Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
У асяроддзі беларусаў існавала павер’е аб тым, што лёс дзіцяці ў многім залежыць ад дня тыдня, у які яно нарадзілася. Так, лічылася, што народжаныя ў панядзелак, будуць няўмелымі, няўдалымі; у аўторак — здольнымі выконваць самую адказную работу. У сераду на свет з’яўляліся людзі, у якіх шчасце будзе межаваць з няшчасцем, багацце з беднасцю. У чацвер нараджаліся дзеці, здатныя да навукі, спрытныя, працаздольныя, але нядоўгага веку. Народжаныя ў пятніцу часцей за іншых могуць стаць злодзеямі або п’яніцамі, а ў суботу — будуць шчаслівымі і ўдачлівымі. Але самыя шчаслівыя дзеці нараджаліся ў нядзелю: ім заўсёды будзе шэньціць, a грамадскі поспех зробіць іх уладарамі свету.22
Адразу пасля родаў нованароджанага абавязкова купалі, a парадзіху добра парылі. Амаль што паўсюдна вытрымлівалася традыцыя трайнога ачышчэння парадзіхі: каб яна тройчы (тры дні запар) памылася ў лазні, прычым адным і тым жа венікам. Калі роды былі цяжкімі, парадзіха заставалася ў лазні ўсе тры дні: у яе была магчымасць добра выпарыцца, а затым управіць жывот і залатнік (пуп), каб не было грыжы і не балела сярэдзіна. Дзеля гэтага павітуха брала гліняны гаршчок і ставіла яго на пуп парадзісе. Яшчэ і сёння такім чынам народныя лекары правяць спіну (“упраўляюць залатнік”)23.
У адпаведнасці з народнымі ўяўленнямі вельмі небяспечнымі для нехрышчонага дзіцяці з’яўляюцца кантакты з чужымі людзьмі, якія могуць сурочыць немаўля. 3 гэтай нагоды павітуха брала з сабой у лазню іконку, якой хрысціла ўсе вуглы і печку, а ў час купання дзіцяці пастаянна паўтарала словы ахоўнай малітвы: “Анёлы з табой, ахоўнікі з табой”.
Даследчыца рускай народнай медыцыны М.Торэн апісала адзін даволі складаны і цікавы звычай, які наскрозь напоўнены прадуцыравальнай магіяй. Бабка з нованароджаным і патэльняй ідзе ў лазню наперадзе, а за ёю парадзіха, трымаючы ў руцэ нажніцы. Каля лазні бабка робіць на дзвярах тры крыжы і са словамі “Благаславі, Божа” перадае патэльню парадзісе ў правую руку. Тая падпіраецца патэльняй, пры гэтым
трымаючы нажніцы вастрыём наперад у левай руцэ. Бабкапавітуха вымывае дзіця, выцірае яго анучай, у якую загорнуты клок баранняй поўсці, выстрыжанай першы раз, яйка ад маладой курыцы і срэбная манета. Гэтым самым жадалі нованароджанаму шмат адзення, яды і грошай. Пасля вяртання з лазні анучу з амулетамі клалі пад галаву дзіцяці, а патэльню парадзіха ставіла пад свой ложак.24
Каб дзіця не баялася сурокаў, бабка акурвала яго ладанам, апырсквала святой вадой; спецыяльна загаворвала ваду, якой немаўля абмывалі, а парадзісе давалі крыху выпіць.
Пасля таго як дзіця пакупалі, бабка распачынала “правіць” яго: моцна сціскала галаву, каб яна была роўнай і круглай; выцягвала або, наадварот, сціскала нос, каб не быў доўгім і шырокім; туга спавівала ногі, каб не былі крывымі. Акрамя гэтых павітухі выконвалі і больш складаныя рытуальна-абрадавыя дзеянні. Каб дзіця не хварэла “на крыксы”, яго (пасля абмывання) загортвалі ў палатно, перавязвалі лыкам і клалі ў чырвоны кут. Некаторыя павітухі злізвалі галаву нованароджанага і сплёўвалі на левы бок, каб ніхто яго не змог сурочыць.26
Каб дзіця было здаровым і дужым, любіла бацьку і было паважанае ім, яго спавівалі ў брудную бацькаву кашулю ці штаны.26 На працягу шасці тыдняў пасля хрышчэння баяліся мыць і купаць дзіця, таму што ў гэты час яго цела “цвіце”. Каб у дзіцяці не балелі вочы і твар быў чыстым, яго абмывалі мацярынскім малаком, не кармілі грудзьмі ў час навальніцы і адразу ж пасля яе. У славянскіх народаў існаваў звычай: дзяўчынку карміць левай, а хлопчыка правай грудзьмі. Катэгарычна забаранялася карміць дзіця грудзямі на працягу першых трох дзён.27
Сярод павітух існавала бясконцае мноства самых розных прыкмет-прадказанняў аб лёсе і характары будучага чалавека. Калі пупавіна мацуецца каля краю паследу, дзіця не будзе жыць, а калі пасярэдзіне яго чакае доўгі век. Калі дзіця народзіцца з доўгімі валасамі, то пражыве кароткі век, будзе цяжкім і маларухомым. Дзіця, якое нараджаецца напярэдадні вялікага свята, будзе непрыгожым і неразумным. Каб дзіця было ціхім і спакойным, першы раз яго трэба пакласці на правы бок, а каб яно было шчаслівым і багатым, у ваду для першага купання клалі срэбную манегпу. Існавала перакананасць, што калі дзіця народзіцца сінім або белым, яно доўга не пражыве, а вось калі чырвоным будзе жыць доўга і шчасліва, але мець сярдзіты нораў. Калі ў дзіцяці густыя бровы, яно можа вырасці хітрым і хлуслівым.28
Агульнапашыранай лічыцца забарона качаць пустую калыску і сушыць пялёнкі над агнём дзіця не будзе спаць па начах.
Важнай надзеяй пасляродавага перыяду было першае купанне дзіцяці і наданне яму імя. У гэты час таксама прытрымліваліся пэўных рэкамендацый. Так, пры першым купанні дзіця трымалі тварам на захад. У ваду клалі розныя святаянскія травы і прадметы: дзевяць вугальчыкаў, невялічкую манету, бурштын, некалькі крышталікаў солі. Калі купалі дзяўчынку, то ў ваду далівалі малако, каб была прыгожая, белая з твару; хлопчыку далівалі піва, каб ён быў дужым і адважным.
Сярод мноства утылітарна-прагматычных і ўласна прафілактычных рэчаў, якія клалі ў ночвы дзіцяці, вылучаліся асноўныя, якія мелі сімвалічны, уплывовы на лёс чалавека, характар. Так, калі купалі дзяўчынку, то ў ваду абавязкова клалі аднакапеечную медную манету. Па ўяўленнях нашых продкаў, гэта павінна было паспрыяць таму, каб будучы менструальны цыкл праходзіў як мага лягчэй і карацей. У ночвы хлопчыку абавязкова клалі заручальны пярсцёнак бацькі. Хлопец мужчына гаспадар часцей быў па-за межамі хаты, яго трэба было “аперазаць” вечным магічным біяэнергетычным кальцом, якое перасцерагала чалавека ад сурокаў, нагавораў і іншых вядзьмарскіх штукарстваў. Нагадаю, што і сёння, калі мы адпраўляемся ў далёкую дарогу, то абавязковгі прысядзем на адну хвілінку, а затым ужо перад парогам хаты ціхенька прамовім словы магічнай замовы:
Еду я ў дарогу,
Гасподзь Бог са мною.
Маці Боская перад вачамі, Ісус Хрыстос за плячамі, 3 бакоў анёлы мяне ахраняюць, Усю бяду ад мяне адганяюць29.
Вялікае значэнне мела і вада для першага купання. Калі хацелі, каб сын быў ганарыстым, паспешлівым, “гарачым”, спачатку налівалі кіпень, а затым ужо халодную. Калі ж хацелі мець спакойнага, стрыманага, разважлівага памочніка, то першай налівалі ваду са студні. Ваду. у якой купалі хлопца, вылівалі пад яблыньку (каб багатым быў), а ваду, у якой. купалі дзяўчынку — пад вішню (каб была прыгожай, “краснай”). Як жа дзіўна замыкалася жыццёвае кола чалавека праз прызму зносін з Прыродай: пасля смерці бацькі сын ішоў у сад і высякаў самую пладаносную яблыню (іначай сад увесь загіне ў бліжэйшыя тры гады), калі памірала маці, то ў садзе высякалі вішню.
У выбары імя быў зацікаўлены ўвесь род, таму што ў народзе лічылі, што імя — гэта знак, сімвал чалавечай долі, Яно
шмат у чым уплывае на лёс чалавека, прадвызначае яго характар. Асабліва важным было не памыліцца ў выбары імя першынца, бо, меркавалі, ад гэтага будзе залежыць далейшы лёс усёй сям’і. Акрамя таго, у асяроддзі народных лекараў існуе перакананасць, што менавіта першае дзіця можа атрымаць ад Бога здольнасць дапамагаць людзям у цяжкую хвіліну.
Узгадаем старажытныя славянскія імёны с]зальклорных персанажаў: Алена-краса, Светаяр, Васіліса Прамудрая, Вярнідуб, Андрэй за ўсіх мудрэй, Івашка-мядзведжае вушка. У кожным з іх зашыфраваны тыя незвычайныя здольнасці, якія прадвызначалі характар жыццядзейнасці героя.
Народныя казкі зафіксавалі таксама традыцыю (якая і да сённяшняга часу захавалася ў народаў Сярэдняй Азіі) даваць імя ў адпаведнасці з паслядоўнасцю нараджэння дзяцей: Першынец, Серадольшы, Паскробыш. У болып позні час імёны язычніцка-ведыйскага пантэона багоў саступілі месца імёнам у гонар святых праваслаўнай ці каталіцкай царквы. Пажадана было, каб дзіця атрымала імя таго святога, у дзень ушанавання якога яно нарадзілася. Калі ж бацькам яно не падабалася, ім давалі магчымасць выбраць імя з царкоўнага календара за дзесяць дзён да і пасля нараджэння (у народзе лічылі, што лепш прытрымлівацца апошняга варыянта). Пачынаючы з Сярэднявечча паступова замацоўваецца яшчэ адна традыцыя — імя набывае ярка выражаны радавы пачатак: разам з самым моцным энергетычным абярэгам чалавека яго прозвішчам вялікая ўвага пачынае звяртацца на імя, якое насілі продкі: дзяды і бабулі. Прычым і тут абавязкова дзейнічаў прынцып падабенства. Унуку давалі імя таго дзеда, які пакінуў добрую спадчыну і карыстаўся павагай аднавяскоўцаў. Гэтым самым дзіця ўключалася (далучалася) у жыватворны ланцужок свайго Рода, пераймала яго эстафету, уласна кажучы “акультурвалася”; праз адпаведныя рытуалы і наданне імя яно станавілася чалавекам.
Толькі ў выключных выпадках дзіцяці давалі імя бацькі: калі сын нарадзіўся ў вялікае свята, напрыклад, на Юр’я, Івана Купалу, Міхаіла ці Мікалая, Пятра або Паўла. У адваротным выпадку існуе перакананасць, што з моманту надання сыну імя бацькі ў хаце пачынаецца энергетычная барацьба за выжыванне, якая часцей заканчваецца раптоўнай смерцю бацькі. У асобных выпадках імя бацькі давалі сыну мэтанакіравана. Калі, напрыклад, у сям’і паміраў першы, а затым і другі сын, то трэці абавязкова атрымліваў імя бацькі. Гэтым самым смерць свядома пераадрасоўвалі на бацьку, імкнучыся ўратаваць спадкаемца.30
На сённяшні дзень у аўтара сабрана вялікая колькасць
запісаў з розных мясцін Беларусі, у якіх людзі сведчаць аб тым, што ні ў якім разе нельга даваць дзецям імёны рана загінуўшых (родных ці знаёмых) людзей, бо існуе большая верагоднасць, што вельмі хутка іх напаткае такі ж лёс.
Напярэдадні хрышчэння дзіцяці бацькі выбіралі кумоў хросных бацьку і маці. Справа гэта лічылася даволі адказнай, бо зноў-такі людзі меркавалі, што духоўнае жыццё нованароджанага ў пэўнай ступені будзе нагадваць лёс хросных, а самі хросныя з моманту хрышчэння станавіліся духоўнымі бацькамі дзіцяці і самымі ганаровымі ўдзельнікамі ўсіх святкаванняў (хрэсьбіны, вяселле, Масленіца, Вялікдзень), звязаных з жыццём хрэсніка. Кумамі маглі быць сваякі, пачынаючы з другога калена сваяцтва, добрыя знаёмыя ці проста суседзі. Даволі часта імі станавіліся тыя, хто быў на вяселлі бацькоў старшымі шаферам і шаферкай.