Сімволіка беларускай народнай культуры  Янка Крук

Сімволіка беларускай народнай культуры

Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
115.97 МБ
бачылі знак бяды і ніколі не праміналі той хаты, заходзілі хоць на хвілінку пастаяць каля памёршага, паспачуваць сям’і.
Да нашых дзён лічыцца абавязковым “адведаць” сканаўшага дома, а затым правесці за вёску пахавальную працэсію. Гэта этыкетнае прадпісанне тычылася нават тых сваякоў або аднавяскоўцаў, з якімі нябожчык быў не ў прыязных адносінах.
Кожны, хто пераступаў парог хаты, падыходзіў да памёршага і садзіўся каля яго на лаву. Абавязкова трэба было ціхенька памаліцца аб спасенні душы яго і тым самым паспрыяць ёй на саракавы дзень патрапіць у светлы Рай.
Часцей за ўсё здаралася так, што прыход новага чалавека абуджаў сярод прысутных і асабліва блізкай радні новую хвалю эмоцый. Хата зноў і зноў поўнілася тужлівымі жаночымі галасамі. Галасілі і дзеці, і маладзіцы, і жанчыны сталага веку. Вядомы збіральнік беларускага фальклору мінулага стагоддзя П.В.Шэйн адзначаў, што галасілі не толькі тыя, хто сядзеў каля нябожчыка, але і тыя жанчыны, якія прыходзілі адведаць сканаўшага. Калі жанчына не галасіла над нябожчыкам, то гэта ўспрымалася непавагай да яго і глыбокай абразай для яго радні.35
Яшчэ раз адзначу, што галашэнні — гэта адзін з самых незвычайных жанраў беларускай песнятворчасці і высока эстэтычнага слоўнага мастацтва. У іх найбольш арганічна і своеасабліва знітавалася мастацкая традыцыя продкаў (у якой мелася мноства ўстойлівых словазлучэнняў, якія тонка спалучаліся з сітуацыяй страты і гора, на памяць усплывалі адшліфаваныя цэлымі стагоддзямі вобразы) і ўвесь паэтычны талент і душэўны боль-роспач асірацелай радні. Пахавальныя галашэнні — гэта духоўная веліч нашага народа, яго стрыманасць і здольнасць суперажываць, гэта святое ачышчэнне жывых перад памяццю памёршага, часам знак прымірэння некалі пасварыўшыхся сваякоў або суседзяў. Відаць, галашэнні выконвалі яшчэ і даволі важную псіхафізіялагічную ролю. Яны дапамагалі праз слёзы, праз эмацыянальна прамоўленае (прагалошанае) слова пазбегнуць глыбокіх псіхічных надломаў і стрэсаў. Дзіўная рэч (хаця ў значнай ступені характэрная для менталітэту беларуса), але колькасць галашэнняў і іх эмацыянальная моц з’яўлялася своеасаблівым індыкатарам пашаны і павагі да нябожчыка і ўсяе яго радні.
Рытуал наведвання памёршага адбываўся заўсёды па-рознаму. У адных мясцінах людзі прысядуць, пагалосяць, ім падрабязна раскажуць, як і што чалавек гаварыў перад смерцю, як паводзіў сябе ў апошнюю хвіліну. У іншых месцах, напрыклад у цэнтральным рэгіёне Беларусі, вядомы вёскі, дзе
гасцей абавязкова пачастуюць паляніцай, пірагамі і гарэлкай або нечым іншым у залежнасці ад пары года.
Да нашага часу ў народзе існуе перакананасць, што нябожчыка нельга пакідаць нанач аднаго, таму што, маўляў, Хрыста анёл сцярог усю ноч. Калі ж сканаўшага пакінуць аднаго, то нячыстая сіла можа ўчыніць сапраўдны палтэргейст: у хаце будуць трашчаць сцены, вуглы,столь, з’явяцца здані даўно памёршых. Украінцы, напрыклад, адразу ж пасля смерці чалавека выганялі з хаты ката, бо верылі, калі кот пераскочыць праз мёртвага, то ён імгненна ператворыцца ў белага ката-вампіра, які на працягу года пасля смерці гаспадара будзе прыходзіць у двор, пад вокны хаты і да самага ранку жаласна мяўкаць.36
Часцей за ўсё ноччу каля памёршага сядзелі старыя людзі. Ім было што ўспомніць як пра сваё жыццё, так і пра жыццё нябожчыка.
На поўдні Магілёўшчыны існаваў своеасаблівы абрад, які атрымаў назву “гуканне нябожчыка”. На досвітку ўсе тыя, хто правёў ноч каля яго, выходзілі ў двор, мыліся, самі абмывалі твар памёршаму і выціралі спецыяльным ручніком, пры гэтым гаварылі з ім, як з жывым. Потым запальвалі свечку, ставілі яе пад абразамі і доўга маліліся. Тым часам сваякі памёршага выходзілі ў двор і моцна галасілі. Праз колькі хвілін яны вярталіся ў хату і падносілі жанчынам, якія тут начавалі, па чарцы гарэлкі і кавалачку хлеба з соллю, дзякавалі ім і адпраўлялі дадому, каб тыя маглі да пахавання ўправіцца і прыгатаваць абед.37
Калі смерць напаткала чалавека ў цёплую пару года (асабліва ў летнюю спёку), зразумела, што трэба было рабіць розныя захады, каб запаволіць арганічны працэс разлажэння трупа. Дзеля гэтага бралі драўляныя ночвы (але не тыя, у якіх купалі дзяцей), напаўнялі іх вадой, разведзенаіі марганцоўкай, затым да мезенца левай рукі нябожчыка прымацоўвалі медны дрот і рабілі своеасаблівае “зазямленне”: другі яго канец апускалі ў посуд, які стаяў пад лавай.
Трэба сказаць, што наша паспешлівае 20 стагоддзе прывяло да таго, што спрадвечныя абрады продкаў мы пачынаем скарачаць і карэліраваць. У выніку ўжо лічыцца нармальным, калі нябожчык пераначуе ў роднай хаце хаця б адну ноч. Аднак, парушаючы дадзены маці-прыродай рытм, мы пачынаем шкодзіць і самім сабе і сваім дзецям. Прыпыніцеся хоць у пгакую часіну, адкіньце прэч паўсядзённы тлум і ціха пра сябе пагаварыце з Вечнасцю. А словы шчырай малітвы дапамогуць вярнуць душэўны пакой і фізічную моц.
“У ДАРОЖАНЬКУ НЕВАЗВРАЦІМУЮ”
Надыходзіў трэці, заключны, дзень знаходжання памёршага “ў сваёй роднай хатачцы”. У гэты дзень было асабліва шмат клопату: адправіць мужчын выкапаць магілу; падрыхтаваць калёсы, сані ці, як сёння, аўтамашыну, на якіх нябожчыка павязуць апошнім зямным шляхам; дамовіцца з раднёй і суседзямі аб падрыхтоўцы памінальнай вячэры, а таксама запрасіць святара адслужыць малебен.
Дзень пахавання — самы цяжкі і ў псіхалагічным плане. Калі ў асобных выпадках момант смерці бывае нечаканым і сведкі гэтага няшчасця нават не адразу ўсведамляюць важнасць таго, што здарылася, то на трэці дзень прыходзіць цвярозае асэнсаванне напаткаўшай бяды. Таму асноўныя этапы выканання пахавальнага абраду трэцяга дня — вынас труны з хаты, развітанне з памёршым і апусканне труны ў магілу — перапоўнены галашэннямі, плачам, часам стратай прытомнасці.
I ўсё ж побач з эмацыянальна ўзбуджанымі членамі сям’і памёршага заўсёды знаходзіліся старыя людзі, якія сачылі за характарам паводзін кожнага з удзельнікаў абраду, за паслядоўнасцю і дакладнасцю выконваемых дзеянняў, за адпаведным ужываннем розных рытуальных рэчаў. Менавіта так: літаральна кожная дэталь заключнага этапа мела не толькі маральна-этычнае значэнне, але і сакральна-магічнае, якое, на думку знаўцаў традыцыі, было непасрэдным чынам звязана з далейшым лёсам самай блізкай радні памёршага.
Практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі існавала і да нашага часу захавалася традыцыя выносіць труну з нябожчыкам з хаты не раней поўдня і не пазней шаснаццаці гадзін. Гэтай працэдуры некалі абавязкова папярэднічаў хрысціянскі абрад адпявання. У хату запрашалі святара і хор пеўчых. Святар, як правіла, займаў месца каля ног ці справа ад нябожчыка, побач з ім станавіліся жанчыны з царкоўнага хору, а прастору хаты ад парога і да труны займала радня і аднавяскоўцы. Усе прысутныя павінны былі на працягу малебна трымаць у руках запаленыя свечкі, загорнутыя ў насовачкі ці невялічкія кавалачкі саматканага палатна. Да свечак гэтых ставіліся з вялікай перасцярогай: не пажадана было, каб яны патухлі, нельга было нечакана ўпусціць або зламаць, таму што гэта магло паслужыць нядобрай прыкметай-прадказаннем магчымай хуткай смерці яшчэ каго-небудзь з блізкай радні сканаўшага.
У некаторых мясцінах пражывання беларусаў зафіксаваны такі звычай: як толькі святар распачне адпяванне, старэй-
шы сын гаспадара ішоў у сад і высякаў самае лепшае пладовае дрэва (яблыню, грушу, сліву, вішню) або заразаў курыцу ці гуся. У народзе лічылі, што ахвяру нябожчыку трэба прыносіць абавязкова, інакш прападзе сам і звядзецца гаспадарка.38
Як толькі заканчвалася адпяванне, распачыналася падрыхтоўка да вынасу нябожчыка з хаты. На жаль, сёння нават у вёсках (не кажучы ўжо пра гарадское насельніцтва) не ўсе дакладна (зразумела, з захаваннем мясцовых асаблівасцей) ведаюць, як і ў якой паслядоўнасці выконваецца гэты рытуал. А складанага тут якраз нічога няма. Трэба ўявіць сабе структуру магілы і надмагільнага ўзвышэння (вертыкальная паслядоўнасць) і захаваць гэту чарговасць (толькі надаўшы ёй гарызантальную лінейнасць). У такім жа парадку пахавальная працэсія будзе рухацца на могілкі. Такім чынам, удакладняем:
спачатку выносяць распяцце або крыж (у некаторых вёсках гэта быў асобны крыж, які неслі на чале пахавальнай працэсіі, а затым прыносілі дадому і захоўвалі ў сенцах да таго часу, пакуль не памрэ наступны жыхар гэтай вёскі, тады крыж будзе захоўвацца ўжо ў той хаце);
затым абраз;
потым кветкі і вянкі, іх трымаюць, як правіла, дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту або маладзіцы (толькі ні ў якім разе не цяжарныя), яны становяцца ў дзве шарэнгі, утвараючы жывы калідор;
далей двое (бывае і чацвёра) мужчын сталага веку выносяць вечка (“крышку”) труны;
пасля гэтага ў пакоі застаецца толькі сям’я, каб развітацца з памёршым перад дарогай у Вечнасць;
хвілін праз пяць мужчыны просяць сям’ю пакінуць хату, каб ніхто не перашкаджаў акуратна вынесці труну;
нарэшце чацвёра (шасцёра) самых дужых мужчын сталага ўзросту выносяць з усімі перасцярогамі нябожчыка з хаты.
Рытуал вынасу труны з хаты ўмоўна можна раздзяліць на некалькі мікраэтапаў, кожнаму з якіх надавалася вельмі вялікае значэнне.
Як толькі мужчыны возьмуць труну на рукі, вызваленыя табурэткі або лавы ні на хвіліну не пакідалі без увагі. У адных мясцінах на іх адразу ж садзілі каго-небудзь з членаў сям’і (каб не баяўся памёршага і мог хадзіць на могілкі), у іншых — перакульвалі (“каб новая смерць не ўбілася ў хату”).
Паўсюдна на Беларусі лічыцца недапушчальным, каб нехта з дамачадцаў дапамагаў выносіць труну.
Вельмі важным і адказным з’яўляецца момант пераносу труны праз парог. Шмат у якіх мясцінах яе тройчы апускалі на парог, але ў той жа час нельга было датыкнуцца труной да
вушакоў дзвярэй — гэта прадказвала хуткую смерць яшчэ кагонебудзь з членаў сям’і. На Мазыршчыне ў гэты момант дзве жанчыны выконвалі цікавы засцерагальна-папераджальны рытуал. Адна з іх станавілася ў сенцах каля дзвярэй, а другая — перад дзвярамі ў хаце. Як толькі мужчыны пераносілі труну над парогам, жанчына, якая стаяла ў сенцах, перадавала той, што стаяла ў хаце ля печы, бохан хлеба і соль.39
У практыцы народных знахараў існуе спосаб лячэння эпілепсіі, у якім выкарыстоўваюць якраз гэты момант. Хворага чалавека кладуць на парог, накрываюць шчыльнай чорнай тканінай і праносяць над ім труну.