
Спечаны каравай клалі на века дзяжы, засцеленае чысцюткім белым ручніком і пасыпанае зернем жыта. Старэйшы сват тройчы пакружыцца з ім, спяваючы : “Караваю-раюраю, я з табою пагуляю”. Жанчыны-каравайніцы тут жа ўпрыгожваюць яго калінай, зробленымі з паперы кветкамі грушы, вішні, яблыні, рутай, мятай, барвінкам; упрыгожвалі і несупынна сггявалі:
Палажылі каравай на стол Сталовыя ножкі зыбляцца, Усе людзі дзівяцца, Што ўдаўся наш каравай Госпаду Богу на хвалу, Добрым людзям на славу. Вы, добрыя людзі, глядзіце I грошыкі нам кладзіце.
Пасля гэтага хлеб нясуць у камору або клець, дзе ён будзе знаходзіцца да заключнага моманту вяселля — яго дзяльбы:
Наш каравай у рагожы Да няхай нясуць прыгожы. Наш каравай у паперы Да няхай нясуць кавалеры. Наш каравай у палаценцы Няхай нясуць маладзенцы.
Вядомы два варыянты падзелу рыпгуальнага хлеба. У адным выпадку каравай маладога дзеляць пасля вянчання ў хаце маладой, і наадварот, хлеб нявесты будзе падзелены паміж сваякамі жаніха. Але больш пашырана традыцыя радавы каравай дзяліць між прадстаўнікамі свайго роду: маладой — у яе дома, маладога — напрыканцы вяселля.
У беларускім традыцыйным вяселлі дзяльба каравая лічылася заключным этапам. Калі каравай дзялілі ў маладой, гэта быў знак заканчэння вясельнай дзеі ў яе доме і госці збіраліся ехаць да радзіны маладога; калі ж каравай пачыналі дзяліць у хаце маладога, гэта сведчыла аб заканчэнні ўсёй шматдзённай святочнай цырымоніі.
Дзяльба каравая гэта яшчэ адна адметная рыса нашай нацыянальнай традыцыі. У чырвоным куце хаты пад абразамі, пад нябеснай дугой ці падковай, утворанай саматканым ручніком, станавіліся маладыя, побач з імі самыя паважаныя госці: хросныя маці і бацька. А насупраць, праз стол па дыяганалі жыцця, якая звязвала чырвоны кут і белую печ, станавілася ўся радня маладой ці маладога, пачынаючы ад бацькі і маці, затым бабуля і дзед, потым родныя браты і сёстры, сяброўкі, суседзі і г.д. Кожны, абавязкова кожны ўдзельнік вяселля падыходзіў да жаніха і нявесты, надзяляў іх шчасцем-долею і адорваў тым, чым мог. Зразумела, што гэты абрад далёкі адгалосак беларускай сябрыны, якая заўсёды імкнулася дапамагчы маладой сям’і хутчэй стаць на ногі.
Хор мясцовых жанчын-спявачак не прыпыняўся ні на хвілінку. Сваімі песнямі ён быццам тлумачыў тое, што адбывалася, падказваў радзіне, што трэба зрабіць у дадзеным выпадку:
Як з раю, з раю сонечна ўстае, Так маладая Мар’юхна на пасаг сядае I просіць баценьку на ўспамаганне: Мой баценьку-месячку, спамажы мне Шчаслівым бытам, Капою жытам, Шчасцем, здароўем, Доляю, пакоем.
Няхай табе, доньку, Бог спамагае
I ўсе святыя, і людзі добрыя.
He стой, радзіна, за плячыма, He моргай вачыма.
Ступі ты да хаты, Ой, род мой харошы, He жалуй грошы. Прыходзь да хаты Маладых успамагаці.
Дапамагалі хто чым мог: хто рублём, хто талерам, хто наміткай; блізкая радня адорвала тым, што патрэбна было ў гаспадарцы:
Родзе, родзе багаты, Да даруюць скаціну рагату. Родныя братове па карове, Родныя сястрыцы па цяліцы, Родныя дзядзі па авечцы, Родныя цёткі — па намётцы, А родны татка каня і воз, Каб малады часта ў госці вёз.
Калі ж раптам была якая затрымка, то жанчыны, вострыя на язык, маглі “секануць” і такой песняй:
Як гуляць поўна хата, Як дарыць мама, тата, Як гуляць поўны сені, Як дарыць усе паселі. Як гуляць па застоллю, Як дарыць па заўголлю.
Аднак асноўным рэфрэнам песень заключнага этапа вяселля было апяванне (і адпаведнае надзяленне маладых) не столькі “хлеба-солі”, колькі пажаданне “шчасця і долі”:
Татулька мой родненькі,
He надзяляй мяне ні хлебам, ні соллю, Hi хлебам, ні соллю, ні золатам, ні серабром, Надзяляй мяне і доляй, і шчасцем, I долей, і шчасцем, і добрым здароўем.
Яшчэ адной асаблівасцю беларускага вяселля было адорванне маладой усёй радні маладога: каму сувой палатна, каму пояс, каму намітку. Таму дзяўчына яшчэ задоўга да вяселля распачынала падрыхтоўку да гэтага святочнага моманту. Усё трэба было наткаць-напрасці сваімі рукамі. А па прыгажосці падарункаў, па ступені іх мастацкага аздаблення госці ацэньвалі здольнасці і ўменні будучай гаспадыні. Таму як толькі
пачынаўся абрад дзяльбы каравая, жанчыны падхоплівалі жартоўную песню:
Паглянь, Надзечка,
Па новай хаце, Ці многа трэба Дароў аддаці? Ой, што куточак Сядзіць браточак, Ой, што паліца Сядзіць сястрыца.
У гэтым гаваркім і гаманкім эпізодзе вяселля як у люстэрку высвечваліся адносіны паміж раднёй, імпэт таго ці іншага госця, яго ўменне прыгожа і далікатна пажадаць маладым дабра і згоды, але адначасова заявіць і аб сваёй заможнасці, месцы ў гурце гасцей.
У цэнтры ўвагі ключавых каляндарна-абрадавых дзеяў заўсёды былі старэйшыя прадстаўнікі роду. У вясельным абрадзе мы маем справу з адзіным выключэннем, калі ўвесь род на чале са сваімі пачынальнікамі гуртам пачціва ўставаў перад толькі што Богам заручонай парай — сям’ёй, дзеля таго каб з рук старшага шафера (маршалка, старшага свата, хроснага бацькі) атрымаць не проста кавалачак абрадавага хлеба, а сваю долюжывіцу і адначасова паспрыяць станаўленню дабрабыту маладых, а таксама выказаць ім свае вясельныя пажаданні.
Вось ён свяшчэнны закон нашай этнічнай ментальнасці, асноўная рыса беларускай народнай культуры, сэнс адвечнай традыцыі і характар абрадавых комплексаў — узаемадапамога, узаемападтрытка, згуртаванасць, талочнасць. Пацвярджэнне таму — сакральна-гімнічная песня, якой распачынаўся самы адказны этап вяселля:
Ой, дай, Божа, добры час, Як у людзей, так і ў нас... Няхай вас Бог благаславіць. Шчасцем, доляю, Векам доўгім, Бытам добрым.
Дай жа, Божа, гэтай пары Шчасце ў долю, Хлеба ўволю, Каб Бог жыта радзіў, Скаціну зашчыціў, Здароўем надзяліў!
Каб былі багаты, як зямля, Здаровы, як вада, Нахільны, як вярба, Каб адзін аднаго шанавалі I нас старых не забывалі.
Разам з гэтымі высокамастацкімі пажаданнямі, з’арыентаванымі, як бачна, перш за ўсё на сямейны дабрабыт і фізічнае здароўе, існавала цэлая сістэма няпісаных законаў, строга рэгламентуючых паводзіны прысутных, каб выключыць нават магчымасць нанесці шкоду маладым.
Звернем увагу на дзве надзвычай важныя акалічнасці вяселыіага абраду. Па-першае, ні ў якім разе не дазвалялася паціснуць дзеля віншавання рукі маладым голай рукой. Справа ў тым, што на вяселлі маглі прысутнічаць людзі з адмоўнай біяэнергетыкай або тыя, хто наўмысна ці міжволі мог пашкодзіць жаніху і нявесце. Таму, каб выключыць магчымасць прамога ўздзеяння, і жаніх, і нявеста закрывалі рукі чысцюткай белай хусцінкай. Ад гасцей патрабавалася тое ж. Падвойны экран гарантаваў надзейнае перакрыццё выключнага канала ўздзеяння. А па-другое, аналагічную ролю выконвала і фата маладой або зімовая шапка жаніха, у якой ён (незалежна ад пары года) сядзеў на працягу ўсяго вяселля. Колькі не распытваў у людзей сярэдняга пакалення, якой павінна быць кампазіцыя фаты, так ніводнага разу не атрымаў дакладнага тлумачэння. Давайце яшчэ раз паразважаем сумесна.
Сімвалам цнатлівасці, дзявоцкасці ва ўсіх абрадах з'яўляецца вянок. Таму калі жанчына выходзіла замуж другі раз, то яна ўжо не мела права ўпрыгожвацца гэтым сакральным атрыбутам. Разам з вянком мацавалася фата, якая абавязкова павінна была мець дзве часткі: адна — даўжэйшая — перакрывала такі канал магічнага ўздзеяння, як валасы (“руса каса да пояса”), а другая — карацейшая — закрывала твар і, галоўнае, люстэрка душы — вочы, таксама адзін з самых моцных каналаў нанясення шкоды.
На жаль, у апошнія гады стаўленне да аднаго з найпрыгажэйшых і найцікавейшых момантаў вяселля — дзяльбы каравая ператвараецца ў фармальны акт. Блізкая і далёкая радня падыходзіць да стала не столькі дзеля таго, каб павіншаваць маладых і нешта пакінуць на добры ўспамін, а хутчэй каб прадэманстраваць сваё сацыяльна-фінансавае становішча.
Асабліва выразна гэта праяўляецца на тых вяселлях, дзе абрад адорвання — але не дзяльбы каравая (бо яго часам ўвогуле не бывае) ладзіцца на самым пачатку святочнай дзеі. У сталоўцы ці ў рэстаране гасцей паставяць жывым калідорам і бойкі хлопец з музычнага ансамбля будзе прымусова выклікаць прысутных (пры гэтым не ведаючы нікога). Здзек ды й годзе!
А вы толькі ўслухайцеся ў тыя словы, якія “выціскаюць” з сябе “на цвярозую галаву і на пусты страўнік” тыя госці. Вы
пачуеце “дзяжурныя” фразы, у якіх не будзе свайго ўласнага пачуцця, сваёй красамоўнасці, сваёй душы і сэрца. А таму хочацца прывесці шэраг прыкладаў тых вясельных пажаданняў, якімі ў свой час віншавалі нашы дзяды і бабулі. Яны гарманічна дапаўняюць змест велічна-заклінальнай песні. Думаецца, мы пакуль не асэнсавалі сапраўдную глыбіню зместу гэтага лапідарна-афарыстычнага фальклорнага жанру. Вось дзе бяздонне і бязмежжа гарызонтаў нашай этнапедагогікі, вось дзе жыццёвая мудрасць вякоў і тысячагоддзяў, вось па чым трэба пісаць кодэкс чалавечага суіснавання, вось на якіх каштоўнасцях павінны трымацца законы грамадства і дзяржаўнага развіцця.