Сімволіка беларускай народнай культуры  Янка Крук

Сімволіка беларускай народнай культуры

Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
115.97 МБ
Сучаснае ўбранне нявесты стала нагадваць аддзенне прадстаўніц прыгожага полу на самых неверагодных конкурсах або бясконцых прэзентацыях і тэлевізійных шоу. Празмерная адкрытасць цела робіць яго абсалютна безабаронным перад вачамі шматлікіх гасцей, сярод якіх могуць быць так званыя біяэнергетычныя вампіры, людзі з чорнымі вачамі і цяжкім позіркам. У старой народнай традыцыі фата нявесты надзейна прыкрывала твар, вочы, валасы і плечы — стварала як бы дадатковы экран для найбольш жыццёва важных частак цела.
Болып таго, каб пазбегнуць сямейных непаразуменняў, скасавання шлюбаў, бяздзетнасці, сурокаў, мудрыя бабулі настойліва раілі і раяць не здаваць сваё вясельнае ўбранне ў камісійны магазін, а захоўваць яго на працягу ўсяго жыцця. He пажадана браць убранне “на пракат”, нельга карыстацца чужымі пярсцёнкамі, не дазваляецца станавіцца на голую зямлю, калі маладыя пасля вянчання прыязджаюць дадому і выходзяць з машыны. Існуе забарона нават зімой чым-небудзь накрываць плечы маладой паверх фаты.12
У славянскай народнай культуры вядомы шматлікія абярэгі, якімі павінна была карыстацца жанчына на працягу ўсяго перыяду цяжарнасці. Амаль паўсюдна ролю надзейных
ахоўнікаў маглі выконваць чырвоныя шарсцяныя ніткі, паскі, шнуркі, якія павязвалі вакол пальца, рукі, шыі, паясніцы або проста насілі пры сабе. Абярэгамі маглі быць іголкі, шпількі, нажы, завушніцы, пацеркі, шчэпкі ад разбітага Перуном дрэва, вугальчыкі, галінкі асвечанай вярбы, святаянскія (купальскія) зёлкі, кавалачак цагліны з печы, засушаны кавалачак вясельнага каравая, велікодная соль, галінка рабіны, кавалак чырвонай ніткі, на якой было завязана дзевяць вузлоў старэйшай жанчынай сям’і праз ногі цяжарнай.13
У праваслаўных славян існавалі звычаі, якія перасцерагалі вёску ад эпідэміі, спрыялі, напрыклад, выкліканню дажджу: рабіліся спецыяльныя ручнікі-аднадзёнкі, якімі затым апяразвалі храмы або ўсю вёску. Вось гэтым палатном таксама перавязваліся цяжарныя жанчыны. Ведалі нашы продкі і пэўныя рытуальныя дзеянні, якія выконвалі тую ж ахоўную ролю. Напрыклад, калі па вёсцы ішла пахавальная працэсія, то цяжарная расшпільвала ўсё адзенне і развязвала ўсе вузлы. Калі яна сустракала незнаёмага чалавека або аднавяскоўца, за якім вялася нядобрая слава, то засоўвала вялікі палец правай рукі за пояс і ціхенька шаптала: “Я не адна, са мной другі”.
Надзейнымі ахоўнікамі цяжарных жанчын лічацца Багародзіца, святыя Ганна і Варвара, але асаблівай пашанай карыстаецца Параскева Пятніца.
АБРАДАВА-ЭТЫКЕТНАЯ РЭГЛАМЕНТАЦЫЯ ПАВОДЗІН ЦЯЖАРНАЙ ЖАНЧЫНЫ
На працягу ўсяго перыяду цяжарнасці жанчына жыла быццам у дзвюх сістэмах вымярэння. 3 аднаго боку, яна займалася пераважнай большасцю звыклых паўсядзённых спраў, а з другога — кожны яе крок у межах хаты, падворка, вёскі, лесу ці поля рэгламентаваўся безліччу правіл этыкету і рытуальных забарон. Добра знаёмы з самага дзяцінства космас сялянскай сядзібы раптам набываў больш выразную рэльефнасць, нечакана дзяліўся на спрыяльныя і неспрыяльныя зоны. Гадавы колазварот драбіўся на нэўныя адрэзкі часу, якія зноўтакі вымагалі асаблівых паводзін. Нават адвечныя прыроднакасмічныя з’явы або свяцілы атрымлівалі рэзка акцэнтаваны статус сакральных і патрабавалі зусім іншага стаўлення да сябе. Напрыклад, цяжарнай нельга было спаць у тым месцы, куды трапляла святло месяца; катэгарычна забаранялася глядзець на сонца, каб ’’дзеці не сляпіліся або не скаліліся”. Hi ў якім разе нельга было ступаць на віхор — у дзіцяці маглі быць крывыя ногі, а таксама глядзець на пажар. He аднойчы
даводзілася чуць пра такія здарэнні. Адна з жанчын у перыяд цяжарнасці выпадкова аказалася сведкай пажару, спужалася і ад нечаканасці схапілася рукамі за галаву. У яе нарадзілася дзяўчынка, стала дарослым чалавекам, але да гэтага часу на тым месцы галавы, за якое калісьці ўхапілася маці, у яе растуць светла-жаўтаватыя валасы, хаця ўсе астатнія чорныя.14
Цяжарнай не дазвалялася садзіцца або станавіцца на парог. У такім выпадку, пераконвалі мяне старыя людзі, нараджэнне дзіцяці магло адбыцца толькі шляхам кесарава сячэння. Наогул прасторавых абмежаванняў было задужа шмат: забаранялася хадзіць па ўзмежку, станавіцца на тое месца, дзе секлі дровы, хадзіць на скрыжаванне дарог, каб спаліць прадметы, пры дапамозе якіх хацелі сурочыць. Нельга было цалаваць нябожчыка, пераходзіць дарогу пахавальнай працэсіі, хадзіць на могілкі. He пажаданым лічылася хадзіць на гумно, млын, падыходзіць да новабудоўлі, ступаць на тое месца, дзе стаяла вядро з вадой, калі мылі падлогу (дзіця можа быць пляшывае, хварэць на лішай)15.
Практычна ўсе пералічаныя вышэй абмежаванні і забароны аб'яднаны адным і тым жа прынцыпам: адбываецца фарміраванне новага чалавека і пакуль новае жыццё не заявіць аб сабе ў час нараджэння, жанчыне катэгарычна забаранялася “кантактаваць” з усімі рэаліямі зямнога існавання, якія мелі пераходны стапіус. Парог — сімвалічная мяжа паміж жывымі і продкамі; узмежак — пераходная зона паміж сваім і чужым; скрыжаванне дарог — рытуальная зона паміж “тым” (зноў-такі чужым) і гэтым светам; новабудоўля — стан незакончанасці; млын і гумно ў міфалогіі славян былі функцыянальна-статусна збліжаны з балотам — зонай існавання(гуртавання) усіх “цёмных” сіл (узгадайце, як па-рознаму ставіліся аднавяскоўцы і ў казках, і ў жыцці да мельніка, які сябраваў з чортам, і да каваля, які заўсёды быў у кантакце з жыватворным агнём).
Каб пазбегнуць фізічных паталогій у дзіцяці, катэгарычна забаранялася пераступаць праз крывую жэрдку ці аглоблю, вілы, граблі, сухі венік, паваленае бурай дрэва, праходзіць пад аркай, утворанай двума нахіленымі слупамі (плод перастане развівацца), пераступаць праз сякеру (каб не выклікаць датэрміновыя роды), скакаць праз канаву, лезці праз акно (дзіця магло нарадзіцца нежывым: праз акно даўней выносілі труну з нябожчыкам або ўносілі жанчыну-ўдаву, якая другі або трэці раз выходзіла замуж), хадзіць пад вяроўкамі і пераступаць праз іх (дзіця тройчы будзе абкручана пупавінай вакол шыі). Па гэтай самай прычыне нельга было сукаць ніткі, закладваць аснову ў кроснах, навіваць кросны, матаць ніткі ў клубок, прасці, ткаць, зашываць штонебудзь на сабе (каб дзіця не захварэла).16
Ад старых людзей даводзілася чуць і пра тое, што розныя фізічныя паталогіі ў дзіцяці ўзнікалі ў выніку парушэнняў прадпісанняў самой цяжарнай. Так, дзіцячая слепата магла быць справакавана тым, што жанчына перайшла дарогу пахавальнай працэсіі, шыла ў святочны час, з’ела хлеб, пагрызены мышамі, забіла гадзюку або жабу. Касавокасць магла быць выклікана тым, што маці доўга глядзела на ваду, у люстэрка або падглядвала праз шчыліну.17
Каб перасцерагчы дзіця ад шэрагу хвароб, нельга было станавіцца на разлітую ваду, выходзіць у двор пасля захаду сонца. Даводзілася чуць, бяссонніца ў дзіцяці — вынік таго, што маці з’ела нешта ўпотай, ці адагнала свінню нагой, ці прапусціла сабаку або ката паміж ног. Каб дзіця не мучылі фурункулы, нельга было насіць пад фартухам або за пазухай яблыкі, слівы і грушы. Прысупгнасць цяжарнай жанчыны выключалася падчас перакладвання нябожчыка ў труну (каб дзіця не захварэла на эпілепсію). Дзіцячая грыжа магла быць вынікам таго, што маці кідала на вогнішча калы, дошкі, кліны. (У сувязі з гэтым хочацца ўспомніць, як знахарка бабуля Феня лячыла грыжу. Яна ўзяла невялічкае паленца з сучком, палажыла яго на калені дзяўчынцы так, каб сучок упіраўся ў жывот каля пупа, прагаварыла ўслых тэкст замовы, а затым папрасіла, каб дачка і яе маці адначасова паўтарылі адны і тыя ж словы: “Грызі болей, каб не было ніколі”. А бабуля-лекарка тым часам імітавала акт выгрызання грыжы з жывата дзіцяці. Такім чынам, кола замкнулася: калі кінуць у агонь кол — можа ўзнікнуць грыжа, тады сучком — сімвалам падабенства кала — яе можна ліквідаваць. Клін — клінам...) Лічылі, што дзіця будзе плаксівым, калі маці есць на хаду, глядзіць на агонь, разбурае птушыныя гнёзды; калі есць што-небудзь кіслае, злуецца або сварыцца з кім-небудзь — будзе нястрыманым і злым. Каб пазбегнуць разумовых парушэнняў, нельга было заглядваць у труну. Цяжарнай не пажадана было браць ваду ў калодзежы: расплясканая з вядра вада справакуе адліванне дзіцем выпітага малака, соку ці квасу.18
I наадварот, народныя мудрацы ведалі шмат прадпісанняў, выкананне якіх магло снрыяць нараджэнню прыгожага дзіцяці. Лічылася, што дзіця будзе падобным на таго, на каго паглядзіць цяжарная, калі пачуе першае шавяленне плода. Ёй раілі даесці крошкі хлеба, якія не даела прыгожае дзіця. Каб дзіця не было “белым як смерць”, нельга глядзець на нябожчыка, затое трэба часцей глядзець на іконы.
Каб дзіця не было лысым, раілі не хадзіць без фартушка; каб дзіця не было слюнявым, не дазвалялася адліваць ваду з вядра ў калодзеж, разліваць, калі неслі ў хату. А каб у дзіцяці
не было благога паху з рота нават не дазвалялася нюхаць кветкі.19
Неабходна звярнуць увагу на тое, што ў славянскай традыцыі цяжарнаяжанчына не магла быць хроснай маці (памрэ ці яе дзіця, ці яе хрэснік), свашкай або дружкай, на вяселлі (маладым пагражала няшчасце), забаранялася прысутнічаць падчас упрыгожвання нявесты20.
Парады сучасным маладым жанчынам, якія хочуць нарадзіць дзіця
У кожнай рэчцы ёсць два берагі. Адзін пакаты, засыпаны цёплым драбнюткім жвірам. Па ім з асалодай зойдзеш у ваду, пакупаешся, выйдзеш абноўленым са шчаслівым адчуваннем прыгажосці жыцця і неадольнага жадання жыць. Другі бераг — высокі, пакручасты, з рэзкімі непрадказальнымі паваротамі, побач з якімі павольная плынь раптам пучыцца жудаснымі вірамі. Ніводны нармальны чалавек не пажадае нырнуць з такога берага, бо нельга прадказаць вынік эксперыменту.
Вось таксама і жыццёвая плынь віруе між двума берагамі. Таму, калі вы збіраецеся нарадзіць дзіця, за некалькі месяцаў да зачацця “пастаўце” сябе ў жорсткія рамкі звычаёвага права і маралі, максімальна выкарыстайце вопыт сваіх бабуль — і на свет з’явіцца здаровы і прыгожы чалавечак, які ўсё жыццё будзе прыносіць радасць. Ёсць і другі шлях. Уласная разбэшчанасць, наталенне чалавечых страсцей і слабасцей, а ў выніку нараджаецца гаротнае дзіця, грэх перад якім не адмаліць да скону веку.