Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
У старажытнасці труну выносілі з хаты не праз дзверы, a праз акно, што дакладна адпавядае закону рытуальнай перавернутасці: калі жывыя ўваходзілі праз дзверы, то памёршага трэба вынесці праз акно, “каб дарогі дадому не ведаў” (мелася на ўвазе, каб душа памёршага не вярнулася і не забрала кагонебудзь з дамачадцаў).
Па дарозе ад хаты і да могілак пахавальная працэсія будзе неаднаразова прыпыняцца на мяжы паміж рознымі зонамі. Першы прыпынак будзе зроблены ўжо за парогам хаты, каб гаспадар мог “развітацца” са сваёй гаспадаркай.
А тым часам дзверы ў хаце зачынялі (каб ніхто некалькі хвілін туды не заходзіў), а ва ўсіх гаспадарчых забудовах, наадварот, адчынялі.'10
Як толькі працэсія пачне збірацца ў дарогу, нехта з суседзяў вяртаўся ў хату і пасыпаў падлогу зернем жыта. А літаральна праз некалькі хвілін хату пачыналі прыбіраць: вымяталі і мылі падлогу, праўда вядро са смеццем і з бруднай вадой пакідалі ў хаце каля парога, пакуль удзельнікі пахавання не вернуцца дадому.
Пасля кароткага “развітання” гаспадара са сваім былым жытлом труну бралі на рукі, выносілі са двара і пэўны час (часта да скрыжавання дарог) неслі на плячах. Затым труну ставілі на калёсы ці аўтамашыну, якую наперадзе ўпрыгожвалі хвояй. Спераду мацавалі дзве невялічкія елачкі, дно машыны ўсцілалі галінкамі вялікай елкі, тут жа, збоку, клалі ладны ахапак дробна насечаных яловых лапак, якія кідалі пад ногі пахавальнай працэсіі, пакуль яна не выходзіла за вёску.
Абрадавы этыкет патрабаваў, каб літаральна кожны аднавясковец прыйшоў развітацца з памёршым. Маленькіх дзяцей да года, а таксама немаўлят будзілі і выходзілі з імі на вуліцу (глядзець на пахавальную працэсію праз акно катэгарычна забараняецца).
Напрыканцы вёскі працэсія спыніцца апошні раз. Радня, суседзі, сябры рушаць далей, а нехта вернецца дадому рыхта-
ваць жалобны стол. Як толькі пахавальны картэж крыху ад’едзе, усе, хто застаўся ў вёсцы, прыгнуцца і кінуць услед яму па тры жменькі зямлі. Жывыя як бы адганялі ад сябе смерць, рабілі тут тое, што ўсе астатнія выканаюць на могілках.
ПАХАВАННЕ
Паследняе павіданнейка
I паследняе папрашчаннейка.
3 народнага галашэння
Зробім крок назад і распавядзем гаворку пра падрыхтоўку магілы да пахавання.
3 гісторыі нашай культуры, а таксама на падставе шматлікіх археалагічных даследаванняў вядома, што ў славян існавалі дзве разнавіднасці пахавання: ямнае трупапалажэнне і трупаспальванне. Зараз цяжка сказаць, якая з формаў рытуалу была болып ранняя, а якая ўзнікла пазней. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што стадыяльна болып старажытнай з’яўляецца трупаспальванне. Магчыма, яно і так. Аднак надзейныя ў такім выпадку першакрыніцы — фальклорныя творы і абрадавыя кантэксты — гавораць пра іншае.
У гадавым колазвароце ўсходнеславянскіх народаў вядома некалькі святаў, у структуры якіх існаваў абрад пахавання або іншага знішчэння асноўнага міфалагічнага персанажа. Так, на Масленіцу (калі зямля яшчэ спала зімовым сном і яе чапаць не дазвалялася) саламянае пудзіла спальвалі, а попел утоптвалі ў снег. А вось на святах веснавога і летняга цыклаў рэшткі рытуальных страў, важнейшыя святочныя атрыбуты закопвалі ў зямлю.
Рэшткі ежы, якія заставаліся на стале пасля велікоднай ранішняй трапезы, гаспадар закопваў на сваім полі, каб зямля спрыяла ўраджаю. У паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі да гэтага часу захаваўся абрад “пахавання стралы”. На Ушэсце “стралу вадзілі” па вёсцы з канца ў канец, а затым хавалі на мяжы жытнёвага поля, каб Пярун не палажыў саспелае жыта. У Цэнтральнай Расіі летам праводзіліся абрады “пахавання зязюлі”, “пахавання Кастрамы”, “пахавання русалкі”41.
Гэты невялічкі экскурс у абрады рытуальных пахаванняў спатрэбіўся для таго, каб паказаць, што абодва варыянты пахавання нябожчыка існавалі на Беларусі і сёння могуць успрымацца як раўназначныя. Таму не трэба сумнявацца ў правамернасці сучаснага абраду крэміравання памёршых.
У сувязі з гэтым нельга не ўзгадаць звычай несці на могілкі
посуд з вугальчыкамі, узятымі з печы ў доме памёршага чалавека. Даследаванне старажытных месцаў пахавання дало археолагу Г.Х.Татуру падставы сцвярджаць, што на тэрыторыі Беларусі існаваў і своеасаблівы рытуал пахавання, у якім фактычна аб’ядналіся два розныя варыянты. На будучым месцы пахавання распальвалі вогнішча і толькі тады, калі яно згасне і астыне, туды клалі памёршага і засыпалі зямлёй. Калі паміраў наступны суродзіч, то ўвесь рытуал паўтараўся ўжо на ўтвораным узвышку. Даследчык налічыў дзевяць культурных гарызонтаў, якія сведчылі аб такой жа колькасці пахаванняў на гэтым месцы.42
I ўсё ж у вясковай мясцовасці да нашага часу людзі прытрымліваюцца звычаю ямнага пахавання.
Выкапаць магілу прасілі траіх дужых мужчын, узрост якіх абавязкова перавышаў 40 год (лічылі, тым, хто планаваў павелічэнне сваёй сям’і, нельга было прымаць удзел у такой справе). 3 сабой ім давалі бутэльку гарэлкі і якую-небудзь закуску. Выкапаць магілу трэба было да паўдня.
Этнаграфічныя звесткі сведчаць, што час падрыхтоўкі магілы таксама быў напоўнены рознымі рэгламентацыямі і абмежаваннямі ў паводзінах мужчын-капачоў і іх аднавяскоўцаў. Па апісаннях этнографаў мінулага стагоддзя, падчас капання магілы непажаданай была прысутнасць жанчын, тым больш удавы, якая нядаўна пахавала мужа; меркавалі, што гэта магло справакаваць новую смерць ці ў сваёй хаце, ці ў хаце тых, каго зараз напаткала гора.
Лічыцца, што глыбіня магілы павінна быць у рост сярэдняга чалавека — 170—180 см. Мужчыны стараліся выкапаць яму з роўнымі сценамі, каб па шырыні і даўжыні яна была трохі большай за труну, бо, крый Божа, дастаць труну назад і пашыраць яму (прыкмета вельмі нядобрая).
Як толькі магіла будзе выкапана, мужчыны пакладуць над ёю рыдлёўкі крыж-накрыж, вып’юць па чарцы гарэлкі і будуць “сцерагчы магілу” да прыбыцця пахавальнай працэсіі.
Набліжаўся самы кульмінацыйны момант трохдзённай драматычнай дзеі: пахавальная працэсія прыбывала на могілкі. Усе прысутныя станавіліся паабапал магілы. Труну апускалі на ўзвышша з жоўтага пяску, здымалі крышку і распачыналі апошні, заключны этап развітання сям’і, радні і блізкіх з памёршым.
Старыя людзі расказвалі мне, што гэта адзін з найбольш адказных момантаў ва ўсім пахавальным абрадзе. Мяне пераконвалі, што практычна кожны крок яго ўдзельнікаў меў уплывовы характар на далейшы лёс. Трэба было перш-наперш развязаць аборы-перавяслы, якімі былі звязаны рукі і ногі нябожчыка.
3 гэтым можа быць шмат непаразуменняў. Сёння мала хто ўяўляе, што з імі рабіць, куды дзяваць. Аднак усе ведаюць, што гэта рэч надзвычайная. Так, сапраўды. Людзі, пасвечаныя ў таямніцу сусвету, раяць: ні ў якім разе нельга дапусціць, каб перавясла трапіла ў рукі чужога чалавека, бо з гэтымі рэчамі займаюцца чараўніцтвам. Адно з самых жахлівых наступнае: чужы чалавек імкнецца ўкрасці гэтыя аборы, а затым у поўнач пойдзе на могілкі, закапае іх каля крыжа старой магілы. Вынікі могуць быць непрадказальнымі: у сям’і да дзевяці год могуць не нараджацца дзеці; на працягу наступнага года род чалавека, якога хаваюць, можа страціць яшчэ трох прадстаўнікоў. Таму святары, якія прысутнічаюць на пахаванні, забараняюць браць перавяслы каму-небудзь з чужых людзей, а проста кідаюць іх у магілу (“ні нашым ні вашым”).
Аднак гэта нейтральны варыянт, скіраваны на тое, каб не нашкодзіць. Людзі сталага веку рэкамендуюць захоўваць гэту рэч дома, але не ў жыллёвай частцы хаты (калі ёсць дачка, то яна доўга замуж не выйдзе). Гэтымі аборамі можна будзе дапамагаць лячыць радыкуліты, болі ў суставах, ціск, эпілепсію...
Пасля канчатковага ўпрыгожання труны да яе падыходзіла ўся радня і развітвалася з нябожчыкам, тройчы цалуючы яго: у лоб, вусны і рукі.
Самая блізкая радня несупынна галасіла:
А прашчай, мая сястрыца,
А прашчай, мая дарагая,
А болі ж я цябе не ўбачу.
А болі ж я цябе не ўстрэчу.
Зарастуць твае сцежкі-дарожкі,
А на якой жа мне дарожачцы цябе сустракаці?
А ў якой жа кучачцы цябе пазнаваці?43
Яблычка маё недаспелае, Ягадка мая недазрэлая! Дзетанька маё міленькае, Дзетанька маё любіменькае! Лісточак мой зялёненькі, Цвяточак мой чырвоненькі! Без пары ты адпадаеш, А мне пячаль пакідаеш, Пташачка мая любенькая! Пацера наша вялікая, Пацера наша дарагая, Пацяралі мы сыночка, Пацяралі дарагога.
Вот паследні разочак Цалую цябе, сыночак.44
Паследнюю мінутачку, Паследнюю гадзіначку Я з табою бачуся.
Ох, дабранач, цётухна, Дабранач, мілая.
Мы ж з табою болып не пабачымся, Мы ж з табою болып не пагаворым.15
Усе прысутныя разумелі: плачам не ажывіш, не ўратуеш, таму апошняе развітанне імкнуліся не зацягваць. Мужчыны бралі жанчын пад рукі і адводзілі (а то і адцягвалі ў непрытомнасці) іх убок.
Адразу ж пасля развітання мужчыны-капачы закрывалі труну векам, забівалі цвікамі і ставілі на рыдлёўкі, якія ляжалі папярок магілы. Затым пад труной прапускалі два доўгія палатняныя ручнікі (зараз — вяроўкі), у апошні раз прыўздымалі “калыску” памёршага, даставалі рыдлёўкі і нарэшце павольна апускалі яе на дно ямы.
Аднак перад тым як апускаць труну, магілу асвячалі вадой і члены сям’і памёршага кідалі ў яе медныя грошы. У некаторых мясцінах на труну кідалі палатно, на якім яе апускалі, ніткі і іголкі, якімі нябожчыку шылі навалачку і адзенне, прычым канец іголкі-”мяртвіцы” абавязкова ламалі. Гэта рабілася для таго, каб рэчамі не завалодалі чараўнікі і не нашкодзілі якой-небудзь іншай сям’і.
Калі магіла была засыпана роўна з зямлёй, у яе ставілі крыж (у праваслаўных — у галаве, у каталікоў, уніятаў і старавераў — у нагах), а затым ужо ўзводзілі надмагільны насып. 3 чатырох бакоў і зверху яго “запячатвалі”, робячы рыдлёўкай крыжападобныя знакі.
У Заходняй Беларусі над магілай рабілі надбудову, якая нагадвала невялічкую хату. Крыж быў прыкрыты дзвюма дошчачкамі накшталт страхі, а на саму магілу клалі выдзеўбанае па форме лодкі-карабля палена.
Пакуль магільшчыкі ўзводзілі насып, старэйшыя прысутныя разыходзіліся па могілках, каб наведаць сваіх памёршых суродзічаў.
Нарэшце, самы апошні момант пахавання таксама меў важнае значэнне. Шматлікія звесткі сведчаць: у асяроддзі беларусаў існуе няпісанае правіла: хто першы пакінуў могілкі, той першы сюды і вернецца. Гэта можа быць не заўтра і не паслязаўтра, гэта можа быць праз вялікі адрэзак часу, але закон быў бязлітасны, таму звычайна адказнасць браў на сябе самы стары сярод прысутных.